РАДЫ́СКА (Raphanus sativus var. radicula),

кветкавая расліна сям. крыжакветных, разнавіднасць рэдзькі пасяўной. Культывуецца пераважна ва ўмераных паясах. На Беларусі вырошчваецца аднагадовая форма Р., раянаваныя сарты для адкрытага грунту — Альба, Зара, Ізабель, Квант, Ружова-чырвоны з белым кончыкам, Родас, для закрытага — Рубін.

Адна- і двухгадовыя караняплодныя травяністыя расліны. Караняплоды (7—20 г), круглыя, канічныя, верацёнападобныя, белага, чырв., фіялетавага колеру, маюць 25—30 мг% аскарбінавай к-ты, мінер. рэчывы. Лісце (4—6) рассечанае, сабранае ў разетку, мае 50—60 мг% аскарбінавай к-ты, ужываецца як салата. Суквецце — гронка. Плод — стручок. Агароднінныя расліны.

В.​М.​Прохараў.

Радыска: 1 — агульны выгляд; 2 — сорт Ранні чырвоны; 3 — сорт Ружова-чырвоны з белым кончыкам; 4 — сорт Віраўскі белы; 5 — сорт Чырвоны велікан; 6 — Лядзяш.

т. 13, с. 239

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)