прытачы́ць 1, ‑тачу, ‑точыш, ‑точыць; зак., што.

Выточваючы, абточваючы, прыгнаць, прыладзіць да чаго‑н. Прытачыць дэталь.

прытачы́ць 2, ‑тачу, ‑точыш, ‑точыць; зак., што.

1. У кравецкай і шавецкай справе — прышыць дадаткова, надтачыць.

2. Разм. Дадаць частку, кавалак, паласу і пад., каб пабольшыць, нарасціць што‑н. І хочацца сенажаці, і няма яе, дзе ўзяць, адкуль прытачыць паласу, другую. Барашка. Прырода патрабуе ад таго, хто ўзяўся яе папраўляць, каб ён рабіў гэта з толкам, каб, як кажуць, у адным месцы адрэзаў, а ў другім прытачыў... Сачанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

слу́жка, ‑і, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑жцы, Т ‑ай (‑аю), ж.

1. м. і ж. Работнік (работніца), слуга. Ішлі, нябожчыка хвалілі, Як чалавека й служку князя, Як і вядзецца ў такім разе. Колас. Хлопцы вы з вусамі, Гаспадарцы самі; Не шукайце служкі Папраўляць падушкі. Пысін. Што цяпер рабіць са служкам? Дзе яго надзець? Чарнышэвіч. Хто ж суніме гора служкі, З кім жа ёй пагаварыць? Броўка.

2. м. Слуга ў манастыры, царкве або пры архірэю. Манастырскі служка. Архірэйскі служка. Будучы строгім рэалістам, пісьменнік не адмаўляе станоўчых рыс, уласцівых і некаторым служкам царквы. Навуменка. // Слуга ў сінагозе.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сюд-ту́д, прысл.

Разм.

1. Раз-пораз, вельмі часта. Шэрая вязаная хустка з пушком абдымала яе плечы. Жанчына сюд-туд папраўляла хустку, нацягваючы яе ўверх. Пестрак. Гарасім сюд-туд кідаў вокам на маю работу. Якімовіч.

2. Узад і ўперад, з аднаго боку ў другі. Мы з рэдактарам шпацыравалі сюд-туд па калідоры. Сабаленка. На досвітку цягач з важкім трохвугольнікам двойчы прайшоў сюд-туд і прабіў дарогу з аэрадрома ў Міхалі. Алешка. // З аднаго месца ў другое. Я хацеў зноў прылегчы і пачаў папраўляць ватоўку. «Дзе ж рэчавы мяшок?» — махнуў я рукою сюд-туд. Няма. С. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пра́витьII несов.

1. (исправлять ошибки) пра́віць, папраўля́ць, выпраўля́ць;

2. (вправлять вывихнутое) прост. упраўля́ць;

3. (выпрямлять) спец. выпро́стваць, выраўно́ўваць;

4. (бритву) напраўля́ць, наво́дзіць; (точить) вастры́ць;

5. (совершать, отправлять) уст. пра́віць; (тризну и т. п.) спраўля́ць.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

Пра́віць1 ’маючы ўладу ў сваіх руках, кіраваць чым-небудзь’, ’адпраўляць імшу’ (ТСБМ, Мік.), ’кіраваць (лейцамі)’ (Сл. рэг. лекс.), ’выконваць, рабіць’: правіць гаспадарку (Байк. і Некр.), ’рамантаваць, папраўляць (недахопы, памылкі)’ (ашм., Стан.; Гарэц.). Рус. пра́вить ’кіраваць; выпраўляць; адпраўляць царкоўную службу’, укр. правити ’рабіць, выконваць, выпраўляць; адпраўляць царкоўную службу’, ст.-рус. правити ’кіраваць; выконваць; адпраўляць (імшу)’, польск. prawić ’адпраўляць (імшу)’, серб.-харв. пра̀вити ’рабіць; ствараць’, балг. пра́вя ’рабіць’, макед. прави. Прасл. *praviti < pravъ (гл. правы) (Махэк₂, 481).

Пра́віць2 ’гаварыць’ (Шат.; воран., астрав., віл., беласт., драг., Сл. ПЗБ, Сл. Брэс.; паст., ДАБМ, камент., 916), ’сцвярджаць, паўтараць адно і тое ж’ (ашм., Стан.). Польск. prawić ’тс’; у гэтым значэнні дзеяслоў вядомы яшчэ ў чэш. (praviti), славац. (vypávať, rozprávať) і славен. (praviti). Брукнер (435) выводзіць з правіць1, але Махэк₂ (481) аддзяляе яго ад правіць1, таму што не бачыць семантычнай сувязі паміж імі і параўновае з хец. palvāi ’тс’. Няпэўна. Хутчэй за ўсё. ад *pravъ (гл. правы ў другасным значэнні ’які мае рацыю; правільны’), параўн. сваё правіць ’даводзіць сваю рацыю’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

закруці́ць 1, ‑кручу, ‑круціш, ‑круціць; зак., каго-што.

1. Скруціць; завіць. Закруціць дрот. Закруціць вусы. □ Пані Авяліна пачала папраўляць валасы, каб закруціць на скронях і ля вушэй завітушкі. Бажко. // Загнуць, заламаць. Хтосьці схапіў Юрку за рукі і закруціў іх назад. Курто. // Замацаваць, завязаць (дротам і пад.). Коля стаяў і чакаў, покуль Крамарэвіч закруціў дротам сенцы. Чорны.

2. Абматаць вакол чаго‑н. Закруціць на шыю шалік. Закруціць хустку на галаву.

3. Загарнуць у што‑н., абматаць чым‑н. [Шура] закруціла ў коўдру дзіця, узяла на рукі, выйшла на вуліцу. Арабей.

4. Круцячы, зашрубаваць. Закруціць гайкі. // Павярнуўшы, перакрыць. Закруціць кран.

5. Разм. Моцна захапіўшы, стаміць. — Закруціла мяне любоў з гэтай Лёлькай, месца сабе не знайду. Быкаў.

•••

Закруціць гайку (гайкі) — тое, што і падкруціць гайку (гайкі) (гл. падкруціць).

Закруціць галаву каму — а) выклікаць пачуццё кахання да сябе; б) стаміўшы чым‑н., збіць з толку.

закруці́ць 2, ‑кручу, ‑круціш, ‑круціць; зак.

Разм. Пачаць круціць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ла́дзіць, ладжу, ладзіш, ладзіць; заг. ладзь; незак.

1. што. Папраўляць, рабіць зноў прыгодным для карыстання; рамантаваць. Нізка прыгнуўшы спіну, .. Гарась ладзіў паламаны ўчора гармонік. Каваль. [У кузні] прыемна пахла гарэлым вугалем і заўсёды шмат было людзей, якія прыязджалі ладзіць калёсы, губіць сярпы, каваць коней. Хведаровіч. Стрэхі гнілыя, і, каб не ліўся .. дождж, малінаўцы кожную восень ладзілі іх і засыпалі кастрыцай. Чарнышэвіч. // Настройваць музычны інструмент. А музыкі ў гулкай зале Ладзяць скрыпкі і цымбалы. Бядуля.

2. што. Разм. Рабіць, ствараць; будаваць. Працоўны сам закон тут піша І сам свой ладзіць дабрабыт. Колас. У хлопца ўжо і гады такія, што трэба прыбівацца да пары і ладзіць сталае жыццё на ўвесь век. Сабаленка. // Арганізоўваць; спраўляць. Я люблю глядзець, як зранку, Абудзіўшы ўсе куткі, Ладзяць гульні хлапчукі. Кірэенка. Хлопец з дзяўчынаю ўжо заручыны згулялі і збіраліся вяселле ладзіць. Гурскі.

3. Жыць у згодзе, міры. Анціпаў быў сумленны камуніст, умеў ладзіць з людзьмі. Хадкевіч. З навукай хлопец штось не ладзіў. Колас.

4. Разм. Рабіць што‑н. зладжана, раўнамерна; трапляць у агульны тон. Ладзіць у такт песні.

5. Разм. Лавіць зручны момант, імкнуцца зрабіць што‑н. Так і ладзіць сустрэцца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пра́віць, праўлю, правіш, правіць; незак.

1. кім-чым і без дап. Маючы ўладу ў сваіх руках, кіраваць кім‑, чым‑н. Ды і паглядзець яшчэ трэба, які з таго Міканора гаспадар выйдзе, каб правіць такой сям’ёй! Мележ. // Накіроўваць чыю‑н. дзейнасць; кіраваць чым‑н. Дарогі! Якія б вы Радасныя тут былі, Калі б не пралеглі праз джунглі, Дзе ўсім правіць бізнес. Танк.

2. кім-чым і без дап. Накіроўваць каго‑, што‑н. у адпаведным (патрэбным) напрамку; кіраваць. Кузьма сядзеў у перадку і правіў коньмі. Сачанка. Вяртаючыся назад, Сямён Пятровіч толькі правіў вяслом. Капусцін.

3. што і без дап. Служыць, адпраўляць. Правіць малебен. □ Марыю разам з другімі прыгожымі дзяўчатамі з другіх прыходаў пасылалі аднойчы на нейкую ўрачыстую імшу, якую правіў сам папа ў саборы святога Пятра. Лынькоў.

4. што. Спраўляць, праводзіць. Чутно вясны дыханне ўсюды: На сініх далях, на лясах, На дрэвах, што вартуюць шлях, Дзе струны-дроты правяць цуды. Колас. Грамада вясёлых камсамольцаў правіць свой бурлівы карнавал. Дудар.

5. што. Рамантаваць, папраўляць, рапараваць. Дзядзька сядзіць на табурэтцы каля лавы, тварам да сцяны, і правіць хамут. Брыль.

6. што. Выпраўляць памылкі ў чым‑н. Ці .. [Заранік] вычытваў гранкі, ці правіў заметкі і артыкулы для здачы ў набор, ніяк не мог забыцца на пісьмы, паказаныя рэдактарам. Хадкевіч.

7. што. Тачыць, вастрыць. Правіць брытву.

•••

Сваё права правіць — настойваць на сваім.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ухапі́цца, ухаплюся, ухопішся, ухопіцца; зак.

1. Паспешна схапіцца, моцна ўзяцца за каго‑, што‑н.; учапіцца. Янка ўхапіўся за нос лодкі і падцягнуў яе так, каб можна было зручна апынуцца ў ёй. Колас. Нешта незразумелае рабілася з Краўчанкам. Ён да болю моцна ўхапіўся пальцамі за ручку крэсла. Мікуліч. // Заняцца якой‑н. справай. [Арына Антонаўна:] — І як табе не сорам, стары? Тут госці, а ты за газету ўхапіўся. Нясі настойку. М. Ткачоў.

2. перан. Пачаць хутка, адразу рабіць што‑н.; прыняцца за што‑н. Пакуль мы прыехалі, пушча ўжо гаманіла звонам піл і стукам сякер. Мы прывязалі Арла на ўзлеску, падкінулі яму сена і таксама ўхапіліся за работу. Якімовіч. Ад ветру, ці ад пытання камандзіра палка.. [Кацярына Васільеўна] адразу пачырванела. Ухапілася папраўляць валасы, што выехалі з-пад вушанкі. Алешка.

3. перан. Праявіць асобую цікавасць да каго‑, чаго‑н., гатоўнасць выкарыстаць каго‑, што‑н. у сваіх інтарэсах. «А чаму б табе не заехаць на дзень-два да мяне?» — нарадзілася ў.. [Паходні] думка, і ён ухапіўся за яе, як за шчаслівую знаходку, нават настрой пасвятлеў. Хадкевіч. Цімох Будзік.. запыніў на сабе Саўкавы думкі. За Цімоха Будзіка ўхапіўся ён цяпер, як хапаецца за купіну сярод дрыгвы чалавек, страціўшы пад нагамі грунт. Колас.

•••

Абедзвюма рукамі ўхапіцца за каго-што — з вялікай ахвотай згадзіцца з якой‑н. прапановай, з радасцю выкарыстаць каго‑, што‑н.

Ухапіцца за розум — адумацца, абразуміцца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

калаці́ць, калачу, калоціш, калоціць; незак., каго-што.

1. Выклікаць дрыжанне чаго‑н.; хістаць, трэсці. Вецер з поўначы дзьме зухавата І калоціць дубы навакол. Астрэйка. Мікола ішоў па вуліцах шпаркімі крокамі, ён не прыслухоўваўся да тых выбухаў, якія ўжо калацілі горад. Якімовіч. / у безас. ужыв. Лінейку моцна трэсла і калаціла па разбітым бруку, і Іліко трымаўся за жалезную парэнчу з усяе моцы. Самуйлёнак. // Трасучы дрэва, выклікаць ападанне пладоў. Калаціць яблыкі.

2. Выклікаць дрыжыкі, азноб (пра холад, ліхаманку, страх і пад.). Салдаты бялелі ад страху, у спякотны летні дзень многіх пачала калаціць ліхаманка. Шамякін. Барыс адступае, і ўраз холад і гарачыня пачынае калаціць яго цела. Мікуліч. / у безас. ужыв. [Надзю] калаціла і ад холаду, і ад жудасці, і ад нецярплівасці. Бураўкін. // перан. Пазбаўляць ранейшага спакою, выклікаць змены. Рэвалюцыйныя буры калоцяць вёску, усё — і маёмасць, і жыццё — ставіць селянін на карту, абы здабыць волю. Кучар.

3. Разм. Рабіць вобыск, допыты, выклікаючы страх, трывогу. Расказала [бабка] і пра стажок і пра дзедаву бяду, пра ўварванне ў хату сярод ночы палякаў. Як іх тады калацілі, як трэслі! Колас.

4. Разм. Узмахваючы, трасучы чым‑н., ачышчаць ад чаго‑н. Калаціць палавікі. // Атрасаць салому на кулі. На хляве пачала аплываць страха — трэба калаціць кулі, папраўляць. Скрыган.

5. Разм. Гатаваць якую‑н. страву, размешваючы калатоўкай. Калаціць зацірку.

6. і без дап. Разм. Часта і моцна стукаць, удараць. [Дзверы] ні з месца, як моцна ні калацілі па іх дзесяткі чалавечых рук. Лынькоў. // Наносіць удары, біць. Надзя з прытворнай злосцю накінулася на .. [Юру], пачала калаціць кулачкамі па спіне. Бураўкін.

•••

Калаціць кішэні — тое, што і трэсці кішэні (гл. трэсці).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)