Ружова-чырвоная з белым кончыкам (сорт радыскі) 9/49
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫ́СКА (Raphanus sativus var. radicula),
кветкавая расліна сям. крыжакветных, разнавіднасць рэдзькі пасяўной. Культывуецца пераважна ва ўмераных паясах. На Беларусі вырошчваецца аднагадовая форма Р., раянаваныя сарты для адкрытага грунту — Альба, Зара, Ізабель, Квант, Ружова-чырвоны з белым кончыкам, Родас, для закрытага — Рубін.
Адна- і двухгадовыя караняплодныя травяністыя расліны. Караняплоды (7—20 г), круглыя, канічныя, верацёнападобныя, белага, чырв., фіялетавага колеру, маюць 25—30 мг% аскарбінавай к-ты, мінер. рэчывы. Лісце (4—6) рассечанае, сабранае ў разетку, мае 50—60 мг% аскарбінавай к-ты, ужываецца як салата. Суквецце — гронка. Плод — стручок. Агароднінныя расліны.
В.М.Прохараў.
Радыска: 1 — агульны выгляд; 2 — сорт Ранні чырвоны; 3 — сорт Ружова-чырвоны з белым кончыкам; 4 — сорт Віраўскі белы; 5 — сорт Чырвоны велікан; 6 — Лядзяш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНЦАНІ́Т (ад назвы гары Манцоні ў Італіі),
поўнакрышталічная інтрузіўная горная парода, якая складаецца з калінатравага палявога шпату, асн. плагіяклазу (андэзіт, лабрадор) і піраксену (аўгіт). Структура ад груба- да тонказярністай, трахітоідная. Колер шэры, ружова-шэры. Фіз. ўласцівасці падобныя да дыярыту. Утварае асобныя масівы, удзельнічае ў будове інтрузій складанага саставу. Выкарыстоўваецца ў дарожным буд-ве, як дэкар. камень.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАМА́НАВА (Святлана Уладзіміраўна) (н. 18.9.1963, Мінск),
бел. жывапісец. Скончыла Мінскае маст. вучылішча (1982), Бел.АМ (1991). Разнастайная па тэматыцы творчасць пабудавана на кантрастах: работы ў алеі яркія, дынамічныя (трыпціх «Музыканты», «Сасуд», абедзве 1995), у тэмперы — больш мяккія, у блакітна-бірузовым, ружова-пастэльным каларыце (трыпціх «Стыхіі», 1994, «Эўрыдыкі» 1997). Свет створаных ёй вобразаў непаўторны, сімвалічны і сведчыць пра пошук уласнай адметнай стылістыкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЯБРЫ́НА (Zebrina),
род кветкавых раслін сям. камялінавых. Блізкія да роду традэсканцыя. Пашырана ў трапічных і субтрапічных краінах свету. На Беларусі ў пакоях і аранжарэях вырошчваецца ампельная лісцева-дэкар. З. звіслая (Z. pendula), вядомая таксама пад назвай традэсканцыя зябрына.
Шматгадовая травяністая расліна з паўзучым або звіслым галінастым сцяблом даўж. да 1 м. Лісце цэласнае, чаргаванае, яйцападобнае, гладкае, зверху зялёнае з двума серабрыста-белымі палосамі, знізу фіялетавае. Кветкі дробныя, ружова-ліловыя. Плод — каробачка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРТАШО́ЎСКІ ВАЛУ́Н,
помнік прыроды на Беларусі. За 1 км на ПнЗ ад в. Барташы Шчучынскага р-на Гродзенскай вобласці. Валун парфірападобнага ружова-шэрага граніту. Даўж. 4,0 м, шыр.2,1 м, выш. 1,3 м, у абводзе 12,5 м, аб’ём 11 м³, маса каля 30 т. Прынесены ледавіком каля 200 тыс. гадоў назад з Карэльскага перашыйка. Належыць да рэдкіх валуноў са знакамі: на паўд.ч. высечаны чатырохканцовы крыж. У язычніцкія часы — прадмет пакланення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМЯЛУ́ШКА (Bombycilla garrulus),
птушка атрада вераб’інападобных. Пашырана ў хвойных лясах Паўн. Еўразіі і Амерыкі. На Беларусі трапляецца на веснавым (крас.) і асеннім (ліст.) пралётах, асобныя зрэдку зімуюць. Трымаецца чародкамі да 200 асобін.
Даўж. да 21 см, маса да 73 г. Апярэнне густое, мяккае, ружова-шэрае. На крылах і хвасце невял. жоўтыя, белыя і чырвоныя плямкі. Высокі чуб на галаве. Гняздуецца на дрэвах. Нясе 5 яец. Корміцца ягадамі рабіны, шыпшыны, крушыны, ядлоўцу і пупышкамі раслін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАДЭНІ́Т (ад гідра... + адэн... + ...іт),
сучынае вымя, гнойнае запаленне апакрынных потавых залоз чалавека. Узбуджальнік — залацісты стафілакок, развіваецца ў падпахавых упадзінах, радзей — каля грудных саскоў, палавых органаў, машонкі, задняга праходу. Узнікненню хваробы спрыяюць паніжаны імунітэт, патлівасць, неахайнасць, парушэнне функцыі залоз унутр. сакрэцыі, цукр. дыябет і інш. Прыкметы хваробы: у тоўшчы скуры і падскурнай клятчатцы з’яўляюцца балючыя вузлы (5—15 мм, да 5 см) ружова-чырв. колеру, якія размякчаюцца і ўскрываюцца з гноем. Пасля язвачак застаюцца рубцы. Лячэнне: фізія- і імунатэрапія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КНЯЗЬ-КА́МЕНЬ»,
геалагічны помнік прыроды на Беларусі (з 1987). За 500 м на ПнЗ ад в. Бярозаўшчына Барысаўскага р-на Мінскай вобл. Валун ружова-чырвонага сярэднезярністага рапаківіпадобнага граніту. Даўж. 2,7 м, шыр. 2 м. выш. 2,2 м, у абводзе 8,5 м, аб’ём 6,3 м³, маса каля 17 т. Прынесены ледавіком каля 150 тыс.г. назад з Выбаргскага масіву. Паводле паданняў, у камень ператварыўся князь, які страляў у абраз Божай Маці ў царкве, што стаяла тут раней.