уча́стак, ‑тка, м.

1. Зямельная плошча, адведзеная для якога‑н. выкарыстання або вылучаная на аснове якіх‑н. прымет; дзялянка. Прысядзібны ўчастак. □ Усе дваццаць гектараў школьнай зямлі разбіты на маленькія доследныя ўчасткі. Пальчэўскі. Дасталіся Захару Іванавічу найбольш запушчаныя ўчасткі зямлі, горшае цягло, горшы інвентар. Кулакоўскі. // Частка паверхні чаго‑н. Пашкоджаны ўчастак скуры. // Адрэзак чаго‑н., які мае прасторавую працягласць. Участак дарогі. Сортавыпрабавальны ўчастак. □ Рака цякла з усходу на захад, і мы пайшлі па ёй, абходзячы па беразе незамёрзлыя ўчасткі. Шамякін.

2. Частка фронту, якая з’яўляецца месцам дзеяння якой‑н. вайсковай адзінкі. Загрукатаў бой. На ўчастку стралковага палка падпалкоўнік Г. Юлдашава ворагу ўдалося ўклініцца ў нашу абарону. «Звязда».

3. Адміністрацыйна-тэрытарыяльнае або вытворчае падраздзяленне, якое ўтвараецца з пэўнай мэтай. Выбарчы ўчастак. Фармовачны ўчастак цэха. □ Марыя Хведараўна прыняла Палеткаўскі ўрачэбны ўчастак і рабіла аб’езд вёсак. Марціновіч. Камуністы станавіліся душою кожнай брыгады, участка, усяе будоўлі. Па іх раўнялася моладзь, за імі ішлі ўсе нафтабудаўніцы. Грахоўскі.

4. Галіна, сфера якой‑н. дзейнасці. Партыя і камсамол накіроўвалі.. [Галавача] на самыя адказныя ўчасткі работы. Хведаровіч.

5. Аддзяленне паліцыі ў дарэвалюцыйнай Расіі, а таксама будынак, у якім размяшчалася такая ўстанова. Паліцэйскі ўчастак. □ Па вёсках спешна будаваліся паліцэйскія ўчасткі-пастарункі, па гарадах і мястэчках — гарнізонныя казармы. Паслядовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прывя́зка ’вяровачка, шнурок, раменьчык для прывязвання чаго-небудзь’ (Байк. і Некр., ТСБМ), пры́вязка (Ян.), пры́візка, прі́візь ’тс’ (Бяльк.), пры́вязка ’прывязь у цэпе’ (гродз., навагр., ганц., клім., Шатал., Сл. ПЗБ), пры́везка, мн. л. прыве́зкі ’раменьчыкі ў цэпе’ (Выг. дыс., ТС), пры́візінь, прі́візінь ’раменьчык, якім прывязваюць біч да цапільна’ (Бяльк.), пры́вязка ’кальцо, якім замацоўваецца каса на касільне’ (нараўл., ДАБМ), пры́вязкагаліна для прывязвання латаў да крокваў у саламянай страсе’ (Шат.; ашм., Стан.), ’тонкая жэрдка, якой прыціскаюць салому на страсе’ (арш., Шатал.; Мат. Маг., Сл. ПЗБ), пры́вязка, прі́візка ’тонкая жардзіна, якою прывязваецца рад саломы да латы на страсе ў час крыцця’ (Бяльк.), пры́вяз, пры́вязь, мн. л. пры́вязкі, прі́візкі, пры́везкі, пры́візкі, пры́віскі ’паплёт (у страсе паверх саломы)’ (ЛА, 4), з іншым суфіксальным афармленнем: пры́вязіна ’паплеціна’ (Сл. ПЗБ), прівязіно, мн. л. прівязіны ’жэрдкі, што ўтрымліваюць салому на страсе, да якой салома прымацоўваецца’ (П. С.). Ткацкую семантыку, развіццё якой звязана тут з асаблівасцямі ткання, калі ўток прыбіваў менш шчыльна і палатно атрымоўвалася горшае, як бы “прывязанае” да добрага, захоўваюць прывя́зка, пры́вязь ’палатно з горшага валакна; горшае валакно’ (Касп.); сюды ж пры́вызнына ’мяккія адходы валакна пры часанні льну’ (кам., Жыв. НС). Узыходзіць да прасл. *privęzъ, *privęza, *privęzъka (падрабязней у БЕР, 5, 700; ЕСУМ, 1, 442–443, з літ-рай). Ст.-слав., ст.-рус. привязати ’прывязаць, утрымаць’, привязъка ’прывязь, тальмах’ (Сразн.), ц.-слав. привѧзъ, привѧза ’вяровачка для прывязвання, шнур’, привяска ’звязванне’, серб.-харв. привеза, прывезак, балг. дыял. привез ’прывязка’, старое привезка ’хустка’, славац. privez, priveza, польск. przewiązka, рус. дыял. привя́зка ’прывязь для жывёлы; завязка’, ’тонкая жэрдка, якая ўтрымлівае страху’, ’частка цэпа’, укр. при́вʼязка, при́вʼязок, при́вʼязь ’шнурок, вяровачка ці што-небудзь падобнае, скарыстанае для прывязвання’. Гл. вяза́ць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

пра́ктыка, ‑і, ДМ ‑тыцы, ж.

1. Спец. Дзейнасць людзей, якая накіравана на пераўтварэнне матэрыяльнага свету і складае ўсеагульную аснову, рухаючую сілу развіцця чалавечага грамадства і пазнання.

2. Жыццё, рэчаіснасць як галіна прымянення і праверкі якіх‑н. вывадаў, палажэнняў. Прымяніць веды на практыцы. Рэалізаваць рацыяналізатарскія прапановы на практыцы.

3. Скарыстанне якіх‑н. ведаў, навыкаў на справе, сістэматычнае практыкаванне ў чым‑н. У адкрыты бой з белымі мы не хадзілі. Практыкі такой не мелі. Якімовіч. — Відаць, адразу з галавы, без практыкі, не выдумаеш [як зрабіць нож], — адказаў Мірон. Маўр. Рыбалоў вучыцца кожны дзень, кожны час. Для яго лепшая крыніца ведаў — практыка. Матрунёнак.

4. Скарыстанне і замацаванне тэарэтычных ведаў (студэнтаў, вучняў і інш.) на вытворчасці. Педагагічная практыка студэнтаў. □ Вучоба ў гэтым навучальным годзе скончылася. Цяпер іхні — ужо дзесяты — клас павінен быў праходзіць вытворчую практыку ў адным з зарэчных калгасаў. Даніленка.

5. Набыты вопыт, сукупнасць прыёмаў і навыкаў у якой‑н. галіне дзейнасці. Практыка выхавання дзяцей. Практыка работы выдавецтваў. □ Лабановіч ужо з практыкі ведае, што пакуль ёсць работа дзецям дома, пакуль не наступіць позняя восень, сабраць іх у школе [цяжка]. Колас. Народ умеў мысліць адцягнена, а мудрую жыццёвую практыку мог увасобіць у вобразы акаляючай яго прыроды. Саламевіч.

6. Уст. Дзейнасць урача або юрыста; кола гэтай дзейнасці, людзі, на якіх яна распаўсюджваецца. Урач з вялікай практыкай.

[Ад грэч. praktikos — дзейны.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

часть

1. ча́стка, -кі ж.;

ча́сти све́та ча́сткі све́ту;

запасны́е ча́сти запасны́я ча́сткі;

произведе́ние в трёх частя́х твор у трох ча́стках;

2. воен. ча́стка, -кі ж., часць, род. ча́сці ж.;

ча́сти гарнизо́на ча́сткі (ча́сці) гарнізо́на;

3. (доля, пай) ча́стка, -кі ж., часць, род. ча́сці ж.;

4. грам. часці́на, -ны ж.;

ча́сти ре́чи часці́ны мо́вы;

5. (область деятельности) галіна́, -ны́ ж.;

6. (отдел учреждения, отрасль управления) ча́стка, -кі ж., часць, род. ча́сці ж.;

хозя́йственная часть гаспада́рчая ча́стка (часць);

7. (отделение городской полиции) уст. часць, род. ча́сці ж.;

по бо́льшей ча́сти больш за ўсё, у бо́льшасці, часце́й за ўсё;

рвать на ча́сти рваць на ча́сткі (на кускі́).

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

Галу́за1 ’неабцярэбленая галінка’ (Жд. 1), галу́ска ’галінка’ (Сцяшк. МГ). Адносіцца да вялікай групы роднасных слоў. Пароўн. укр. га́лузь, галу́за, голу́за, галу́ззя, рус. дыял. га́лызь ’дрэва для пракладкі дарогі’, польск. gałąź, gałęzie (зборн.), чэш. haluz, ст.-чэш. haluže і г. д. Прасл. *galǫzь вядома толькі ў зах.- і ўсх.-слав. мовах (дыялектнае праславянскае). Мяркуюць, што этымалагічна яно адносіцца да *golъ ’голы’ (з апафоніяй о : а) Першапачаткова ’голая галінка і да т. п.’; параўн. яшчэ для абазначэння галінак і да т. п.: *golь ’галінка’, *golьje ’галінкі’ (зборны назоўнік). Гл. Слаўскі, 1, 252 (там і іншая літ-ра). Булыка (Запазыч., 77) мяркуе, што ст.-бел. галонзка, галузка, голузка ’галінка’ запазычана з польск. gałązka. Наўрад ці гэта так. Запазычаннем можна лічыць толькі галонзка, якое мае прыкметы запазычання (захоўвае ‑он, якое адпавядае польск. насавому гуку).

Галу́за2 ’свавольнік, гарэза’ (Касп.), ’надзвычайны свавольнік; дурны, бесталковы’ (Нас.), ’бедны, але фарсісты’ (Шат.), ’жэўжык’ (Бяльк.), галузава́ць ’займацца пустымі размовамі; сваволіць’ (Касп.), ’сваволіць, рабіць глупства’ (Нас.). Рус. дыял. галу́за ’тс’. Карскі, як здаецца, няўдала выводзіў з літ. galvóžis (РФВ, 49, 13). Сам Фасмер (1, 390) вылучыў даволі фантастычнае тлумачэнне: галу́за ’гарэза’, магчыма, спачатку мела значэнне ’галіна, сук’ і звязана са слав. *galǫzь ’галінка’ (якое быццам роднаснае з *golъ ’голы’). Хутчэй за ўсё гэта група слоў звязана з укр. глузува́ти ’насміхацца’, рус. дыял. галу́здать ’гарэзаваць’.

Галу́за3 ’астрыжаны хлопец або дзяўчынка з кароткімі валасамі’ (Сцяц. Словаўтв.). Магчыма, да галуза2 ’свавольнік, гарэза’ (гл.): ’гарэза’ — ’астрыжаны гарэза’ — ’астрыжаны наогул’. Можна яшчэ згадаць неверагодную этымалогію Фасмера (гл. пад галуза2): галу́за ’свавольнік, гарэза’ звязана з *galǫzь ’галінка’ (а гэта да *golъ ’голы’, першапачаткова ’голая галінка’). Можа, Фасмер усё ж такі меў рацыю, калі дапусціць, што дзесьці ў дыялектах захавалася значэнне менавіта ’голая галінка’ для галу́за (’галінка’). Тады магчымы перанос значэння (метафарызацыя): ’голая галінка’ — ’астрыжаны хлопец’ (< ’голы, з голай галавой’), далей ’гарэза’ (< ’астрыжаны’). Меркаванні гэтыя вельмі праблематычныя, таму што няма дадатковых даных для гісторыі ўсёй гэтай вялікай групы слоў.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Какту́н ’нараст на дрэве’ (Бяльк.). Статус слова няясны (адзіная фіксацыя на бел. моўнай тэрыторыі, адсутнасць паралелей і бел. адпаведнікаў), што не дазваляе з упэўненасцю меркаваць аб прыналежнасці лексемы да бел. мовы. Разглядаючы ‑ун як суфіксальнае, можна выдзеліць аснову какт‑ (кокт) і суаднесці яе з рус. кокта і какта ’дрэва, вывернутае з коранем цячэннем і выкінутае на водмель або якое завязла на дне рэчкі’ (валаг.). Іншыя значэнні рус. лексем (’частка сахі’, ’дрэўка ў брадніку’ і інш.) дазваляюць меркаваць, што гэтыя словы частковыя сінонімы да кокора і пад., для якога значэнні ’патаўшчэнне’, ’нараст’ з’яўляюцца натуральнымі. Можна меркаваць, што слоўнікі не адзначылі ўсіх семем для рус. кокта, у прыватнасці, такіх, як ’сук’, ’парастак’, ’нараст’. Рус. дыял. конта можна разглядаць і як двухсэнсоўны прыклад аналагічны кокот, г. зн. лексемы або ўскосна, або, магчыма, і генетычна суадносяцца з назвамі курыцы або пеўня. У першым выпадку ўскосная сувязь разумеецца як ад’ідэацыя, суаднясенне тэрміна з назвай птушкі і пашырэнне або трансфармацыя семантыкі ў выніку гэтага. Вельмі двухсэнсоўныя прыклады: рус. кокот (магчыма, як ’певень’, у Афанасьева, арханг.), ’вілы з двума жалезнымі тачкамі’, ’разгалінаваны сук, вялікая галіна’, наўг. кокта ’курыца, кульба, малая какора на сялянскай страсе’, пск., асташк цвяр. коктиться ’ўладкоўвацца зручней, усесціся, улегчыся’, кочет ’певень’ і ’ручка ў касільна’, кочетина ’вялікі певень’ і ’жэрдкі або дрэва, загнутыя з аднаго боку або з часткай кораня, якія ўтрымліваюць салому на даху’, куричина ’жэрдка з загнутым канцом’, ’дышаль сахі’, магчыма, і арханг. курка ’губа на дрэве’ (хоць апошняе, магчыма, да курить ’дыміць’) і да т. п. Калі дапусціць, што дэрываты ад кокш‑ могуць суадносіцца з назвай курыцы, можна меркаваць, што значэнне ’нараст’ для такога заоніма не з’яўляецца незвычайным; ва ўсякім разе можна прыгадаць балг. дыял. кокошинец ’мазоль, бародаўка’, кокоши трън ’тс’. Гэта, аднак, вельмі няпэўныя меркаванні. Да магчымай формы кокша ’курыца’ параўн. серб.-харв. кокша (прыклад вельмі ненадзейны, не выключана, што ўтвораны як рыфмаваная структура на базе іншай, параўн. RHSJ, 5, 175): нам, аднак, гэты прыклад важны як магчымая словаўтваральная паралель да рус. лексікі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

паві́снуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. павіс, ‑ла і павіснуў, ‑нула; зак.

1. Зачапіўшыся за што‑н., застацца вісець, утрымлівацца на чым‑н. Павіс снег на галінах. Павіслі слёзы на вейках. □ Ад сасны адламалася вялікая галіна і павісла над галовамі. Шамякін. Нарэшце.. [чалавек] ухапіўся рукамі за апошні сук, павіснуў на момант і тады ўжо скокнуў на зямлю. Чыгрынаў. // Абаперціся на каго‑н. усім цяжарам. Лёдзя шчыльней прыхінулася да брата і амаль павісла ў яго на руцэ. Карпаў.

2. Абвіснуць; апусціцца. Павіслі галіны да зямлі. □ Міхась пабялеў.. Чуб яго смешна павіс на правае вуха. Чарнышэвіч. Капітан глядзеў на профіль Колі, у якога над невялікім носам павіс казырок кепкі. Пестрак.

3. Стварыць уражанне чаго‑н. завіслага або нерухомага ў паветры. Павіслі туманы. □ Сіняя страказа, што сядзела на гарлачыку, успырхнула, павісла над вадой. Хомчанка. / Пра нябесныя свяцілы. Над далёкім борам павісла вялікае чырвонае сонца. Грахоўскі. Залатымі яблыкамі павіслі над галавою зоры. Нікановіч. / Пра гукі, пахі. Над вёскай павісла цішыня, толькі на далёкім жытнім палетку перагукваліся перапёлкі. Чарнышэвіч. // перан. Пра якія‑н. пачуцці, прадчуванні. Ужо два тыдні як над сялом павіс нейкі страх і трывога. Колас.

4. Выступіць, навіснуць над чым‑н. Скала павісла над морам. // Нахіліўшыся над чым‑н., звесіцца. Якуб Сегень павіс тварам цераз трыбунныя балясы над натоўпам, каб прывітаць усіх ад імя калгаснікаў. Чорны. // Вісець, будучы прычэпленым, прымацаваным да чаго‑н. Нерухома павіслі пустыя каўшы. Карпаў. Адзін самалёт цягнуў на правым крыле доўгую чорную пасму дыму. Неўзабаве з яго выкінуліся і павіслі на парашутах чорныя кропкі. Паўлаў.

•••

Павіснуць у паветры — застацца нявырашаным.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

по́ле, ‑я, н.

1. Абшар зямлі, прызначаны, прыгодны для ворыва. Балеслаў стаяў у самым лесе, на мяжы з полем. Чорны. Па той бок Нёмана лугі ідуць, а за лугамі — лес і поле. Колас. // Засеяны або падрыхтаваны да пасеву ўчастак зямлі. За садам разгортвалася вялікае поле канюшыны. Бядуля. Малашонак доўга не здаваўся, але ўсё ж штучнае ўгнаенне зааралі ў глебу разам з гноем, рыхтуючы поле пад кукурузу. Ермаловіч. // чаго або якое. Вялікі абшар, прастора, накрытая чым‑н. [Маечка] потым доўга расказвала бацьку, як яны хутка імчаліся па дарозе, як з-пад капытоў каня ляцеў іскрысты снег, як прыгожа блішчыць за вёскай снежнае поле. Краўчанка. // чаго або якое. Прастора, прызначаная для чаго‑н.; пляцоўка. Лётнае поле. Футбольнае поле.

2. Спец. Прастора дзеяння якіх‑н. сіл. Электрычнае поле. Магнітнае поле.

3. перан.; чаго або якое. Галіна, сфера (якой‑н. дзейнасці, заняткаў і пад.). З гадамі ж увогуле поле дзейнасці для будаўніка ў вёсцы стане неабмежаваным. Хадкевіч. «Вось дзе багатае поле для гераічных учынкаў», — думаў ён. Шамякін.

4. Фон, на якім нанесены ўзоры. Тканіна з узорам на атласным полі. Паркаль у белыя гарохі на чырвоным полі.

5. звычайна мн. (палі́, ‑ёў). Вузкія чыстыя палоскі па краях аркуша, кнігі, сшытка, рукапісу і пад. Потым сеў і стаў чытаць кнігу.., робячы на палях нейкія паметкі. Гурскі. На вялікіх палях з нядбайна абарванымі краямі.. [Валя] піша папраўкі мікраскапічнымі літарамі. Асіпенка.

6. толькі мн. (палі́, ‑ёў). Шырокі бераг капелюша. [Мінгрэл] быў невялікага росту, і першае, што кідалася ў вочы, — гэта яго шырокі чорны капялюш з абвіслымі палямі. Самуйлёнак.

•••

Аперацыйнае поле — участак цела, на якім робіцца аперацыя. Коўбец прыняў з рук другой памочніцы вузкі нож і, нахіліўшыся над аперацыйным полем, спакойным рухам зрабіў разрэз. М. Ткачоў.

Аднаго поля ягады гл. ягада.

Поле зроку — а) прастора, якую бачыць вока; б) перан. круг інтарэсаў, кругагляд.

Шукаць ветру (лавіць вецер) у полі гл. шукаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ко́ла, ‑а, н.

1. Суцэльны або са спіцамі круг, які круціцца на восі і забяспечвае рух сродкаў перамяшчэння (калёс, аўтамашын і пад.). Колы веласіпеда. Колы паравоза. □ Фурманка выехала ў поле, колы ціха і мякка шаргацелі па пыльных каляінах. Мележ.

2. Дэталь механізма або машыны ў выглядзе круга для перадачы або рэгулявання руху. Рулявое кола. Вадзяное кола. □ Зялёная вада падае на рыпучае кола, і яно круціцца без аддухі, разбіваючы ваду ў пырскі. Асіпенка.

3. Пра ўсё, што мае форму круга або кальца. Кола каўбасы. □ Грымнуў аркестр, і ўсё змяшалася ў танцавальным коле. Скрыпка. Па цэментавых сходах бегала цьмяна-жоўтае кола святла. Адамчык.

4. Тое, што акружае, замыкаецца вакол чаго‑н. Хлопцы цесным колам акружылі дзядзьку Рыгора. Якімовіч.

5. перан. Пералік, аб’ём чаго‑н. Кола пытанняў. Кола тэм. Кола праблем. □ Можна, перачытваючы ваенную лірыку Петруся Броўкі, заўважыць, як паступова пашыралася кола выведзеных у ёй чалавечых вобразаў, як яна набывала рысы паэтычнага эпасу. Бярозкін.

6. перан.; чаго. Галіна, сфера якой‑н. дзейнасці. Кола дзейнасці. Кола гаспадарчых спраў. Кола інтарэсаў.

7. перан.; каго. Група людзей, аб’яднаных якімі‑н. сувязямі. Кола сяброў. Кола знаёмых. □ Калі аркестр трапляў куды-небудзь на сквер або ў парк, кола слухачоў павялічвалася. Лынькоў.

8. звычайна мн. (ко́лы, ‑аў); перан.; каго або якія. Грамадскія, прафесіянальныя групоўкі людзей. Навуковыя колы. Колы савецкай інтэлігенцыі. Рэакцыйныя колы.

9. Карагодны народны танец (асабліва пашыраны сярод паўднёвых славян). Украінскія горцы — гуцулы — і зараз танцуюць свой характэрны танец — кола. «Беларусь». // Фігура ў танцы.

•••

Зачараванае кола — а) пра такі збег абставін, з якога цяжка знайсці выйсце; б) лагічная памылка, якая заключаецца ў тым, што якое‑н. палажэнне даказваецца праз другое, якое само павінна быць даказана праз першае.

Крывое кола — пра ўпартага, капрызнага чалавека.

Ні ў кола ні ў мяла — пра няўмелага, няздатнага чалавека.

Павярнуць кола гісторыі назад гл. павярнуць.

Пятае кола ў возе — пра што‑н. зусім непатрэбнае, лішняе.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

свяці́цца, свячуся, свецішся, свеціцца; незак.

1. Выпраменьваць святло. На ясным небе загараліся зоркі, дрыгацелі, свяціліся рознакаляровымі агеньчыкамі. Колас. // Быць асветленым якой‑н. крыніцай святла. Вокны ў доме свяціліся, але ніхто на грук не выходзіў. Навуменка.

2. Зіхацець, блішчаць пад уздзеяннем святла. Сонца ўсходзіла хораша. Вялікае, рыжае, яно ўзнімалася над горадам, і ўсё — шызаватае неба, паветра, дамы — пачало ружавець, свяціцца. Карпаў. Колькі свеціцца ў ім [бару] ствалоў, Маладых, прамяністых, гонкіх, Распачаўшых у неба гонку, Колькі свеціцца ў ім ствалоў! Тармола. // Выдзяляцца сваёй белізной на іншым фоне, быць бачным з-пад чаго‑н. З-пад каўняра бушлата свяціўся гюйс фланелькі, як кавалачак сіняга мора, і хораша, прыгожа адцяняў загарэлы твар і шыю. Шамякін.

3. перан. Іскрыцца радасцю, святлом, ажыўляцца ад шчасця, радасці (пра твар, вочы). Твар [дзяўчыны] свеціцца такім цяплом і дабратой, што, здаецца, хапіла б іх на ўсю планету. Аляхновіч. Радасцю свяціліся вочы трактарыста... Бялевіч. // Адлюстроўваць нейкія пачуцці (пра вочы, твар, знешнасць чалавека). Маці ўзняла галаву, у вачах свяціўся гонар за сына. Гурскі. Амаль усе.. [вучні] былі па калена мокрыя, але на іх тварах свяціліся радасць і задаволенасць. Скрыпка. На бадзёрых тварах усіх, нават Яшы Лабуса, які аж прыгнуўся пад цяжарам свайго баяна, свяцілася адзнака шчаслівага і ганаровага абавязку. Грамовіч. // Выражаць знешнім выглядам задавальненне, шчасце, радасць. Доктар быў вясёлы, радасна свяціўся, але, пабачыўшы Олю, адразу нахмурыўся. Мележ. // Спадзявацца на што‑н. Тое, што скрашвала зараз яго незайздроснае жыццё і свяцілася нейкай жаданай надзеяй на сустрэчу з партызанамі, загінула беззваротна. Якімовіч.

4. перан. Станавіцца бачным. Перад чытачом раскрываецца далей яшчэ адна сардэчная Галіна тайна, праз якую свеціцца яе душэўная чысціня. Майхровіч. Ва ўсіх лепшых творах сучаснай беларускай лірыкі свеціцца вялікая любоў да чалавека, спагадлівасць, сардэчнасць. Гіст. бел. сав. літ. Каб ярка свяцілася.. слова, Каб людзям зіхцела — на ўсе бакі, Яго шліфавалі як след, адмыслова Найлепшыя ў свеце тачылы — вякі. Цвірка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)