стулі́цца, стулюся, стулішся, стуліцца; зак.

1. Скурчыцца, сагнуцца. Турок прысеў, стуліўся, але капітан зараз жа гучным шэптам гукнуў яму: — Давай сюды! Быкаў. А ле Лясніцкі заўважыў, што пад гэтым поглядам Раіса Андрэеўна неяк недалужна стулілася, зрабілася раптам маленькай і вінаватай. Зарэцкі. // Сабрацца разам, згрупавацца. [Соня, Люба і Антон] збочылі пад купчастую бярозу, прыселі, стуліліся ў купку і прыгнулася. Пальчэўскі.

2. Шчыльна сціснуцца, заплюшчыцца (пра губы, вочы і пад.). [Бацька] хацеў яшчэ штосьці пажартаваць, але пабачыў, як дачка змянілася ў твары, губы шчыльна стуліліся. Грамовіч. — Мой муж? — ужо зусім слабым голасам прашаптала .. [Прузына]. — У турме, паночку. — У турме?! — вусны секвестратара адразу ж стуліліся, усмешка знікла. Каліна.

3. Разм. Схавацца дзе‑н., за што‑н. ад каго‑н. Прыдаўшы сабе смеласці,.. [Панця] вырашыў падысці да самай дарогі, стуліцца там ля крайняй хаты (здаецца, ля плота ёсць лавачка) і паслухаць, пацікаваць зблізку. Кулакоўскі. // перан. Прытуліцца, схавацца. Мястэчка стулілася ў мроку. Бязлюдныя плошчы, двары. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

клубо́к клубо́к, -бка́ м.;

клубо́к в го́рле (стои́т, застря́л и т. п.) клубо́к у го́рле (стаі́ць, засе́ў и т. п.);

сверну́ться (сжа́ться, съёжиться и т. п.) в клубо́к скруці́цца (сці́снуцца, ску́рчыцца и т. п.) у клубо́к;

клубо́к подступи́л (подкати́лся и т. п.) к го́рлу клубо́к падступі́ў (падкаці́ўся и т. п.) да го́рла;

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

сашчапі́цца, ‑шчаплюся, ‑шчэпішся, ‑шчэпіцца; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Змацавацца, злучыцца пры дапамозе чаго‑н. // чым і без дап. Закрануўшы што‑н., зачапіцца. Корч не стукнуўся аб човен, але затое яны сашчапіліся і далей паплылі ўжо абодва разам. Маўр. Вось.. [быкі] сышліся галовамі, сашчапіліся рагамі! Колас. // Сплёўшыся, злучыцца разам (пра пальцы, рукі і пад.). Гэлька не магла, глядзець у вароты хлява, яна адвярнулася ў другі бок. Сашчапіліся пальцы ў кулакі, сцяліся зубы. Сташэўскі. // З сілай сціснуцца (пра зубы і пад.). Іван у апошняе імгненне паспеў схапіць ваўкадава за ашыйнік і ў амаль нечалавечым напружанні рук не даў сашчапіцца на сабе ягоным зубам. Быкаў.

2. Сысціся ў бойцы. Праціўнікі ўжо сашчапіліся загрудкі, ужо адзін, хапаючыся за пісталет, паляцеў потырч праз крэсла. Лынькоў. Відаць, што тут [каля клуба] была снежная бойка .. Адзін хлапчук, увесь аблеплены снегам, сашчапіўся з другім. Сташэўскі. // Пачаць спрэчку, сварку. [Анэта:] — Дальбог, хутка аглухну ад іх лёскату на [лічыльніках]. То адзін, то другі, гэтак кожненькі вечар. А то мала гэтага, дык яшчэ сашчэпяцца сварыцца. Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

заме́рці, ‑мру, ‑мрэш, ‑мрэ; ‑мром, ‑мраце; пр. замёр, ‑мерла і ‑мёрла; зак.

1. Стаць нерухомым, перастаць рухацца. Камандзіры замерлі па камандзе «смірна», прыклалі рукі да пілотак. Якімовіч. Маятнік, хістануўшыся раз-другі, бліснуў і замёр зноў. Карпаў. // Сцішыцца, стаіцца. Мікола з Таняй схаваліся ў яме і замерлі. Новікаў. // Страціць на момант здольнасць рухацца, акамянець пад уплывам якога‑н. моцнага пачуцця. Замерці ад жаху. Замерці ад захаплення. □ Памятаю я, што ад гэтага жудаснага крыку я адразу ж замёр і ўсё маё цела раптам пахаладзела. Нікановіч. // Сціснуцца на момант, быццам спыніцца (пра сэрца), перарвацца (пра дыханне). Ад нечаканасці замерла сэрца, перахапіла дух. Гамолка.

2. перан. Спыніцца, перастаць дзейнічаць; заглухнуць. К восені 1915 г. прамысловае жыццё ў Мінску і іншых гарадах амаль поўнасцю замерла. «Весці». // Заціхнуць, замоўкнуць (пра гукі). Стук капытоў замёр у далечыні. □ Зноў замерлі ў небе маторы, быццам самалёт увайшоў у піке. Асіпенка.

3. (звычайна ў спалучэнні са словамі: «на вуснах», «на губах», «на языку» і пад.). Застацца нявыказаным (пра словы, гукі). Чаму замерлі словы на губах, Як заміраюць кроплі на лістах? Лось.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

асадзі́ць 1, асаджу, асадзіш, асадзіць; зак., што.

Умацаваць што‑н. на чым‑н., надзець на што‑н.; прымацаваць. Асадзіць касу. // Уставіць у аправу, у рамку; аправіць. // Паставіць асаду ў вокны, дзверы. Асадзіць акно.

асадзі́ць 2, асаджу, асадзіш, асадзіць; зак., каго-што.

1. Прымусіць рэзка спыніць, запаволіць бег. [Карла] ураз асадзіў каня, крута яго павярнуў і паскакаў прэч пад агульны рогат касцоў. Зарэцкі. // Прымусіць адступіць, падацца назад, асесці. [Багацель:] — Спачатку асадзі крыху назад, хай буферы вагонаў сціснуцца, а потым і перавядзі рэверс на пярэдні ход. Васілёнак. Кнігаўка крычыць, адводзіць драпежніка за Вятранку, а на птушанят ужо заглядзелася гадзюка: маленькія, але прагныя вочкі яе асадзілі іх у траву, пякуць, гатовы праглынуць. Бажко. // Прымусіць апусціцца ўніз. Уначы прайшоў дождж, патушыў пажары, асадзіў пыл і дым. Шамякін.

2. Разм. Зваліць ударам. Вось.. [Міхал] аднаго дзябёлага фашыста штыком пракалоў, другога прыкладам асадзіў, завязалася барацьба з трэцім. Гурскі.

3. перан. Прымусіць каго‑н., хто страціў у чым‑н. пачуццё меры і пад., перамяніць тон, прыціхнуць, змоўкнуць; абарваць ​1 (у 5 знач.). Цытвараў даўно назіраў за Чыжыкавым, падбіраў факты і меркаваў у зручны момант выступіць і асадзіць яго, калі не зусім, то на доўгі час. Алешка.

асадзі́ць 3, асаджу, асадзіш, асадзіць; зак., каго-што.

Акружыць войскам умацаваны пункт. Асадзіць горад, крэпасць. // перан. Акружыць, стоўпіцца вакол каго‑, чага‑н., дамагаючыся чаго‑н.

асадзі́ць 4, асаджу, асадзіш, асадзіць; зак., што.

Прымусіць вылучыцца з раствору, вадкасці і апусціцца на дно ў выглядзе асадку.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)