ставіць, стаўлю, ставіш, ставіць; незак., каго-што.
1. Прымушаць або памагаць каму‑н. устаць, заняць дзе‑н. месца стоячы. [Маці] часта мяне ставіць на зямлю і рукавом выцірае свой твар. Бядуля.
2. Размяшчаць, умацоўваць што‑н. вертыкальна. Ставіць кнігі ў шафу. Ставіць лесвіцу да сцяны. ▪ Скіба .. садзіцца на прызбу і ставіць каля сябе вінтоўку. Крапіва. // Падстаўляць што‑н. Пад .. [галіну] звычайна Апанаска ставіў аж тры рагулі — падпоркі. Даніленка.
3. Прызначаць на якую‑н. работу, прапаноўваць рабіць што‑н. [Шэмет:] — Трэба старых ставіць на буртоўку. Яны ўмеюць. Лобан. Калі .. [Тварыцкага] пачалі ставіць кіраваць якой-небудзь работай, ён у першыя часы чуў сябе нядобра. Чорны. — Вы ж .. самі, памятаеце, казалі, што самых лепшых жанчын, камсамолак трэба ставіць на вырошчванне лёну. Сабаленка. // Назначаць на якую‑н. пасаду, месца. [Міхал:] — Пра ўсё гэта, што ты [Акцызнік] балбочаш тут, каму трэба — ведаюць. Райком ведае. І калі на старшыню мяне ставіў — ведаў. Пташнікаў.
4. Размяшчаць на якой‑н. пазіцыі (для абароны, нагляду і пад.). На векавой сасне .. ставілі наглядчыкаў па чарзе. Лынькоў. // Раскватароўваць дзе‑н., у каго‑н. Хадзіць у школу штодня за дзесяць кіламетраў далёка .. І таму ўсіх дубровенскіх вучняў бацькі ставяць на кватэры. Васілевіч.
5. перан. Ствараць для каго‑н. якія‑н. абставіны; прыводзіць у якое‑н. становішча. [Сухадольскі:] І нашто ты ставіш мяне ў няёмкае становішча? Крапіва. Пісьменнік ставіць герояў у вельмі складаныя абставіны. «Маладосць». // Рызыкаваць кім‑н. Але тым часам .. [Кравец] думаў пра тое, ці варта ставіць амаль усю сям’ю пад небяспеку і ці варта адразу ж усё гаварыць пра заданне. Кавалёў.
6. перан. (пераважна ў спалучэнні са словамі «высока», «нізка», «нараўне» і пад.). Адносіцца да каго‑, чаго‑н. якім‑н. чынам, лічыць, расцэньваць каго‑, што‑н. якім‑н. чынам. Панам Длугошыцу, Дэмбіцкаму і іншым панам не дужа спадабалася, што Галініч ставіць на адну роўніцу польскі народ з беларускім. Колас. А яшчэ .. [Тадора] ненавідзіць Юзікавы кнігі, што праз гэта ён вунь як нясе сябе; разумнейшым за яе сябе ставіць. Крапіва. Нават сам пан ляснічы Канстанты Сянкевіч ставіць .. [дзеда Юрку] высока як паляўнічага і рыбака. С. Александровіч.
7. Устанаўліваць што‑н. для абслугі, для якога‑н. дзеяння. Ставіць тэлефон. ▪ Мы ходзім з ім [Алесем] да рэчкі І ставім перамёты ў вір. Куляшоў. На дарогах рабілі завалы, капалі равы, ставілі міны. Ваданосаў. // Перасоўваць стрэлкі на пэўны час. Ставіць гадзіннік на сем. // Прыкладваць, накладваць і пад. да якой‑н. часткі цела з лячэбніца мэтай. Ставіць гарчычнікі. Ставіць тэрмометр. Ставіць банькі. ▪ Зуб сам ужо і не баліць, але ўрач кажа, што пломбу ставіць яшчэ рана. Хадановіч.
8. Расстаўляць па пэўнае месца, у пэўным парадку. Ставіць посуд на стол. Ставіць машыну ў гараж. ▪ Магутныя пад’ёмныя краны даставалі вялізныя скрыні з карабельных трумаў і ставілі іх на чыгуначныя платформы. Шамякін. // Накрываць на стол, падаваць для яды. Параска адразу ж пачала ставіць на стол снеданне. М. Ткачоў. [Дзед Сымон:] — Стаў вячэру нам, Агата! Абышлі мы ўсе сады. Бялевіч. // Гатаваць чай у самавары. Ставіць самавар. // Разм. Частаваць (звычайна спіртным). — Некалі я вам ставіў, а цяпер вы мне павінны паднесці, — як дзеля адчэпкі кінуў бабам Зазыба. Чыгрынаў.
9. Размяшчаць якім‑н. чынам, надаваць чаму‑н. патрэбную, пэўную позу. Салдаты .. пачалі ставіць людзей у вялікую чаргу, падводзіць іх да століка. Лынькоў. [Бабулі] балюча было бачыць, як нехта другі рабіў усё тое, што гадамі рабіў яе сын — мазаў колы, ставіў у аглоблі неслухмянага каня ці засупоньваў хамут. Ракітны. Богут ставіць вус угору І растае ад той хвалы. Колас. // Прызначаць для пэўнай мэты. Ставіць кабана на адкорм.
10. Рабіць метку, знак і пад. на паверхні чаго‑н. Калі прыходзіла машына з поўным кузавам, дзяўчына ставіла ў сшытак кропку насупраць яе нумара. Кавалёў. / у перан. ужыв. Мы [моладзь] другія ставім вехі: Камунізм гудзе нам рэхам І паказвае шляхі. Колас. // Рабіць адбітак па чым‑н., дзе‑н., пісаць, рысаваць, падпісваць што‑н. Ставіць пачатку. Ставіць дату. ▪ Маша прыносіць газету і гаворыць: — Во навіна якая! Мы будзем ставіць подпісы пад Адозвай за мір. Шамякін. Аддаўшы Палуяну-солтысу падатак,.. [мама] ставіць на паперцы тры крыжыкі, ды і то нейкія крывыя. Брыль. // Выстаўляць (адзнакі вучням). Ставіць пяцёрку ў дзённік.
11. Арганізоўваць, наладжваць. Тэхніка цяпер у нас ёсць, кадры спецыялістаў таксама ёсць — па навуковы грунт ставім справу. «ЛіМ». // Праводзіць, рабіць. Выраз «плавае, як корак» не заўсёды правільны. Гэта можа пацвердзіць любы акіянолаг, якому даводзілася ставіць розныя вопыты. Матрунёнак.
12. Будаваць, майстраваць. [Бацька] быў добры стальмах і цясляр, рабіў калёсы і сані, падушкі і ночвы, ставіў хаты і крыў стрэхі. Бялевіч. Некалькі цесляроў ставілі кроквы на той закончаны зруб, што яшчэ ўчора заўважыў Мікола, і адразу ж клалі папярэчыны. Краўчанка. // Устанаўліваць. Ставіць палаткі. ▪ Сонца яшчэ не зайшло, як камандзіры батарэяў гарматных разлікаў пачалі ставіць гарматы і тэлефаністы пацягнулі тэлефонныя правады. Чорны. Дзяўчаты і жанчыны капалі ямы, хлопцы ставілі слупы. Шамякін. // перан. Услаўляць, усхваляць. За братоў маіх Заходняй Беларусі стаўлю ў песні помнік Ладзімеру Шаху. Дубоўка.
13. Ажыццяўляць пастаноўку на сцэне. Ставіць оперу. ▪ Разам з рэжысёрам Лойтэрам я .. ставіў тры скетчы — «Рыбачка з узбярэжжа», «Сувязны», у якім удзельнічаў і як акцёр, і «Чароўны пірог». «ЛіМ». // Паказваць, дэманстраваць перад кім‑н. [Драздовіч:] — У даным выпадку гумар павінен быць вострым і даходлівым. Тым больш, што п’еса сацыяльна сатырычнага напрамку. Досыць таго, што яе ахвотна ставяць на вясковай сцэне. Машара. На заставу з Лонвы не ўсіх пускалі, але затое кожную суботу пагранічнікі прывозілі ў вёску гукавое кіно і ставілі дарма. Пташнікаў.
14. і без дап. У азартных гульнях — уносіць якую‑н. стаўку ў банк; рабіць стаўку на што‑н. [Чалавек:] — Дзівак. [Жыццё] — гульня ў ачко на вялікую стаўку. Ставіш на туза, а табе валет. Асіпенка. // Уносіць, прапаноўваў у якасці закладу (у час спрэчкі). — Расступіся! Пляц! — загаманілі госці, даючы месца для паядынку. А нехта выгукнуў: — Стаўлю на Лявона... Чвэрць! Ну, хто? На руках! Б. Стральцоў.
15. Вучыць правільнаму валоданню (голасам, дыханнем і пад.). Ставіць дыханне. Ставіць голас.
16. Высоўваць, выстаўляць, прапаноўваць (для разгляду, выканання і пад.). Прадаваў [Юзік] нават на ячэйцы гэта пытанне ставіць, каб мабілізаваць камсамольцаў [на стварэнне машыннага таварыства]. Крапіва. Апошняе пытанне ставіў на галасаванне Леапольд Гушка. Чорны.
17. У спалучэнні з некаторымі назоўнікамі абазначае: лічыць чым‑н., разглядаць як‑н. што‑н. Ставіць сваёй задачай. Ставіць у віну.
18. Нарыхтоўваць, складаючы якім‑н. чынам. Мы туды [у чарналессе] з бацькам ездзілі ўлетку ставіць шуркі дроў, і я трохі ведаў гэты лес. Сабаленка. І Ганьцы .. [Андрэй] можа прывезці сена, толькі яна ніколі не ставіць копы, а нясе траву ў пасцілцы і сушыць на двары. Пташнікаў. А на полі жніво... Залатыя снапы Людзі роўненька ставяць у мэндлі. Глебка.
•••
Ставіць дыягназ — вызначаць, устанаўліваць хваробу, характар захворвання.
Банькі ставіць — адцягнуўшы на жываце скуру, біць па ёй рабром далоні.
(Ні) у грош (капейку) не ставіць — не надаваць ніякага значэння каму‑н. або чаму‑н., адносіцца з пагардай, не лічыцца з кім‑н. або з чым‑н.
Ставіць да сцяны (сценкі) каго — расстрэльваць.
Ставіць знак роўнасці паміж кім-чым — лічыць зусім аднолькавымі, раўнацэннымі, падобнымі.
Ставіць (паставіць) кропкі (кропку) над «і» — а) удакладняць (удакладніць) усе дэталі, не пакідаць (не пакінуць) нічога недагаворанага; б) даводзіць (давесці) да канца, рабіць (зрабіць) свае вывады.
Ставіць (паставіць) кропку — канчаць (кончыць), спыняць (спыніць) якую‑н. справу.
Ставіць крыж на кім-чым — траціць усякую надзею на каго‑, што‑н., лічыць каго‑, што‑н. беззваротна згубленым, страчаным.
Ставіць на адну дошку — параўноўваць каго‑н. з кім‑н., што‑н. з чым‑н. у якіх‑н. адносінах.
Ставіць на від каму — рабіць заўвагу каму‑н. за што‑н.
Ставіць на калені каго — прымушаць выконваць волю, жаданні каго‑н. [Дывінец:] — А ты [Васількоў] у душу яму заглянь. Хто і для чаго працуе? Гэта ты ведаеш? А на калені мяне ставіш. Асіпенка.
Ставіць на карту — рызыкаваць чым‑н., спадзеючыся на якую‑н. выгаду, выйгрыш.
Ставіць на кон — рызыкаваць сваім жыццём.
Ставіць на сваім — дамагацца здзяйснення свайго жадання.
Ставіць пад абух — ствараць для каго‑н. складаныя ўмовы; падводзіць каго‑н. пад удар.
Ставіць пад удар каго-што — ставіць у небяспечнае, крытычнае становішча.
Ставіць палкі ў колы — тое, што і устаўляць палкі ў колы (гл. устаўляць).
Ставіць пытанне рубам — заяўляць, гаварыць прама, з усёй рашучасцю.
Ставіць рэкорд — дасягаць высокіх паказчыкаў у якой‑н. галіне.
Ставіць уверх нагамі — а) мяняць карэнным чынам, рабіць зусім другім, не такім, як было; б) рабіць беспарадак у чым‑н.
Ставіць у прыклад каго каму — заахвочваць каго‑н., каб той наследаваў каму‑н.
Ставіць у тупік каго — прыводзіць да непаразумення, разгубленасці.