пла́ўка, ‑і, ДМ плаўцы; Р мн. плавак; ж.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. плавіць.

2. Спец. Адзін вытворчы цыкл выплаўкі металу. // Метал, выплаўлены за адзін вытворчы цыкл. І спявае сэрца сталявара, душа доменшчыка ў тую хвіліну, калі з латка печы, як першы промень сонца на ўсходзе, шугаюць іскры, пальецца цяжкая плаўка. «Беларусь». Праз нейкі час, калі Міхал афіцыйна прыняў змену і печ выдала першую плаўку, яго выклікаў да тэлефона галоўны інжынер. Карпаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бае́ц, байца, м.

1. Удзельнік баёў; воін. Ідзі, баец, у жорсткі бой, Людзям пакутным памажы ты. Астрэйка. // Змагар за грамадскую справу. Яны байцы вялікай раці, Іх хата там, дзе ёсць прастор. Чарот. Яму [Мінску] сягоння безліч творчых спраў, Бо ён баец на мірным полі ратным. Хведаровіч.

2. Радавы ваеннаслужачы або партызан; салдат. Для пераможнага салюта. Якім байцоў Радзіма славіць, Мы ведалі, Урал магутны Даўно Руду ў мартэнах плавіць. Танк. [Намыснік Гані:] — Які ж з цябе баец арміі народных мсціўцаў. Грамовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Тапі́ць1 ’апускаць у ваду, прымушаць тануць, губіць’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Некр. і Байк., Ян., Бяльк., Федар. 4): тапіць русалку ’(траецкі) звычай’ (Сержп. Прымхі), ’навадняць, заліваць вадой’ (Нас.), топі́ць ’губіць у вадзе’, ’затапляць, заліваць вадой’ (ТС), тапі́цца ’гінуць у вадзе’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Бяльк., Федар. 4), ’ехаць па гразкай дарозе’ (Нас.), топі́цца ’гінуць у вадзе’ (ТС), топі́тісʼе ’тс’ (Вруб.). Укр. топи́ти ’прымушаць захлынуцца; заліваць (пра ваду)’, рус. топи́ть ’прымушаць тануць’, польск., в.-луж. topić ’засоўваць у ваду’, н.-луж. topiś ’тс’, чэш. topiti ’тс’, славац. topiť ’тс’, славен. topíti ’акунаць’, серб.-харв. то̀пити ’затапляць’, макед. топы ’засоўваць у ваду’, балг. топя́ ’тс’. З прасл. *topiti ’тапіць’, якое звязана з *topnǫti ’тануць’. Корань *top‑ у гэтым значэнні Фасмер звязвае з аманімічнымі прасл. *top‑ ’награваць’ і *topь ’балота’, ’месца, дзе растаў снег, лёд’ (Фасмер, 4, 78–79). Паводле Шустара–Шэўца (1504), схема развіцця семантыкі ’награваць’ > ’расплаўляць’ > ’затапляць’ > ’тапіць’. Паводле Борыся (638): ’растапляць’ — ’апускаць у растопленае’ — ’пагружаць у ваду’. Праславянскі корань *top‑ супастаўляюць таксама з прасл. *tep‑ ’біць’ > польск. tepać ’тс’ (Брукнер, 573; Младэнаў, 636; Варбат, ОЛА, Исследов. 2003–2005, 220) з развіццём значэння ’біць, прыбіваць’ — ’трамбаваць’ — ’тапіць’.

Тапі́ць2 ’награваючы, распускаць, расплаўляць; вытопліваць або ператопліваць (масла, сала і пад.)’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Некр. і Байк., Сл. ПЗБ), топі́ць ’тс’ (ТС). Укр. топи́ти ’расплаўляць’, рус. топи́ть, польск. topić ’растопліваць, плавіць’, чэш. topiti ’тс’, славац. topiť ’растопліваць, плавіць’, славен. topíti ’награваць, плавіць’, серб.-харв. то̀пити ’растопліваць, плавіць’, макед. топи ’тс’, балг. топя́ ’тс’. З прасл. *topiti ’награваючы, распускаць, расплаўляць’, паводле Борыся (638), каўзатыва ад незахаванага прасл. *tepti ’быць цёплым’, параўн. *teplъ (гл. цёплы) і далей роднасныя ст.-інд. tápati (tápyati) ’награвае і награваецца, гарыць’, tāpáyati ’спальвае’, авест. tãpayeiti ’тс’, лат. tepeo, ‑ēre ’быць цёплым’ да і.-е. *tep‑ ’быць цёплым’. Гл. таксама Фасмер, 4, 78; Брукнер, 62; Махэк₂, 647; Голуб-Ліер, 484; Глухак, 633; ЕСУМ, 5, 599.

Тапі́ць3 ’паліць (у печы і пад.)’ (ТСБМ, Нас., Бяльк., Барад., Пятк. 2, Жд. 1; усх.-бел., палес., ЛА, 4): баню тапіць (гом., Д.-Хадак.), ’палячы дровы, ацяпляць’ (Сл. ПЗБ), топі́ць ’паліць у печы’ (ТС), топі́ті ’тс’ (Вруб.), топі́ты, топы́ты ’паліць у печы’ (Сл. Брэс.), тапі́цца ’ацяпляцца’ (Мат. Гом.), топі́цца ’паліцца (пра печ)’ (ТС). Параўн. укр. топи́ти ’падтрымліваць агонь’, рус. топи́ть ’паліць (у печы і пад.)’, польск. дыял. topić (w piecu) ’паліць (у печы)’, в.-луж. tepić ’паліць, апальваць’, н.-луж. topiś ’тс’, чэш. topit ’тс’, славен. topiti ’награваць’. Ад прасл. *topiti з сінкрэтычным значэннем ’награваць, абпальваць; плавіць’, з далейшымі роднаснымі сувязямі (гл. тапіць2) да і.-е. *tep‑ ’быць цёплым’ (ЕСУМ, 5, 599; Фасмер, 4, 78; Брукнер, 62; Махэк₂, 647; Голуб-Ліер, 484). Няясныя адносіны з тапіць1 тлумачаць развіццём семантыкі праз стадыю тапіць2 (асабліва ў адносінах да снегу, лёду) і прыродных наступстваў гэтага працэсу (затапленне, паводка). Ластоўскі (Выбр. тв., 417) меркаваў пра табуізацыю слова паліць (параўн. палаць ’гарэць буйным полымем’, гл.) шляхам замены яго словамі тапіць (“быццам кідаць агонь у ваду”) і цепліць (гл.) з мэтай пазбегнуць т. зв. слоўнай магіі (каб не запалілася хата), параўн. мокнуць у значэнні ’гарэць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

электры́чнасць, ‑і, ж.

1. Форма матэрыі, якая складаецца з зараджаных часціц: электронаў, пазітронаў, пратонаў і пад. Тут жа, у лабараторыі, на спецыяльнай устаноўцы займаюцца вывучэннем атмасфернай электрычнасці. «Маладосць». // Раздзел фізікі, які вывучае электрычныя з’явы. Даследаванні ў галіне электрычнасці.

2. Такая форма энергіі, якая выкарыстоўваецца ў народнагаспадарчых і бытавых мэтах. Электрычнасць прымушае працаваць станкі, рухае паязды і электракары, плавіць метал, лечыць хворых, доіць кароў, стрыжэ авечак. Рунец.

3. Асвятленне, якое атрымліваецца ад электраэнергіі. Стася ўключыла электрычнасць, і я разгледзеў лейтэнанта ўважлівей. Навуменка.

[Ад грэч. ēlektron — янтар.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Лі́таваць ’берагчы каго-небудзь, шкадаваць’ (ТСБМ), літава́ць ’тс’ (Нас., Гарэц.), літава́цца ’літасцівіцца’ (Нас.), літоваць ’ныць, моцна балець’ (ТС), ст.-бел. литовати ’шкадаваць, берагчы’, запазычана са ст.-польск. litować ’праяўляць спачуванне, літасць’ < ст.-польск. lutować < паўн.-прасл. ljutovati ’злавацца, шалець’ < ljutъ ’люты’ (Слаўскі, 4, 305; Булыка, Лекс. запазыч., 133). Да лю́ты (гл.). Махэк₂ (337) родніць чэш. litovati ’шкадаваць’ з ням. leid.

Літава́ць ’паяць, плавіць’ (ТСБМ, Нас., Гарэц.), літава́цца ’плавіцца’ (Нас.). З польск. litować, lutować ’паяць’, якое з с.-в.-ням. loeten, ням. löten < Lot ’сплаў металу’ < с.-в.-ням. lōt ’тс’ (Слаўскі, 4, 390). Сюды ж літоўшчык ’ліцейшчык, паяльшчык’ (Нас.). Неабгрунтавана Карскі (Белорусы, 1, 137), які суадносіць з літ. litúoti ’паяць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

По́плаў1 ’заліўны луг у пойме ракі’ (ТСБМ, Некр., Гарб., Нікан., Шат., Сл. ПЗБ; петрык., Мат. Гом.; ТС, Сл. Брэс.), поплыў ’тс’ (Бяльк.), ’незабалочаная сухадольная сенажаць’ (Янк. 2; лун., Сл. Брэс.), ’луг каля вёскі’ (Бір. Дзярж.; Сл. ПЗБ; драг., Сл. Брэс.), ’месца на рацэ, возеры, якое зарасло трысцём’ (Інстр. 1: слуц., КЭС), ’сенажаць на высокім месцы’ (лун., Шатал.), ’пясчанае месца каля ракі’ (Сл. ПЗБ), по́плава, по́плаво ’тс’ (Скарбы), поплава́ ’выган’ (в.-дзв., лід., Сл. ПЗБ) по́плавына ’тс’ (бяроз., Сл. ПЗБ), ’смецце, нанесенае паводкай’ (Ян., ТС), укр. по́плав ’заліўны луг’, рус. бранск. по́плав ’заліўны луг, выган’, польск. popław ’заліўны луг’, ’сена з такіх лугоў’. Вытворнае ад прасл. *pluti/*plavati ў першасным значэнні ’ліць, цячы’, ’заліваць вадой’, параўн. славен. popláva ’паводка’, poplaviti ’заліць’; азначае як месца, якое заліла вада, так і месца, ад якога вада адступіла з агульным значэннем ’пасля паводкі’. Гл. плаваць.

По́плаў2 ’расліна маннік, Glyceria R. Br.’, паплаво́к, мн. л. плаўкі́ (ТС). Аддзеяслоўнае ўтварэнне з прыстаўкай по-, гл. плаваць і плаў як агульная назва для расліннага покрыва на вадаёмах (Расл. св.).

По́плаў3 ’сетка для падлёднай лоўлі рыбы’ (ТС). Аддзеяслоўнае ўтварэнне з прыстаўкай по- ад плавіць ’сплаўляць па плыні ракі’, перанос семантыкі на прыстасаванне, што дзейнічае, выкарыстоўваючы ток вады, параўн. рус. плавная сеть ’самаплаўная сетка’, польск. popław ’плынь, ток вады’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Малады́, малады́й, мылады́й, малоды, молоды́, молодэ́й ’юны, юнацкі’, ’нясталы, нявопытны’, ’які нядаўна вывеўся, пачаў расці’, ’які нядаўна вырас, свежы (пра гародніну)’, ’нядаўна прыгатаваны’, ’жаніх у час вяселля’, малада́я, молада́, мылыда́я ’нявеста’, маладыя ’жаніх і нявеста пасля заручын і ў час вяселля’, маладыя дні ’дні, якія прыпадаюць на першую квадру месяца’ (ТСБМ, Нас., Касп., Шат., Бяльк., Яруш., Ян., Сл. ПЗБ), малады́ ’рэдкі (пра цеста, хлеб)’ (Сцяц., Ян.), ’нізкай якасці (аб палатне)’ (Ян.). Укр. молоди́й, рус. молодо́й, мо́лод, польск. młody, н.- і. в.-луж. młody, чэш., славац. mladý, славен. mlȃd, mláda, серб.-харв. мла̑д, макед., балг. млад. Прасл. moldъ (аснова на ‑u̯) з’яўляецца роднасным да ст.-прус. maldai ’хлапчукі, падлеткі’, maldian ’жарабё’ (він. скл.), maldūin ’маладосць’, ст.-інд. mr̥dúṣ ’мяккі, нежны’, mradīyān ’мякчэйшы’, ст.-грэч. ἀμαλδῡ́νω ’размякчаю, аслабляю’, лац. mollis (< *moldu̯is) ’мяккі’, арм. mełk ’распешчаны, вялы’, ст.-ірл. meldach ’мяккі, пяшчотны, прыемны’, ст.-англ. meltanплавіць, растапляць’, венецк. molzon ’малады’, vants molzonke ’малады і маладая’ (Міклашыч, 200; Бернекер, 2, 71; Траўтман, 167; Фрэнкель, IF, 69, 154; Фасмер, 2, 643–644; Скок, 2, 438–439; Бязлай, 2, 187). Прасл. moldъ з’яўляецца аддзеяслоўным утварэннем з першасным суфіксам ‑dъ. Да і.-е. mel‑ ’расціраць’, ’тонкі, мяккі’ (Аткупшчыкоў, Из истории, 112 і інш.). Для асновы на ‑n (параўн. рус. младенец) роднасным з’яўляецца ст.-прус. maldenikis ’дзіця’. Сюды ж адносіцца шмат дэмінутываў: маладзе́нькі, маладзёшанькі, маладзю́сенькі, маладзю́ткі, маладзю́тэнькі, молодзю́ленькі і інш. (Нас., Растарг., ТС).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

магу́тны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае фізічную сілу; вельмі дужы, здаровы. Магутны асілак. Магутны зубр. Магутныя крылы. // Які сведчыць аб фізічнай сіле. Брыль робіць кароткі перапынак. І яго магутная постаць, і голас, і нейкая прастата і шчырасць у словах робяць на сялян добрае ўражанне. Колас. // Здаровы, жыццяздольны. Магутны арганізм.

2. Вельмі вялікі, значны (па сіле, велічыні). Магутны ўраган. Магутны залп. □ У заключэнне рэйда быў нанесены магутны камбінаваны ўдар па чыгунцы. Шамякін. // З тоўстым ствалом; густы, раскідзісты. У гушчары, на скрыжаванні торных Лясных дарог. — вышэй сваіх сяброў Узрос магутны граб. Кірэенка. Прайшло шмат часу, а .. [дубы] стаяць усё такія ж, як і раней, у вечнай задуме, раскінуўшы ў паднябессі шырокае магутнае голле. Дуброўскі. // Надзелены вялікай баяздольнай сілай, добра ўзброены, умацаваны (пра вайсковыя злучэнні, умацаванні і пад.). Пяскоўцы ведалі ўжо, што следам за разведчыкамі ідуць магутныя часці Чырвонай Арміі. Пальчэўскі. // перан. Здольны аказаць значнае ўздзеянне на каго‑, што‑н. Калі ж вайна хадзіла па Радзіме І вораг нёс нам рабства і разбой, З тваім [Максіма Горкага] магутным словам, Гордым імем Фашызму мы давалі жорсткі бой. Астрэйка.

3. З вялікімі вытворчымі і матэрыяльнымі магчымасцямі. Магутная краіна. Магутная металургічная прамысловасць. □ Для пераможнага салюта, Якім байцоў Радзіма славіць, Мы ведалі: Урал магутны Даўно руду ў мартэнах плавіць. Танк. А калі магутны атам Мы для працы пакарылі, Стаў народ такім багатым, Што канца няма той сіле. Крапіва.

4. Спец. Тоўсты, масіўны (слой, пласт). Тут адразу ж пачынаўся магутны пласт чырвонай гліны. Штыхаў.

5. Спец. Які мае вялікую магутнасць (у 3 знач.). Магутная турбіна.

•••

Магутная кучка гл. кучка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Пла́ўкі1 (пла́вкый) ’пакаты, спадзісты’ (драг., Клім.; в.-дзв., даўг., Сл. ПЗБ), ’пакаты (аб страсе)’ (ЛА, 4), укр. плавки́й, рус. арханг., кур. пла́вкий ’плаўны’. Адназоўнікавае ўтварэнне з суф. ‑к‑i са значэннем ’мае ў сабе тое, што названа ўтваральным словам’ ад *plavъ, параўн. польск. pław — пра цякучую ваду. Спачатку прыметнік меў суф. ‑ьn‑ъ*plavьnъ: пла́ўны ’пакаты (аб страсе)’ (полац., чэш., круп., чавус., ЛА, 4), плы́ўны ’тс’ (барыс., тамсама), пла́ўны ’павольны, без ветру (пра дождж)’ (Сл. ПЗБ), пазней у некаторых дыялектах адбылася мена суф. ‑ьn‑ъ на больш характэрны ‑ъk‑ъ, як у гнуткі, грузкі, даўкі, коўзкі, мулкі.

Пла́ўкі2 мн. л. ’паплаўкі (з бярозавай кары)’ (рас., навагр., Сл. ПЗБ), рус. прыбалт. плавки́ ’змацаваныя паміж сабой дзве вязкі саломы ці чароту, на якіх дзеці вучацца плаваць’. Семантычнае ўтварэнне ад плаваць, гл. плыць, або з польск. pław, pławik ’паплавок’, ’кавалкі кары, коркі, дрэва, прымацаваныя да аднаго края рыбацкай сеткі’, параўн. аднак яшчэ ст.-рус. плавокъ ’паплавок’ (1608 г.).

Пла́ўкі3 ’кароткія, шчыльныя мужчынскія трусы для плавання’ (ТСБМ). З рус. пла́вки ’тс’.

Пла́ўкі4 ’тлустае сала, якое выдзяляе шмат тлушчу’ (пін., стол., ЛА, 4), пло́вкэ (сало) ’тс’ (стол., тамсама), пла́ўкі ’багаты тлушчам’ (ТС), ’слізкі’, ’слабкі (нітка, вяроўка)’ (Сл. ПЗБ); плаўкі́ ’слізкі, гладкі’ (саліг., Нар. словатв.), пла́вко ’гладка, лёгка’ (ТС). Укр. плавки́й ’роўны, гладкі, слізкі’, рус. валаг. пла́вкий ’які лёгка плыве’. Да пла́віць, якое з плыць, плы́сці (гл.). Семантыка развівалася ў напрамку: ’здольны плавіцца’ > ’багаты тлушчам’ > ’слізкі, гладкі’.

Пла́ўкі5 ’жоўты плывунец, Utricularia L. (?)’ (Сцяшк. Сл.). Да пла́ваць < плыць, плы́сці (гл.). Расліны не маюць каранёў і нібыта “плаваюць” у стаячых водах зарослых вадаёмаў і балот.

Плаўкі́ ’раска, Lemna minor L.’ (лельч., ЛА, 1). Да пла́ваць < плыць, плысці (гл.). Матывацыя: плоскія лісткі “плаваюць” — знаходзяцца на паверхні стаячых ці павольна плывучых вод. Параўн. іншыя роднасныя назвы раскі: в.-дзв. плаў, бабр. пла́ўня, саліг. плавунец, слон. плаву́чка, плаву́шка, круп. пуплаве́нь (тамсама). Знаходжанне раскі на паверхні вады атаясамлівае яе з паплаўком — гл. пла́ўкі2. Значэнне ’майнік’ (ТС), відаць, вызначана недакладна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)