размяшчэ́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. размяшчаць — размясціць і стан паводле знач. дзеясл. размяшчацца — размясціцца.

2. Спец. Месца, якое займае пэўнае вайсковае злучэнне. Брыгада прарвала варожую абарону, глыбока ўклінілася ў размяшчэнне немцаў. Мележ.

3. Парадак, сістэма месцазнаходжання каго‑, чаго‑н. Размяшчэнне атамаў у малекулах. □ Разам з настаўнікамі аглядаем старэнькі школьны будынак, сцены якога нямала пабачылі на сваім вяку. Тут захавалася ранейшае размяшчэнне: доўгі калідор, паабапал якога два пакоі. С. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хава́ць¹, -а́ю, -а́еш, -а́е; -а́ны; незак.

1. каго-што. Класці, размяшчаць дзе-н. так, каб ніхто не змог знайсці або ўбачыць.

Х. грошы.

2. каго-што. Укрываць, ахоўваць ад небяспекі.

Х. параненых партызан.

3. перан., што. Не выяўляць адкрыта.

Х. свае думкі.

Х. усмешку.

4. каго-што. Засланяць сабой, рабіць нябачным.

Разложыстая груша ў сваім цяні хавае хатку.

5. што. Трымаць што-н. у пэўным месцы.

Х. рукі ў кішэнях.

6. што. Змяшчаць, утрымліваць у сабе.

Зямля хавае ў сваіх нетрах незлічоныя багацці.

7. што. Зберагаць для пэўнай патрэбы, не траціць, захоўваць.

Х. яблыкі на зіму.

8. што. Берагчы як скарб, трымаць у памяці.

Х. у памяці мінулае.

|| зак. схава́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е; -а́ны.

|| наз. хава́нне, -я, н.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Вярста́ць1 стаўб. ’ткацкі станок’, карэліц. ’варштат’ (З нар. сл.), палес. вэрста́тʼ, вэрста́цʼ (Уладз.), укр. палес. верста́ть ’ткацкі станок’. Да варста́т (гл.). Канцавое ‑ць‑ — вынік другаснага змякчэння (Карскі, 1, 350), магчыма, пад уплывам слова з той жа семантычнай групы стацівы ’бакавая частка красён’. Параўн. таксама ст.-рус. верстать ’сталярны варштат’ (1686 г.).

Вярста́ць2 (паліграф.) ’размяшчаць набор паводле старонак’ (БРС, КТС). Запазычана з рус. мовы, дзе верста́ть ’тс’ узнікла лексіка-семантычным шляхам на базе дзеяслова верстать ’выраўноўваць’ (Фасмер, 1, 300; Шанскі, 1, В, 64); параўн. верстать: сіб. ’размяркоўваць’, вяц. ’дзяліць раллю’, алан., кастр. ’выраўноўваць’, валаг. ’абрэзваць, выраўноўваючы’; ’ставіць (салдат) у адзін рад’, ст.-рус. верстати ’размяркоўваць, уключаць, ахопліваць падаткамі’; ’выраўноўваць’; ’вызначаць на службу’ (1577 г.), якія ўтвораны ад верста (гл. вярста́) і суф. ‑ати. Сюды ж вярста́цца, вярста́тка (БРС, КТС).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

масці́ць, машчу, мосціш, мосціць; незак., што.

1. Рабіць насціл з дошак, бярвенняў і пад. Масціць падлогу. □ Ля берага Дзвіны стаялі баржы, іх злучалі, масцілі паверх дошкамі. Хадкевіч. Пачалі браты церабіць прасекі ў пушчы ды масціць грэблі. Якімовіч.

2. Тое, што і брукаваць. — Рабіў, што траплялася. Брук масціў, печы мураваў, а пасля пры кавалях быў. Чорны.

3. Разм. Старанна ўкладваць, размяшчаць. Масціць мяшкі на воз. // Высцілаць чым‑н. для больш зручнага карыстання. Воз рыхтуюць звечара. Мажуць дзёгцем калёсы, мосцяць канюшынай .. сядзенне, кладуць для нечага дошкі... Васілевіч. [Падводчык] час ад часу злазіў з саней, на хаду папраўляў хамут, затым, пакрэктваючы, масціў пад сябе салому. Бажко.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ляпі́ць, ляплю́, ле́піш, ле́піць; ле́плены; незак.

1. што і без дап. Ствараць, рабіць якія-н. фігуры з пластычнага, мяккага матэрыялу.

Л. бюст.

Не святыя гаршкі лепяць (прыказка: хоць і цяжка, але зможам, справімся).

2. Будаваць, майстраваць, карыстаючыся якім-н. вязкім матэрыялам.

Л. сцяну.

3. Размяшчаць адно за другім, не пакідаючы свабоднага месца.

Л. літару за літарай.

4. што. Тое, што і прыклейваць (разм.).

Л. маркі.

5. (1 і 2 ас. не ўжыв.). 3 сілай ісці (пра мокры снег).

Снег лепіць у вокны.

|| зак. вы́лепіць, -леплю, -лепіш, -лепіць; -леплены (да 1 знач.), наляпі́ць, -ляплю́, -ле́піш, -ле́піць; -ле́плены (да 2 знач.), зляпі́ць, зляплю́, зле́піш, зле́піць; зле́плены (да 1 знач.) і заляпі́ць, -ляплю́, -ле́піш, -ле́піць; -ле́плены (да 3 знач.).

|| наз. ле́пка, -і, ДМ -пцы, ж. (да 1 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Ста́віцьразмяшчаць, умацоўваць вертыкальна’, ‘расстаўляць’, ‘будаваць’ (ТСБМ, Бяльк., Стан., Сл. ПЗБ, ЛА, 4), ст.-бел. ставити ‘тс’ (Альтбаўэр). Параўн. укр. ста́вити, рус. ста́вить, ст.-рус. ставити, польск. stawić, в.-луж. stawić, н.-луж. stawiś, чэш. staviti, славац. staviť, славен. stáviti, серб.-харв. ста̏вити, балг. ста́ви, макед. стави, ст.-слав. ставити. Прасл. *staviti ‘рабіць так, каб нешта стаяла’ — каузатыў ад прасл. *stojati (гл. стаяць), мае адпаведнікі ў літ. stovė́ti ‘стаяць’, лат. stãvêt ‘тс’, гоц. stōjan ‘накіроўваць’ і інш. Гл. Фасмер, 3, 742 з літ-рай; Борысь, 576; Глухак, 582; Бязлай, 3, 313–314; Махэк₂, 575–576; Скок, 3, 330–333; Траўтман, 283–284; ЕСУМ, 5, 389 390. Непакупны (Связи, 68–69) звяртае ўвагу таксама на семантычны паўночнаславянскі (і славенскі) пераход ‘ставіць, паднімаць’ → ‘будаваць’, які мае працяг у балцкіх (літ. statýti ‘ставіць’ і ‘будаваць’) і германскіх (ням. aufstellen) мовах, аднак не характэрны для рускай мовы, што недакладна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ляпі́ць, ляплю, лепіш, лепіць; незак.

1. што і без дап. Ствараць, рабіць якія‑н. фігуры з пластычнага матэрыялу. Ляпіць бюст. Ляпіць цацкі з пластыліну. □ На дварах дзеці гулялі ў снежкі, ляпілі снежныя бабы. Кавалёў. // Будаваць, майстраваць, карыстаючыся якім‑н. ліпкім, вязкім матэрыялам. Хадзілі ў камбінезонах будаўнікі, падымалі насілкі з цэглай, ляпілі сцяну, паверх за паверхам. Грамовіч. // перан. Ствараць яркія сцэнічныя, літаратурныя вобразы, характары і пад. Што дала мне студыя? Яна ўзбагаціла мяне тэхнікай. Адкрыла законы нашай творчасці. Навучыла ствараць вобраз, ляпіць характар, любіць форму і валодаць ёю. Сяргейчык.

2. што. Разм. Прыклейваць, прылепліваць. Ляпіць аб’яву на сцяну. □ Ногі ўціскаліся ўсё глыбей, вада падступала да лытак, да каленяў, .. ляпіла штаніны да скуры. Мележ. // Размяшчаць адно за другім, не пакідаючы свабоднага месца. Ляпіць адну літару за другой.

3. З сілай ісці (пра мокры снег). Ноччу ляпіў мокры снег, раскісалі дарогі, ледзяною парою абрасталі трасы пад’ёмнікаў. Грахоўскі. Снег ляпіў і ляпіў на шыбы, вокны сталі белыя, быццам знадворку іх завесілі прасціной... Хомчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Пя́тра, пʼя́тра ’вышкі ў хляве або гумне; ярус’ (Стан., мазыр., З нар. сл.; ПСл), piátro, pʼátro, pʼétro ’тс’ (Маш., Тарн.), пя́тра, пʼятро́ ’курасадня, куратнік’ (Мат. Маг.; мазыр., Шатал.), пя́тры ’столь у асеці з жордак’ (Бяльк.), пйа́тро, пя́тро ’гара ў хаце; старана ў гумне; прасла’ (палес., Нар. сл.), ’раскладка снапоў для малацьбы’ (жытк., ДАБМ, камент., 872), ’пустоты пад вісячым ільдом на вадаёмах’ (ТС), пʼя́тра ’тс’ (парыц., Мат. Янк.), ст.-бел. пятро ’паверх, ярус’. Укр. пʼя́тра ’ярус’, рус. пя́тра ’вышкі; павець’, польск. piętro ’паверх’, чэш. patro ’паверх, вышкі ў хляве’, славен. pétro ’столь з брусоў, пуня’, серб.-харв. пѐтар ’верхні паверх, вышкі’, макед. петар (petar) ’столь, гарышча’ (Hendriks, The Radožda-Vevčani Dialect of Macedonian Lisse, 1976). Звычайна выводзяць прасл. *pętro ад *pęti (гл. пяцъ2) з рэдкім суфіксам *‑tro, гл. Фасмер, 3, 426; для паўдневаславянскіх слоў мяркуецца суфікс *‑rь (*pęt‑rь, гл. Заімаў, SlW, 172). Словаўтваральныя цяжкасці Банькоўскі (2, 574) прапануе пераадолець рэканструкцыяй прасл. *prętro, параўн. каш. přątro ’столь, вышкі; паднябенне’, ст.-польск., а таксама дыял. przętro ’паверх, тэраса’, в.-луж. přatr ’мацаванне даху ў адрыне, свіран’, н.-луж. pśětš ’вышкі’, палаб. prǫtrü ’вышкі ў адрыне’, што да*prent‑размяшчаць гарызантальна, насцілаць’ (гл. пратаць, прут, прасла), гл. таксама Гомалкава, Studia Etym. Brun., 1, 70 (мяркуецца пра зыходную семантыку ’вышкі з насланых жэрдак’). Пра заходнеславянскія формы падрабязна Шустар-Шэўц, 2, 1168 (супастаўляюцца з літ. sprę́sti ’расцягваць, распіраць’, sprindỹs ’пядзя’); SEK, 4, 121–122 (формы з *prętr‑ з’яўляюцца праславянскім дыялектызмам на фоне формаў з *pętr‑).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ста́віць, ста́ўлю, ста́віш, ста́віць; незак.

1. што. Размяшчаць, умацоўваць што-н. вертыкальна, у стаячым становішчы.

С. слупы.

С. кнігі на паліцу.

2. каго (што). Прымушаць або памагаць каму-н. устаць, заняць дзе-н. месца стоячы.

С. дзіця на падлогу.

3. каго (што). Прызначаць на работу, прапаноўваць рабіць што-н., назначаць на якое-н. месца, пазіцыю.

С. новага механіка.

С. вартавога на пост.

4. што. Устанаўліваць, будаваць.

С. помнік.

5. што. Змяшчаць на пэўнае месца, пакідаць у пэўным становішчы.

С. аўтобус у аўтапарк.

С. посуд на стол.

6. што. Прыводзіць у патрэбны стан; вучыць правільнаму валоданню (голасам, дыханнем і пад.), надаваць чаму-н. патрэбнае становішча, форму.

С. голас (маладому спеваку). С. рукі цымбалісту.

С. словы ў патрэбным склоне.

7. што. Прыкладваць, накладваць, устаўляць і пад. да якой-н. часткі цела з лячэбнай мэтай.

С. гарчычнікі.

С. тэрмометр.

С. пломбу.

8. што. Рабіць метку, знак на чым-н., пісаць, рысаваць, падпісваць.

С. подпіс.

С. дату.

С. адзнакі ў дзённік.

9. што. Арганізоўваць, наладжваць; ажыццяўляць пастаноўку на сцэне.

С. доследы.

С. балет.

С. спектакль.

10. што. Майстраваць, устанаўліваць.

С. палаткі.

11. што і без дап. У азартных гульнях: уносіць, укладваць у гульню (грошы).

С. у банк 100 рублёў.

12. што. Задаваць, прапаноўваць для выканання, абмеркавання.

С. сціслыя тэрміны.

С. на галасаванне.

С. перад фактам.

13. перан., каго-што. Ствараць для каго-н. умовы, абставіны, прыводзіць у якое-н. становішча.

С. героя ў складаныя абставіны.

С. пад кантроль.

14. каго-што. У спалучэнні з некаторымі назоўнікамі абазначае: лічыць чым-н., разглядаць як-н. што-н.

С. сваёй мэтай.

С. у віну.

15. што. У спалучэнні з некаторымі назоўнікамі ўжыв. ў знач. рабіць (тое, што абазначае назоўнік).

С. рэкорд.

16. што. Нарыхтоўваць, складаючы якім-н. чынам.

С. сена ў копы.

Ставіць дыягназ — вызначаць, устанаўліваць хваробу, характар захворвання.

|| зак. паста́віць, -ста́ўлю, -ста́віш, -ста́віць; -ста́ўлены.

|| наз. пастано́ўка, -і, ДМо́ўцы, ж. (да 1, 6, 9 і 12 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

ста́віць, стаўлю, ставіш, ставіць; незак., каго-што.

1. Прымушаць або памагаць каму‑н. устаць, заняць дзе‑н. месца стоячы. [Маці] часта мяне ставіць на зямлю і рукавом выцірае свой твар. Бядуля.

2. Размяшчаць, умацоўваць што‑н. вертыкальна. Ставіць кнігі ў шафу. Ставіць лесвіцу да сцяны. □ Скіба .. садзіцца на прызбу і ставіць каля сябе вінтоўку. Крапіва. // Падстаўляць што‑н. Пад .. [галіну] звычайна Апанаска ставіў аж тры рагулі — падпоркі. Даніленка.

3. Прызначаць на якую‑н. работу, прапаноўваць рабіць што‑н. [Шэмет:] — Трэба старых ставіць на буртоўку. Яны ўмеюць. Лобан. Калі .. [Тварыцкага] пачалі ставіць кіраваць якой-небудзь работай, ён у першыя часы чуў сябе нядобра. Чорны. — Вы ж .. самі, памятаеце, казалі, што самых лепшых жанчын, камсамолак трэба ставіць на вырошчванне лёну. Сабаленка. // Назначаць на якую‑н. пасаду, месца. [Міхал:] — Пра ўсё гэта, што ты [Акцызнік] балбочаш тут, каму трэба — ведаюць. Райком ведае. І калі на старшыню мяне ставіў — ведаў. Пташнікаў.

4. Размяшчаць на якой‑н. пазіцыі (для абароны, нагляду і пад.). На векавой сасне .. ставілі наглядчыкаў па чарзе. Лынькоў. // Раскватароўваць дзе‑н., у каго‑н. Хадзіць у школу штодня за дзесяць кіламетраў далёка .. І таму ўсіх дубровенскіх вучняў бацькі ставяць на кватэры. Васілевіч.

5. перан. Ствараць для каго‑н. якія‑н. абставіны; прыводзіць у якое‑н. становішча. [Сухадольскі:] І нашто ты ставіш мяне ў няёмкае становішча? Крапіва. Пісьменнік ставіць герояў у вельмі складаныя абставіны. «Маладосць». // Рызыкаваць кім‑н. Але тым часам .. [Кравец] думаў пра тое, ці варта ставіць амаль усю сям’ю пад небяспеку і ці варта адразу ж усё гаварыць пра заданне. Кавалёў.

6. перан. (пераважна ў спалучэнні са словамі «высока», «нізка», «нараўне» і пад.). Адносіцца да каго‑, чаго‑н. якім‑н. чынам, лічыць, расцэньваць каго‑, што‑н. якім‑н. чынам. Панам Длугошыцу, Дэмбіцкаму і іншым панам не дужа спадабалася, што Галініч ставіць на адну роўніцу польскі народ з беларускім. Колас. А яшчэ .. [Тадора] ненавідзіць Юзікавы кнігі, што праз гэта ён вунь як нясе сябе; разумнейшым за яе сябе ставіць. Крапіва. Нават сам пан ляснічы Канстанты Сянкевіч ставіць .. [дзеда Юрку] высока як паляўнічага і рыбака. С. Александровіч.

7. Устанаўліваць што‑н. для абслугі, для якога‑н. дзеяння. Ставіць тэлефон. □ Мы ходзім з ім [Алесем] да рэчкі І ставім перамёты ў вір. Куляшоў. На дарогах рабілі завалы, капалі равы, ставілі міны. Ваданосаў. // Перасоўваць стрэлкі на пэўны час. Ставіць гадзіннік на сем. // Прыкладваць, накладваць і пад. да якой‑н. часткі цела з лячэбніца мэтай. Ставіць гарчычнікі. Ставіць тэрмометр. Ставіць банькі. □ Зуб сам ужо і не баліць, але ўрач кажа, што пломбу ставіць яшчэ рана. Хадановіч.

8. Расстаўляць па пэўнае месца, у пэўным парадку. Ставіць посуд на стол. Ставіць машыну ў гараж. □ Магутныя пад’ёмныя краны даставалі вялізныя скрыні з карабельных трумаў і ставілі іх на чыгуначныя платформы. Шамякін. // Накрываць на стол, падаваць для яды. Параска адразу ж пачала ставіць на стол снеданне. М. Ткачоў. [Дзед Сымон:] — Стаў вячэру нам, Агата! Абышлі мы ўсе сады. Бялевіч. // Гатаваць чай у самавары. Ставіць самавар. // Разм. Частаваць (звычайна спіртным). — Некалі я вам ставіў, а цяпер вы мне павінны паднесці, — як дзеля адчэпкі кінуў бабам Зазыба. Чыгрынаў.

9. Размяшчаць якім‑н. чынам, надаваць чаму‑н. патрэбную, пэўную позу. Салдаты .. пачалі ставіць людзей у вялікую чаргу, падводзіць іх да століка. Лынькоў. [Бабулі] балюча было бачыць, як нехта другі рабіў усё тое, што гадамі рабіў яе сын — мазаў колы, ставіў у аглоблі неслухмянага каня ці засупоньваў хамут. Ракітны. Богут ставіць вус угору І растае ад той хвалы. Колас. // Прызначаць для пэўнай мэты. Ставіць кабана на адкорм.

10. Рабіць метку, знак і пад. на паверхні чаго‑н. Калі прыходзіла машына з поўным кузавам, дзяўчына ставіла ў сшытак кропку насупраць яе нумара. Кавалёў. / у перан. ужыв. Мы [моладзь] другія ставім вехі: Камунізм гудзе нам рэхам І паказвае шляхі. Колас. // Рабіць адбітак па чым‑н., дзе‑н., пісаць, рысаваць, падпісваць што‑н. Ставіць пачатку. Ставіць дату. □ Маша прыносіць газету і гаворыць: — Во навіна якая! Мы будзем ставіць подпісы пад Адозвай за мір. Шамякін. Аддаўшы Палуяну-солтысу падатак,.. [мама] ставіць на паперцы тры крыжыкі, ды і то нейкія крывыя. Брыль. // Выстаўляць (адзнакі вучням). Ставіць пяцёрку ў дзённік.

11. Арганізоўваць, наладжваць. Тэхніка цяпер у нас ёсць, кадры спецыялістаў таксама ёсць — па навуковы грунт ставім справу. «ЛіМ». // Праводзіць, рабіць. Выраз «плавае, як корак» не заўсёды правільны. Гэта можа пацвердзіць любы акіянолаг, якому даводзілася ставіць розныя вопыты. Матрунёнак.

12. Будаваць, майстраваць. [Бацька] быў добры стальмах і цясляр, рабіў калёсы і сані, падушкі і ночвы, ставіў хаты і крыў стрэхі. Бялевіч. Некалькі цесляроў ставілі кроквы на той закончаны зруб, што яшчэ ўчора заўважыў Мікола, і адразу ж клалі папярэчыны. Краўчанка. // Устанаўліваць. Ставіць палаткі. □ Сонца яшчэ не зайшло, як камандзіры батарэяў гарматных разлікаў пачалі ставіць гарматы і тэлефаністы пацягнулі тэлефонныя правады. Чорны. Дзяўчаты і жанчыны капалі ямы, хлопцы ставілі слупы. Шамякін. // перан. Услаўляць, усхваляць. За братоў маіх Заходняй Беларусі стаўлю ў песні помнік Ладзімеру Шаху. Дубоўка.

13. Ажыццяўляць пастаноўку на сцэне. Ставіць оперу. □ Разам з рэжысёрам Лойтэрам я .. ставіў тры скетчы — «Рыбачка з узбярэжжа», «Сувязны», у якім удзельнічаў і як акцёр, і «Чароўны пірог». «ЛіМ». // Паказваць, дэманстраваць перад кім‑н. [Драздовіч:] — У даным выпадку гумар павінен быць вострым і даходлівым. Тым больш, што п’еса сацыяльна сатырычнага напрамку. Досыць таго, што яе ахвотна ставяць на вясковай сцэне. Машара. На заставу з Лонвы не ўсіх пускалі, але затое кожную суботу пагранічнікі прывозілі ў вёску гукавое кіно і ставілі дарма. Пташнікаў.

14. і без дап. У азартных гульнях — уносіць якую‑н. стаўку ў банк; рабіць стаўку на што‑н. [Чалавек:] — Дзівак. [Жыццё] — гульня ў ачко на вялікую стаўку. Ставіш на туза, а табе валет. Асіпенка. // Уносіць, прапаноўваў у якасці закладу (у час спрэчкі). — Расступіся! Пляц! — загаманілі госці, даючы месца для паядынку. А нехта выгукнуў: — Стаўлю на Лявона... Чвэрць! Ну, хто? На руках! Б. Стральцоў.

15. Вучыць правільнаму валоданню (голасам, дыханнем і пад.). Ставіць дыханне. Ставіць голас.

16. Высоўваць, выстаўляць, прапаноўваць (для разгляду, выканання і пад.). Прадаваў [Юзік] нават на ячэйцы гэта пытанне ставіць, каб мабілізаваць камсамольцаў [на стварэнне машыннага таварыства]. Крапіва. Апошняе пытанне ставіў на галасаванне Леапольд Гушка. Чорны.

17. У спалучэнні з некаторымі назоўнікамі абазначае: лічыць чым‑н., разглядаць як‑н. што‑н. Ставіць сваёй задачай. Ставіць у віну.

18. Нарыхтоўваць, складаючы якім‑н. чынам. Мы туды [у чарналессе] з бацькам ездзілі ўлетку ставіць шуркі дроў, і я трохі ведаў гэты лес. Сабаленка. І Ганьцы .. [Андрэй] можа прывезці сена, толькі яна ніколі не ставіць копы, а нясе траву ў пасцілцы і сушыць на двары. Пташнікаў. А на полі жніво... Залатыя снапы Людзі роўненька ставяць у мэндлі. Глебка.

•••

Ставіць дыягназ — вызначаць, устанаўліваць хваробу, характар захворвання.

Банькі ставіць — адцягнуўшы на жываце скуру, біць па ёй рабром далоні.

(Ні) у грош (капейку) не ставіць — не надаваць ніякага значэння каму‑н. або чаму‑н., адносіцца з пагардай, не лічыцца з кім‑н. або з чым‑н.

Ставіць да сцяны (сценкі) каго — расстрэльваць.

Ставіць знак роўнасці паміж кім-чым — лічыць зусім аднолькавымі, раўнацэннымі, падобнымі.

Ставіць (паставіць) кропкі (кропку) над «і» — а) удакладняць (удакладніць) усе дэталі, не пакідаць (не пакінуць) нічога недагаворанага; б) даводзіць (давесці) да канца, рабіць (зрабіць) свае вывады.

Ставіць (паставіць) кропку — канчаць (кончыць), спыняць (спыніць) якую‑н. справу.

Ставіць крыж на кім-чым — траціць усякую надзею на каго‑, што‑н., лічыць каго‑, што‑н. беззваротна згубленым, страчаным.

Ставіць на адну дошку — параўноўваць каго‑н. з кім‑н., што‑н. з чым‑н. у якіх‑н. адносінах.

Ставіць на від каму — рабіць заўвагу каму‑н. за што‑н.

Ставіць на калені каго — прымушаць выконваць волю, жаданні каго‑н. [Дывінец:] — А ты [Васількоў] у душу яму заглянь. Хто і для чаго працуе? Гэта ты ведаеш? А на калені мяне ставіш. Асіпенка.

Ставіць на карту — рызыкаваць чым‑н., спадзеючыся на якую‑н. выгаду, выйгрыш.

Ставіць на кон — рызыкаваць сваім жыццём.

Ставіць на сваім — дамагацца здзяйснення свайго жадання.

Ставіць пад абух — ствараць для каго‑н. складаныя ўмовы; падводзіць каго‑н. пад удар.

Ставіць пад удар каго-што — ставіць у небяспечнае, крытычнае становішча.

Ставіць палкі ў колы — тое, што і устаўляць палкі ў колы (гл. устаўляць).

Ставіць пытанне рубам — заяўляць, гаварыць прама, з усёй рашучасцю.

Ставіць рэкорд — дасягаць высокіх паказчыкаў у якой‑н. галіне.

Ставіць уверх нагамі — а) мяняць карэнным чынам, рабіць зусім другім, не такім, як было; б) рабіць беспарадак у чым‑н.

Ставіць у прыклад каго каму — заахвочваць каго‑н., каб той наследаваў каму‑н.

Ставіць у тупік каго — прыводзіць да непаразумення, разгубленасці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)