мало́ць, мялю, мелеш, меле; незак., што і без дап.

1. Раздрабняць зерне, ператвараючы ў муку, парашок; размолваць. Малоць жыта. Малоць перац. □ [Мікіта:] — Чаго толькі [паравік] не рабіў! І малоў, і малаціў, і крупы драў, і паліваў. Ракітны. // Раздрабняць што‑н., ператвараючы ў дробную аднародную масу. Малоць руду.

2. перан. Разм. Балабоніць, балбатаць, гаварыць абы-што. Болесь завёў мяне ў свой пакой .. і бясконца малоў мне пра сябе самога і пра сваіх родных. Гарэцкі. [Таня:] — Знаеш жа, што твая гутарка пустая, а ўсё мелеш. Новікаў.

•••

Ваду малоць — займацца пустаслоўем, гаварыльняй.

Малоць лухту — тое, што і вярзці лухту (гл. вярзці).

Малоць языком — тое, што і малоць (у 2 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)