удакладні́ць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; зак., што.

Зрабіць больш дакладным, надаць большую дакладнасць чаму‑н. Удакладніць спісы. Удакладніць звесткі. □ Крэдам паэта прагучаў верш «Я толькі сонцу і зайздрошчу»... У сваім другім зборніку В. Макарэвіч гэтае крэда значна ўдакладніў. Лойка. Палонны тэлефаніст удакладніў .. расказ [афіцэраў], паведаміўшы змест тэлефоннай размовы паміж камандзірам шостай роты і нябожчыкам фон Адлерам. Шамякін. // Больш дакладна разведаць, устанавіць. — Звяжыся з палкамі, удакладні абстаноўку, — загадаў .. [генерал] падпалкоўніку — начальніку разведкі. Мележ. У Сямёнавай кішэні ляжалі .. паперы. Адна — «Копія магілёўскаму губрэўкому .. Просім удакладніць месцазнаходжанне [карцін] і да прыезду туды асобага ў паў паважанага камісара забяспечыць недатыкальнасць і захаванасць». Чыгрынаў. // без дап. Паясніць, сказаць з большай дакладнасцю. — А з замужжам таксама як быццам справа ўладжана... пажартавала .. [Алеся] і ўдакладніла: — Ёсць муж і сын. Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыгаво́р, ‑у, м.

1. Рашэнне суда па якой‑н. справе. Па прыгавору ваеннага трыбунала з .. [Жучкова] знялі афіцэрскія пагоны і накіравалі ў штрафны батальён. Корбан. Пакуль чыталі прыгавор, .. [К. Каліноўскі] спакойна і мужна пазіраў на людскі натоўп. С. Александровіч.

2. Рашэнне, пастанова якой‑н. арганізацыі. Партызаны вынеслі смяротны прыгавор каменданту суседняга мястэчка, нейкаму пану фон Губерту. Краўчанка. // Рашэнне, меркаванне па якому‑н. пытанню; ацэнка чаго‑н. Вось і скончана ўсё: Для пачуццяў маіх Прыгавор ты выносіш суровы... Тарас.

3. звычайна мн. (прыгаво́ры, ‑аў). Словы, якімі суправаджаюць якое‑н. дзеянне. [Жанчына] неяк усміхнулася, ажыла.. і пачала свае старыя прыгаворы нанава. — А вы ў Грыні? Ды і я ж у Грыні. Да сястры сваёй, да Раіны... Пташнікаў. Адтуль [з пакоя] чуліся стогны Ніны, прыгаворы Гарпіны. Галавач.

4. Уст. Варажба, чараўніцтва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Тло1 ’тое, што сатлела, спарахнела, згніло; тлен, прах, попел’ (ТСБМ, Гарэц., Байк. і Некр.), ’прах, попел, тлен’ (Нас.), тлё ’гніль, парахно’: бадай сена да тлём стала (гом., Рам. 8). Аддзеяслоўны назоўнік ад тлець (< *tъlěti) ’гніць; паціху гарэць’ (гл.) з семантыкай ’вынік працэсу’; сюды ж, відаць, і тля ’?’: нехай цебе тля тлиць (Нас.) у значэнні суб’екта дзеяння (’агонь’?).

Тло2 ’аснова’ (Сцяшк.), ст.-бел. тло ’дно’ (пач. XVII ст., КГС). Укр. тло ’аснова’, рус. дыял. тло ’дно, аснова’, стараж.-рус. тьло ’зямля, грунт, падлога’, польск. tłoфон; грунт; под у печы’, н.-луж. tło ’падлога, паласа зямлі, краіна’, в.-луж. tło ’падлога’, чэш. дыял. tlo, tla ’дашчаная столь’, славац. tlo ’столь’, славен. tlò, tlà ’грунт, зямля; падлога’, серб.-харв. тло̏ ’тс’, макед. тло ’грунт’, ст.-слав. тьло. З прасл. *tьlo ’дно, аснова, грунт’, роднаснага да *stьlati ’рассцілаць, слаць’. Далей роднаснае да літ. tìlė ’дошчачка з насцілу ў лодцы; палена, шчапа’, tìlės ’дашчаны насціл на дне чаўна’, tìltas ’мост’, pãtalas ’пасцель’, лат. tals, tale ’выбельванне (лёну)’, tilts ’мост’, прус. talus ’падлога’, ст.-в.-ням. dilla, dili ’маснічына’, ст.-ісл. þel ’грунт, аснова’, ст.-ірл. talam ’зямля’, лац. tellūs ’тс’, грэч. τηλίᾱ ’дошка для гульні’, ст.-інд. talam ’раўніна’ на падставе і.-е. *tel‑ ’плоскі’, ’рассцілаць’ (Борысь, 634; ЕСУМ, 5, 584; Фасмер, 4, 65; Брукнер, 571; Махэк₂, 645; Бязлай, 4, 186; Каруліс, 2, 406–407).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

по́ле, ‑я, н.

1. Абшар зямлі, прызначаны, прыгодны для ворыва. Балеслаў стаяў у самым лесе, на мяжы з полем. Чорны. Па той бок Нёмана лугі ідуць, а за лугамі — лес і поле. Колас. // Засеяны або падрыхтаваны да пасеву ўчастак зямлі. За садам разгортвалася вялікае поле канюшыны. Бядуля. Малашонак доўга не здаваўся, але ўсё ж штучнае ўгнаенне зааралі ў глебу разам з гноем, рыхтуючы поле пад кукурузу. Ермаловіч. // чаго або якое. Вялікі абшар, прастора, накрытая чым‑н. [Маечка] потым доўга расказвала бацьку, як яны хутка імчаліся па дарозе, як з-пад капытоў каня ляцеў іскрысты снег, як прыгожа блішчыць за вёскай снежнае поле. Краўчанка. // чаго або якое. Прастора, прызначаная для чаго‑н.; пляцоўка. Лётнае поле. Футбольнае поле.

2. Спец. Прастора дзеяння якіх‑н. сіл. Электрычнае поле. Магнітнае поле.

3. перан.; чаго або якое. Галіна, сфера (якой‑н. дзейнасці, заняткаў і пад.). З гадамі ж увогуле поле дзейнасці для будаўніка ў вёсцы стане неабмежаваным. Хадкевіч. «Вось дзе багатае поле для гераічных учынкаў», — думаў ён. Шамякін.

4. Фон, на якім нанесены ўзоры. Тканіна з узорам на атласным полі. Паркаль у белыя гарохі на чырвоным полі.

5. звычайна мн. (палі́, ‑ёў). Вузкія чыстыя палоскі па краях аркуша, кнігі, сшытка, рукапісу і пад. Потым сеў і стаў чытаць кнігу.., робячы на палях нейкія паметкі. Гурскі. На вялікіх палях з нядбайна абарванымі краямі.. [Валя] піша папраўкі мікраскапічнымі літарамі. Асіпенка.

6. толькі мн. (палі́, ‑ёў). Шырокі бераг капелюша. [Мінгрэл] быў невялікага росту, і першае, што кідалася ў вочы, — гэта яго шырокі чорны капялюш з абвіслымі палямі. Самуйлёнак.

•••

Аперацыйнае поле — участак цела, на якім робіцца аперацыя. Коўбец прыняў з рук другой памочніцы вузкі нож і, нахіліўшыся над аперацыйным полем, спакойным рухам зрабіў разрэз. М. Ткачоў.

Аднаго поля ягады гл. ягада.

Поле зроку — а) прастора, якую бачыць вока; б) перан. круг інтарэсаў, кругагляд.

Шукаць ветру (лавіць вецер) у полі гл. шукаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ру́шыць, ‑шу, ‑шыш, ‑шыць; зак. і незак.

1. зак. Пачаць рух, крануцца з месца. Камбайн рушыў. Пад нажамі яго зазвінела салома, у бункер пасыпаўся густы струмень важкага зерня. Дуброўскі. / Пра рух лёду на рацэ ў пачатак крыгалому. Месцамі вада ўжо выйшла наверх, лёд асеў, гатовы ламацца і рушыць. Чорны. / Пра рух сонца пры вызначэнні часу. Сонца рушыла з паўдня, і Віцьку з Сярожам трэба было падавацца ў дарогу. Паўлаў. // у безас. ужыв. — Адась! — гукнула .. [маці], адумаўшыся, але раптам схамянулася: — гэта ж з паўдня ўніз рушыла! Чорны. // Накіравацца, адправіцца куды‑н., да каго‑, чаго‑н. Дзядзька Папас рушыў да кузні, дзе ладзілі плугі і бароны. Лынькоў. Лейтэнант і другі пагранічнік рушылі дарожкай у бок зарасніку. Колас. Нешта прыгадаўшы, .. [вайсковец] усміхнуўся сабе і рушыў цераз вуліцу, парыпваючы ботамі і рамянямі. Ракітны. «Пабудзем дзянёк у старога, — піша Максім, — і рушым на Нёман, у пушчу, да нас, лесавікоў». Брыль. // перан. Атрымаць далейшае развіццё. — Няўжо .. [Мікульскі] не ўбачыў, што за гэтыя пяць год кожны калгас моцна рушыў наперад... Марціновіч.

2. незак. Тое, што і рухацца (у 1 знач.). Цераз .. поле мы рушым немаведама куды. Чорны. Маладыя, пушыстыя лісцейкі грушы, А за імі на скалах дубоў галізна. Ў беласнежным прыбоі, у квецені рушыць Маладая вясна. Караткевіч.

3. зак. і незак., каго-што. Прымусіць (прымушаць) рухацца, прывесці (прыводзіць) у рух. Хмыль пастаяў з лейцамі ў руках, рушыў каня з месца. М. Стральцоў. Малое кола круціцца як след, а вялікага не рушыць. Зарэцкі. Вось малады дубок, як ні руш — не зрушыш, глыбока ў родную глебу паўрастала карэнне. Лужанін. // Адправіць, накіраваць каго‑, што‑н. куды‑н. Фельдмаршал фон Клюге рушыў супраць бужскай цытадэлі цэлы армейскі корпус генерала Шрота. «Звязда».

4. незак., што. Разбураць, развальваць на часткі. А з якою сілай воды Б’юць у бераг, рушаць камень. Кірэенка.

5. перан.; што. Разладжваць, парушаць. — Вы збіраецеся за яго замуж? — Які там замуж? Можа б і прыйшоў, каб я захацела. Але не вольны ён, сямейны, а рушыць сям’ю не хачу. Навуменка. Гаспадыню .. [Мірон Сцяпанавіч] слухаў цярпліва, пакутаваў ад нуды і, не жадаючы рушыць таго свету, што ўстаяўся ў яе галаве, са скрухай уздыхаў. Ракітны.

6. незак. (звычайна з адмоўем). Разм. Чапаць, закранаць. І мы, пяцёра студэнтаў, пайшлі ў тавар з намерам пагаварыць з цыганамі начыстату. — Рамана не рушце, — прыгразілі мы. Чыгрынаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)