кало́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
1. Памянш. да калона (у 1, 2 знач.).
2. Рад лічбаў, слоў, размешчаных па вертыкалі. Апошнія старонкі былі густа запоўнены незнаёмымі чарцяжамі і доўгімі калонкамі лічбаў. Шуцько. // Слупок тэксту ў газеце, кнізе і пад. Белыя старонкі з калонкамі вершаў заціснуты ў масіўную, цёмнага колеру, вокладку. Галавач.
3. Назва розных прыстасаванняў, якія маюць форму падоўжанага цыліндра (напрыклад, цыліндрычнага катла для награвання вады ў ваннай, прыстасаванне ў выглядзе высокага цыліндра з ручкай і кранам для адпускання вады, бензіну і інш., якія паступаюць сюды з цэнтральнага рэзервуара). На цэментавай пляцоўцы каля чырвонай бензінавай калонкі стаяла з паўдзесятка аўтамабіляў. Шамякін.
•••
Водаразборная калонка — калонка з водаправодным кранам, устаноўленая на паверхні зямлі і злучаная з водаправодам трубой.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
расплю́шчыць 1, ‑шчу, ‑шчыш, ‑шчыць; зак., што.
Раскрыць, адкрыць (пра вочы). Срэтун-Сурчык расплюшчыў свае заспаныя вочы, са здзіўленнем паглядзеў на Лабановіча і, пазнаўшы яго, вінавата пасміхнуўся. Колас. Колькі ляцеў я — не памятаю, А калі ачухаўся і расплюшчыў вочы, убачыў я, што ляжу на броўцы. Лынькоў. // Разамкнуць (пра павекі). [Кот] нехаця расплюшчыў павекі і ўбачыў перад сабой Мышку. Шуцько. Апанаска расплюшчыў павекі: адчуў — нехта тармошыць яго, катурхае, штосьці незразумелае гаворыць. Даніленка.
расплю́шчыць 2, ‑шчу, ‑шчыш, ‑шчыць; зак., каго-што.
Моцна націснуўшы, ударыўшы чым‑н., зрабіць плоскім. Расплюшчыць манету. // Расціснуць, раструшчыць сваім цяжарам, ударам. Ні на шлюпцы не выратуешся, ні з коркавым поясам. Расплюшчыць аб гэту каменную сцяну. Б. Стральцоў. Пакуль снарад намацае на целе волата слабае месца, колькі фашыстаў змяце танк знішчальным агнём, расплюшчыць сваім шматтонным цяжарам. Беразняк.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
бо́й, бо́ю, М у баі́; мн. баі́, баёў; м.
1. Дзеянне паводле дзеясл. біцца (у 1 знач.); бітва, змаганне. Наступальны бой. Сустрэчны бой. Рукапашны бой. Поле бою. Разведка боем. Весці бой. Прыняць бой. □ Не паспеў Шутаў дапытаць палонных, як на паўднёвым баку [вёскі] узгарэўся бой. Мележ. У небе натужліва вылі і звінелі маторы, трашчалі кулямёты: недзе за хмарамі і дымам ішоў паветраны бой. Шамякін. Натапырыўшы пер’е.. [вераб’іха] падрыхтавалася да бою. Шуцько.
2. Барацьба, спаборніцтва. Кулачны бой. Бой быкоў. // перан. Барацьба з чым‑н., што перашкаджае ў жыцці, у працы. Тут моладзь з багнай бой вядзе. Смагаровіч.
3. Разм. Дзеянне паводле дзеясл. біць (у 7, 9 знач.). Стрэльба дакладнага бою. Барабанны бой. Бой курантаў.
4. зб. Разбітая, расколатая на кавалкі шкляная, гліняная і інш. пасуда, разбітыя прадметы.
•••
Бой-баба гл. баба.
Браць (узяць) з бою (боем) гл. браць.
Даць (даваць) бой гл. даць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
закрану́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; заг. закрані; зак., каго-што.
1. Дакрануцца, даткнуцца да каго‑, чаго‑н. Стрыж ляцеў, На хаце латы Закрануў крылом сваім. Дзеружынскі. Мышка і палезла туды, ды, як па бяду, закранула шклянку, што стаяла на самым краі палічкі. Шуцько. // перан. Зачапіць, пакінуць свой след. Вайна гэтага мястэчка амаль не закранула. Васілевіч. Змены, што прынесла савецкая ўлада ў вёску, закранулі і Пустку. Хадкевіч. // перан. Аказаць уздзеянне на каго‑, што‑н.; усхваляваць, узрушыць. Яшчэ да болю закранае душу гарачы позірк чулы. Тарас. Відаць, успамін закрануў балючыя раны мінулага. Сіняўскі.
2. перан. Спыніцца на чым‑н., звярнуць увагу на што‑н. пры размове, гутарцы і пад. Праз пару дзён.. бабка неяк сама закранула гэта пытанне. Скрыпка.
3. Запыніць, выклікаць на размову. «Прайду моўчкі, — вырашыў Васіль, — дый толькі таго, не буду чапаць.. [цётку Касмініху], то, можа, і яна мяне не закране». Кулакоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
хму́рыцца, ‑руся, ‑рышся, ‑рыцца; незак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Пакрывацца хмарамі, станавіцца хмурным (пра неба). Неба хмурылася і хмурылася, здавалася, вось-вось пойдзе дождж. Федасеенка. // Станавіцца пахмурным, хмарным (пра пагоду). Шырокае мора бясконца шуміць... Не хмурся дажджом, далягляд. Жычка. Не дзень, не два ўжо хмурылася надвор’е. Мыслівец. / у безас. ужыв. Навокал, нізка над даляглядам, як быццам хмурылася, пагруквала, таямніча і насцярожана, а дождж усё не ішоў. Брыль.
2. перан. Станавіцца хмурным, насупленым. [Мікалай Пятровіч] нават адчуў на сваёй спіне лёгкі халадок і прыкра хмурыўся, намагаючыся рассеяць нядобры настрой. Каршукоў. // Моршчыцца, насуплівацца, выражаючы неспакой, хваляванне, турботу, злосць (пра лоб, бровы). Сінія вочы іскрыліся просьбай, разгублена хмурыліся бровы. Лынькоў. // Злавацца на каго‑н. [Саша:] — А я, дзівак, лічыў, што ты [Вася] ад зайздрасці, што сам не пабыў дома, хмурышся на мяне. Шуцько. Вельмі не рад быў свайму канкурэнту ксёндз Марцэвіч. Ён хмурыўся на мніха. Бядуля.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
кружы́ць, кружу, кружыш, кружыць; незак.
1. каго-што. Прыводзіць у кругавы рух, застаўляць рухацца па кругу; круціць, вярцець. [Кавалеры] хвацка кружылі сваіх дам. Колас. Кружыць лісце вецер, Рве салому з хаты. Астрэйка.
2. Разм. Тое, што і кружыцца (у 2 знач.). Высока ў паднябессі, сумна і адзінока, кружыць коршак — няўжо адтуль выглядае сабе здабычу? Сачанка.
3. Ісці, зварочваючы ў бакі, часта мяняючы напрамак руху; блукаць. Пятнаццаць дзён мы кружылі бясконцымі дарогамі па пярэстых і залатых лясах, па карчэўю балот, па зжатых і сумных палях, дзе на іржэўніку завівалася павуціна і пражэрліва крычала вараннё. Каваль. Лявонка пабег на голас. Доўга кружыў па сцяжынках, прабіраўся праз густы бярэзнік. Шуцько.
4. Узнімаць снег, пыл, месці (пра мяцеліцу, завіруху і пад.). На двары кружыла мяцеліца. Галавач.
•••
Кружыць галаву — а) выклікаць галавакружэнне. Кружылі мядовым водарам галаву ліпы. Васілевіч; б) перан. пазбаўляць магчымасці разважаць, аб’ектыўна адносіцца да навакольнага. Поспех кружыць галаву.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
вы́рашыць, ‑шу, ‑шыш, ‑шыць; зак.
1. з інф. або з дадан. сказам. Прыйсці да якога‑н. вываду, заключэння. Дзень у мяне быў у запасе, і я вырашыў навесці парадак у сваім жыллі. Ракітны. Васіль вырашыў, што ў сябра нейкая непрыемнасць і чакаў, калі Саша загаварыць сам. Шуцько.
2. што. Рашыць, знайсці адказ на што‑н. Вырашыць пытанне, праблему. □ Сацыялізм вырашыў вялікую сацыяльную праблему — ліквідаваў эксплуататарскія класы і прычыны, якія параджаюць эксплуатацыю чалавека чалавекам. Праграма КПСС. Вызваленне Панаса з няволі і выпадковае шчаслівае спатканне з ім вырашылі тую задачу, што паставіў сабе дзед Талаш. Колас. Прыйшла нарэшце тая ноч, якая павінна была вырашыць усё. Кулакоўскі.
3. што і з інф. Прыняць рашэнне. Па заяве ж, як і дамагаўся Міхал, вырашылі стварыць камісію і даручылі ёй яшчэ раз праверыць факты. Карпаў.
4. што. Рассудзіць. Вырашыць спрэчку, непаразуменне.
•••
Вырашыць лёс каго — прыняць рашэнне па якім‑н. пытанні, якое звязана з чыімі‑н. інтарэсамі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
расхіну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.
1. Раскінуць на сабе адзенне. [Камар:] — Халодна — укрыйся. Горача — расхініся. Караткевіч.
2. Разысціся ў бакі, адхінуўшыся (пра краі, крыссе адзення). [Хрысціна] падняла ўгору рукі, каб паправіць хустку, кажушок расхінуўся. Асіпенка. // Адысціся, адхінуцца ў розныя бакі (пра што‑н. самкнутае, прыхінутае адно да аднаго). Але вось расхінуліся кусты, і, .. адмахваючыся хвастом ад аваднёў, паказалася Белалобая. Шуцько.
3. Раскрыцца (пра дзверы, акно, заслону і пад.). Клямка ціха бразнула, і дзве цяжкія форткі варот павольна расхінуліся. Крапіва. Пусцілі [вучняў] у клуб, і пакуль усе рассаджваліся на нізенькіх партах першакласнікаў, расхінулася заслона. Навуменка.
4. Расступіцца ў бакі, даўшы праход, месца. [Натоўп] раздаўся, расхінуўся ва ўсе бакі. Баранавых. // Размясціцца па баках, пакінуўшы вольную прастору пасярэдзіне. Вось расхінецца лес, пачнецца наезджаная дарога, а там ужо і самая будоўля. Няхай.
5. перан. Рассунуцца, расшырыцца. З пераходам тэхнікі ў калгас Шаманскі, Верамейчык і ўсе аграномы з брыгадзірамі адчулі, што гаспадарка пабыла большую самастойнасць, як бы шырэй расхінуліся граніцы яе росту. Дуброўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ме́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.
1. Адпаведны размер чаго‑н. Каб абутак шыць па мерцы: Не вялікі, не малы, Прымяраеш, круціш-верціш — Падбіраеш капылы. Непачаловіч.
2. Прадмет, які служыць для вымярэння даўжыні. Калі заходзім у другую палавіну хаты нашага калгаснага садоўніка .., у вочы адразу кідаецца двухметровая, з адламаным канцом-нагой, брыгадзірская мерка «каза». Шуцько.
3. Пасудзіна для мерання чаго‑н. вадкага або сыпучага. — Гэты хлапчук без чаргі, не адпускайце, — нібы прачнулася .. [жанчына] ад бразгату літровай меркі аб бітон. Пальчэўскі. Хлеба нам гаспадыня не прыбаўляла, бульбы таксама насыпала адну мерку: хочаш — еш, хочаш — бяры з сабою. Якімовіч.
4. перан. Спосаб ацэнкі, крытэрый. — Я пачынаю думаць, што да ўсяго трэба падыходзіць з нейкаю меркаю, але гэтай меркі ў мяне няма. Колас. Кастрычнік, Ні ў чым ты не знаеш стандарту, Нічога не мераеш меркай крывою. Барадулін.
5. Уст. Плата збожжам за памол у млыне. Пакуль прымаць мерку ў новых завознікаў, студэнт паглядзеў на вялікія, як добрыя парсюкі, мяхі Сценкі Мякіша, што хітра прысуседзіліся каля самага каша. Брыль.
•••
Мераць усё (усіх) сваёй меркай гл. мераць.
Мераць усіх адной меркай гл. мераць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
зме́на, ‑ы, ж.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. змяняць 1 — змяніць, змяняцца — змяніцца. На змену ночы прыйшоў ясны і спакойны сонечны дзень. В. Вольскі. Рана .. нясцерпна балела перад зменай надвор’я. Мехаў. // Паварот да чаго‑н. новага, які наступіў у кім‑, чым‑н.; перамена. Змену ў [краўцу] заўважыў нават Міхал, які прыйшоў да сям’і. Барсток. Пра змены, якія думала Кавалёва ўвесці ў гаспадарцы, ведалі многія. Дуброўскі.
2. Прамежак часу, пасля заканчэння якога адна група людзей (якія працуюць, вучацца, адпачываюць) зменьваецца другой такой групай. Начная змена. Працаваць у дзве змены. Хадзіць у школу ў першую змену. □ Перад канцом змены Сашу выклікалі ў дырэкцыю завода. Шуцько.
3. Група людзей (якія працуюць, вучацца, адпачываюць), што зменьвае другую такую ж групу пасля заканчэння пэўнага прамежку часу. Змена, стаўшы на пост, рапартуе аб поўнай гатоўнасці стаяць да канца. Брыль.
4. перан. Маладое пакаленне, якое павінна замяніць старэйшых у якой‑н. сферы дзейнасці. Камсамольская змена. Рыхтаваць сабе змену. □ Цяпер з такім замілаваннем гляджу на нашу змену маладую. Дубоўка.
5. Камплект абутку, адзення, якія час ад часу мяняюцца. Дзве змены бялізны. □ — Трэба будзе чаравікі купіць і завезці. Няхай змена будзе. Карпаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)