Гіз 1 ’муха-сляпень’ (БРС, КЭС). Паводле Трубачова (Эт. сл., 7, 224), можна рэканструяваць прасл. *gyzъ ’сляпень’ на аснове бел. гіз, польск. дыял. giz і н.-луж. gizk ’тс’. Слова *gyzъ роднаснае быццам з *gъzъ (> польск. giez). Але параўн. гіз 2, гіж.

Гіз 2 ’гізаванне’ (Сцяшк.). Як ад гіж ’авадзень’ утвораны дзеясловы гіжа́ць, гіжува́ць (гл.), так і ад гіз ’авадзень’ утвараюцца гіз ’гізаванне’ (параўн. і польск. giez ’авадзень’, giez ’гізаванне скаціны’), гізава́ць (БРС, Касп., Шат., Сцяшк.), гізыва́ць (Бяльк.). Праўда, можна ставіць пытанне: ці гіз не запазычана з польск. giez? Аб гэтым можа сведчыць і дзеяслоў ґізануць ’пабегчы, гізануць’, засведчаны ў Сцяшк. з выбухным ґ. Дзеяслоў гізава́ць Сл. паўн.-зах. лічыць запазычаннем з літ. gizúoti ’тс’; няпэўна. Параўн. Трубачоў, Эт. сл., 7, 224.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Нале́цце ’будучы год’ (Нас., Гарэц., Яруш., Др., Юрч., Сл. ПЗБ), нале́цьця ’тс’ (Бяльк.; бялын., Янк. Мат.; чавус., Нар. сл.; Яўс.; віл., Жыв. сл.), нале́цце ’лета (наступнае)’ (Мат. Гом.). Сюды ж нале́та ’ў будучым годзе’ (Янк. Мат.; Сл. ПЗБ), на‑ле́то ’на будучы год’ (Мядзв.), якія тлумачаць паходжанне слова. Цікавую паралель уяўляюць в.-луж. nalěćo, н.-луж. nalěto ’вясна’, якія Шустар-Шэўц (13, 985) выводзіць *na lěto, *na letьje ’час, калі паварочвае на лета’. Ва ўсіх гэтых выпадках пад летам разумеецца ’спрыяльная пара для палявых работ’, пра што сведчыць наступны тэкст у слоўніку Насовіча: Загадаю загадку; закину за грядку; нехай моя загадка лежыць до налецця, г. зн. сяўба жыта на зіму. Слова вядома таксама паўднёварускім гаворкам: нале́тье, нале́тие ’будучы год; будучае лета’ (СРНГ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Няхлю́й, няхлю́я ’неахайны, нехлямяжы чалавек’ (Нас., Гарэц., Бяльк., Сцяшк., Сл. ПЗБ, ДСП, слуц., Жыв. сл.), ’непаваротлівы’ (Грыг.), нехлю́й, нехлю́я ’неакуратны чалавек’ (ТС), нэхлю́я, ныхлю́я ’неахайная жанчына’ (брэсц., Нар. лекс.), сюды ж няўхлю́й, няўхлюя ’неахайны чалавек’ (Бяльк., Мат. Гом.), укр. нехлю́я ’тс’, рус. дан. нехлю́й ’непаваротлівы чалавек’, польск. niechluj, niechluja ’неахайны чалавек’. Відаць, ад няхлюйны ’неахайны, неакуратны’, паралельнага да няхлюдны ’тс’ (Сцяш. Сл.), параўн. таксама польск. niechlujny ’тс’ < *niechludźny, ад chlud (Варш. сл., 3, 263), гл. схлюдны, што, магчыма, сведчыць пра запазычанне (Кюнэ, Poln., 81). Характэрна наяўнасць паралельных форм з ‑к‑: няўклюй ’неахайны, непаваротлівы чалавек’ (астрав., ул. інф.), няўклю́йны ’неахайны’ (там жа), што могуць разглядацца як вытворныя ад *klud (гл. няўклюда). Няясныя адносіны да ст.-чэш. nechla ’пачвара’ (Гебаўэр, Sl. stč.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ачэ́п 1 (БРС, Шат.), ’бервяно, што кладзецца на апошні вянок зруба’, ’бервяно, якое кладзецца над дзвярыма або войнамі’ (Сцяшк.), ’бэлька на хаце’ (свісл., дзятл., Весці АН БССР, 1969, 4, 126), ачэпа ’тс’ (ваўк., В. В.), учэпа ’тс’ (Шушк.), ачэп ’узор вугла з вертыкальнымі зарубкамі’ (КЭС, лаг.), параўн. польск. oczap, ocap, осера ’бервяно над дзвярыма ў хаце; бэлька ўздоўж сцяны, якая злучае (oczepia) слупы апоры’. Ад ачапіць ’пакласці зверху, ахапіць’, гл. чапаць; геаграфія назвы на польскай тэрыторыі (Мазоўша, Любліншчына) сведчыць аб яе запазычанасці, параўн. указанні на архаічнасць канструкцыі на беларускай тэрыторыі, гл. Бел. нар. жыллё, 44.

Ачэ́п 2 ’жэрдка’ (Арх. ГУ), укр. очепа ’крук, бусак, якім прыцягваюць плыт да берага’, рус. очап ’калодзежны журавель; жэрдка для падвешвання калыскі’. Гл. очап; параўн. Фасмер, 3, 177.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Нажалопкацца ’наглытацца’ (гродз., Цых.), нажолупицца ’наглытацца не жаваўшы’ (ТС), нажлопацца ’напіцца гарэлкі, нахлябтацца’ (Сл. ПЗБ), рус. прыбалт. нажелубиться ’наесціся’, польск. nażłopać się ’нахлябтацца’. Экспрэсіўныя словы, у аснове якіх ляжыць каранёвы элемент *žlop‑ (параўн. польск. zlopać ’прагна піць’), які чаргуецца са *žlok‑ (параўн. жлокаць ’хлябтаць’, нажлокацца ’нахлябтацца’ (Нас.), што могуць узыходзіць да лопаць ’жэрці’, локаць ’хлябтаць’ з узмацненнем пры дапамозе пачатковага ж- (гл. жлокаць)). Звяртае на сябе ўвагу значнае падабенства ў семантыцы і фанетыцы літ. iluöbti ’жэрці, глытаць вялікімі кавалкамі’ да славянскіх форм, таксама як і паралелізм žluobti: iluöbas ’кармушка (для каровы)’ і адпаведных славянскіх форм і назоўніка жолаб (żłób) ’драўлянае карыта; кармушка’, што, улічыўшы кампактны арэал распаўсюджання экспрэсных слоў, магло б сведчыць аб запазычанні ці хутчэй аб агульным паходжанні названых слоў.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кі́хаць 1 ’заходзіцца ад смеху’ (Нас.), ’закрыўшыся здзекліва высмейваць’ (КЭС, лаг.). Параўн. рус. смал. кыхать ’моцна смяяцца’, укр. кихкати ’тс’, славен. kihati se ’тс’, што сведчыць аб старажытнасці гэтага значэння ў дзеяслова kyxati(sę) (ЕСУМ, 2, 439). Лексема kyxati (sf) ’моцна смяяцца’ агульнаўсходнеславянская. Славенскую форму можна лічыць таксама ўсходнеславянскага паходжання.

Кі́хаць 2 ’кашляць, чхаць’ (Нас., Сл. паўн.-зах., Др.-Падб). Польск. kichać, чэш. kychati, славац. kychať, в.-луж. kichać, н.-луж. kichaś серб.-харв. кихати, славен. kihati, балг. кихам ’тс’. Як відаць з пераліку форм, у значэнні ’чхаць’ толькі заходне- і наўднёваславянская лексема. Таму можна меркаваць аб польскім паходжанні беларускага дзеяслова (Слаўскі, 2, 133). Такім чынам, kyxati ’моцна смяяцца’ (кіхаць 1) і kyxati ’чхаць’ (кіхаць 2) знаходзяцца арэальна ў дадатковым размеркаванні.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пуцня́ ’пук, вязка (пянькі, лык, ільну)’ (Нас., Мядзв.), ’старая мера льну, роўная 12 кг’ (іўеў., Сл. ПЗБ), пуценька, памянш. ад путня ’скрутак лазовай кары’ (ТС), пуцэнька ’пучок лык, дзесяць лык’ (Бяльк.), ’пучок змятай пянькі’ (Нас.), пуцэнічкі ’пучкі’ (паст., Сл. ПЗБ). Рэдкая паралель серб.-харв. рисепка ’пятля, пяцелька’, а таксама рисе ’гузік’, мн. л. риса ’путы на нагах авечак, кароў’, якія Скок (3, 65) выводзіць ад *poto (гл. пута), дае падставы бачыць у беларускім слове архаізм на базе першапачатковага дэмінутыва пу́тца (гл.), варыянт пу́цца з семантыкай ’нешта зблытанае’: nymii̯a > пуцэнька > пуірія, з аднаўленнем матывацыі — путня ’пук, вязка’ (гл.). Зрэшты, нельга выключыць магчымасць сувязі з пу́ца (гл.) з абагульненым значэннем ’нешта круглае, наджгае’, пра што сведчыць брэсц. пуцэнька ’таўстушка’ (Бел. мова і літ-pa ў ВНУ. Брэст, 1971, 202).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пятно́ ’пляма на адзенні’ (ЛА, 3; баран., Сл. ПЗБ), ’радзімка, знак на целе, сіняк’ (віл., воран., Сл. ПЗБ), сюды ж пе́тня (piétnia) ’чырвоная плямка на скуры’ (Варл.), пяцьмо́ ’пляма на адзенні’ (Ян.), пятня́к ’тс’ (лях., Сл. ПЗБ), пя́тнашка ’сіняк’ (шчуч., Сл. ПЗБ), пятло́ ’ружовае месца на шчацэ’ (ЛА, 3); укр. пʼятно́, петьмо́ ’пляма, знак’, рус. пятно́ ’тс’, польск. piętno, piątno ’таўро, пячатка, кляймо’, балг. петно́, пьекно́ ’пляма; карычневая плямка на скуры ад старасці’. Прасл. *pętьno ’след, знак’ (спачатку ў мове паляўнічых), што ад *pęta (гл. пята́) (Фасмер, 3, 425; БЕР, 5, 203). Паводле Банькоўскага (2, 543–544), толькі ўсходнеславянскае, у іншых мовах — запазычанне з усходнеславянскіх, пра спецыфічнае паходжанне слова, на яго думку, сведчыць рус. гнаться по пятам ’ісці па следу’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ра́жанка ’брага’ (Сцяшк. Сл.), ра́жанка, ряжанка ’паранае малако, запраўленае смятанай’ (Сл. Брэс.), ражэнка ’тс’ (ТС), ражы́нка ’пена ад масла’ (Бяльк.), ра́жанка, ра́жынка ’скіслае гатаванае малако, змешанае са смятанай’ (Вешт.), польск. дыял. (з бел.) rażanka ’адтопленая смятана’ (Карл.), рус. ря́женка ’квашанае топленае малако’, дыял. ра́женка ’заквашанае гатаванае малако’. Этымалогія цьмяная. Можна выказаць некалькі версій. Хутчэй за ўсё, да ра́дзіць 1 ’настройваць, наладжваць’ (гл.). На карысць гэтай версіі сведчыць гомельская назва ражанкі — ро́блянка, а таксама сінонім ря́жаная сараква́ша (Растарг.) пры рядный ’харошы, прыгожы’ (там жа). Кал і дапусціць запазычанне, то не выключана, што рускае слова магло быць утворана ад ра́жий ’гожы, харошы’, адносна якога гл. Фасмер, 3, 432; гэта значыць, што ра́жанка літаральна ’апрацаванае (палепшанае) малако’. Менш верагоднае ўзвядзенне да прасл. *ręd‑ ’трасці, калыхацца’ (> польск. дыял. rzężowisko ’балота, дрыгва’).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Све́тка (свѣтка) ‘сведка’ (Нас., Шымк. Собр.), сьве́тка ‘тс’, мн. л. светкі ‘тс’ (Бяльк.; петрык., Яшк. Мясц.): немашака светак (Сержп. Казкі), све́тка ‘тс’ (Сл. ПЗБ), свя́тка ‘тс’ (Скарбы), ст.-бел. свѣтки ‘сведкі’ (1450 г.), светок ‘сведка’ (XVI ст.). Апошняе, згодна з Карскім (1, 275), пад уплывам формы мн. л. свѣтки, ад яго, відаць, і свѣтчити, свѣтчу (1487 г.), што адлюстроўваюць аглушэнне д (Карскі, 1, 274; 2–3, 261), гл. сведчыць. Адсюль запазычана і літ. sviẽtkas ‘сведка’ (Буга, Rinkt., 2, 495), форма з ‑я‑ пад уплывам польск. świadek ‘сведка’. Сюды ж дыял. све́тчыць (свѣтчиць) ‘пацвярджаць; дапамагаць; даносіць’ (Нас.). Станкевіч (Язык, 643) бачыць тут корань ‑вет‑ (*‑vět‑), гл. веціць, адно са значэнняў якога было ‘гаварыць, абвяшчаць’, што, магчыма, паўплывала на першасную форму. Гл. сведка.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)