закруці́ць 1, ‑кручу, ‑круціш, ‑круціць; зак., каго-што.
1. Скруціць; завіць. Закруціць дрот. Закруціць вусы. □ Пані Авяліна пачала папраўляць валасы, каб закруціць на скронях і ля вушэй завітушкі. Бажко. // Загнуць, заламаць. Хтосьці схапіў Юрку за рукі і закруціў іх назад. Курто. // Замацаваць, завязаць (дротам і пад.). Коля стаяў і чакаў, покуль Крамарэвіч закруціў дротам сенцы. Чорны.
2. Абматаць вакол чаго‑н. Закруціць на шыю шалік. Закруціць хустку на галаву.
3. Загарнуць у што‑н., абматаць чым‑н. [Шура] закруціла ў коўдру дзіця, узяла на рукі, выйшла на вуліцу. Арабей.
4. Круцячы, зашрубаваць. Закруціць гайкі. // Павярнуўшы, перакрыць. Закруціць кран.
5. Разм. Моцна захапіўшы, стаміць. — Закруціла мяне любоў з гэтай Лёлькай, месца сабе не знайду. Быкаў.
•••
Закруціць гайку (гайкі) — тое, што і падкруціць гайку (гайкі) (гл. падкруціць).
Закруціць галаву каму — а) выклікаць пачуццё кахання да сябе; б) стаміўшы чым‑н., збіць з толку.
закруці́ць 2, ‑кручу, ‑круціш, ‑круціць; зак.
Разм. Пачаць круціць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)