пае́сці, паем, паясі, паесць; паядзім, паясце, паядуць; пр. паеў, ‑ела; заг. паеш; зак.

1. чаго і без дап. З’есці чаго‑н. у якой‑н. колькасці, прыняць ежу. — Паешце гарачага, — запрашала гаспадыня. Лобан. Валодзя крышку паеў і сказаў маці, што вельмі хоча спаць, бо ўсю ноч быў у дарозе. Федасеенка. Як усе вясёлыя людзі,.. [Ярохін] быў здаровы чалавек і, як усе здаровыя, любіў добра паесці. Шамякін.

2. каго-што. З’есці, знішчыць усё, усіх або ў вялікай колькасці. Вусень паеў усё лісце. □ У гэтыя хвіліны .. [Адам] адчуў голад. Нічога ў яго не было. Кілбасы і сыры ён даўно, паеў. Чорны.

3. што. Грызучы, раз’ядаючы, сапсаваць што‑н. — Але глядзі ты, як струхлела [сцяна]. — Шашаль паеў. Чорны. Калі б не працавалі косы, Даўно б паела іх іржа. Тармола.

•••

Жданкі (чаканні) паесці — не дачакаўшыся, страціць надзею на чый‑н. прыход, прыезд і пад.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыгада́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

1. Узнавіць у памяці; прыпомніць. Як ні стараўся Лыкоўскі, падрабязнасцей сустрэчы прыгадаць не мог. Васілёнак. [Хлебнікава] прыгадала сваю вуліцу, знаёмых, свой дом, што стаіць на Сакалінай гары ў Маскве. Гамолка. — Ну, чый жа ты цяпер падданы? — прыгадаў .. [пану Крулеўскаму] дзед Талаш тое ж пытанне, што сам чуў колісь. Колас. Начальнік эксплуатацыі нават не прыгадаў, што ў распараджэнні інжынера быў тэлефон. Шынклер. // Прыпомніўшы, пазнаць, зразумець. Пятро не адразу прыгадаў, хто гэта жанчына. Пальчэўскі. Толькі, бадай, праз хвіліну [Клаўдзя] прыгадала: гэта ж Тася Хлябніцкая! Баранавых. Вася і Валерый прыгадалі: гэтак стары назваў гаспадара той сядзібкі, што стаіць наводшыбе. Б. Стральцоў.

2. Навесці на ўспамін, прымусіць успомніць што‑н. па асацыяцыі. Гэты вечар, што застыў на шыбах Сіняю каймой, Прыгадаў мне дальнія сялібы, Палісаднік мой. Тарас. Адышла з вачэй, адпала Невыносная журба, Многа сэрцу прыгадала Берасцяная труба. Броўка.

3. Прыпомніць каму‑н. зробленае з мэтай адпомсціць, пакараць. — Вабейка яшчэ прыгадае табе ўсё — пачакай... Хадкевіч. Ах ты, шашаль папяросы! — Прыгадаем табе гэта! Бялевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тачы́ць 1, тачу, точыш, точыць; незак., што.

1. Рабіць вострымі рэжучую частку, лязо чаго‑н. з дапамогай тачыла, бруска і пад. Тачыць нож. □ Адшукаўшы ў сенцах заржавеўшую сякеру, .. [Захар] пайшоў да Дзяніса Пляцінскага, узяў у яго брусок і, прыстроіўшыся пасярод хаты, пачаў тачыць сякеру. Чорны. // Надаваць патрэбную форму (пра ногці). // Рабіць прыдатным для карыстання (пра аловак).

2. Вырабляць што‑н. з дрэва, металу і пад., надаючы патрэбную форму зрэзваннем знешніх або ўнутраных слаёў матэрыялу на такарным станку. Тачыць ручкі. Тачыць шахматы. □ Сядзеў бы я і сёння ў курнай хаце, Тачыў бы верацёны пры лучыне. Грахоўскі. // без дап. Працаваць на такарным станку. Тачыць на станку.

•••

Лясы тачыць — займацца пустымі размовамі.

Тачыць зуб (зубы) — тое, што і вастрыць зуб (зубы) (гл. вастрыць).

Тачыць нож на каго — задумваць зло супраць каго‑н.

тачы́ць 2, тачу, точыш, точыць; незак.

1. што. Грызучы, праядаючы, рабіць дзіркі ў чым‑н., пашкоджваць што‑н. (пра насякомых, грызуноў). Было чутно, як недзе пад ложкам шашаль тачыў бервяно. Чыгрынаў. Мерзнуць мільёны мурашак, і мільёны іх на лета вясной точаць зямлю, — вылазяць з норак і паўзуць з таго боку, дзе сонца, уверх па дрэве... Пташнікаў. / Пра дзеянне вады, ветру. Па вуліцах ліліся жвавыя раўчукі, яны тачылі снег і, прабраўшыся да ракі, ліліся ў яе з высокага берага тысячамі маленькіх вадаспадаў. Чарнышэвіч. І ўсё ж Дняпро, амаль зусім адступіўшы ў летняе рэчышча, не можа супакоіцца і ляніва точыць нізы берага... Караткевіч.

2. перан.; каго-што. Неадступна мучыць, паступова пазбаўляючы сіл (пра хваробу, думкі, пачуцці і пад.). Яго [Адама Блецьку] тачыла думка, што ўсё тут добра было толькі тады, калі ў яго было сваё ўласнае аселішча. Чорны. Не было ні дня, ні гадзіны, каб помста і нянавісць не тачылі яго [Багуцкага] сэрца. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

з’е́сці, з’ем, з’ясі, з’есць; з’ядзім, з’ясце, з’ядуць; пр. з’еў, з’ела; заг. з’еш, з’ешце; зак., каго-што.

1. і чаго. Прыняць якую‑н. ежу; скарыстаць на яду, на харчаванне. З’есці хлеба. З’есці яблык. З’есці па бліну. □ Кандрат Назарэўскі з асалодай з’еў увесь хлеб і ўсё малако. Чорны. Адзін з’еш хоць вала — адна хвала. З нар. // Загрызці, задушыць. Па пасёлку папаўзлі чуткі, што Гінку з’елі ваўкі. Корбан.

2. перан. Разм. Нападкамі, ганеннем звесці са свету, загубіць. — Заўсёды ён імкнуўся з’есці мяне, зжыць са свету, ну — і згубіць цяпер. Шынклер. Цешча зноў загаласіла: — А не вінаваты ж ён, не вінаваты!.. А з’елі ж яго свае зайздроснікі!.. Асіпенка. // Поўнасцю паглынуць, забраць. [Максім Астаповіч] абышоў навокал хату — усё было старое, трухлявае, разваленае. Вось і ўсё, што асталося дзеля Марынінай будучыні, хіба можа далучыць яшчэ сюды яго былую няўдалую мару, якая з’ела лепшыя яго маладыя гады. Чорны. З’ела царскае каранне Тарасову сілу, — Менш глядзеў ужо на неба, А больш у магілу. Купала.

3. Сапсаваць, пашкодзіць, грызучы і пад. (пра насякомых, грызуноў). Моль з’ела футра. □ Калі ўжо завёўся шашаль, можа ўсю будыніну з’есці дашчэнту. Баранавых. // Разм. Заесці, пакусаць (пра насякомых).

4. перан. Поўнасцю знішчыць (пра сілы прыроды і пад.). Снег рыхлы з’елі туманы, — Бярозавік цячэ ў збаны; Прынёс нам бусел на хвасце Вясну — чарэмшына цвіце. Бялевіч. Прыхваціла, з’ела Спёка ярыну. Купала.

5. Разм. Пашкодзіць, разбурыць (пра ядавітае рэчыва, іржу і пад.). Грыб з’еў падлогу. Іржа з’ела трубы.

6. Груб. пагард. Ужываецца як дакор пры звароце да каго‑н. у значэнні: вазьмі, забяры. Замест адказу Аўгіння схапіла клубок нітак, шпурнула ім у чорную Васілёву бараду. — Вось па што хадзіла. З’еш яго! Колас.

7. Сцерці, затупіць (зубы).

•••

Жыўцом з’есці (праглынуць) — тое, што і з’есці (у 2 знач.).

З’есці пуд жалезнага бобу — набрацца вялікага цярпення для чаго‑н.

Зубы з’есці (праесці) на чым — доўгай працай, практыкай набыць вопыт, веды ў якой‑н. справе.

Кукіш (фігу, дулю, трасцу) з’есці — нічога не атрымаць.

Мала кашы з’еў — тое, што і мала кашы еў (гл. есці).

Пуд солі з’есці з кім — пражыць разам доўгі час.

Сабаку з’есці ў чым, на чым — мець багаты вопыт, навыкі, веды ў чым‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Труд1 ‘праца’ (неалагізм, Юрч. Сін.), ‘цяжкая праца’ (в.-дзв., шальч., люб., паст., ашм., Сл. ПЗБ), ‘праца, работа’ (Вруб.), ‘вялікі ўчынак’ (Некр. і Байк.), ‘пакуты, цярпенне, цяжкасці’ (Варл.; маладз., Янк. Мат.), труда́ ‘цяжкае становішча, цяжкасць, мука’ (Бяльк.), труды́ ‘вялікія намаганні’ (Юрч. СНЛ), ‘мітрэнгі, цяжкасці, перажыванні’ (Барад.), ‘турботы, клопаты, намаганні’ (Скарбы), ‘пакута, цяжкасць’ (Сцяц.), ‘мука, нясцерпны боль’ (Гарэц.; шальч., мядз., Сл. ПЗБ), ‘цяжкая хвароба, вялікія мукі’ (Пан.), тру́дзіць ‘стамляць, натруджваць да болю працай, хадой і да т. пад.’ (ТСБМ, ТС), ‘таміць, турбаваць’ (Ласт.), трудзі́цца ‘працаваць’ (мёрск., Нар. лекс., ТС), ‘цяжка працаваць’ (в.-дзв., брасл., чэрв., Сл. ПЗБ), ‘мучыцца, пакутаваць’ (Гарэц., Бяльк., Пан.; брасл., глыб., Сл. ПЗБ), ‘вельмі мучыцца ад фізічнага болю’ (Юрч. Сін.), ‘недаядаць’ (в.-дзв.), ‘вяліць, рыхтаваць тытунь для курэння’; ‘брадзіць (пра раствор)’ (паст., віл., Сл. ПЗБ), ст.-бел. трудъ ‘работа, напружанне фізічных і разумовых сіл’, ‘вынік працы’, ‘пакута, цяжкасць’ (ГСБМ), ‘праца’, ‘стомленасць’, ‘бяда’, ‘праклён’ (Альтбаўэр), трудити ‘таміць работай’, ‘турбаваць, гнясці’, трудитися ‘цяжка працаваць’, ‘клапаціцца, турбавацца’, ‘пакутаваць, мучыцца’ (ГСБМ). Укр. труд ‘праца, работа’, рус. труд ‘цяжкая працяглая хвароба’, стараж.-рус. трудъ ‘запал, стараннасць’, ‘праца’, ‘клопат’, ‘пакуты’; ‘хвароба’, ‘гора, скруха, смутак’, польск. trud ‘цяжкая праца, вялікія намаганні’, ‘утома, змора’, ст.-польск. trud ‘мука, пакута’, ‘страта сіл’, каш. trud ‘намаганне, напружанне’, чэш. trud ‘напружанне, цяжкасць’, ‘клопат’, ст.-чэш. ‘тс’, ‘катаржная праца’, ‘пакута, мука’, ‘мучэнне’; славац. trud ‘сум’, ‘цяжкая праца’ (у апошнім значэнні запазычана з рускай мовы, гл. Махэк₂, 654), славен. trûd ‘праца, стараннасць’, харв. trûd, серб. труд ‘праца, намаганне, старанне’, макед. труд ‘тс’, ‘праца (дзейнасць)’, ‘праца (твор)’, балг. ‘праца, намаганне, вынік працы’, ст.-слав. троудъ ‘пакуты, мука, намаганні’, ‘барацьба’. Прасл. *trudъ ‘намаганне, цяжкая праца’ — роднаснае літ. triū̃sas ‘праца, клопаты’, triū̃sti ‘рабіць карпатлівую працу’, ‘завіхацца каля дома, па гаспадарцы’, лат. traûds ‘крохкі’, с.-в.-ням. drôʒ ‘цяжар, груз, бярэмя’, ‘прыкрасць, непрыемнасць’, лац. trūdere ‘ўдараць, піхаць, прымушаючы гнаць, штурхаць’, ірл. trot (< *trudno‑) ‘спрэчка’, што да і.-е. *tr‑eu̯‑d‑ ‘церці, расціраць, мяць, ціснуць’ < *ter‑/*tr‑ ‘церці’. Мяркуецца, што пачатковым значэннем у прасл. trudъ было ‘цяжкая ноша, цяжар’ (Фасмер, 4, 107–108; Брукнер, 575; Махэк₂, 654; Скок, 3, 514; Чарных, 2, 266; Сной₂, 789; ЕСУМ, 5, 654–655). Сюды ж вытворныя трудавы́ ‘які вымагае працы’, ‘зароблены працай’ (Нас.), трудава́ць ‘турбаваць, непакоіць’ (Нас.), ‘цяжка раджаць, мучыцца пры родах’ (ігн., Сл. ПЗБ), трудові́к ‘працаўнік’ (столін., Нар. лекс., Сл. Брэс.), трудлі́вы ‘тс’ (Ян.), трудаві́ты ‘тс’ (іўеў., Сл. ПЗБ), трудава́нне ‘намаганне’, ‘цярпенне пры хваробе’ (Нас.).

Труд2, трут ‘сып, высыпка’ (Сл. ПЗБ; в.-дзв., Рэг. сл. Віц.), труд ‘адзёр’ (Арх. Вяр.), ‘благая хвароба, праказа’ (Варл.), трут ‘прышч’ (Сцяшк. Сл.). ст.-бел. трудъ, трондъ ‘праказа’ (XV ст., апошняе — з польск.), трудоватый ‘хворы на праказу, пракажоны’ (ГСБМ). Параўн. рус. смал. труд: водный труд ‘вадзянка’, стараж.-рус. трудъ ‘немач, хвароба’, польск. trǫd ‘праказа; працяглая заразная хвароба’, ст.-польск. trędowacina ‘кароста, высыпка на целе’, в.-луж. trudownik ‘залозніца, Scrophularia L.’, чэш. trud ‘вугор, прышч’, славен. trôd/trôt ‘колікі, калаццё’, харв. чак. trûdi ‘гемарой’, серб. тру̂д ‘розныя хваробы’, макед. дыял. тръ́дои ‘гемарой’, ст.-слав. трѫдъ ‘крывавы панос’. Прасл. *trǫdъ ‘нейкая скураная хвароба’, роднаснае літ. trandìs ‘караед’, ‘моль’, ‘гнілізна, спарахнелае дрэва’, trandė́ti ‘быць паточаным моллю, чарвяком’, trendė́ti ‘псавацца’, лат. trenêt ‘псавацца, гніць’, ст.-інд. tr̥nátti ‘расколвае, прадзірае’, ст.-грэч. τερηδώνшашаль, дрэваед’, уэл. trwyddo ‘вярцець’ < і.-е. *tre(n)d‑ < *ter‑ ‘церці’ (Фасмер, 3, 110; Махэк₂, 654; Голуб-Копечны, 391; Брукнер, 575; Булыка, Запазыч., 326; Скок, 3, 514–515). Борысь (641) мяркуе, што першасным значэннем прасл. *trou̯dъ было ‘нешта спарахнелае, сатлелае, сточанае шашалем’, у сувязі з чым гл. трут. Гарачава (Этимология–1980, 110) следам за Брукнерам (577) і Скокам (3, 515) *trudъ і *trǫdъ лічыць фанетычнымі дублетамі, параўн. тыпалагічна блізкія лац. laborare ‘цярпець, пакутаваць’ і ‘працаваць’. Гл. таксама K. R. Grinda «Arbeit» und «Mühe». Untersuchungen zur Beteutungsgeschichte altenglischer Wörter, München 1975, што, відаць, сведчыць пра ўніверсальны характар семантычнага развіцця.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)