вы́значыць, -чу, -чыш, -чыць; -чаны; зак.

1. што і з дадан. Распазнаць, высветліць, разабрацца ў чым-н., дакладна ўстанавіць.

В. прычыну.

В. адлегласць.

В. вугал (вылічыць).

2. што. Выявіць сутнасць, раскрыць змест чаго-н.

В. творчы метад пісьменніка.

В. новае навуковае паняцце.

3. каго-што. Загадзя прызначыць або намеціць наперад.

В. дзяжурных.

В. далейшыя планы.

4. што. Устанавіць, назначыць.

В. сродкі на будаўніцтва.

В. меру пакарання.

5. што. Абумовіць сабой, з’явіцца прычынай чаго-н.

Добрая падрыхтоўка вызначыла поспех.

6. што. Абазначыць якім-н. чынам.

В. мяжу тычкамі.

|| незак. вызнача́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е.

|| наз. вызначэ́нне, -я, н. (да 1—4 і 6 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

прыню́хацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

1. Прывыкнуць да якога‑н. паху. Ад смуроду нельга было прадыхнуць, нягледзячы на сцюдзёную пару. Гэта варылі касцяную муку.. А людзі ўжо прынюхаліся, пахла ім талеркаю смачнага супу. Гарэцкі.

2. Старанна, уважліва панюхаць, імкнучыся распазнаць які‑н. пах. Пахла смажанай цыбуляй, гарачым салам і, калі добра прынюхацца, нават і рыбай. Брыль. — Прынюхайся. Ты нічога не чуеш? — запытаўся ў Васіля, які вадзіў коней. Даніленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разню́хаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

Разм.

1. Распазнаць нюхам (пра жывёл). А .. [каля павароткі] ужо сляды або прапалі, або выветрыліся, і сабака больш нічога не мог разнюхаць. Чорны.

2. перан. Даведацца пра што‑н. тайком; разведаць. Цікаўныя суседкі памкнуліся было разнюхаць, каго гэта падчапіла Марыся. Новікаў. — Не бойся за мяне! — злосна адказаў Павел. — Мяне голымі рукамі не возьмеш. Сядзі і чакай. Я на адной назе... Разнюхаю і назад. С. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

раскусі́ць, ‑кушу, ‑кусіш, ‑кусіць; зак.

1. што. Кусаючы, раздзяліць на часткі. Раскусіць арэх. Раскусіць цукерку. □ Федзя і маці ўзялі па ягадцы ў рот, раскусілі і засмяяліся. Хомчанка. Забалелі ў вавёрачкі зубкі. — Не можа раскусіць арэхавай шкарлупкі. Вітка.

2. перан.; каго. Разм. Распазнаць, добра ўведаць. — А што да гэтага Капейкі, — сказаў я, спыніўшыся прыкурыць у Гаўруся, — дык я яго з першага вечара раскусіў. Брыль. Косця раскусіў іх [фашыстаў] каварную задуму і адмовіўся прымаць лякарства. Пятніцкі. Ужо і раней раскусіў я ў .. [Рабэйку] шляхцюка, але раней ён быў такі няшчасны... Гарэцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зразуме́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак., каго-што.

1. Засвоіць сэнс, змест чаго‑н.; асэнсаваць. Зразумець тлумачэнне настаўніка. □ Алеся зразумела жарт і пакрыўджана змаўчала. Шамякін.

2. Здагадацца ці даведацца аб чым‑н.; усвядоміць што‑н. Зразумець сваю памылку. □ У Ліды пахаладзела сэрца: яна адразу ўсё зразумела. Сяргей памёр. Шамякін. У хату зайшла маці. Глянула на пабітае акно і адразу ўсё зразумела. Рылько.

3. Пазнаць, распазнаць чалавека, разабрацца ў яго думках, поглядах, учынках. І не ведаў яшчэ Алёша, што ніколі не зразумее ён гэтага чалавека. Чорны.

•••

Даць зразумець гл. даць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

я́ўны, ‑ая, ‑ае.

1. Не скрыты, не сакрэтны; адкрыты. Адсідка ў крэпасці вяла за сабою паліцэйскі нагляд: яўны або патайны. Лужанін. Пасля ўсяго Гані стала зразумела адно: калі ў бойцы вораг быў яўны, адкрыты, узброены, яго бачылі твар у твар, то зараз, у мірную пару, яго цяжка распазнаць, нават з вока на вока. Грамовіч. І ні разу ён [Алесь] не прамінаў, каб дазнацца прычыну тых страхаў. А іх — яўных і ўяўных — хапала тады. Ваданосаў.

2. Зусім відавочны, зразумелы ўсім. Конь выказаў яўныя намеры кінуцца ўперад. Лынькоў. Ад гэтага вее ўжо не чым іншым, як яўным жаданнем некаму спадабацца. Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

куры́ць, куру, курыш, курыць; незак., што.

1. а таксама без дап. Удыхаць і выдыхаць дым якога‑н. рэчыва, пераважна тытуню. Ён ведае, што пісаравы папяросы даражэйшыя, хоць распазнаць гэта сваім уласным смакам не можа, бо старшыня не курэц, а курыць толькі пры выкананні старшынскіх абавязкаў для большай саліднасці і важнасці. Колас. / Пра папяросы, люльку і пад. Курыць цыгарку. Курыць люльку. // без дап. Быць курцом, ужываць тытунь для курэння. [Лаўрэн] дастаў сваю вялікую люльку, пачаў набіваць яе самасадам ды такім, што Паўленка, які не курыў, пачаў чхаць. Шамякін.

2. а таксама чым. Спальваць спецыяльныя рэчывы для атрымання пахучага дыму. Курыць ладанам.

•••

Курыць фіміям — лісліва ўсхваляць каго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разабра́ць, -збяру́, -збярэ́ш, -збярэ́; -збяро́м, -збераце́, -збяру́ць; -збяры́; -забра́ны; зак.

1. што. Раз’яднаць, разняць што-н. на састаўныя часткі.

Р. гадзіннік.

Р. старую хату.

2. каго-што. Узяць усё, раскупіць.

Р. падручнікі.

Разабралі тавар.

3. што. Рассартаваць, прывесці ў парадак, размясціць у пэўным парадку.

Р. лісты.

Р. дакументы.

4. каго-што. Спарадкаваць, раздзяліўшы мяса і сала і іншыя часткі.

Р. кабана.

5. перан., што. Даследуючы, высветліць, даць ацэнку чаму-н.

Р. сачыненні вучняў.

Р. сказ па часцінах мовы.

6. перан., што. Распазнаць, адрозніць што-н.

Р. почырк.

Р. гатунак груш на смак.

Не р., што ён гаворыць.

7. (1 і 2 ас. не ўжыв.), перан., каго (што). Ахапіць, апанаваць (пра пачуццё, жаданне і пад.; разм.).

Яе разабрала злосць.

Дзяцей разабрала цікавасць.

8. Выклікаць ап’яненне (разм.).

Яго разабрала (безас.) пасля шклянкі гарэлкі.

Не разбяры-бяры (разм.) — пра што-н. вельмі заблытанае, незразумелае.

Разабраць па костачках (разм.) — дэталёва абмеркаваць, абгаварыць каго-, што-н.

(Усю) ноч разбяруць (разм.) — не будзе калі спаць.

|| незак. разбіра́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е.

|| наз. разбо́р, -у, м. (да 1—6 знач.) і разбо́рка, -і, ДМ -рцы, ж. (да 1 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

прыкме́тны, ‑ая, ‑ае.

1. Які можна прыкмеціць, распазнаць, адрозніць вокам, поглядам. Цяпер я стаю на месцы, прытуліўшыся да сцяны, каб не быць прыкметныя, і чакаю. Галавач. Над левым брывом у Кірылы Пракопавіча досыць прыкметны шрам. Паслядовіч. [Рэня] прыглядалася да яго няскладнай фігуры.. і ў куточках яе губ блукала, хавалася ледзь прыкметная ўсмешка. Лынькоў. // Адчувальны, значны. Звычайнае вячэрняе пахаладанне не было нават прыкметным. Чарнышэвіч. Небагата баек напісаў Я. Колас, але ў развіцці гэтага жанру ў беларускай літаратуры яны пакінулі прыкметны след. Казека.

2. Які прыцягвае да сябе ўвагу, кідаецца ў вочы; адметны. Яшчэ на.. [пасажыры] было надта прыкметнае паліто — пера[н]іцаванае, пашытае рэгланам з некалі дарагога сукна. Карпюк. У такой, як Алеся, касынцы яна. У чырвонай касынцы, прыкметнай здалёк. Куляшоў.

3. Які выдзяляецца сярод падобных, мае свае асаблівыя адзнакі. Быў .. [Слесарэнка] чалавек прыкметны. Амаль двухметровага росту, спакойны, чарнявы, смелы і рашучы ў баі. Бураўкін. Агрыпіна ведала і помніла сям’ю Грушкаў, тым больш, што хата іх прыкметная: пры шляху — адна. Пестрак.

4. Які з’яўляецца, служыць прыкметай, адзнакай. Прыкметны знак. □ Адтуль зусім не цяжка знайсці прыкметны выварацень. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пазна́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

1. Прызнаць у кім‑, чым‑н. знаёмага або знаёмае. Раптам прыезджы павярнуўся, і Віця пазнаў яго: гэта быў Запольскі. Пальчэўскі. Вясковыя дазорцы заўважылі варожы атрад, пазналі правадніка і .. паслалі сваіх сувязных, каб сказаць партызанам. Гурскі. Чысты пакой нельга было пазнаць. .. Ложкі Аўдоцця прадала, і той кут, дзе яны стаялі, зусім апусцеў. Чарнышэвіч. // і без дап. Распазнаць па якіх‑н. прыкметах каго‑, што‑н. Толькі па дзвюх абгарэлых бярозах, што калісьці стаялі перад хатай, стары пазнаў месца, дзе пражыў усё сваё доўгае жыццё. Шамякін.

2. і без дап. Вывучыць з’явы акаляючага жыцця, прыроды, рэальнасці. Пазнаць сутнасць рэчаў. Пазнаць тайны сусвету. □ [Бацька:] — Пазнаць жыццё пушчы, сынку, не проста, не адразу яно адкрываецца новаму чалавеку. Хадкевіч.

3. Атрымаць сапраўднае ўяўленне аб кім‑, чым‑н. Пазнаць народнае жыццё. □ І пазнаў я жыццёвую тайну, — дзве слязы, як упалі на грудзі... Трус.

4. Перажыць, перацярпець; зведаць. Пазнаць гора. Пазнаць нястачу.

5. і з дадан. сказам. Зразумець што‑н. Калі .. [Аня] гаварыла, карыя вочы яе і выраз твару рэзка мяняліся, і па іх лёгка можна было пазнаць Аніны перажыванні. Карпюк. Здалёк і не пазнаць было, што гэта куры, — проста рознакаляровыя ласкуты. Паўлаў.

•••

Пазнаць, дзе ракі зімуюць — зведаць, што такое сапраўдныя цяжкасці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)