Баланда́ ’вельмі рэдкая, няўдалая яда’ (Вешт.), ’яда з мятай бульбы’ (Лысенка, ССП), ’суп з бульбы і мукі, забелены малаком, зацірка’ (Мат. Гродз.). Параўн. рус. бала́нда́ ’від яды, баланда; бацвінне; зацірка; бульба з цыбуляй і г. д.; від лебяды, бацвінне; абрызглае малако’; ’балбатун, пустаслоў’. Усё да дзеяслова. Параўн. рус. бала́ндать, бала́ндить ’баўтаць; рашчыняць на вадзе муку; баўтаць нагамі; займацца пустымі размовамі’, укр. баланді́ти ’балбатаць, гаварыць’, баланда ’марудны, нехлямяжы чалавек; балбатун, пустамеля.’ Параўн. і чэш. blandat (Махэк₁, 33) ’балбатаць, гаварыць’. Зыходнае *balandati (гукапераймальнае?) ’баўтаць, размешваць’ → 1) ’рабіць яду наспех’ (адсюль і ’дрэнная яда, зацірка’); 2) ’балбатаць, гаварыць’. Няма падстаў гаварыць аб запазычанні ўсёй групы слоў з літ. мовы (надта многа значэнняў, якія не выводзяцца з літ. ’лебяда’). Запазычанае, мабыць, толькі бала́нда (< літ. balánda ’Chenopodium’). Аб запазычанні гл. Фасмер, 1, 113 (там і ранейшая літ-pa); Шанскі, 1, Б, 21; Урбуціс, Baltistica, 1969, V (I), 49.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

По́рацца, по́рыцца ’працаваць у хаце, па гаспадарцы’ (нараўл., Арх. ГУ; Сл. Брэс., Ян., ТС; брагін., Нар. словатв.), ’корпацца’ (Мат. Гом.), по́ранне ’работа на гаспадарцы’ (Ян.). Прасл. *porati sę ’знаходзіцца ў руху’, параўн. укр. по́ратися ’працаваць, гаспадарыць, прыбіраць’, польск. porać się ’клапаціцца, круціцца ў працы, рабіць старанна і доўга’, чэш. párati se ’рабіць чорную, брудную работу’, чэш. дыял. párat se ’капашыцца, працаваць павольна’. Казлова (Регионализмы, 11) выводзіць з прасл. дыял. *porati ’дзейнічаць, рабіць’, рэканструяванага на базе н.-луж. poraś ’прывесці ў рух’ (Трубачоў, Серболуж. сб., 168); параўноўваюць з рус. отпо́р ’адпор, супраціў’, порно́й ’моцны, здаровы’, што ўзыходзіць да *perti (гл. перці), гл. Шустар-Шэўц, 2, 1134. Куркіна (Этимология–1994–1996, 53) выводзіць з *porati, ітэратыў да *porti ’пароць’ з далейшым развіццём ’нешта рабіць, займацца, корпацца’, што падаецца больш верагодным. Банькоўскі (2, 703–704) польск. porać się ’працаваць па дому’ лічыць запазычаннем з усх.-слав. Гл. таксама поркацца, поркаць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Інтарэ́с ’увага, цікавасць да каго-, чаго-н.’, ’імкненні, мэты; патрэбы’, ’карысць, сэнс’ (ТСБМ, Касп.), интэре́съ ’справа, патрэба’ (Нас.), інтэ́рас ’справа, дзелавая патрэба’, ’занятак гандлем; крама’ (ТСБМ), ’выгадная справа’ (Шат.), ’зацікаўленасць’ (Касп.). Ст.-бел. интересъ ’карысць, здзелка’ (1568 г.) запазычана з польск. interes; интересоватисезаймацца фінансавай справай, старацца’ (1686 г.) < польск. interesować się (Булыка, Лекс. запазыч., 80, 81). Польск. interes ’інтарэс, зацікаўленасць’, ’справа’, ’гандлёвая справа’, ’карысць’ праз ням. Interesse узыходзіць да с.-лац. interesse ’мець важнае значэнне’, ’прымаць удзел’ (субстантыў ужываўся як юрыдычны тэрмін, адкуль значэнне ’выгада, карысць’), гл. Слаўскі, 1, 464. У рускую мову слова трапіла ў Пятроўскую эпоху праз польскую ці нямецкую з першапачатковым значэннем ’выгада, справа, карысць’ (Шанскі, 2, I, 97–98; Фасмер, 2, 136); значэнне ’ўвага, зацікаўленасць; займальнасць’ (1777 г.) пад уплывам франц. intérêt (Біржакова, Очерки, 261, 364). Бел. інтэ́рас паказвае на польскую крыніцу (параўн. семантыку, націск). Форма інтарэ́с замацавалася пад уплывам рускай мовы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

мало́ць, мялю, мелеш, меле; незак., што і без дап.

1. Раздрабняць зерне, ператвараючы ў муку, парашок; размолваць. Малоць жыта. Малоць перац. □ [Мікіта:] — Чаго толькі [паравік] не рабіў! І малоў, і малаціў, і крупы драў, і паліваў. Ракітны. // Раздрабняць што‑н., ператвараючы ў дробную аднародную масу. Малоць руду.

2. перан. Разм. Балабоніць, балбатаць, гаварыць абы-што. Болесь завёў мяне ў свой пакой .. і бясконца малоў мне пра сябе самога і пра сваіх родных. Гарэцкі. [Таня:] — Знаеш жа, што твая гутарка пустая, а ўсё мелеш. Новікаў.

•••

Ваду малоцьзаймацца пустаслоўем, гаварыльняй.

Малоць лухту — тое, што і вярзці лухту (гл. вярзці).

Малоць языком — тое, што і малоць (у 2 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нале́гчы, ‑лягу, ‑ляжаш, ‑ляжа; пр. налёг, ‑лягла і ‑легла, ‑лягло і ‑легла; заг. наляж; зак.

1. Наваліцца на што‑н., націснуць сваім цяжарам. Палегчы на стол. □ Вартаўнік усім целам налёг на рэйку шлагбаума. Шынклер. Чалавек з дзесятак салдат наляглі на дзверы. Лынькоў.

2. З сілай пачаць дзейнічаць якой‑н. прыладай. Надзя зноў села на карму, а я з усіх сіл налёг на вёслы. Аднак пасоўваліся мы досыць марудна. Кірэенка. Зіна налегла на палкі, вырвалася [на лыжах] наперад. Шыцік.

3. перан. Разм. Пачаць энергічна рабіць што‑н., займацца чым‑н. Налегчы на кнігі. Налегчы на замежную мову. □ [Халуста] спачатку налёг на мяса, потым падсунуў да сябе міску з капустай і вычарпаў яе да дна. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пуцёўка, ‑і, ДМ ‑цёўцы; Р мн. ‑цёвак; ж.

1. Афіцыйнае пасведчанне, якое выдаецца асобе пры накіраванні куды‑н. (у санаторый, дом адпачынку, новабудоўлю і пад.). Турысцкая пуцёўка. Камсамольская пуцёўка. □ У чэрвені, пасля здачы экзаменаў, Косця атрымаў пуцёўку на курорт і паехаў на Чарнаморскае ўзбярэжжа. Карпюк.

2. Лісток у вадзіцеляў транспарту, у якім указваецца маршрут і заданне. Якаў паказаў пуцёўку, потым шафёрскае пасведчанне. Кулакоўскі.

•••

Пуцёўка ў жыццё — а) веды, навыкі і пад., якія даюць магчымасць займацца працоўнай дзейнасцю; б) тое, што сведчыць аб прыгоднасці чаго‑н. да выкарыстання. Вылепіўшы і адштукаваўшы фігуры і пешкі, Іван Сарока афарбоўваў іх у адпаведныя колеры, і тады ўжо выраб атрымліваў пуцёўку ў жыццё. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адарва́ць, -ву́, -ве́ш, -ве́; -вём, -вяце́, -ву́ць; -ві́; -ва́ны; зак., каго-што.

1. Рыўком, пацягнуўшы, аддзяліць (частку ад цэлага, што-н. прымацаванае).

Адарваць лісток календара.

2. звычайна безас. Адрэзаць, знесці (пра галаву, часткі цела) машынай, снарадам і пад.

Выбухам бомбы адарвала ногі.

3. ад каго-чаго. Рэзкім рухам, пераадольваючы супраціўленне, адняць, аддаліць.

А. ад падлогі.

4. перан. Разлучыць; аддзяліць, пазбавіць сувязі з кім-, чым-н.

Ад Васіля хлопцаў усё роўна не адарвеш.

5. перан. Перашкодзіць займацца чым-н., адцягнуць (ад думак і пад.).

А. ад работы.

А. ад чытання.

Адарваць з пупавінай — вырваць з коранем, выкараніць.

Вачэй не адарваць — вельмі захапіцца прыгажосцю каго-, чаго-н.

Вушы (галаву) адарваць (груб.) — набіць, пакараць.

З рукамі адарваць — узяць, купіць што-н. з вялікай ахвотай.

|| незак. адрыва́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е.

|| наз. адрыва́нне, -я, н. (да 1 знач.) і адры́ў, -ры́ву, м. (да 4 і 5 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

адхілі́цца, ‑хілюся, ‑хілішся, ‑хіліцца; зак.

1. Падацца, нахіліцца ўбок; адхінуцца. Бацюшка адхіліўся ў другі бок і, каб не прыкмеціў Пётра, перажагнаўся. Чарот.

2. Збіцца, адысці ад прамога кірунку, ухіліцца ад галоўнага. — Куды ж мы адхіліліся? Дзе ж тут гумно? — раздумліва спытаў Лясніцкі. Шамякін. За гэту бамбёжку Косця атрымаў ад.. начальства вымову — ён адхіліўся ад маршруту. Навуменка.

3. Адгарнуцца, адсланіцца. Пачуліся крокі. Фіранка адхілілася, і ў бакоўку глянула гаспадыня. Пестрак.

4. перан. Пакінуць займацца чым‑н., думаць, гаварыць пра што‑н., перакінуўшы ўвагу на што‑н. іншае, заняўшыся чым‑н. іншым; адысці ўбок. Ну, не буду вам расказваць пра тыя дзівы, якія я ўбачыў назаўтра, бо тады я адхілюся ў бок ад галоўнага. Васілёнак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разгу́льваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Павольна, не спяшаючы гуляць, хадзіць для адпачынку, забавы. — Глядзі ж ты, Матрона, не вельмі па вуліцах вечарамі разгульвай, — сказаў, прыпыніўшыся, Іван. Колас. Бачыцца Валянціне, быццам маці бяжыць з-за пагорка, махае рукою, здалёк крычыць, каб не разгульвала, не распявала тут на ўлонні, а брала кошык ды ў лес — па грыбы, ягады. Мыслівец. // Перамяшчацца свабодна, у любым напрамку. Цёмнарусы Кастусь, якому зараз, са студзеня месяца, ішоў дваццаць шосты год, мог спакойна разгульваць пад носам у самых спрытных жандараў. Якімовіч. / Пра з’явы прыроды. Па вуліцах горада разгульвалі вятры, прыносячы з сабою дзівосныя пахі квітнеючых садоў. Гурскі. // Свабодна дзейнічаць, займацца разгулам і разбоем. Петрусю давялося некалькі разоў выязджаць у начныя засады, дзе разгульвалі бандыты. С. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чарава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак.

1. Паводле забабонных уяўленняў — уздзейнічаць чарамі, магічнымі прыёмамі на людзей. Матруна ёй [шаптусе] цягала Адзенне, грошы, сала, — Амаль усё занесла, што было, А тая ўсё шаптала, чаравала. Корбан. // над чым і без дап. Разм. Займацца справай, незразумелай, таямнічай для акаляючых. Так і тупаў [Пракоп] па сваіх сотках ды прышчапляў-перапрышчапляў, чараваў, мудраваў сам-насам. Кавалёў. Саня мясіў цеста, узбіваў яечныя жаўткі, абсмажваў бульбяныя кубікі, чараваў над соусам, гатаваў «фірменны» салат з радыскі. Пінчук.

2. перан.; каго-што. Вабіць, захапляць; прыносіць асалоду. Глядзіш на іх [грыбы] — і сэрцу міла, Як бы з іх сходзіць нейка сіла, Цябе чаруе, захапляе, Па жылах радасць разлівае. Колас. На гары высокай, Воддаль ад прысад, Чаравалі вока І палац і сад. Бядуля.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)