суні́цы, ‑ніц; адз. суніца, ‑ы, ж.

1. Шматгадовая травяністая ягадная расліна сямейства ружакветных з белымі кветкамі і пахучымі ружова-чырвонымі пладамі. А ўнізе навакол цвілі, адцвіталі суніцы. Лынькоў.

2. Пахучыя салодкія ці кісла-салодкія ягады гэтай расліны. Мы з Галінкай назбіралі збанок суніц. Васілевіч. Андрэй пачаставаў суніцамі Веру і швагерак. Кулакоўскі. Летам каля старых сухіх пнёў вельмі рана паспяваюць духмяныя суніцы. Ігнаценка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гі́бкі, ‑ая, ‑ае.

1. Здольны лёгка гнуцца, згінацца і разгінацца. Гібкае дрэва. □ Аня была дзяўчына невысокая, гібкая, са зграбная постаццю, ружова-смуглявым тварам і не надта цёмнымі валасамі, якія завіваліся кудзеркамі. Карпюк. // перан. Багаты адценнямі, выразны (пра голас, мову і пад.). Сінонімы — адзін з галоўнейшых стылістычных сродкаў, якія робяць мову дакладнай і гібкай і даюць магчымасць выражаць самыя тонкія адценні думак. Юргелевіч. [Байка] выпрацавала свой адметны верш, адточаны і эканомны, гібкі і маляўнічы. Казека.

2. перан. Які ўмела і хутка рэагуе на пэўныя ўмовы, абставіны. Гібкае кіраўніцтва. Гібкая палітыка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

згра́бны, ‑ая, ‑ае.

1. Прапарцыянальна і прыгожа складзены; спрытны. Аня была дзяўчына невысокая, гібкая, са зграбнай постаццю, ружова-смуглявым тварам і не надта цёмнымі валасамі, якія завіваліся кудзеркамі. Карпюк. Волька .. цяпер стаіць перад сотнямі вачэй красуняй дзяўчынай, высокай, зграбнай, бы маладая вішня. Нікановіч. // Прыгожы па форме; далікатны. Белая кофта з адкінутым каўнерчыкам прыемна паказвае яе [Веры Ігнатаўны] зграбную шыю. Пестрак. // Зроблены з мастацкім густам. Зграбная ваза. Зграбная статуэтка. / Пра дрэвы, калоны і пад. Усюды тонкія зграбныя калоны, высокія скляпенні, лёгкія аркі. В. Вольскі.

2. Грацыёзны ў позах і рухах. Зграбная паходка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сіне́ча, ‑ы, ж.

Сіні колер чаго‑н. [Сцяпан] ласкава ўсміхаўся.. [дзецям], падміргваў, і густая сінеча яго журботных вачэй паступова пакарыла іх. Ракітны. Тым дзіўна, хто прыйдзе аднекуль: Лён сіні ў палях да пляча, Сінеча ў азёрах і рэках, І вечна — ў дзявочых вачах. Калачынскі. // Сіняя прастора, сіняя паверхня (пра мора, неба, паветра). Мая зорка яшчэ недзе іскрыцца ў бяздоннай сінечы. Бажко. // Сіні туман, смуга. Поле зацягнулася мутнаю сінечаю. Грахоўскі. Я люблю гэтыя прасторы, люблю неаглядныя, ружова-сінія далі іх, .. дзе маўклівая далечыня, атуліўшыся танюсенькаю наміткаю сінечы, думае нейкую адвечную сваю думку. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

раско́шны, ‑ая, ‑ае.

1. Які вызначаецца багаццем, раскошаю аздаблення або высокай якасцю матэрыялу. Раскошны палац. Раскошны лімузін. □ Зверху ў раскошным чырвоным пераплёце Сашавы «Казкі»... Васілевіч.

2. Пышны, прыгожы. Над буданамі рос стары хвойнік, не густы, таму разгалісты, з выгнутым уніз раскошным галлём. Кулакоўскі. Вылі .. [вусы] хоць і сівыя, але раскошныя і густыя. Чарнышэвіч. — У маёй мамы таксама былі раскошныя валасы, але доля яе была нешчаслівая, — у засмучэнні прамовіла .. [Ядвіся]. Колас. // Дзівосны, незвычайны. Свет блакітна-ружова-зялёных фарбаў ціхай раніцы, раскошны свет вады, травы і сонца. Брыль.

3. Прасторны, вялікі. Два раскошныя драўляныя будынкі, вакол іх — цяністыя таполевыя прысады. Сачанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Руды́ ’ружова-карычневы’ (ТСБМ), ’карычневы’ (докш., Янк. Мат.), рудава́ты ’трохі руды, не зусім руды’ (ТСБМ), рудова́ты ’карычневы, рыжаваты’ (ТС), руды́ ’рыжы’ (мазырск., З нар. сл.), руды́й ’нябелены’ (Сл. Брэс.), ’колер нябеленага палатна, загарэлага цела, светла-русы колер валасоў, поўсці’ (Клім.). Укр. руди́й ’руды’, рус. дыял. ру́дый ’крывава-чырвоны’, польск. rudy ’рыжы’, в.-луж. rudy ’буры’, чэш. rudý ’чырвоны, рыжы’, славен. rûd ’чырвоны, карычневы’, серб.-харв. ру̂д ’рыжаваты’, балг., макед. руд ’буры’. Прасл. *rudъ(jь) ’рыжы; чырвоны’ роднаснае да літ. raudónas ’чырвоны’, raũdas ’чырвоны, буланы’, rùdas ’буры’, лат. raũds ’чырвоны, рыжаваты, карычневы’, гоцк. rauþs ’чырвоны, рыжы’, ст.-в.-ням. rōt (сучаснае ням. rot), ст.-інд. rṓhitas ’чырвоны, рыжаваты’, лац. rūfus ’чырвоны’, ruber ’тс’, грэч. ἐρυθρός ’чырвоны’, якія выводзяць з і.-е. *roudh‑o‑s ’чырвоны’ (Фасмер, 3, 513; Глухак, 532).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вясёлка 1 ’радуга’ (БРС, КТС, Янк. II, Касп., Гарэц., Сцяшк. МГ, Грыг., Мядзв., пух., З нар. сл.), wiesióu̯ka, wiesiúu̯ka (Маш.), укр. весе́лка, а таксама весели́ця, весели́чка, веселі́вка, весі́вка, рус. пск., смал., валаг. весёлка ’тс’. Да вясёлы (гл.). Усх.-слав. арэал пашырэння лексемы можна звязаць з літ. linskmỹnė ’вясёлка’ ⟷ liñksmas ’вясёлы’ (Непакупны, Связи, 64–65) і вепск. ilʼoi‑kalʼoi ’вясёлка’ ⟷ іло ’весялосць, смех’; падобная ж матывацыя ў бел., рус. радуга < radǫga ⟷ radъ ’рады’ (Фасмер, 3, 431). Параўн. таксама весялу́ха 2 (гл.). Сюды ж вясёлкавы. Афанасьеў (Представл., 3) атаясамлівае висялуха з висеть ’якая вісіць у паветры’.

Вясёлка 2 ’таемнік, Lathraea squamaria L.’ (мін., Кіс.) — рэгіянальнае ўтварэнне ад вясёлы (гл.) і суф. ‑к‑a. Названа расліна паводле шматколернасці (бледна-ружова-чырвоная) суквецця. Параўн. тое ж у рус. весёлые глазки ’браткі, Viola tricolor L.’.

Вясёлка 3 ’смаржок, Gyromitra esculenta’ (Інстр. II), гом. вясё́лкі ’смаржкі’ (Працы, 6), узд. ’порхаўка, Phallus impudicus’, укр. весе́лка воню́ча ’тс’, весе́лка чо́ртова ’Phallus caninus Huds.’ Да вясна > *вясеннік < вясенні грыб. Паводле народнай этымалогіі, ад вясёлы ў сувязі з незвычайнасцю формы (выгляду) грыба. Гл. таксама весялуха 5, вяселік 2.

Вясёлка 4 ’бародаўчатая бяроза, Betula verrucosa Ehrh.’ (лёзы., КЭС); ’звычайная дробналістая бяроза’ (паўн.-віц., Нар. лекс.), рус. смал., пск. весёлка ’кучаравая бяроза з гладкімі бліскучымі лістамі’, смал. весёлочка ’тс’. Пад уплывам народнай этымалогіі — да вясёлы. Больш імаверна да вясна (гл.). Параўн. таксама ўкр. назву вясенняга месяца сакавіка бе́резень.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)