Скарб ‘казна; скарб; маёмасць; багацце’ (ТСБМ, Нас., Шымк. Собр., Байк. і Некр., Варл., Сл. ПЗБ, Гарэц., Др.-Падб., Касп., Сцяшк.), ‘схаваныя каштоўнасці’ (Сл. ПЗБ), ска́рба ‘казна’ (Шпіл.). Запазычанне з польск. skarb ‘тс’, таксама як і рус. скарб; гл. Кюнэ, Poln., 96; Фасмер, 3, 633; Праабражэнскі, 2, 294. Польскае слова ўзыходзіць да ст.-в.-ням. scerf, нов.-в.-ням. scher(p)f ‘манета’ (Міклашыч, 298; Праабражэнскі, там жа), якія звязаны з ст.-в.-ням. scarbôn ‘рабіць надрэзы’ і першапачаткова азначала манету з зубчастым краем (Клюге-Гётце, 514; Праабражэнскі, там жа). Ст.-бел. скарбъ з ст.-польск. skarb (Булыка, Лекс. запазыч., 299). З польск. таксама скарбо́вы(й) ‘казённы’ (Нас., Касп.), ‘дзяржаўны або грамадскі’ (Варл.), ска́рбніца ‘схоў’ (Байк. і Некр.), скарбні́ца ‘будынак, дзе захоўваюць грошы ў гатоўцы’ (Ласт.); гл. Кюнэ, там жа.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Смяртэ́льны ‘смяротны, смертны’ (ТСБМ, Нас.), ‘невыносны (пра боль)’ (Сл. ПЗБ), сюды ж смяртэ́льнічкі ‘абутак для нябожчыка’ (там жа), смерце́льно ‘смяротна’, смяртэ́льнік ‘начны матыль’ (Сцяшк. Сл.), ‘незапамінайка’ (Жд. 2), ст.-бел. смертелный (смертельный) ‘смяротны’. Запазычана з ст.-польск. śmiertelny ‘тс’, што ў сваю чаргу з ст.-чэш. smrte(d)lný ‘тс’, якое тлумачыла лац. mortalis ‘тс’ (Цвяткоў, Запіскі, 2, 1, 57; Булыка, Лекс. запазыч., 196; Басай-Сяткоўскі, Słownik, 381). З той жа крыніцы, відаць, праз старабеларускую, рус. смерте́льный ‘тс’ (Віткоўскі, Słownik, 175; Фасмер, 3, 685). Народнае смяро́тны ‘смяртэльны, смертаносны’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Ласт., Касп., Шат., Байк. і Некр., Бяльк., Растарг.) утворана ад *смерота, параўн. экспрэсіўнае (табуізаванае?) смяро́тка ‘смертухна’ (Ласт., Некр. і Байк.), што да смерць (гл.). Непасрэдныя ўтварэнні ад апошняга смярце́нны ‘смяротны’ (Ян.), сме́ртны ‘тс’ (ТСБМ), ст.-бел. смертныи (смерʼтныи) ‘тс’ (Альтбаўэр).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Со́рам ‘збянтэжанасць, хваляванне ад усведамлення свайго ўчынку’, ‘ганьба’, ‘сарамяжлівасць’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Нас., Сержп., Шат., Касп., Бяльк., Сл. ПЗБ, ТС, ЛА, 3), со́рам, сарамо́к ‘дзетародны член’ (Нас.), сарамаце́не ‘палавыя органы’ (Сержп.), ст.-бел. сорамота ‘стыд’ (Альтбаўэр). Укр. со́ром, рус. со́ром і таксама срам, якое запазычана з ц.-слав. срамъ, стараж.-рус. соромъ, польск., н.-луж. srom, sromota, серб.-харв. сра̑м, славен. srȃm, балг., макед. срам, ст.-слав. срамъ. Прасл. *sormъ лічыцца роднасным авест. fšarəma‑ м. р. ‘сорам’, новаперс. šarm, ст.-в.-ням. har(am), лат. šermelis ‘жах, жудасць’, далей таксама, відаць, літ. šarma ‘іней’ (аб апошнім гл. Ларын, История, 67–68: зыходным значэннем слова было ‘холад’ і на балтыйскай глебе ‘іней’). Гл. таксама Траўтман, 299; Фасмер, 3, 724 з літ-рай, Шустар-Шэўц, 1351; Бязлай, 3, 303; Борысь, 573; Глухак, 572; ЕСУМ, 5, 357.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Спо́саб ‘прыём, метад’, ‘парадак, характар, манера, склад’, ‘рэальныя ўмовы, сродак, магчымасць ажыццяўлення чаго-небудзь’ (ТСБМ, Гарэц., Ласт., Байк. і Некр., Федар. 4), ‘матэрыяльны дастатак, сродкі’ (Варл.), ‘неабходнае для жыцця’ (Сержп. Прымхі), ‘доля’: дзеўка без спосабу (пра векавуху) (Сержп.). Укр спо́сі́б, рус. спо́соб, польск. sposób, чэш. způsob, славац. spôsob, серб.-харв. спосо̀ба. Параўн. пасоба ‘дапамога’ (Нас.), рус. посо́бие, якія з выразу *ро sobě (гл. сябе); Міклашыч, 331–332; Фасмер, 3, 738. Якабсон (гл. у Фасмера, там жа) усходнеславянскія словы лічыць запазычаннем праз польскую з ст.-чэш. zpósob. Аналагічна Кохман, Stosunki, 126. Сяткоўскі (гл. Басай-Сяткоўскі, Słownik, 334) чэшскі ўплыў бачыць толькі ў развіцці абстрактных значэнняў. Борысь (570) рэканструюе паўн.-прасл. *sъposobъ як аддзеяслоўны дэрыват ад *sъposobiti < *posobiti < *ро sobě, параўн. спасобіць ‘падрыхтоўваць, запасаць’ (Нас.), ст.-бел. способяти ‘падрыхтаваць, сабраць’ (Ст.-бел. лексікон).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Суста́ў ’рухомае злучэнне касцей або храсткоў у арганізме чалавека, жывёлы’ (ТСБМ, Нас., Касп., Ласт., Байк. і Некр., Сцяшк.), суста́ва ’тс’ (Некр. і Байк.; ашм., Стан.; воран., шальч., Сл. ПЗБ), суста́вы ’тс’ (Ласт., Пятк. 2, Арх. Вяр.), сусто́ўка ’тс’ (Жд. 3), суста́ўкі ’суставы пальцаў’ (круп., чэрв., Сл. ПЗБ), суста́вец ’костачка’ (ТС), суста́во ’сустаў’ (Сцяшк.). Укр. суста́в, рус. суста́в, ц.-слав. сѫставъ ’тс’. У анатамічным значэнні прыставачнае ўтварэнне з *sǫ‑ (су-) ад прасл. *stavъ, *stava ’згіб, сустаў’, параўн. укр. дыял. ставець, польск. staw, чэш. stav, славац. stav ’тс’, в.-луж. staw ’канечнасць’, харв. stav(a) ’згіб, сустаў’, балг. става ’тс’, што да *staviti (гл. ставіць, параўн. стаў). У агульным значэнні прыставачнае ўтварэнне суста́ў ’цела, склад’ (Нас.) суадносіцца з макед. става ’стан, фігура’, параўн. пастава, стан (гл.). Гл. Фасмер, 3, 810; Борысь, Czak. stud., 46; Борысь, 576.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сухме́нь ’сухое гарачае надвор’е’ (ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр., Нас., Гарэц., Мат. Гом., Растарг.), ’сухое месца’ (Нас.; слаўг., Яшк.), ’сухое месца паміж балотамі’ (ц.-палес., Талстой, Геогр., 128), сукмеɣннік ’грудок на балоце; падсохлая глеба ў берага’ (< сухменнік) (зах.-палес., Талстой, там жа), сухмі́нь ’сухое месца’ (слаўг., Яшк.). Укр., рус. сухме́нь ’сухое месца’ і да т. п.; дакладную паралель бачыць у літ. sausmenà ’сухое месца’ Аткупшчыкоў (Этимология–1984, 193). Дэрываты ад сухі (Фасмер, 3, 813) з фармантам ‑мень/‑мінь; да суфіксацыі гл. Сцяцко, Афікс. наз., 76. З іншым суф. ‑ель‑ сухме́ль ’цеплата, суш’ (круп., Сл. ПЗБ), сюды ж сухмельня ’ёўня’ (Мат. Маг.). Паводле Карскага (2–3, 29), у выніку змены ранейшага суф. ‑ман‑ пад уздзеяннем суф. *‑men‑, які ўтвараў асновы на зычны, параўн. сухмя́ны ’сухі’ (Ласт.), сухме́ць ’засуха’ (Касп.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бро́іць сваволіць, забаўляцца свавольствам; дрэнна паступаць’ (Нас., Гарэц.). Укр. бро́їти ’тс’, польск. broić, чэш. brojiti ’неспакойна сябе весці, падбухторваць’. Слав. brojitiпаўд. славян толькі ў значэнні ’лічыць’). Ітэратыўная форма да *briti (гл. брыць) і старое значэнне ’рэзаць’. Слаўскі, 1, 43; Брукнер, 41; Махэк₂, 68. Ст.-бел. броити ’бясчынстваваць, сваволіць’ Булыка (Запазыч.) лічыць паланізмам. Няпэўна. Параўн. Слаўскі, 43.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бурды́ль ’бурбалка, пухір’ (Нас., Інстр. I, Юрч., Бяльк., Яўс.). Сюды ж бурду́ль ’вадыр, пухір’ (Бяльк.), бурдулёк ’бурбалка’ (Бяльк.), бурдулі́ ’бурбалкі на лужынах, калі ідзе дождж’ (КЭС). Рус. бурды́ль ’бурбалка’, бурду́ль ’бурбалка, пухір’. Не вельмі яснае слова. Можа, метатэза з булды́рь (гл.). Такая магчымасць тлумачэння ў СРНГ, 3, 285. Але не выключаецца і гукапераймальнае паходжанне (параўн. бурды́р, бурды́к!, бурды́хнуцца).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бі́нда1 ’доўгая стужка’ (Др.-Падб.). Укр. би́нда ’тс’. З ням. Binde ’тс’ (можа, праз польск. binda). Параўн. Брукнер, 27; Шалудзька, Нім., 21 (слова гэта ўжо ў Бярынды, гл. Шалудзька, там жа).

Бі́нда2 ’чалавек, у якога тоўстыя губы; бамбіза’ (Нас.). Аткупшчыкоў (Лекс. балтызмы, 34) лічыць гэта слова запазычаннем з літ. мовы (параўн. літ. biñdė ’гультай’).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Біч. Рус. бич, укр. бич, польск. bicz, чэш. bič, ст.-слав. бичь, балг. бич, серб.-харв. би̏ч і г. д. Прасл. bičь ’тс’. Утварэнне суфіксам *‑č‑ ад дзеяслова biti ’біць’. Бернекер, 56; Фасмер, 1, 169; Слаўскі, 1, 31; Махэк₂, 53. Ад біч вытворныя: бічу́г, бічу́к ’біч, пуга’ (Бяльк.), бічу́к ’частка цэпа, якой б’юць па снапах’ (Нас.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)