ПРАДРАМА́ЛЬНЫ ПЕРЫ́ЯД (ад грэч prodromos які бяжыць наперадзе, прадвеснік),
стадыя развіцця хваробы, што папярэднічае яе асн. клінічным праявам. У час П.п. можна распазнаць хваробу па яе параўнальна ранніх сімптомах (напр., плямы Копліка—Філатава пры адры).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІРЫЗА́ЦЫЯ (ад грэч. iris вясёлка),
каляровы водбліск на гранях і плоскасцях спайнасці некат. мінералаў (напр., кальцыту, лабрадору, апалу) пры праходжанні святла. Выклікана субмікраскапічнымі арыентаванымі часткамі розных металаў. Назіраецца таксама на краях т. зв. ірызуючых воблакаў (высокакучавых або слаіста-кучавых, часам перламутравых), якія знаходзяцца з боку ад Сонца, але не закрываюць яго. Звычайна можна распазнаць чырвоныя і зялёныя колеры. З’ява І. воблакаў тлумачыцца дыфракцыяй святла ў воблачных кропельках.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕСІМІ́, Насімі (сапр. Сеід Імадзеддзін; каля 1369, г. Шэмаха, Азербайджан — 1417),
азербайджанскі паэт; пачынальнік азерб.літ. мовы. Вывучаў тэалогію, матэматыку, логіку, астраномію. Падарожнічаў па краінах Б. Усходу. Прыхільнік пантэізму. Пакараны царквой як ерэтык. Пісаў на азерб., араб. і перс. мовах. Майстар жанраў газелі, рубаі і туюг (чатырохрадкоўяў). У містычнай форме выказваў пратэст супраць сац. прыгнёту з боку феадалаў і духавенства, асуджаў рэліг. перажыткі, прымхлівасць. Паэтызаваў зямныя радасці, услаўляў розум чалавека, імкнуўся распазнаць таямніцы жыцця. Творы Н. адметныя багаццем паэт. сродкаў, метафарычнасцю мовы, дакладнасцю метрыкі, гуманіст. зместам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІТАМІ́ННАЯ НЕДАСТАТКО́ВАСЦЬ, гіпавітамінозы,
хвароба ад нястачы вітамінаў у арганізме чалавека і жывёлы. Бывае ад недастатковага паступлення ў арганізм аднаго ці некалькіх вітамінаў з ежай (кормам) — экзагенная вітамінная недастатковасць і ад паніжанай здольнасці арганізма да засваення вітамінаў (напр., тлушчарастваральных вітамінаў пры парушэннях усмоктвання тлушчаў у кішэчніку) — эндагенная вітамінная недастатковасць. Эндагенная недастатковасць водарастваральных вітамінаў звязана з парушэннямі ператварэння іх у адпаведныя каферменты. Адсутнасць вітамінаў выклікае авітамінозы. Вітамінную недастатковасць цяжка распазнаць: яна доўга можа выяўляцца неспецыфічна (затрымка росту, фіз. слабасць, паніжаная ўстойлівасць да інфекц. хвароб і інш.). У с.-г. жывёлы асн. прычына вітаміннай недастатковасці — нястача вітамінаў у корме. Найчасцей бывае ў стойлавы перыяд у цяжарных самак і ў маладняку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЕ́БАВАЯ ФА́УНА,
сукупнасць жывёльных арганізмаў, якія жывуць у глебе (шматлікія прасцейшыя, круглыя чэрві, лічынкі некат. насякомых і інш.). Жывое арган. рэчыва (заамаса жывёл глебы) — актыўны кампанент глебаўтваральных працэсаў.
Глебавая фауна падзяляецца на макра-, меза- і мікрафауну (існуюць іншыя варыянты класіфікацыі). Да макрафауны (мегафауны) адносяць рыючых пазваночных (на Беларусі, напр., крот еўрапейскі). Мезафауна — глебавыя беспазваночныя (памерам ад некалькіх міліметраў да некалькіх сантыметраў, напр., энхітрэіды), мнаганожкі, земляныя чэрві, смаўжы, павукападобныя, макрыцы і інш. насякомыя і іх лічынкі. Да мікрафауны належаць глебавыя беспазваночныя, якіх нельга распазнаць простым вокам (напр., калаўроткі, ціхаходкі, нематоды, кляшчы, нагахвосткі). У ворных землях структура глебавай фауны можа істотна зменьвацца пад уплывам меліярацыі, угнаенняў, дэфаліянтаў, ядахімікатаў, пры змене с.-г. культур ці агратэхнікі іх вырошчвання і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЛЕ́ЧНЫ ШЛЯХ,
1) дыфузная святлівая паласа няправільнай формы, што перасякае нябесную сферу ў плоскасці Галактыкі. Складаецца з вял. колькасці зорак, якія паасобку нельга бачыць простым вокам, але можна распазнаць з дапамогай тэлескопа.
М.Ш. — сукупнасць зорак нашай зорнай сістэмы — Галактыкі, якой яна выглядае знутры, з пункту, паблізу галактычнай плоскасці, на адлегласці ~1/2 галактычнага радыуса ад ядра галактыкі. Сярэдняя лінія М.Ш. блізкая да вял. круга (галактычнага экватара), паўн. полюс якога знаходзіцца ў сузор’і Валасоў Веранікі; бачная шырыня ў межах ад 5° да 30°. У напрамку да цэнтра Галактыкі (сузор’і Стральца і Скарпіёна) М.Ш. шырокі і яркі, у процілеглым (сузор’і Персея і Возніка) — вузкі і менш яркі. У многіх месцах М.Ш. назіраюцца цёмныя плямы, што абумоўлена паглынаннем святла воблакамі касмічнага пылу. Паміж сузор’ямі Арла і Цэнтаўра паласа паглынальнага рэчыва дзеліць М.Ш. на 2 часткі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАЛАКА́ЦЫЯ,
адшукванне, вызначэнне месцазнаходжання, параметраў руху і распазнаванне падводных аб’ектаў з дапамогай гідраакустычных сігналаў. Грунтуецца на законах гідраакустыкі. Бывае актыўная і пасіўная.
Актыўная гідралакацыя заснавана на выпраменьванні акустычных сігналаў у воднае асяроддзе і прыёме (рэгістрацыі) і аналізе адбітых ад аб’екта рэхасігналаў. Дазваляе вызначыць прасторавыя каардынаты і параметры руху выяўленага аб’екта, яго памеры і інш. характарыстыкі. З’яўляецца асн. спосабам атрымання інфармацыі аб падводных аб’ектах, якія не ствараюць уласнае акустычнае поле (напр., донныя і якарныя міны, патанулыя судны). Ажыццяўляецца з дапамогай розных тыпаў гідралакацыйных станцый (гідралакатараў) і прылад (рэхалотаў), рэхаледамераў і інш.). Пасіўная гідралакацыя заснавана на прыёме і апрацоўцы акустычных сігналаў (шумаў), якія звычайна ненаўмысна ствараюцца самім аб’ектам (напр., падводнай лодкай). Дазваляе выявіць такі аб’ект, распазнаць яго, вызначыць напрамак на яго, скорасць і інш. элементы яго руху. Выкарыстоўвае рознага тыпу шумапеленгатары і тракты шумапеленгавання гідраакустычных комплексаў. Метады і сродкі гідралакацыі выкарыстоўваюцца ў марской справе (выяўленне падводных перашкод — рыфаў, скал, айсбергаў), рыбнай прам-сці (пошук касякоў рыбы), ваеннай справе (выяўленне падводных лодак, навядзенне іх на пэўны аб’ект) і інш.
На Беларусі пытанні тэорыі і практыкі гідралакацыі распрацоўваюцца ў Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі, НДІ прыкладных фіз. праблем імя А.Н.Сеўчанкі.
Літ.:
Бурдик В.С. Анализ гидроакустических систем: Пер. с англ.Л., 1988.
В.І.Вараб’ёў.
Схема гідралакацыі: 1 — выпраменьвальнік рэхалота; 2 — гідраакустычная станцыя; 3 — антэна гідраакустычнай станцыі; 4 — міна; 5 — падводная лодка.Гідралакацыя з дапамогай малагабарытнага гідралакатара (для вадалазаў).