уба́віць, убаўлю, убавіш, убавіць; зак.

1. што і чаго. Зменшыць, паменшыць што‑н. (памеры, аб’ём, колькасць і пад.). Убавіць выдаткі. Убавіць цану. Убавіць веку. □ І пасля вайны бярозы не ўбавілі соку. Грамовіч. // Зменшыць, аслабіць сілу чаго‑н. (дзеяння, стану і пад.). Убавіць крок. □ Ні акладу [Купчыну] не знізілі, ні гонару не ўбавілі, прызначыўшы майстрам. Мыслівец.

2. што і без дап. Устараніць, адкінуць што‑н., змяншаючы, скарачаючы (памеры, аб’ём, колькасць і пад.). [Мая:] Гісторыя, Васілій Паўловіч, што тая песня: не ўбавіш, не прыбавіш, як кажуць. Губарэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адня́ць, ‑німу, ‑німеш, ‑німе і (радзей) адыму, адымеш, адыме; пр. адняў, ‑няла, ‑няло; заг. аднімі і (радзей) адымі; зак., каго-што.

1. Раз’яднаць з чым‑н., аддзяліць ад чаго‑н. Рыгор паспешна супыніў станок і адняў разец. Гартны. // Адрэзаць, ампутаваць (канечнасць або частку яе). Адняць нагу.

2. што ад чаго. Паменшыць лік на некалькі адзінак. Ад пятнаццаці адняць сем.

3. безас. Паралізаваць, пазбавіць здольнасці гаварыць, рухацца і пад. Мову адняло. Ногі адняло.

4. Прымусіць патраціць што‑н. (час, сілы і пад.). Вячэра адняла больш за гадзіну.

5. Спыніць кармленне малаком маці; адвучыць ссаць грудзі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пані́зіць, ‑ніжу, ‑нізіш, ‑нізіць; зак., каго-што.

1. Зрабіць больш нізкім, меншым па вышыні. Панізіць ўзровень вады.

2. Паменшыць ступень, узровень, інтэнсіўнасць і пад. чаго‑н. Панізіць ціск. Панізіць цэны. // Пагоршыць, аслабіць. Панізіць якасць прадукцыі.

3. Зрабіць больш ціхім (голас, гук і пад.). Лясніцкі памаўчаў, аглянуўся навокал і панізіў голас. Шамякін. // Набыць больш нізкае гучанне. Вось гармонік панізіў тон, і ў марозную цішыню ўрэзаўся тонкі дзявочы голас. Шашкоў.

4. Перавесці на больш нізкую пасаду. Аднаго і другога [афіцэраў] панізілі на рабоце. М. Ткачоў. — На той час мяне, праўда, трошкі панізілі. На райпрамкамбінат кінулі. Ракітны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уба́вить сов.

1. уба́віць, зба́віць; (уменьшить) зме́ншыць, паме́ншыць; (отбавить) уба́віць, адба́віць;

уба́вить це́ну уба́віць (зба́віць) цану́;

уба́вить ско́рость зме́ншыць ху́ткасць;

уба́вить ма́сла уба́віць (адба́віць) ма́сла;

уба́вить спе́си зба́віць ганары́стасці (фанабэ́рыстасці, пы́хі);

2. (сделать у́же или короче) паву́зіць, пакараці́ць;

3. (в весе) паме́ншаць, зме́ншыцца, уба́віцца, убы́ць;

больна́я уба́вила в ве́се хво́рая убыла́ ў вазе́;

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

урэ́заць, -э́жу, -э́жаш, -э́жа; -э́ж; -э́заны; зак.

1. што. Адрэзаўшы частку, укараціць, паменшыць.

У. крысо.

2. перан., што. Зменшыць, убавіць; абмежаваць.

У. расходы.

У. паўнамоцтвы.

3. што ў што. Уставіць у выразанае месца.

У. замок у дзверы.

4. што і чаго (пераважна з адмоўем). З цяжкасцю адрэзаць (што-н. надта цвёрдае; разм.).

Мяса такое мёрзлае, што не ў.

5. што і чаго. Адрэзаць, нарэзаць невялікую колькасць чаго-н. (разм.).

У. вяндліны.

У. сечкі карове.

6. перан., што і без дап. Нечакана і гучна заіграць, заспяваць (разм.).

У. польку.

7. каму, па чым і без дап. Моцна ўдарыць, пабіць, збіць (разм.).

У. па твары.

Так урэзалі яму, што і з ног зваліўся.

8. што і без дап. Сказаць прама і рэзка, заявіць што-н. (разм.).

У. праўду.

|| незак. ураза́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е (да 1—3 знач.) і урэ́зваць, -аю, -аеш, -ае (да 1—3 знач.).

|| наз. ураза́нне, -я, н. (да 1—3 знач.), урэ́званне, -я, н. (да 1—3 знач.) і урэ́зка, -і, ДМ -зцы, ж. (да 1—3 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

згарну́ць, згарну, згорнеш, згорне; зак., каго-што.

1. Скласці, скруціць што‑н., загінаючы краі. [Жанчына] згарнула хустку, у якую было загорнута дзіця, і, узяўшы яе, як бяруць дзяцей, хутка пайшла па дарозе назад. Шамякін. Сяброўкі згарнулі ватнік у скрутак і параілі аднесці яго ціхенька дамоў. Машара. // Загарнуць, закрыць. Згарнуць газету. □ Аліна згарнула кніжку. Кулакоўскі.

2. Разм. Зрабіць што‑н. скручваннем. [Якаў] выняў партабак, згарнуў папяросу і падаў партабак брату. Чарнышэвіч. Многія падаюць Стрыжаку капшукі з тытунём, але той паказвае, што сам згарнуць не можа — рукі звязаны. Вітка.

3. Зграбаючы, сабраць у адно месца. Згарнуць збожжа ў кучу. □ Адразу ж захліпнуўся і сціхнуў гармонік, гулякі згарнулі ў кучу сваё даміно, заціх гоман. Краўчанка.

4. перан. Паменшыць, скараціць (у колькасці, памерах, працягласці і пад.). Згарнуць будаўніцтва. // Часова скараціць або спыніць дзейнасць чаго‑н. Згарнуць прадпрыемства.

5. Склаўшы, надаць якое‑н. становішча (рукам). Ксавэр згарнуў рукі і стаў над Адамам. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сці́шыць, ‑шу, ‑шыш, ‑шыць; зак., каго-што.

1. Зрабіць больш павольным (рух, ход і пад.). Цягнік сцішыў ход. Неўзабаве спыніўся. Адамчык. Сцішыў [чалавек] крок, назад, глядзіць. Не, нікога ў полі. Прыходзька. // Затрымаць, прыцішыць каго‑, што‑н. Сава сцішыў каня на мерную рысь. Пестрак. Амелька сцішыў свой матацыкл. Якімовіч.

2. Супакоіць, рассеяць хваляванне і пад. [Костусь] сцішыў Галену. Яна пакінула плакаць. Чорны. // Прымусіць або ўгаварыць каго‑н. перастаць крычаць, шумець і пад. Дарэмна Грыбок спалохана спрабаваў сцішыць людзей — гоман, крыкі, абурэнне, злосць, смех віравалі ў хаце. Мележ. // Вымусіць спыніць якія‑н. дзеянні, учынкі; уціхамірыць каго‑н. [Зэня да Нахлябіча:] — Калі вы не пакінеце ўсяго гэтага, дык ведаеце што? Тады вас трэба будзе сцішыць. Чорны.

3. Паменшыць у сіле, аслабіць; зрабіць менш адчувальным. Сцішыць боль. □ Гэта толькі ў хаце здавалася, што мяцеліца сцішыла сваю гульню. Кандрусевіч. Хлопцы сцішылі гаворку. Гартны. // Аслабіць або прыглушыць якія‑н. пачуцці. Сцішыць гнеў. □ Апошняя акалічнасць нечакана сцішыла смутак Арцёма Іванавіча. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

заці́снуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак., каго-што.

1. Абхапіўшы з усіх бакоў, затрымаць дзе‑н., у чым‑н.; зашчаміць. Заціснуў дзед стрэльбу між ног, адрэзаў гамёлку хлеба і сала і сілкуецца. Колас. Малая рука пацягнулася недаверліва, узяла і заціснула ў жмені старую, ужо не хрусткую паперку. Брыль. // перан. Шчыльна акружыўшы, не даць дзейнічаць. [Звяно Сцяпанава] заціснула двух варожых знішчальнікаў, гнала іх наўскасяк ад возера. Алешка.

2. Сціснуўшы, прыціснуўшы чым‑н., шчыльна заткнуць (адтуліну). Заціснуць вушы далонямі. Заціснуць рану тампонам.

3. Сціснуўшы, паменшыць у аб’ёме; зрабіць больш тугім. Андрэй склаў трасянку ў рэзгіны, заціснуў яе. Чарнышэвіч. Сонечка прыгладзіла валасы, падправіла іх пад хустку і тужэй заціснула вузел пад барадою. Пестрак.

4. Разм. Ціскаючы, змучыць; прыдушыць. Заціснуць у натоўпе. // перан. Паставіць у крайне цяжкія абставіны; задушыць. Хай жа вам так не здаецца, Што бяда ўжо і зацісне. Знайце, ліха ператрэцца, І маланкай доля блісне. Купала.

5. перан. Перашкодзіць развіццю, праяўленню чаго‑н. Заціснуць крытыку. Заціснуць ініцыятыву.

•••

Заціснуць рот каму — прымусіць замаўчаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

злажы́ць, злажу, зложыш, зложыць; зак., каго-што.

1. Палажыць многія прадметы разам у адно месца; палажыць у пэўным парадку, прыдаўшы пэўную форму, від. Злажыць дровы. Злажыць бярвенне штабялямі. Злажыць сена ў стог. // Сабраўшы, змясціць у што‑н. Злажыць рэчы ў скрыню. // Разм. Падрыхтаваць рэчы ў дарогу, паклаўшы ў што‑н. Злажыць чамадан. Злажыць партфель.

2. Перагнуўшы, скруціўшы, надаць новую форму, паменшыць у аб’ёме. Злажыць газету. □ Садраў [дзед] з воўка скуру, вымыў у снезе рукі,.. злажыў скуру, закінуў яе на плячо. Колас.

3. Пабудаваць, зрабіць шляхам кладкі, рубкі ​1. Злажыць печ. Злажыць зруб.

4. Скласці, стварыць (песню, верш і пад.). Шмат злажылі казак, І легенд, і песень Людзі пра балота, Пра сваё Палессе. Купала.

5. Паваліць, палажыць (пра ўсё, многае). Вялізныя жывыя дрэвы ляжалі на зямлі, мясцінамі па некалькі, адно на адным. Шалёны віхор злажыў іх. Сташэўскі.

6. перан. Перакласці віну на каго‑н. — Даўно ж ужо не было.. [кражы] ў Мядзведзічах. Аж з таго часу, як у Марціна Крываношкі пару коней вывелі, ды на пасэсара злажылі. Крапіва.

•••

Злажыць (скласці) галаву (косці) — загінуць у баі, памерці.

Злажыць рукі — перастаць дзейнічаць, працаваць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

супако́іць, ‑кою, ‑коіш, ‑коіць; зак., каго-што.

1. Прывесці каго‑, што‑н. у стан спакою, рассеяць трывогу, непакой, хваляванне і пад. Хтосьці супакоіў .. [дзяўчат], запэўніўшы, што іхнія бацькі жывыя, а не прыехалі па паўстанак таму, што не ведалі, калі прыйдзе эшалон. Хадкевіч. [Дзед:] — Падумаеш хітрасць вялікая — касцам абед наварысты згатаваць. Было б толькі з чаго. — За гэтым не стане, — супакоіў яго Іван Іванавіч. — Выдзелім і мяса, і круп... Даніленка. Але хіба можна супакоіць матчына сэрца, калі трывожныя думкі неадчэпна лезуць у галаву. Пальчэўскі. // Прымусіць весці сябе ціха; прымусіць спыніць шум, размовы. Клас ахнуў зноў, і зноў панна Рузя перакрычала яго, супакоіла. Брыль. Тады ўсе дзяўчаты адно што гарланілі песні... Як разыдуцца, дык да раніцы іх не супакоіш. Няхай. Устаў з свайго месца манументальны Пацяроб і ўладна супакоіў публіку. Зарэцкі.

2. Разм. Узброенай сілай уціхамірыць. Супакоіць паўстанцаў.

3. Паменшыць, змякчыць, зрабіць менш моцным. Супакоіць боль. Супакоіць кашаль. □ [Мірон:] — А вось, калі пачнеш [Віктар] гарачыцца занадта, дык зробім адвар з кораня, каб супакоіць нервы. Маўр. // перан. Аслабіць або прыглушыць якое‑н. пачуццё, перажыванне. Супакоіць рэўнасць.

4. Прывесці ў стан спакою, нерухомасці. Спяшаемся ў казку мы з табою, Праз снежны вір ацішаны ідзём, Дзе вецер завірухі супакоіў — Утаймаваліся, заснулі нават днём. Сіпакоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)