Лу́дзіць1 ’кпіць, жартаваць, смяяцца’ (віл., Нас.), ’маніць’ (мядз., Нар. словатв.), ’марнатравіць час’ (Шат.), ’трызніць’ (Касп.), мін. ’сварыцца’ (Сл. ПЗБ). Укр. луди́ти ’прывабліваць, спакушаць’, гуц., бойк. ’заманьваць (птушак, свойскую жывёлу’, зах. ’выбіць, ашукваць, зводзіць’; рус. лу́дить, луди́ть ’падманваць’, ’красці (у садзе, агародзе)’, ’сварыць, ганіць каго-небудзь’, ’піць’, ’біць’; польск. łudzić ’прывабліваючы, уводзіць у зман’, ’зводзіць’ і шматлікія прэфіксальныя ўтварэнні з гэтым дзеясловам; чэш. louditi ’вымантачваць, зводзіць’, ’хвалячы, спакушаць’, ст.-чэш. lúditi ’падманваць’, ’прыцягваць’, славац. lúdiť ’зводзіць, баламуціць, прывабліваць’, ’настойліва прасіць’; славен. lúditi ’намагацца ўвесці ў зман, спакусіць’, ’праводзіць час’, ’над нечым забаўляцца’, lǫ́diti ’ашукваць’, ’зводзіць’, ’прывабліваць’, loditi se ’займацца чым-небудзь, забаўляцца’, ст.-слав. лоудити ’ашукваць, зводзіць’. Прасл. luditi ’прывабліваючы, падманваць’, ’зводзіць у зман’, ’спакушаць’, ’прывабліваць’ (Слаўскі, 5, 291–296). І.‑е. адпаведнікі: ст.-прус. laustineiti ’прыніжайце’ (< *laustas ’пакорлівы’), літ. liũsti ’засмучацца’, liū́dnas ’смутны, журботны’, liūdė́ti ’быць смутным’, ’перажываць’, першапачаткова ’быць схіленым’ > ’згінацца пад цяжарам мітрэнг і клопатаў’, лац. lūdere ’маніць’, гоц. luits ’фальшывы’, liūta ’крывадушнік’, luton ’зводзіць, ашукваць’, ст.-ісл. lutr пахілены, нагнуты’, lot ’ашуканства’, уэл. lluded ’стомлены’ < і.-е. *leud‑ ’нахіляцца’ > ’схіляцца перад кім-небудзь’, ’прыніжацца’ > ’быць крывадушным, ашукваць’. Значэнне ’трызніць’ у лудзіць можна супаставіць з блізкімі ’неразумны, шалёны, дурны, прыдуркаваты’ ў паўд.-прасл. ludъ: серб.-харв. лу̑д, лу̑да̄, славен. lȗd, макед., балг. луд ’тс’ і ’недасведчаны, няспелы, наіўны’, ’свавольны, раптоўны’, а таксама ц.-слав. людыи ’дурны, шалёны’ і укр.-ц.-слав. людъ ’дурны’ (Фасмер, 2, 528; Махэк₂, 341; Скок, 2, 325–326; Бязлай, 2, 155; БЕР, 3, 486–487 з л-рай). Паводле Булыкі (Лекс. запазыч., 133), ст.-бел. лудити (1595 г.) ’вабіць, клікаць; ашукваць’ — запазычанне са ст.-польск. łudzić.

Лудзіць2 ’выводзіць (птушанят)’ (шчуч., Сцяшк. Сл.). Відавочна, генетычна можа быць звязана з літ. lùgzti ’трэскацца, лопацца’ (з чаргаваннем ‑gz‑/‑ж і пераходам ж > дз — гл. Карскі, 1, 384). Параўн. таксама лузґа́ ’жамерыны’, ’кастрыца ад ільну’ (Сл. ПЗБ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Інтуру́сіца ’лухта, глупства’ (Касп.). Бясспрэчна, звязана з рус. туру́сы ’лухта, балбатня’, галоўным чынам у выразах турусы на колёсах; подпускать турусы (на колёсах); нести турусы (на колёсах), дыял. туру́сить ’казаць лухту, хлусіць, вярзці глупства’, ’трызніць у сне’. Гэтыя выразы звычайна тлумачаць назвы асаднай вежы, якая рухаецца на колах, паколькі расказы аб ёй лічыліся неверагоднымі. Далей збліжаюць са ст.-рус. тарасъ ’падкатны зруб, які ўжываўся для абароны і асады горада’ (XVI ст.) (Праабражэнскі, 2, 21; КЭСРЯ, 455), запазычаным з польск. taras ’насып, вал; укрыцце, загарода; тэраса’, якое ўзыходзіць да лац. terrācea праз франц. ці ням. пасрэдніцтва (Кіпарскі, ВЯ, 1956, 5, 138). Аднак збліжэнне з таросы выклікае фанетычныя цяжкасці і не з’яўляецца неабходным, тым больш што турусы можна звязаць непасрэдна з лац. turris ’вежа’ (гл. заўвагу Трубачова, Дополн., 4, 125). Пачатковае ін‑ у беларускім слове не зусім яснае. Магчыма, вынік кантамінацыі з *інтруз, якое пранікла ва ўсходнеславянскія гаворкі з польск. intruz ’нахабнік, назойлівы чалавек’, ’выскачка’ (Слаўскі, 1, 465). Не выключана, што ін‑ асэнсоўваецца як прэфіксальны элемент, адносна словаўтварэння і семантыкі параўн. алесіца (гл.) < акалесіца.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вярзці́трызніць’ (БРС); ’гаварыць абы-што, блюзніць’ (Бір. Дзярж., Мат. Гом., Касп., Грыг.); ’ілгаць’ (Бяльк.); ’балбатаць, малоць’ (Яруш.); ’невыразна гаварыць’ (КЭС, лаг.), вярзці́ся ’здавацца, блюзніцца, невыразна снавацца (пра думкі), плясціся’ (БРС, Гарэц., КЭС, лаг.). Укр. верзти́ ’гаварыць лухту’, верзти́ся ’блюзніцца’, рус. паўдн. ве́рзить, верзти́ ’бесталкова і доўга рабіць што-небудзь’, пск. верзи́ть ’гарбець над якой-небудзь справай’, паўдн. ве́рзить ’малоць лухту, ілгаць, хлусіць’, смал. верзи́ть ’гаварыць абы-што’, пск., арханг. ве́рзиться ’сніцца, здавацца’. Сучасныя ўсх.-слав. лексемы суадносяцца са ст.-рус. вьрзать ’вязаць’, ц.-слав. отврѣшти, отвръзѧ ’адвязаць’, ст.-слав. оуврѣсти, оуврѣзѫ ’адчыняць’, макед. врзе ’звязаць, завязаць’, врзма ’вузел’, балг. връзам, вържа ’спалучаць у вузел, сцягваць’, серб.-харв. вр́сти се ’круціцца на адным месцы, кружыцца (аб думках)’, вр̏зина ’пляцень’, славен. vŕzniti, vr̂znem ’адчыняць’ (< прасл. verz‑ti ’блытацца, запінацца’); апошняе звязваецца з літ. ver̃žti ’завязваць, зацягваць, ціснуць’, ст.-в.-ням. wurgjan ’давіць, душыць’, ст.-ісл. virgill ’вяроўка’, грэч. έρχατάω ’агароджваю’, ὄρχατος ’агароджа, сад’, мундж. wurž ’нітка’, афг. muža ’жыла’. Прасл. асновы vrz‑/verz‑/vorz‑ узыходзяць да і.-е. *u̯ergʼh‑. Семантычны пераход бел. вярзці́ ’гаварыць абы-што’ і г. д. < ’вязаць’ аналагічны да плесці ’маніць, вярзці, ілгаць’ < ’плесці, сплятаць’. Гл. таксама Міклашыч, 386; Голуб-Копечны, 424; Фасмер, 1, 298–299; Младэнаў, 91; Скок, 3, 629–630; Буазак, 287; Траўтман, 355; Моргеншэрнэ, 95; БЕР, 1, 188–189; Варбот, Этимология, 1963, 202.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ма́йна1 ’апускай уніз! (у мове грузчыкаў, будаўнікоў)’ (ТСБМ), рус. чарнаморск. ма́йна ’паднімай ветразі!’, лат. maina ’апускай!’ (у мове грузчыкаў), тур. mayna ’апускай ветразі!’ < італ. (am)mainare ’тс’. Недастатковасць матэрыялу не дазваляе вызначыць шлях запазычання ў бел. мову.

Ма́йна2 ’палонка, шырокая расколіна ў лёдзе’ (ТСБМ), лельч. майна́ ’луг, затоплены вадой’ (Мат. Гом.). Рус. арханг., алан., вяцк., ленінгр. ма́йна ’палонка’. Паводле Кілімы (160) — уграфінізм, параўн. фін. mainas, водск. maina ’вялікая палонка’. Параўн. таксама рус. майда ’тс’ (Фасмер, 2, 559).

Ма́йна3 ’маннік наплываючы, Glyceria fluitans (L.)’ (маг., Кіс.) — з манна, у выніку распадабнення нн > йн; укр. манна ’тс’, рус. манник ’тс’. Да ма́нна (гл.). Матывацыя: гэта расліна для славян была вельмі важнай — у перыяд нястачы яны збіралі яе насенне і ўжывалі ў ежу (Махэк, Jména, 280).

Майна́1 ’трызненне’, майна́чыцьтрызніць’, ’гаварыць абы-што, выдумляць’ (гродз., паст., Сл. ПЗБ), стаўбц. майна́чыць ’гаварыць абы-што, без толку’ (З нар. сл., Жыв. сл.), ’адмаўляцца ад абяцання, ашукваць’ (Сл. ПЗБ), ’хлусіць’ (гродз., Сцяшк. Сл.). Беларускае. Дзеяслоў з’яўляецца паўкалькай (майна‑чыць, як дзіва‑чыць), першая частка якой — балтызм, параўн. літ. mainaĩ ’абмен, мена’, лат. maiņa ’тс’, ’перамена’, ’змена’, ’змяненне’. Ад літ. mainýti выводзяць: Грынавяцкене і інш. (Liet. term., 177, 182) і Лаўчутэ (Сл. Балт., 69).

Майна́2 ’водарасці (у вадзе або высахлыя)’ (жытк., Нар. словатв.). Няясна. Магчыма, да ма́йна3 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тры́зна ‘заключная частка пахавальнага абраду’ (ТСБМ, Некр. і Байк.), ‘памінкі па нябожчыку’ (ТСБМ, ТС), ст.-бел. тризна ‘тс’: за поганства ꙋмерлымъ поминки (Стрыйкоўскі, пач. XVII ст., ПГС, ГСБМ), УІ Трызна (Карскі 2–3, 29), Трызна Гальшка з Храбтовічаў (Гардзееў, Магдэбургская Гародня, Гродна; Wrocław, 2008, 193, 215, 221). Укр. три́зна ‘тс’, три́знище ‘поле бітвы’, рус. три́за, стараж.-рус. тризна ‘спаборніцтва; подзвіг; узнагарода; памінальнае банкетаванне’ (з XII ст.), трызна (Ізборнік Святаслава, 1073 г.), ст.-слав. тризна ‘ўзнагарода за перамогу’ (Супрасл. летап.), польск. tryzna ‘памінкі з ігрышчамі як часткай пахавальнага абраду’; чэш. і славац. tryzna ‘грамадзянская паніхіда’, гіст. ‘трызна’ — з польск. мовы (Махэк₂, 656); славен. trízna ‘бой, спаборніцтва ў гонар памерлага чалавека’ (са ст.-слав., Сной у Бязлай, 4, 226). Прасл. *tryzna (Фасмер, 4, 102) супастаўляюць з генетычна роднасным *traviti > першапачаткова ‘памінкі, памінальнае частаванне’ (Міклашыч, 362; Брукнер, 579 і інш.). Трубачоў (ВСЯ, 4, 1959, 130 і наст.) тлумачыць слав. *trizna як вытворнае ад *trizь ‘трацяк, трохгадовая жывёла, прызначаная для ахвяры’, параўн. ст.-бел. тризъ, фризъ ‘трохгадовая жывёла’ (ГСБМ). Мартынаў (Лекс. Палесся, 16) дапускае для беларуска-ўкраінскай лексемы гоцкае паходжанне, параўн. гоцк. trigo‑n ‘смутак’, або суадносіць з тры́зніць ‘вярзці, гаварыць у беспрытомнасці, галюцыніраваць’, польск. tryznić ‘марнаваць час’, што характарызуе паводзіны сваякоў у час чуйнасці над нябожчыкам (Зб. Крапіве, 213). Высновы пра няяснае паходжанне слова з аглядам магчымых версій гл. Рачава, Зб. Варбат, 318–328; ESJSt, 16, 984–985.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ве́сці ’накіроўваць рух каго- або чаго-небудзь’; ’будуючы, пракладваць у пэўным парадку’; ’мець пэўны напрамак’; ’хіліць на што-небудзь, адольваць’; ’хіліць убок ад хваробы, ап’янення’ (КТС, БРС, Касп.); ’цягнуць’ (БРС); ’валаводзіць’, весьці брэднютрызніць’ (Касп.), вясьці злосьць ’доўгі час злавацца, гневацца, помсціцца’ (КЭС, лаг.), навагр. весьці дзіця ’нарадзіць дзіцё’ (Кл., КТС). Ужываецца таксама з прэфіксамі: аб‑, вы‑, да‑, з‑, на-, пера-, пры‑, раз-, у‑ і інш. у розных значэннях. Сюды ж весціся ’адбывацца, ажыццяўляцца, праводзіцца’; ’жыць, пладзіцца’; ’быць звычаем, падтрымлівацца’; ’цягнуцца кім- або чым-небудзь’ (КТС, БРС); ’цягнуцца патроху’; ’шанцаваць у жыцці’ (КЭС). Прасл.: укр. вести ’весці; спяваць, цягнуць голасам; размаўляць; прасці, выводзіць нітку; камандаваць, распараджацца’, вестися ’весціся’, рус. вести ’весці, суправаджаць, памагаць ісці; рабіць, здзяйсняць; кіраваць, быць загадчыкам’, арханг. ’дзьмуць, пранікаць усюды (аб ветры)’, валаг. ’раставаць (аб снезе); уздымацца (аб цесце)’, арханг. вести свадьбу ’спраўляць вяселле’, польск. wieść ’весці, быць на чале; быць уваходам куды-небудзь’, wieść się ’шанцаваць, паходзіць’, каш. vjesc, в.-луж. wjesć ’весці’, wjésć so ’паводзіць сябе; мецца’, чэш. vésti ’суправаджаць, паказваць дарогу; кіраваць, быць загадчыкам, быць на чале; мець кірунак’, vésti se ’мецца, шанцаваць’, славац. viesť ’даваць кірунак, накіроўваць’; ’суправаджаць, прыводзіць’; ’весці эскортам’; ’весці каналам (ваду, нафту)’; ’кіраваць (машынай, караблём)’; ’пракладваць’ і ’кіраваць, весці дзейнасць’; ’выконваць пэўную работу’; ’праводзіць (цяпло, электрычнасць)’; ’весці размову, дэбаты’ і інш., viesť sa ’мецца, шанцаваць’, славен. vȇsti ’весці; дапамагаць; служыць чаму-небудзь’; ’выгадна прадаць’, vȇsti se ’трымаць, паводзіць сябе’, серб.-харв. во̀дити ’весці’, макед. води, балг. водя, ст.-слав. ведѫ, вести ’тс’. Выступае ў асновах *ved‑/*vod‑ і *vad‑. Мае адпаведнікі ў балтыйскіх мовах: літ. vèsti, vedù ’весці; кіраваць, быць на чале чаго-небудзь; жаніцца з кім-небудзь; прыносіць, нараджаць’, лат. vest, vedu ’весці’; ’вадзіць (машыну)’, vesties ’шанцаваць, добра ісці (аб рабоце)’, ст.-прус. weddē ’вяду’, а таксама ў ірл. fedid ’вядзе’, ст.-перс. vādajeiti ’вядзе, цягне’. Такім чынам, прасл. vedti (dt > tt > st) утворана пры дапамозе суф. ‑ti ад асновы ved‑, якая ўзыходзіць да і.-е. кораня *u̯edh‑ (Фік, 1, 4, 129; Уленбек, 269). Гл. таксама Фасмер, 1, 284; ЭСРЯ, 1, В, 74–75; Голуб-Копечны, 413; Брукнер, 619; Махэк₂, 685; БЕР, 1, 170.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лупі́ць1, лупі́ті, лупэ́тэ, лупы́ты ’знімаць лупіну, кару, лушчыць’, ’ачышчаць вараную бульбу’, ’абіраць’ (ТСБМ, Гарэц., Шпіл., Шат., Касп., Бяльк., Клім., Мат. Гом., Сцяшк., ТС, Выг., Вешт.), ’знімаць скуру з забітай жывёлы’ (Сл. ПЗБ), ’моцна біць, лупцаваць’ (ТСБМ, Жд. 1, Грыг., Бяльк., Нас., Растарг., Касп., Клім., Нар. Гом., Сл. ПЗБ), лупіць кожу (шкуру) ’сцябаць з лютасцю’ (Юрч. Фраз. 2), ’браць хабар, або вялікія працэнты’ (Нас.), ’хутка есці’, ’піць залпам’ (Нас.), ’моцна стукаць’, ’разрываць на часткі’, ’многа і прагна піць’, ’моцна ліць (пра дождж)’, ’забіраць апошняе’ (Сл. ПЗБ), ’драць’ (Яруш.), лупі́ць вочы ’пільна глядзець з шырока расплюшчанымі вачамі’ (ТСБМ, Нас.; Юрч. Фраз., 2), лупі́ць зубы ’скаліць зубы, смяяцца без прычыны’, ’гультаяваць’ (Ян.; паўн.-усх., КЭС; лельч., Нар. лекс.); лупі́цца ’лушчыцца’, ’абдзірацца’, ’аблазіць’ (ТСБМ, Анох., ТС), ’моцна крычаць’ (Шат.). Укр. лупи́ти, лупи́тися, рус. лупи́ть, лупи́ться, ст.-рус. лупить; польск. łupić, łupić się, н.-луж. łupiś, чэш. loupiti, мар. łúpit, славац. lúpiť, lupic, lúpiť sa, славен. lúpiti, lúpiti se; серб.-харв. lúpiti, lupȉti, лупити, љу́пити се; макед. лупам, лупам се, лупи, лупа, лупа се, балг. лупя, лупам, лупе, лу́пя се. Прасл. lupiti () ’знімаць верхнюю абалонку (лупіны) чаго-небудзь, здзіраць кару, скуру з жывёлы’, ’лушчыць’, ’адбіраць маёмасць, грабіць’, ’біць, стукаць, удараць, лупцаваць’ першапачаткова было ітэратывам (Слаўскі, 5, 327–333). Роднаснымі да яго з’яўляюцца: ap‑laupýti ’абабраць’, laupýti ’адломваць хлеб па кавалку’, ’лупіць, біць на кавалкі, крушыць; знімаць скуру’, ’рабаваць’, ’есці, грызці’, ’марнатравіць’, лат. làupît ’абдзіраць, грабіць’ і пачатковыя асноўныя літ. lùpti ’драць, лупіць, аднімаць гвалтам’, ’эксплуатаваць’, ’цяжка працаваць’, ’разворваць папар’, ’біць, хвастаць, сцябаць’, ’грэбсціся (аб курах)’, лат. lupt ’лушчыцца, адрывацца слаямі’, ст.-інд. lumpáti ’ломіць, псуе’; магчыма, сюды ст.-грэч. λύπη ’журба, смутак’, λύπρος ’варты жалю’, гоц. laufs, ст.-в.-ням. loub ’лістота’, ст.-в.-ням. louft ’кара, лыка’, ням. laufen, läufeln ’лузаць арэхі’. Агляд л-ры, апрача вышэйзгаданай, гл. у: Фасмер (2, 534–535); Скок (2, 331–332), які адрознівае lūpȉti ’лупіць, лушчыць’ і lȕpiti ’біць’, ’наесціся, напіцца’, ’трызніць’; Махэк₂ (344), які ў lupati/lupiti выдзяляе асноўнае значэнне ’выдаваць кароткія глухія гукі (тыпу гука П), якія атрымліваюцца, калі лупіць садавіну, гародніну, або калі што-небудзь трэскаецца, трашчыць’, далей ’біць’, ’хутка, прагна есці, піць’; Шустэр–Шэўц (11, 789) лічыць дзеясловы lupati/lupiti гукапераймальнымі з lup‑; Бязлай (2, 156–157) услед за большасцю этымолагаў сцвярджае, што нельга аддзяляць lupiti ’лупіць, лушчыць’ ад lupiti ’біць’, ’рабаваць’. Тое ж БЕР, 3, 519–521. Сюды ж лу́пнуць ’ударыць’ (Мікуц.).

Лупі́ць2 ’рваць (траву)’ (уздз., Жд. 1), ’касіць траву’ (светлаг., Мат. Гом.) — семантычнае запазычанне з літ. мовы (Чэкман, Baltistica, 8 (2), 150–151). У сувязі з гэтым параўн. лупі́ць1 ’драць’ (Яруш.) і літ. laupýti ’тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мані́ць ’падзываць, клікаць, падклікаць (качак, курэй, сабак)’ (Касп., Шат., Юрч., Сцяшк. Сл.), ’прыцягваць, прынаджваць’, манлі́ву ’прываблівы’ (ТС), беласт. мані́ті ’прывабліваць, спакушаць’ (Сл. ПЗБ); мана́ ’прываба, пахучая прыманю’ (ТС); мані́ць, мані́ці ’хлусіць’, мана́, мына́ ’хлусня, наўмыснае скажэнне ісціны’ (ТСБМ, Нас., Касп., Шат., Бяльк., Растарг., Яруш., Сцяшк., КЭС, лаг.; ЛАПП, ТС, Ян., Сл. ПЗБ, Янк. 1), мань, май ’хлусня, хлус’ (кліч., Жыв. сл.; Яруш., Мікуц., Нас., Шат.). Укр. мани́ти, рус. мани́ть ’тс’, паўн. ма́нкий ’спакушальны, прыцягальны’, валаг. манно́ ’прывабліва, прыемна’, алан., наўг., калін. ман ’хлус’, алан., смал., укр. мана ’хлусня’, польск., в.-луж. manić, н.-луж. maniś ’падманваць, ашукваць; прывабліваць, спакушаць, цешыць сябе чым-небудзь’, польск. man ’уведзены ў зман’, ’падман’, manicielstwo ’тс’, ’спакуса’, чэш. ‑maniti: ляш. podmanic ’падбухторыць да нечага’, podmana ’хітры ашуканец’, славац. obmantať ’ашукаць’, umantať ’заваражыць, зачараваць’. Да групы слав. лексем з асновай man‑ трэба яшчэ далучыць бел. мана́ ’пустата’, ’прывід, здань’ (Нас.), ’чары, насланнё’ (Ян.), ’азарт, прыцягальная сіла’ (карэліц., Марц.), ’ахвота, жаданне’ (Сцяшк. Сл.), мані́цьтрызніць’ (Сцяшк.; іўеў., Сл. ПЗБ), мін. манаецца ’здаецца’ (КЭС) і аналагічныя да іх укр. мана́ ’прывід, здань, ілюзія’, рус. смал. ’насланне, нешта нерэальнае’, ’хмара’; ’прынада, спакуса’ (Даль); тамб. ’слодыч’, наўг. ман ’нячысцік, які жыве ў званіцы, у хаце або ў лазні’, уладз., валаг., наўг. мани́ть, безасаб. ма́нит ’здавацца, мроіцца’, манной ’шалёны’, а таксама польск. man ’ілюзія’, серб.-харв. не̏ман (з адмоўнай прыстаўкай, як, напр., нябога) ’страшыдла, прывід’, ’волат, калос’, ’нячысцік, д’ябал’, у якім (паводле Скока, 2, 366) адбылася дысіміляцыя mm > mn. Ван–Вейк (RÉS, 14, 73) таксама мяркуе, што паўн.-слав. maniti ўтварылася ў выніку дысіміляцыі з mamiti, прадстаўленага на зах.- і паўд.-слав. моўнай тэрыторыі, параўн. польск. mamić ’падманваць, уводзіць у зман’, ’прывабліваць’, чэш. mámiti ’выманьваць, выцягваць’, ’абдурманьваць’, славац. mámiť ’тс’, ’прывабліваць’, mam ’прывід, міраж’; славен. mámiti ’завабліваць, спакушаць’, ст.-славен. mama ’балбатун’, серб.-харв. ма́мити ’заманьваць, прывабліваць’, ’выманьваць’, ’раз’юшваць’, ма̏ма ’дурны’, ’шаленства’, ма̑ма ’прынада’, макед. мами ’хлусіць, ашукваць, махляваць, заманьваць’, балг. ма́мя ’тс’, ’прыручаць’, ’парушыць клятву’, ’вадзіць за сабой’, ’падзываць, клікаць (свойскія жывёлы і птушкі)’, ст.-слав. мамьнъ ’дурны’, ц.-слав. мамити і манити. Махэк₂ (350 і 351) мяркуе, аднак, што зыходнай формай для дзеяслова з’яўляецца прасл. manъ, якое пад уплывам сіноніма klamъ змяніла свой канчатак (‑nъ у ‑mъ) > ‑maniti. БЕР (3, 635) дае дзве прасл. формы дзеяслова: mamiti і maniti. І.‑е. асновай для першай з’яўляецца *ma‑ ’узмах рукою’ > прасл. majati, maxati, літ. móti, лат. māt ’махаць, ківаць’ з фармантам ‑mo‑ (параўн. ст.-грэч. μῑμος ’пераймальнік, імітатар, мім’, лац. mīmos ’тс’, месапск. mimeteos (Р. скл.) ’тс’ (Крае, IF, 49, 268; Бязлай, 2, 164–165). Роднаснымі да прасл. maniti будуць: ст.-інд. māyā́ ’чары, падман, ілюзія’, авест. māyā‑, лат. mãnît ’уводзіць у зман, падманваць’, mani, якому адпавядае бел. мань (Карскі, Труды, 456), ст.-в.-ням. mein ’ілжывы, падманлівы’, ст.-ісл. mein ’страта, шкода, няшчасце’, ст.-англ. mān, ст.-сакс. men ’хлусня’, ням. Mein‑eid ’клятвапарушэнне’ (Мюленбах-Эндзелін, 2, 582; Бернекер, 2; Фасмер, 2, 569).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)