правіць, праўлю, правіш, правіць; незак.

1. кім-чым і без дап. Маючы ўладу ў сваіх руках, кіраваць кім‑, чым‑н. Ды і паглядзець яшчэ трэба, які з таго Міканора гаспадар выйдзе, каб правіць такой сям’ёй! Мележ. // Накіроўваць чыю‑н. дзейнасць; кіраваць чым‑н. Дарогі! Якія б вы Радасныя тут былі, Калі б не пралеглі праз джунглі, Дзе ўсім правіць бізнес. Танк.

2. кім-чым і без дап. Накіроўваць каго‑, што‑н. у адпаведным (патрэбным) напрамку; кіраваць. Кузьма сядзеў у перадку і правіў коньмі. Сачанка. Вяртаючыся назад, Сямён Пятровіч толькі правіў вяслом. Капусцін.

3. што і без дап. Служыць, адпраўляць. Правіць малебен. ▪ Марыю разам з другімі прыгожымі дзяўчатамі з другіх прыходаў пасылалі аднойчы на нейкую ўрачыстую імшу, якую правіў сам папа ў саборы святога Пятра. Лынькоў.

4. што. Спраўляць, праводзіць. Чутно вясны дыханне ўсюды: На сініх далях, на лясах, На дрэвах, што вартуюць шлях, Дзе струны-дроты правяць цуды. Колас. Грамада вясёлых камсамольцаў правіць свой бурлівы карнавал. Дудар.

5. што. Рамантаваць, папраўляць, рапараваць. Дзядзька сядзіць на табурэтцы каля лавы, тварам да сцяны, і правіць хамут. Брыль.

6. што. Выпраўляць памылкі ў чым‑н. Ці .. [Заранік] вычытваў гранкі, ці правіў заметкі і артыкулы для здачы ў набор, ніяк не мог забыцца на пісьмы, паказаныя рэдактарам. Хадкевіч.

7. што. Тачыць, вастрыць. Правіць брытву.

•••

Сваё права правіць — настойваць на сваім.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)