Ру́хнуць 1 ’абваліцца, упасці пад дзеяннем уласнага цяжару’; перан. ’перастаць існаваць, знікнуць’ (ТСБМ). Рус. ру́хнуть, польск. runąć ’упасці, зваліцца, распасціся; раптоўна рушыць з месца, рынуцца’, ст.-польск. ’грукнуць, загрымець, зарыкаць, зараўці’, ст.-чэш. runúti ’упасці, зваліцца’, балг. ру́хна ’упасці з шумам, разваліцца’. З прасл. *ruxnǫti < *ruxati, *rušiti ’прымушаць рухацца, надаваць рух, піхаць, штурхаць, варушыць, перакульваць, звальваць’ (Борысь, 527), гл. рушыць.

Ру́хнуць 2 ’сказаць невыразна і зняважліва’ (мсцісл., Юрч. Сін.). Магчыма, ад рух (гл.), параўн. бу́хнуць ’сказаць нечакана і неабдумана’, бра́знуць ’сказаць неасцярожна’ (Юрч. Сін., 189–190), аднак, больш верагодна з рухаць 2 (гл.).

Ру́хнуць 3 ’кінуцца’: рухнулі свінья (саліг., Нар. словатв.), ’крануць, зрушыць’, ’хутка пайсці, рынуцца’, рухну́ць ’тс’ (ТС); рухну́цца ’рушыцца, крануцца’ (там жа). Да рухнуць 1 (гл.). Версія пра сувязь не з рухаць, рушыць, а з гукапераймальным рухаць (рюхаць) ’падаваць гукі (пра свіней)’ (гл. рухаць 2, рохаць) (Нар. словатв., 112) непераканаўчая.

Ру́хнуць 4 ’прапасці (пра зімовую дарогу)’ (круп., Нар. сл.; ТС), рухну́ць ’тс’ (ТС). Канкрэтызацыя значэння ’перастаць існаваць, знікнуць’ слова рухнуць 1 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

разварушы́цца, ‑рушуся, ‑рушышся, ‑рушыцца; зак.

1. Пачаць інтэнсіўна варушыцца. Мурашнік разварушыўся. □ На прагаліне, на краі грудка, .. не было нічога, і раптам за якія два дні зямля разварушылася і на ёй узнік ладны курганок. Сабаленка.

2. Пачаць рухацца; перастаць быць маларухомым, вялым. [Тамаш:] — Прайду трохі — ногі млеюць. Як разварушацца пры рабоце, дык яшчэ нічога, А так, дык хоць і сядзі на адным месцы, як, усё роўна, ланцугом прыкаваны... Чорны. А Соня ўжо разварушылася. Працёршы хустачкай акуляры.., зазваніла талеркай, відэльцамі. Лось. // Выйсці са стану абыякавасці, апатыі, ажывіцца. Дзеці разварушыліся, павесялелі і выйшлі з таго стану замкнёнасці, у якім яны яшчэ так нядаўна былі. Колас. Госці аглядзелі ўсю гаспадарку.. Таварыш Строіш, цаг[ельнік] па прафесіі, асабліва разварушыўся каля цагельнага завода. Брыль.

3. перан. Стаць дзейным, актыўным. [Аляксей:] — Людзі разварушыліся, там-сям пачалі пускаць чырвонага пеўня ў панскія маёнткі. Машара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ру́хацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Перамяшчацца, перасоўвацца. Гадзіны дзве ўся калона рухалася разам з партызанамі. Колас. І калі полымя ахапіла сцены і з вокан, праз выбітыя рамы, пачалі вылазіць людзі, здольныя яшчэ рухацца, узнялася страляніна. Лынькоў. / у перан. ужыв. І тым не менш справа не рухаецца з месца. «Звязда». // перан. Развівацца ў якім‑н. напрамку. Па шляху капіталістычнага развіцця даволі хутка рухалася ў паслярэформенны перыяд і Беларусь. Ларчанка.

2. Разм. Рушыцца з месца; ісці, адпраўляючыся куды‑н. [Камандзір:] — З’явіцеся да нашага каменданта.., і ён вам скажа, што рабіць. А нам трэба рухацца далей. Маўр.

3. Рабіць рухі; варушыцца. Пад смуглай скурай загарэлых худых шчок рухаліся жаўлакі. Самуйлёнак. [Таня] так змарылася ад перажытага хвалявання, што не магла ні рухацца, ні гаварыць ці нават думаць. Шамякін.

4. Зал. да рухаць (у 1, 2 і 4 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тро́гаться​I несов.

1. (сдвигаться с места, направляться куда-л.) ру́шыцца, кра́тацца, крана́цца;

тро́гаться в путь ру́шыць у даро́гу;

по́езд всё ещё не тро́гается цягні́к усё яшчэ́ не кра́таецца (не крана́ецца);

не тро́гаться с ме́ста не кра́тацца з ме́сца;

2. страд. чапа́цца, кра́тацца, крана́цца; см. тро́гать​I 1.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

Тро́нуцца 1 ‘звар’яцець’ у фразе: тро́нуцца з ума, з розуму тронувся (палес., гродз., маг., гом., віц., ЛА, 2, Жд. 1, Ян., Юрч. Сін.; пух., Сл. ПЗБ), тро́нутый ‘ненармальны’ (кобр., ЛА, 2). З рус. тронуться (з розуму). Аналагічна ва ўкраінскай мове — тро́нутіся ‘зрабіцца трохі ненармальным, псіхічна хворым’ (ЕСУМ, 5, 646).

Тро́нуцца 2 ‘пачацца (пра вайну)’ (Юрч. СНЛ), ‘сапсавацца, растаць (пра зімовую дарогу)’ (лун., Шатал.), тро́нутыса ‘тс’ (Сл. Брэс.), тро́нуць ‘крануць, зачапіць, рушыць’ (ТС), ‘злёгку зачапіць’ (Юрч. Сін.; віц., ЛА, 3), ‘параніць жарабя (пра воўка)’ (ТС). Параўн. укр. трону́ти ‘крануцца, зварушыць’, трога́ти ‘кранацца, варушыць, непакоіць, назаляць’, рус. тро́нуться ‘рушыцца, крануцца’, ‘расчуліцца’, тро́нуть ‘дакрануцца’, ‘зачапіць’, ‘рушыць (у дарогу, з месца)’, ‘папсаваць, крануць, прымарозіць’, сюды ж балг. тро́гвам ‘кранаю’. Надзейнай адзінай этымалогіі няма (Фасмер, 4, 104): супастаўляюць з лат. treksne ‘ўдар, поштурх’, ст.-ісл. þreka ‘сціскаць, давіць’, ст.-англ. đracu ‘націск, гвалт’ (Мюленбах-Эндзелін, 4, 230), ст.-лат. trieksne (XVII ст.) ‘бунт, мяцеж’ (Каруліс, 2, 426); з лац. tergeō, ‑ēre ‘мыць, чысціць’, гоц. þaíeko ‘дзірка’ (Петр, BB, 18, 285). Рускае слова выводзяць з тро́пнуть ‘топнуць’, тропа́ть ‘таптаць’ (Трубачоў, Дополн.). Гл. яшчэ Чарных, 2, 263–264; ЕСУМ, 5, 646.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

валі́цца, валюся, валішся, валіцца; незак.

1. Падаць на зямлю, вывальвацца. [Сцяпан] ідзе і дастае з-за абраза каляндар, адтуль валіцца на зямлю фатаграфія. Купала. Рукі.. [Зосіны] калаціліся, і лён валіўся на зямлю. Крапіва. // Падаць, трацячы апору; рушыцца. Валяцца дрэвы, зламаныя выбуховымі хвалямі. Мележ. Прыемна пазіраць, як кланяецца камбайну збажына, як планкі матавіла хапаюць сцябліны, і яны, падрэзаныя, валяцца на транспарцёр. Шамякін. // Хутка апускацца, лажыцца на што‑н. ад стомы, зморанасці. Ад рання да позняй ночы працавалі жанчыны, а потым валіліся на салому ў сваіх катухах. Маўр.

2. Схіляцца, нізка апускацца. [Габрусь:] — А дзе яна, сіла тая, калі ногі ледзь трымаюць, калі галава на грудзі валіцца? Шынклер.

3. Зал. да валіць (у 1, 2, 3 і 6 знач.).

•••

Ад (з) ветру валіцца — пра слабасільнага чалавека, які ледзь стаіць на нагах.

Валіцца з ног — падаць ад стомы, зморанасці, хваробы.

Валіцца з рук — а) аб нежаданне няўменні працаваць; аб адсутнасці зацікаўленасці ў працы; б) выпадаць з рук ад стомы, хвалявання. Матка яшчэ завіхалася, калі .. [Апейка] прыязджаў, бы і не чула стомы, а ў бацькі ўсё валілася з рук. Мележ.

З горла валіцца — тое, што і з горла лезе (гл. лезці).

Цераз горла валіцца — у вялікай колькасці, шмат.

Шапка валіцца гл. шапка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

варушы́цца, ‑рушу́ся, ‑ру́шышся, ‑ру́шыцца; незак.

1. Прыходзіць у ледзь прыкметы рух ад чаго‑н. Ледзь варушылася лісце ліпавых прысад — кроны іх цямнелі ў святле электраліхтароў. Хадкевіч. // Рабіць рухі, шавяліцца. Лявон сярдзіта варушыцца ў сене: сухая пацяруха сыплецца за шыю. Сачанка. На губах настаўніка заўсёды блукае стомленая ўсмешка, і ён стараецца захаваць яе, і ад гэтага варушыцца левы вус. Чарнышэвіч.

2. Кішэць, знаходзіцца ў хаатычным руху (пра вялікую колькасць людзей, жывёл). Каля.. [негра] стаяў кошык, у якім варушыліся ядавітыя змеі. Арабей. // Праяўляць прыкметы ажыўлення. Перон варушыўся, нібы муравейнік. Васілевіч.

3. перан. Разм. Займацца чым‑н., актыўна дзейнічаць. Калі трэба было рабіць што ў полі, ці з’ездзіць куды на людзі, то гэтым займаўся бацька: не такі ўжо і стары, варушыўся яшчэ як мае быць. Скрыган. // Ажыўляцца, праяўляць актыўнасць (пра думкі, пачуцці і пад.). Першы момант анямення .. прайшоў, і думкі мае пачалі крыху варушыцца. Колас. І толькі недзе там, у глыбіні душы, балюча варушылася ўчарашняя крыўда. Гамолка.

4. Разм. Ехаць, ісці (звычайна павольна). Тралейбус, здавалася, ледзь варушыўся, а прыпынкі былі доўгія, як знарок. Дамашэвіч.

5. заг. варушы́(це)ся. Разм. Ужываецца пры пабуджэнні да дзеяння. [Скіба:] Варушыцеся, не давайце сябе ў крыўду, не забывайце, што вы — людзі. Крапіва. — Но-о, гняды, варушыся! — ляснуў ляйчынаю стары. Гурскі.

6. Зал. да варушыць (у 1, 3 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)