слепата́, ‑ы, ДМ ‑паце, ж.

Поўная або частковая адсутнасць зроку. Сляпы Гамер быў і, глухі Бетховен... Відушчы, чуйны, кожны б з нас хацеў свой зоркі зрок, свой тонкі слых настроіць па іхняй слепаце і, глухаце... Рудкоўскі. // перан. Няўменне заўважаць, правільна разумець, разбірацца ў чым‑н. Зайчык, той знарок пацяшаўся, чапляў, абы паспрачацца, абы падсмяяцца з куранёўскай слепаты ды скнарлівасці. Мележ. — Марыя Дзям’янаўна, выбачайце за маю такую слепату, някемлівасць, — прамовіў Грушка, — вось сяджу і не бачу, хто сядзіць са мною побач. Пестрак. Мароз выкарыстаў гэту паўзу, каб дакорліва зірнуць на Вячыстага: вось бачыш, да чаго давяла твая палітычная слепата! Лобан.

•••

Колеравая слепата — тое, што і дальтанізм.

Курыная слепата — а) хвароба вачэй, пры якой чалавек не бачыць пры слабым святле, у цемры; б) народная назва некаторых травяністых раслін, кураслеп. Лета ў самым пачатку, і столькі курынай слепаты, што не ступіць нагою, каб не трапіць на краску. Мыслівец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уе́хаць, уеду, уедзеш, уедзе; уедзем, уедзеце, уедуць; заг. уедзь; зак.

1. Заехаць унутр, у сярэдзіну чаго‑н.; прыехаць куды‑н. Уехаць у двор. Уехаць у лес. □ Гумно стаяла крыху воддаль ад хаты, і абодва яны [Максім з Гіпалітам] не чулі, як уехаў туды на санях Цімка. Машара. У пачатку жніва, неяк раз раніцай, у Бярозаўку ўехалі тры параконныя салдацкія брычкі. Васілевіч. Неўзабаве аўтамабіль, лёгка рассякаючы коламі сухі пясок, уехаў у вуліцу. Якімовіч.

2. Разм. Праехаць які‑н. шлях, ад’ехаць на якую‑н. адлегласць. За дзень мы ўехалі сто кіламетраў.

3. перан. Увайсці ў што‑н. мяккае, сыпучае; асесці, спусціцца; угрузнуць. Цяпер хатка ўехала ў зямлю, асунулася і выглядае побач з новым зрубам кучай парахні. С. Александровіч. Сена на калёсах заслана белым абрусам, але яго зусім не відаць, ён уехаў у само сена. Пташнікаў. Ногі адразу ўехалі вышэй кален у мяккую цеплаватую гушчу. Мележ.

•••

Уехаць па вушы — тое, што і акунуцца з галавой (гл. акунуцца).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

а́ццаць, частка складаных лічэбнікаў: адзіна́ццаць, двана́ццаць і пад., часам выступае ў форме ‑на́нцаць: адзіна́нцаць, петна́нцаць (ДАБМ), двана́нцаць (ТС) і інш. Паводле Карскага (2–3, 95), у ст.-бел. мове ужывалася самастойна ў спалучэнні з парадкавымі лічэбнікамі, якія абазначалі адзінкі: первый надцать (Статут 1529 г.), четверътое надъцать (Статут 1588 г.) побач з дванадъцатоє, шеснадъцатоє і г. д. Сустракаюцца і больш архаічныя формы: четвер​ѕтого надесѧть (Тайна тайных XVI ст.), якія адлюстроўваюць зыходнае спалучэнне на десѧте (прасл. na desęte, параўн. dъva na desęte ’20’), гл. дзесяць. Формы з ‑нанцаць тлумачацца па-рознаму. Карскі (2–3, 93) лічыць, што н перад ц з’явілася пад уплывам «узмоцненага вымаўлення» н у ‑на‑ з ‑нна‑ ў лічэбніку адзінаццаць і па аналогіі ў іншых лічэбніках. Сабалеўскі супастаўляе беларускія формы з балгарскімі тыпу пендесет, девендесет і дапускае, што ў гэтых выпадках мела месца дысіміляцыя зубнога зычнага т (д) (ЖМНП, 314, 10, 64). Такой жа думкі прытрымліваліся Эндзелін (РФВ, 13, 113), Чарнышоў (Сб. Милетич. София, 1933, 196–198), адносна балгарскага матэрыялу Мірчаў (Неврокопският говор. София, 1936, 13–14). Іншыя версіі і меркаванні гл. Будэ, Изв. ОРЯС, 3, 3–4, 930–932; Чабярук, Лічэбнік, 37–38.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ве́ялка1 ’драўляны шуфлік для ручнога веяння зерня’; ’машына, якой ачышчаюць збожжа ад мякіны’ (КТС, БРС, Выг., Бяльк., Шат., Яруш., Сцяшк. МГ), брэсц. ві́ялка драўляны савок, якім веялі ўручную’ (Сіг.). Укр. ві́ялка, рус. ве́ялка, польск. wiałka, макед. веалка ’тс’, балг. веялка ’веялка’; ’цура, зробленая ў першы тыдзень вялікага посту ў гонар летняга ветру, які лічыўся духам, што дапамагаў у час малацьбы’. Утворана ад vějadlo (параўн. ст.-рус. вѣяло ’лапата’, н.-луж., в.-луж. vějadło ’веялка’) і суф. ‑к‑а. Да веяць (гл.). Побач з суф. ‑л‑ка на слав. тэрыторыі маюцца ўтварэнні ад веяць з іншымі суфіксамі са значэннем Nomina instrumenti: бел. палес. ве́янка, ве́ячка, укр. ві́ячка, ві́яльніца, рус. ве́янка, ве́йніца, ве́йка, балг. веячка, в.-луж. wějawa, чэш. věječka, viječka, vejačka, польск. wiejalnia, wiejacha, уст. wiejaczka.

Веялка2, ве́ялкі ’вейка, вейкі’ (БРС, шчуч., навагр., маст., Сцяшк. МГ, КЭС, Жд., 1, З нар. сл.) — рэгіянальнае беларускае кантамінаванае ўтварэнне ад вейка, веяць (гл.) не без уплыву лексемы веялка1 (гл.).

Веялка3 ’павека’ (навагр., КЭС) узнікла шляхам семантычнага пераносу па сумежнасці ад лексемы веялка2. Адваротны пераход назіраецца ў рус. арханг. веко ’вейка’, йонаўск., прэйл. ве́ки ’вейкі’ пры рус. веко ’павека’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жасцёр ’куст або дрэва сямейства крушынавых, Rhamnus L.’ (ТСБМ), жасты́рь ’расліна, якая ’ўжываецца, калі баляць зубы або жывот’ (Нас.), жыстор, жысцёр(ына), жыстар, жысцяр(ына), засцір (Кіс.). Рус. жо́стер, же́стер, жесть, же́рест, укр. жо́стир, жестер, жосціл, ст.-польск. rzeszecina, rzeszenica, trzęsiecina, польск. szakłak, sakłak, szelestena, szestelena, н.-луж. rašeśin, raśešyna ’тс’, балг. дыял. жѐщель ’Acer tataricus’, шѐстил ’Acer platanoides’, серб.-харв. же́шља, жѐстика, же̏ст, же̑ст, жѐстила ’Acer tataricus’, славен. žestílj, žestika ’Acer monspessulanum’. Паводле Петарсана (Lunds Univ. Arsskr. NF., Bd. 19, № 6, c 41 і наст.), роднаснае англа.-сакс. gorst ’дзікі цёран’, ст.-інд. ghr̥stis̥ ’дзікі кабан’, рус. жерех, але найстаражытная форма няясная (Фасмер, 2, 49). Скок (3, 677) суадносіць з же̏сток ’жорсткі’, што патрабуе семантычнага ўдакладнення. Гл. яшчэ Махэк, Jména rostl., 145. Улічваючы, што жасцёр мае калючкі, ці не трэба параўнаць з і.-е. сям’ёй назваў раслін, да якой належаць ням. Gerste ’ячмень’, магчыма, грэч. ἄ‑χερδος ’дзікая груша, глог’, *g̑herzd(h) ’калючае’ (гл. Покарны, 1, 446), аб чым між іншым можа сведчыць і тое, што назва жэстэлина выкарыстоўваецца і для назвы калючай слівы ’Prunus spinosa L.’ (стол., Лексика Пол., 420) побач з назвай для жасцёра (жыстылы́на, стол., Нар. лекс., 124). Гл. жарства.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ліня́ць ’траціць першапачатковы колер, выцвітаць’, ’мяняць поўсць, шэрсць, пер’е’, ’лупіцца’, ’прападаць’ (Нас., Касп., ТСБМ, Сцяшк., ТС; в.-дзвін., лях., гродз., даўг., Сл. паўн.-зах.), ліна́ць ’тс’ (віл., ваўк., швянч., Сл. паўн.-зах., Сцяшк., Нас.), ліне́ць ’тс’ (трак., Сл. паўн.-зах.), ліні́цца ’тс’ (петрык., Шатал.), ліня́ць ’худнець’ (Юрч. Вытв.). Укр. линя́ти, рус. линя́ть, славін. l’əńwc, мар. liňat, серб.-харв. лѝњати (се). Прасл. linjati побач з блізкім паводле сваёй будовы, linati (бел. лінаць, укр. линати, рус. смал. линать, н.-луж. linaś, в.-луж. linać, чэш. línati), а таксама liněti (бел. лінець, укр. лині́ти, рус. линеть, польск. linieć, ст.-чэш. líněti, славац. lieniť sa, макед. линее, балг. линея). Паводле Слаўскага і інш. (гл. 4, 268), узыходзяць да незахаванага прыметніка *linъ, параўн. літ. leĩnas ’тонкі, гнуткі’, laĩnas ’тонкі, высмаглы’, с.-в.-ням. bi‑linnan ’уступіць, аслабець’. Бернекер (7, 222) і Майргофер (2, 102–103) звязваюць разглядаемыя лексемы са ст.-інд. linăti ’курчыцца, гнецца, туліцца’, láyatē, lī́yate, liyati ’растае, прыціскае, знікае’. Лексемы збліжаюцца таксама са ст.-грэч. ἀλῑ́η ’мажу, націраю’, λῑτός ’гладкі’, лац. lino livi (lēvi), litum, ‑ere ’намазваю’. Аснова lin‑ чаргуецца з lěn‑ і lěv‑ (Фасмер, 2, 499). Гл. таксама лінёвішча.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пра- — прыйменная прыстаўка з градацыйным значэннем (гл. празелле, прарадзіма і пад). Агульнаславянскае, за выключэннем палаб. і н.-луж., параўн. рус., укр., ст.-рус., ст.-слав., балг., серб.-харв. пра‑, польск., чэш., славац., славен. pra‑. Прасл. *pra‑. Звязана чаргаваннем галосных з дзеяслоўнай прыстаўкай і прыназоўнікам *pro‑. Падаўжэнне галоснага адбылося, як мяркуе Сольмсен (KZ, 35, 468), на канцы слова па рытмічных прычынах. Роднаснае літ. prõ, прыназ., ст.-інд. prā‑ побач з prō‑, лац. prō ’перад’, ст.-в.-ням. fruo ’рана’ (Мюленбах-Эндзелін, 3, 400; Вальдэ-Гофман, 2, 364; Фасмер, 3, 351; ESSJ, 1, 205 і наст.).

Пра- — прыназоўнік і прыстаўка. Рус. про, про-, укр. про ’пра’, ст.-рус. про, про- ’дзеля’, ст.-слав. про‑, балг. про-, серб.-харв. про-, славен. pro‑, чэш. pro ’для’, pru‑. Праслав. pro, pro‑. Звязана аблаўтам з pra‑ (гл. папярэдні артыкул). Роднаснае ст.-прус. pra‑ ’цераз, для’, pra ’пра, пера-’, літ. pra‑ ’тс’, грэч. προ ’перад’, πρα‑, лац. pro‑ (prō), гоц. fra‑, нова-в.-ням. ver‑ ’пера-, за-’, ст.-інд. pra‑ ’перад, за-’ і г. д. (Траўтман, 229; Вальдэ-Гофман, 2, 364 і наст.; Фасмер, 3, 370; ESSJ, 1, 216 і наст.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прыро́да ’рэальнасць, існасць, не створаная чалавекам’, ’прыродныя асаблівасці’, ’натура, характар’; ’мясцовасць па-за горадам’, ’паходжанне; спадчыннасць’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Бяльк., ТС, Жд., Нар. лекс., Сл. ПЗБ), ’род, кроўная радня’ (ТС), зборн. прыро́ддзе ’парода, род’ (Жыв. сл.). Укр. приро́да, рус. приро́да, польск. przyroda, в.-луж. přiroda, н.-луж. pśiroda, чэш. přiroda (ужо ст.-чэш.), славац. príroda, серб.-харв. при́рода, славен. priroda, балг. при́рода, макед. природа. Аддзеяслоўны назоўнік ад прырадзі́ць < радзіць (гл.), параўн. прыраджэ́нне ’ўласцівае ад нараджэння; натура’ (Нас.). Паводле Махэка₂ (494) першапачаткова тое, што ўрадзілася ў гэтым годзе, прырост збожжа, жывёлы (гл. прыро́д). Даволі позна фіксуецца ў славянскіх мовах: у чэшскай мове вядома з XIV ст. побач з přirozenie і přirozenost (гл. Андзел, Зб. Крапіве, 37); у польскай з XIX ст. у якасці заменніка przyrodzenie (Банькоўскі, 2, 948); у рускай мове слова ўпершыню адзначаецца ў 1704 г. Гэта дазваляе паставіць пытанне аб калькаванні лац. nature ’прырода’ < лац. nasci (дзеепрым. natus) ’нарадзіцца’, прынамсі, у першым значэнні, першапачаткова кніжнымі ўтварэннямі, параўн. ст.-бел. прироженье, пасля збліжанымі з народнымі тэрмінамі тыпу ст.-бел. природокъ ’прыплод’ і назоўнікамі ўро́да, врода ’ўрадлівасць’. Праславянскі характар слова дапушчальны (параўн. Сной₂, 578: *priroda ’ўсё, што нараджаецца, расце, множыцца’), аднак семантыка застаецца да канца нявысветленай (параўн. Німчук, Давньорус., 14).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

зваць, заву, завеш, заве; завём, завяце; незак., каго-што.

1. Голасам або кіўком запрашаць падысці ці абазвацца; клікаць. Зваць да сябе дзяцей. □ Дзед, здаецца, нічога не чуў і не цяміў. Ён толькі катурхаў сына, будзіў, зваў яго. Колас. // Запрашаць куды‑н. Рабочыя падкідвалі бацьку ўгору, качалі на руках, звалі да сябе ў госці. Лынькоў. На маёўку ў бліжнія бары завуць сяброўку юныя сябры. А. Вольскі. // Заклікаць, агітаваць да выканання чаго‑н. Я адплаціў народу, Чым моц мая магла: Зваў з путаў на свабоду, Зваў з цемры да святла. Купала. [Адась:] Трэба зваць сялян на дэманстрацыю, а там і на барыкады. Козел. // перан. Прывабліваць, прыцягваць. Вызначаюцца трохі шырокія далі, завуць яны да сябе сваім размахам і воляй. Чорны. Сонца.. вабіла і звала да сябе малога Янку. Бядуля.

2. Называць. Івана Сцяпанавіча і Мар’ю Сцяпанаўну Юра зваў татам і мамай... Васілевіч. Салаўіны гай, а побач — вёска, І завуць Мядзведзічы яе. Бялевіч.

•••

Памінай як звалі гл. памінаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пірамі́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

1. Мнагаграннік, асновай якога з’яўляецца многавугольнік або трохвугольнік, а бакавыя грані — трохвугольнікі з агульнай вяршыняй. Трохвугольная піраміда.

2. Вельмі вялікае каменнае збудаванне з чатырохвугольнай асновай і трохвугольнымі бакавымі паверхнямі, вяршыні якіх ўтвараюць востры вугал, якое служыла грабніцай фараонам у Старажытным Егіпце. Старажытныя егіпцяне без дапамогі вежавых кранаў будавалі піраміду Хеопса, якая да гэтага часу лічыцца адным з сямі цудаў свету. Шыцік.

3. Куча складзеных прадметаў, якая мае шырокую аснову і звужаецца ўверсе. Побач былі складзены піраміды пяціпудовых бомб. «Маладосць». З левага боку ля сцяны ложак з пірамідаю падушак, засланы коўдрай-перабіранкай. Палтаран.

4. Акрабатычная фігура з групы людзей, якія становяцца адзін аднаму на плечы. Апошнім нумарам паказвалі піраміду. Удзельнічала дванаццаць чалавек. Нядзведскі.

5. Адзін з найбольш распаўсюджаных відаў більярднай гульні ў 16 шароў. // Трохвугольнік з більярдных шароў, які складваецца ў пачатку гульні.

6. Станок для захоўвання вінтовак, а таксама вінтоўкі, састаўленыя ў кучку, звужаную ўверсе. Да бляску начысцілі кулямёты і вінтоўкі; яны зараз так спакойна і мірна дрэмлюць у пірамідах. Каваль.

[Грэч. pyramis.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)