Тра́ктар (тра́хтар, тра́хтор) ’самаходная сельскагаспадарчая машына для цягі’ (ТСБМ, Сцяшк., Сл. ПЗБ, Растарг.). Запазычана з рускай мовы (упершыню фіксуецца ў прэсе ў 1922 г. (гл. Баханькоў, БЛ, 12, 32), у якую слова прыйшло ў 20‑я гг. XX ст. з англійскай, дзе tractor азначае ’цягач’ < лац. tractāre < trahĕre ’цягнуць, валачы’ (Чарных, 2, 256–257; Голуб-Копечны, 106, 388; ЕСУМ, 5, 617), Сюды ж трактары́ст, трахтары́ст (ТСБМ, Сцяшк., Сл. ПЗБ), трактары́ста ’трактарыст’ (смарг., Сл. ПЗБ) — з польск. traktorzysta ’тс’; трактары́сты ’тс’ (Сцяшк., Жд. 1, Янк. 2, Сл. ПЗБ) — арыгінальнае ўтварэнне беларускай мовы, звязанае з пераасэнсаваннем фіналі ‑іст (‑ыст), ‑іста (‑ыста) пад уплывам прыметнікаў на ‑сты, гл. галасісты, ганарысты і назоўнікаў тыпу араты, памагаты, Пра пашырэнне і паходжанне падобных форм гл. Абрэмбска–Яблонска, Зб. Крапіве, 21–26; Мартынаў, Лекс. балтызмы, 25; Запрудскі, Stud. Russica, 22, 161–166; Хромчанка, Паўн.-маст. гав., 51–56.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Тро́гаць ‘чапаць’ (Бяльк.; в.-дзв., Сл. ПЗБ), ‘турбаваць да хвалявання, расчуленасці’, тро́нуць ‘злётаў зачапіць’ (Юрч. Сін.), тро́гаць раны ‘напамінаць пра цяжкія перажыванні ў мінулым’ (Юрч. Фраз. 3), сюды ж, магчыма, ст.-бел. троганистый ‘турботны (?)’ (ГСБМ). Параўн. укр. трога́ти ‘кранаць, непакоіць, назаляць’, тронутися ‘стаць трохі ненармальным псіхічна’, рус. тро́гать ‘кратаць, дакранацца, чапаць; рушыць (у дарогу)’, ‘непакоіць, выклікаць спачуванне’, балг. тро́гвам ‘кратаць, кранаць’. Паводле існуючых тыпалагічных версій, супастаўляюцца з лат. treksne ‘ўдар, штуршок’, ст.-ісл. þreka ‘ціснуць’, ст.-англ. đracu ‘націск, насілле, гвалт’ (Мюленбах-Эндзелін, 54, 230) ці з лац. trahō, trahere ‘цягнуць, сунуць’. Калі не лічыць, што беларуская лексема запазычана з рускай мовы, пра што сведчыць перш за ўсё яе лінгвагеаграфія, то найбольш верагоднай з’яўляецца версія аб сувязі з то́ргаць (гл.) з перастаноўкай гукаў у сярэдзіне слова (Мікала, Ursl. Cr., 3, 92; ЕСУМ, 5, 646; Арол, 4, 105).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Вучані́к ’вучань’ (Бяльк.), ст.-бел. ученикъ ’тс’; параўн. укр. (кніжнае) учени́к ’вучань, паслядоўнік’, рус. учени́к ’вучань’, серб.-харв. у̏ченӣк ’вучань, навучэнец’, славен. učenik ’настаўнік’, макед. ученик ’вучань, навучэнец’, балг. учени́к ’тс’. Да *uč‑ьn‑ikъ, утворанага ад прыметнікавай асновы uč‑ьn‑, гл. вучаны; адносна ст.-бел. і ст.-укр. форм выказваецца меркаванне аб іх запазычанасці кніжным шляхам праз царкоўнаславянскую мову са ст.-слав. оученикъ, параўн. Суф. словообр.; 85, ва ўсякім разе гэта павінна быць вельмі ранняе запазычанне, паколькі слова з’яўляецца звычайным у ст.-бел. і вядома было ст.-рус.; параўн. Гіст. лекс., 224. Можна меркаваць, што яго ўжыванне падтрымлівалася ў мове ў сферах, звязаных з кніжнаславянскай традыцыяй (царква, бурсакі, жабракі з т. зв. духоўнымі песнямі), дзе яно мела значэнне перш за ўсё ’паслядоўнік (пэўнага вучэння)’, значэнне ’вучань у школе, школьнік’ больш позняе. Можна дапусціць таксама паўторнае запазычанне слова ў апошнім значэнні з рускай мовы ў навейшы час.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Балбата́ць ’гаварыць, балбатаць; крычаць, як індыйскі певень’ (Сцяшк. МГ, Нас., Касп., Шат.). Параўн. укр. (валын.) балбута ’балбатун, пустаслоў, балагур’, укр. болбота́ти, бовботати, польск. balbotać, bałbotać, bełbotać, рус. дыял. (зах.) болбота́ть, славац. blbotať (і далей чэш. bláboliti, blaboniti ’балбатаць’). Слав. bъlb‑ ’балбатаць’. Параўн. і літ. balbė́ti, blabė́ti, blebė́ti і г. д. (гл. Фрэнкель, 31; там і паралелі да іншых слав. падобных слоў). Але бел. форма не можа фанетычна паходзіць з *bъlb‑ (было б *баўбатаць). Рэдукцыяй (сінкопа) з *балабатаць (да *bolb‑ > болоб‑)? Не выключаецца, паколькі словы гукапераймальныя, што тут спецыфічная фанетыка (захавалася л). Можна таксама думаць пра пранікненне форм з ‑л‑ (замест ‑ў‑) з усх.-бел. гаворак, дзе магчымы ўплывы рускай фанетыкі. Літ-py гл. пад балабо́ніць. Сюды і балбату́хі ’грыбы, прыгодныя для ежы, рыжыкі’ (да семантыкі параўн. гавару́шкі, гл.). Некаторыя вытворныя маюць дакладныя паралелі ў літ. мове: бел. балбату́н, рус. (зах.) балбату́н, балботу́н: літ. balbatū̃nas (гл. Фрэнкель, там жа).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ве́чай мн. л. ’дзірка ў верхнім камені жорнаў, куды сыплецца збожжа’ (Сцяшк. МГ, Сцяшк.). Сюды ж вячай, вечая, ічай, яча, ручай ’тс’ (Інстр. лекс.), рус. пск. вечея́ ’тс’. Бел.-рус. утварэнне, роднаснае да рус. ячея. Паходзіць ад асновы *akʼ‑ > ač‑ і суф. ‑ějь (для вечай) або ‑ěja (для вечая) з пратэтычным в‑, р‑ або j‑. Аснову можна суаднесці з літ. akìs ’вока; пятля; акно; вір; ячэя’, лат. acs, прус. agins, ackins, тахар. A ak, тахар. B ek, гамер. ὄσσε, лац. oculus, алб. sy, ст.-ірл. enech, ст.-інд. ákḥi. На ўкраінскай, польскай і часткова рускай моўных тэрыторыях у значэнні ’дзірка ў верхнім камені жорнаў’ ужываюцца лексемы дуча, дучай, дучайка, дучэйка; ducza, duczaja, duca; дучка, дучай, дуч, запазычаныя праз польскую мову з італ. doccia ’рына, вадаправодная труба’ (Бернекер, 232; Махэк, 133; Фасмер, 1, 558 і інш.). Яны выцеснілі на гэтай тэрыторыі лексему v//jačěja, прысвоіўшы сабе яе суфіксы ‑ай, ‑айка.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Арба́ 1 (БРС). Рус. арба́, араба́, укр. гарба́, рэдка арба́ ’павозка’, араба́, гараба́ ’цыганскі, малдаўскі ці татарскі воз’, польск. arba, чэш. arba (экзатызмы). Заходнеславянскія формы запазычаны праз рускую мову. Крыніца рускага слова, напэўна, татарская (Дзмітрыеў, Строй, 521); экзатычнае значэнне ўказвае на крымска-татарскую і азербайджанскую магчымыя крыніцы запазычання слова. Параўн. Фасмер, 1, 83; Шанскі, 1, А, 135. Гараеў, 5, слушна звярнуў увагу і на наяўнасць слова не толькі ў цюркскіх, але і ў іншых каўказскіх мовах, напрыклад у асецінкай, што садзейнічала пранікненню слова ў рускую мову. Бел. арба мае цюркскую крыніцу, але не без падстаў Крукоўскі (Уплыў, 74) адзначаў ролю рускай мовы ў перадачы слова да беларускай.
А́рба 2 ’старажытнай прылада’ (Касп.). Параўн. арфа 2 ’веялка’ (гл.). Субстытуцыя б — ф цераз п (арпа); нельга выключыць, што бел. арба < літ. дыял. árba ’арфа (веялка)’ (LKŽ), хаця літоўская форма зарэгістравана на паўночным захадзе.
Арба́ 3. Назоўнік ад дзеяслова араць (з суф. -ба).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
А́рмія. Рус. армия (з 1705; армея з 1704), укр. армія, польск. armia (з XVII ст.). Саднік-Айцэтмюлер, 1, 29. Вытворныя сведчаць аб аснове з ‑е‑: армейскі, армеец. Ст.-бел., ст.-укр. армея (Бярында), таму наўрад ці патрэбна лічыць зноў запазычаным у XIX ст., як Гіст. лекс., 245, ці нават XX ст., як Гіст. мовы, 2, 148, хаця, магчыма, рускі ўплыў у гэты час садзейнічаў замацаванню слова. Краўчук (ВЯ, 1968, 4, 122) прапануе для ўкраінскай, паводле Агіенка, Иноз. элем. 70 (які аб гэтым гаварыў для рускай мовы), польскае пасрэдніцтва. Паўтарак (Бел. лекс., 135) прапануе шлях: заходнееўрапейскія мовы > польская > руская > украінская і беларуская. Паводле Шанскага, 1, А, 145, рускае з нямецкай; Фасмер, 1, 87 — з нямецкай ці французскай, Брукнер (7) лічыць польскае з нямецкай. Беларуская і ўкраінская маглі быць, як і польская, пасрэднікамі для рускага слова, нельга выключыць украінскую мову як магчымую крыніцу пераходу е > і (Саднік-Айцэтмюлер, там жа).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Пе́начка ’птушка атрада вераб’іных, Phylloscopus’ (ТСБМ). Укр. пі́ночка, рус. пе́ночка ’тс’, дыял. ’малінаўка’, польск. pienka ’сітаўка, (жоўтая) пліска’, ст.-польск. ’шчыгол’, ’зяблік’, н.-луж. pěnica, чэш. pěnice, славац. penica, славен. pẹ́nica, peníca ’валасянка’. Няма адзінай думкі наконт паходжання. Сной (Бязлай, 3, 25) зыходзіць з прасл. *pě(g)nica/*pęga ’невялікая пеўчая птушка’, пацвярджаючы супастаўленне Міклашыча (245) з літ. spigti ’свістаць, шчабятаць’, speñgti ’звінець, гудзець, шумець’. Махэк₂ (443) мяркуе, што pěnice паходзіць з *pěhnice < pěhza ’валасянка’, паходжанне якога няяснае. Брукнер (409) звязвае польск. pienka з пянька́ (каноплі), Мараўскі (Sprawozdania Poznańskiego TPN, 1, 1928, 37) і Сакалоўскі (Ptaki ziem pol., 2, W-wa. 1952, 162) выводзяць слова з гукапераймання pink‑pink, якое стала падставай нават для ням. Fink (ст.-в.-ням. fincho ’зяблік’), англ. finch, італ. pincione, грэч. σπίγγος ’тс’, гл. Струтыньскі, 95, які мяркуе, што pěnъka узнікла на слав. глебе. Беларуская назва, хутчэй за ўсё, запазычана з рускай мовы.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Пры́гаць, пры́гнуць ’скакаць, скокнуць’ (Бяльк.), прыга́ць ’тс’ (Янк. 2); таксама перан. пры́гаць ’знаходзіцца ў перыядзе цечкі (пра карову)’ (чач., ЛА, 1). Агульная ўсходнебеларуская лакалізацыя зафіксаваных форм паказвае на запазычанне з рус. пры́гать. У рускай мове лічыцца ўласным утварэннем ад прасл. кораня *pryg‑ < *prūg‑, які з’яўляецца працягам і.-е. *preu̯‑/*prou̯‑/*prŭ‑ з фармантам ‑g‑ (Чарных, 2, 77). Без гэтага фарманта корань (часткова ў назалізаванай форме) рэалізуецца таксама ў назоўніку пружы́на, прыметніку пры́ткі 1 (гл.), дзеяслоўнай аснове рус. пряг‑ (< *pręg‑, параўн. напрягать). Роднасныя неславянскія ўтварэнні знаходзяць перш за ўсё ў балтыйскіх мовах з пачатковым s‑: літ. sprùgti, (is)sprùkti, sprùkstu ’ўцячы, выслізнуць’, лат. sprùga, sprūgt, sprùku ’тс’ (Фасмер, 3, 390–391; Чарных, 2, 77; там жа гл. іншыя, больш далёкія паралелі і крытычны агляд папярэдняй літ-ры). Гл. таксама пры́жыць 2.
Прыга́ць, пріга́ць ’прагна есці’ (жытк., Нар. словатв.; ТС). Дыялектны фанематычны варыянт дзеясловаў пра́гнуць, прэ́гці (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Раўні́вы ’ахоплены зайздрасцю, недаверам, нявер’ем у каханні’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ), сюды ж раўні́ць ’раўнаваць’: раўніў ка ўсім (Ян.); рэўні́вы ’тс’ (ТС), ст.-бел. ревнѕикъ ’раўнівы’ (XVI ст., Карскі 2–3, 36). Параўн. укр. ревни́вий, рус. ревни́вый ’хто сумняваецца ў адданасці, шчырасці пачуццяў’, польск. rzewniwy ’расчулены, усхваляваны’, чэш. řevnivý, серб.-харв. ревнив, ревњив (з рускай, Глухак, 526), балг. ревни́в, ст.-слав. рьвьнивъ, ревнивъ ’хто падазрае ў нявернасці’. Прасл. *rьvьnivъ(jь) утворанае ад *rьvьnъ ’старанны, імклівы’, параўн. серб.-харв. ре́ван ’сумны’, славен. réven ’бедны, жалюгодны’, польск. rzewny ’чулы, чуллівы; шчыры, адданы’, якое звязваюць з раўці (гл. раўсці), гл. Фасмер, 3, 455; БЕР, 6, 199. У народнай мове звязваецца з дзеясловам раўнава́ць ’прыраўноўваць, супастаўляць’, параўн. раўнаваць (ровнова́ць) ’зраўноўваць; параўноўваць; даваць правільны кірунак, прымяняць; не давяраць у каханні’ (Нас.); роўнова́ць ’пытаць (?)’: До крыніцы побежала / Гей ліце свое раўнавала (Доўн.-Зап., Пін.), што да роўны (гл.). Гл. таксама рэўнасць.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)