вы́рашыць, ‑шу, ‑шыш, ‑шыць; зак.

1. з інф. або з дадан. сказам. Прыйсці да якога‑н. вываду, заключэння. Дзень у мяне быў у запасе, і я вырашыў навесці парадак у сваім жыллі. Ракітны. Васіль вырашыў, што ў сябра нейкая непрыемнасць і чакаў, калі Саша загаварыць сам. Шуцько.

2. што. Рашыць, знайсці адказ на што‑н. Вырашыць пытанне, праблему. □ Сацыялізм вырашыў вялікую сацыяльную праблему — ліквідаваў эксплуататарскія класы і прычыны, якія параджаюць эксплуатацыю чалавека чалавекам. Праграма КПСС. Вызваленне Панаса з няволі і выпадковае шчаслівае спатканне з ім вырашылі тую задачу, што паставіў сабе дзед Талаш. Колас. Прыйшла нарэшце тая ноч, якая павінна была вырашыць усё. Кулакоўскі.

3. што і з інф. Прыняць рашэнне. Па заяве ж, як і дамагаўся Міхал, вырашылі стварыць камісію і даручылі ёй яшчэ раз праверыць факты. Карпаў.

4. што. Рассудзіць. Вырашыць спрэчку, непаразуменне.

•••

Вырашыць лёс каго — прыняць рашэнне па якім‑н. пытанні, якое звязана з чыімі‑н. інтарэсамі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)