сне́жны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да снегу; які з’яўляецца снегам. Снежныя гурбы. Снежныя хмары. □ Дзе-нідзе трэсне ад марозу галінка, сарвецца снежны ком з яловай лапы, і зноў усё ціха, ціха. Лынькоў. Лес, пакрыты снежнай коўдрай, стаяў маўклівы, задумлівы... Шамякін. З галінак асыпаўся бліскучы снежны пыл. Шыцік. // Зроблены з снегу, у снезе, на снезе. Снежны домік. Снежная нара. Снежная дарога.

2. Багаты на снег. Снежная зіма. □ Успамінаюцца марозныя, снежныя ночы, цёплая печ і цягучы голас бабулінай песні. Брыль. Другая палова лютага 1929 года была сцюдзёнай і снежнай. Машара.

3. Пакрыты снегам. Снежнае поле. Снежныя горы. □ Снежная паляна, Снег блішчыць ў імгле. Бядуля.

4. Падобны на снег (колерам, выглядам). Снежнае палатно. Снежныя зубы. □ Снежная белізна была такой яркай, што ажно балюча стала вачам. Шахавец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Пульвына́ ’мясцовасць на ўсход ад Камянца і Брэста ў бок Пінска, дзе мала лесу і балот, многа палёў’ (кам., ЖНС). З фанетычна змененага *полевина ад поле (гл.), параўн. назву людзей з гэтых мясцовасцей — полюхи ’палевікі’ (Клімчук, там жа). Аднак польск. pólwy (pulwy) ’затопленыя нізіны’, гідронім Пульва (назва рэчкі, што ўпадае ў Буг), нямецкія (з Прусіі) і балтыйскія паралелі дазваляюць бачыць тут заходнебалтыйскі ўплыў, параўн. Непакупны (Связи, 142–144): суадносіць з прус. Palwe ’пустка, зарослая нізкарослым хмызняком’, збліжэнне з поле лічыць другасным. Лаўчутэ (Балтизмы, 126) звязвае з літ. palves ’марошка; ягада, якая расце ў забалочаных мясцінах’, palios ’вялікія балоты’, лат. pali ’забалочаны бераг возера’, што малаверагодна. Бяднарчук (ABSl, 9, 51) адносіць балтыйскія формы да уграфінізмаў, параўн. карэл. palvi ’населеная мясцовасць’, эст. paluпаляна, лес на пясчанай глебе; зарослая кустамі раўніна’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Галіна́ (БРС, Шат.). Параўн. у Насовіча голина ’галіна дрэва, асабліва без лісця’. Утварэнне суфіксам *‑ina ад *golъ ’голы’ (параўн. адносна семантыкі галлё, гл.). Форма *golina са значэннем ’галіна, галінка’, здаецца, толькі беларуская. У рус. гаворках голина́ — гэта ’голае месца, голая зямля’, ’аўчына са збрытай шэрсцю, на якой вышываюць’ (гл. СРНГ), ва ўкр. мове голина́ ’адборны зерневы хлеб, акрамя аўса’ (Грынч.). Таму можна лічыць бел. галіна́ самастойным утварэннем, пашыраным толькі на бел. тэрыторыі.

Га́ліна ’асобная паляна ў лесе, асобная чыстая прастора сярод кустоў’ (Цэнтр. і Усх. Палессе) (Яшкін). Падрабязна аб гэтай групе слоў, зыходным для якіх з’яўляецца *galo, *galь з цэнтрам пашырэння ў Палессі, гл. Талстой, Геогр., 104–110. Зыходным для гэтага геаграфічнага тэрміна трэба лічыць прасл. *golъ ’голы’ (*gal‑, *gol‑ — гэта старое чаргаванне галосных, яшчэ з праславянскай эпохі). Такім чынам, першаснае значэнне слова было ’адкрытая, незарослая, голая мясціна’. Магчыма, сюды адносіцца і га́лка ’месца паміж кустамі, дае расце трава’ (Яшкін), але гэта не зусім надзейна, таму што корань *gal‑ аб’яднаў, здаецца, зусім не роднасныя па паходжанню словы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лаз ’лясная сцежка’ (Бяд.), ’улюбёнае месца пераходу звера’ (Сцяшк., Інстр. 2), ’праход у сцяне, у плоце’ (Гарэц.), ’уваход у яму, склеп’ (Інстр. 2, Сцяшк., ТСБМ), паст. ’адтуліна ў столі для праходу на гару’, лазы ’дзверцы ў склепе’ (Сл. паўн.-зах.), лазам лазіць ’настойліва лезці’ (Шат.). Укр. лаз ’лясны праход звяроў’, ’лясная паляна’, ’расчышчаеце месца ў горным лесе для агарода’, ’пралаз’, гуц. ’луг’, лемк. u̯azy ’зарослыя кустамі лугі’, рус. лаз ’сцежка лясных звяроў’, ’лясная сцежка’, лазы́ ’пралаз’, ла́зи́на ’ляды’, польск. łaz, łazy ’ляды’, н.-луж. łaz, łazy ’тс’, чэш. láz, laz ’тс’, ’поле ля лесу’, славац. laz, lazy ’ляды на склонах гор’, ’хутары на лядах’, славен. lȃz, серб.-харв. ла̏з, ла̑з, макед. лаз ’просека’, ’ляда’. Прасл. lazъ ’ляда’. Ад laziti > лазіць (гл.). Падрабязней гл. Фасмер, 2, 448–9; Слаўскі, 5, 56–60; Куркіна (Этимология–1968, 93), Сэндзік, Term roln., 66–68, 100–105. Кабылянскі (Мовознавство, 6, 1981, 46) памылкова адносіць лаз да ліку славянскіх балкана-карпатызмаў, параўноўваючы яго з рум. laz ’цаліна, расчышчанае месца для раллі’, lăzuíre ’расцяроб (лесу)’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Майда́н1 ’плошча, дзе збіраюцца сходы, адбываюцца кірмашы’, ’вялікі двор або пляц (у маёнтку)’ (ТСБМ, Булг., Сцяшк.; Сл. ПЗБ; палес., Нар. сл., ТС), ’пастаўнік у полі’, ’прыбудоўка да хлява’, ’загарадзь для свіней, цялят перад хлявом’ (бяроз., Шатал., зах.-палес., Нар. сл.; брэсц., ДАБМ, к. 232), ’вялікі ўчастак ворнай зямлі’ (Бір.; нясв., Яшк.; мазыр., З нар. сл.), ’шырокая прастора, вялікае гала’ (стол., Яшк.; іван., усх.-палес., Нар. сл.), ’смалакурня, месца, дзе былі прамысловыя збудаванні лясных або рыбных промыслаў, дзе выганялі дзёгаць, выпальвалі кавальскі вугаль’, ’яма, дзе гналі смалу’, ’яма для дзёгцю’ (Бяльк., Маш.; стол., бых., Рам. 3; слаўг., Яшк., Растарг.; гродз., мін., Яшк.; Сл. ПЗБ). Укр. майда́н ’плошча’, ’лясная паляна’; ’смалакурня’, рус. майда́н ’плошча, месца сходак’, ст.-рус. маидан ’базарная плошча’, польск. majdan ’плошча ў лагеры для кірмашоў і нарад, акружаны палаткамі’, ’базар’, ’смалакурня’. Бел. лексема запазычана хутчэй за ўсё праз укр. мову з крым.-тат. mäidan, тур. meydan, якія паходзяць з араб. majdān (Фасмер, 2, 559; Радлаў, 4, 1990, 2069; Бернекер, 2, 6; Брукнер, 318).

Майда́н2 ’зарослы хмызняком роў’ (Бяльк.), рус. майда́н ’прасека ў лесе на высокім месцы’ складаюць адзін арэал. Да майда́н1 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

мясці́на, ‑ы, ж.

1. Пэўная частка, участак якой‑н. тэрыторыі. Уперадзе, на высокай лясной мясціне, паказалася прасторная круглая паляна. М. Ткачоў. У лесе кожная мясціна — Лужок, палянка, баравіна — Асобны твар і выраз мае. Колас. Мясціна была нізкаватая, па абодва бакі рос аер, пракідаліся лазовыя кусты. Лобан. // Прастора, выдзеленая, прызначаная для чаго‑н. Непадалёк ад клуба хлопцы аблюбавалі добрую мясціну для футбольнага поля. Дадзіёмаў. Сцёпка стаў разглядацца, дзе б выбраць лепшую мясціну для адпачынку. Колас.

2. звычайна мн. (мясці́ны, ‑цін). Якая‑н. мясцовасць. Балоцістыя мясціны. Партызанскія мясціны. Глухія мясціны. □ Мясціны вакол прыгожыя: густы хваёвы лес, яшчэ не крануты блізкасцю горада, абрывістыя ўзгоркі. Шыцік. // Край, раён, акруга. Пласкадонка, якая і ў гэтых мясцінах называецца чайкай, ад рання стаяла ў ціхай завадзі Быстранкі, прымкнутая ланцугом да вярбы. Брыль. З тых я мясцін, з тых цяністых абшараў, Дзе спакон веку шумела трысцё. Смагаровіч.

3. Асобны ўчастак, пункт на якім‑н. прадмеце. Над ракою, над балоцістымі мясцінамі лугу збіраўся туман. Шамякін. Калі [Касцевіч] устаў, адчуў, што пячэ мясціна на правай шчацэ — баліць вострым болем. Пестрак.

4. Разм. Тое, што і месца (у 4 знач.). Ф. Скарына ў сваіх прадмовах і заўвагах выдзяляе і падкрэслівае тыя мясціны, дзе ёсць звесткі аб свабодных навуках. С. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ляд1 ’няшчасце, няўдача’ (Булг.). Роднаснае з рус. ляд ’д’ябал, нячысцік, якое выводзяць з ледачий ’шалапутны, нічога не варты’ або з польск. ladaczy (ladacy) ’д’ябал’. Гэта нібыта пацвярджаюць і бел. лядашчыц ’нячысцік’, лядашцік ’злы дух’ (Нас.). Паводле Карскага (Труды, 205), лядъ лічыцца таксама паланізмам, што можна аспрэчваць. Бел. ляд з’яўляецца працягам прасл. паўн. lędъ ’д’ябал’, які названы так паводле яго месцазнаходжання — на лядах, параўн. аналагічна хлеўнік, амшанік, балотнік (Талстой, Геогр., 142–143). Развіццё семантыкі ў адмоўным напрамку, як і ў бел. чартаўшчына ’што-небудзь незразумелае, неверагоднае, недарэчнае’, якое ад чорт. Бел. ляд мае адпаведнікі ў рус. народных гаворках са значэннямі: ’бяда, няшчасце’, ’хвароба, немач’, ’усё ні да чаго не патрэбнае’. Сюды ж маст. ляда ’цяжка’ (Сл. ПЗБ).

Ляд2 ’прагаліна на полі, дзе не ўзышло збожжа або бульба’ (кам., ДАБМ, 957), ’поле на месцы высечанага лесу ці пажарышча’ (пруж., Яшк.). Роднаснае да ляда1 (гл.). Прасл. lęd‑ъ (параўн. рус. валаг., калін. ляд ’нізкае балоцістае месца’, ’сырая паляна’, арханг. ’лядная сістэма земляробства’ ўжывалася разам з lęd‑a і lęd‑o, як і іншыя словы з суфіксамі на ‑nъ (‑na, ‑no) і ‑tъ (‑ta, ‑to), — больш падрабязна гл. Аткупшчыкоў (Из истории, 162, 163).

Ляд3 у назве расліны мышый ляд ’гарошак мышыны, Vicia crassa L.’ (драг., Нар. лекс.). Да ля́да2 (гл.) або да яд (?).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

адступі́ць, ‑ступлю, ‑ступіш, ‑ступіць; зак.

1. Ступіўшы назад, убок, аддаліцца, адысці ад каго‑, чаго‑н. Сяўрук ужо адступіў крыху назад, бо нехта, мусіць знячэўку, разоў два сыпануў яму на ногі мокрай, напалам з глеем зямлі. Кулакоўскі. — Кр-рам-нёў? — усклікнуў Алік і адступіў на крок назад, нібы хацеў лепш разгледзець хлопца. Шашкоў. // перан. Стаць больш аддаленым ад чаго‑н., адсунуцца. Паплылі сіняватыя дымкі, весела затрашчала, разгараючыся, сучча. Паляна нібы пашырылася, цемень адступіла ў бакі. Сіняўскі. // перан. Стаць менш важным, менш значным. Адступіць на задні план.

2. Адысці назад пад націскам праціўніка, пакінуўшы свае ранейшыя пазіцыі. Чые гарматы страляюць, .. [Пракоп] не ведаў, але цяпер ён быў упэўнены, што нашы не адступілі. Якімовіч.

3. перан. Адмовіцца ад сваіх намераў, задум; спасаваць. Тыя ж людзі, што зрабілі.. [шлях], праявіўшы ў працы сапраўдны подзвіг, у другой справе здаліся, адступілі перад значна меншым і цяпер, выходзіць, смяяліся самі з сябе. Ракітны. Я ўжо рашыў дазволіць.. [жанчыне] спатканне, але нешта ўстрымлівала мяне сказаць ёй пра гэта адразу, адразу адступіць перад ёю. Васілевіч.

4. перан. Перастаць прытрымлівацца чаго‑н.; парушыць што‑н. прынятае, устаноўленае. Адступіць ад жыццёвай праўды. Адступіць ад плана.

5. Разм. Паменшыцца; адлегчы; спасці. Нарэшце мароз адступіў — сад дацвітаў. Васілевіч.

6. Пішучы, друкуючы, пакінуць месца ад краю ліста. Адступіць на 2 сантыметры ад краю.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

со́нечны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да сонца (у 1 знач.). Сонечны прамень. Сонечнае цяпло. Сонечная энергія. Сонечнае зацьменне. □ А сосны да неба ўзнімаюць галіны, нібыта вітаючы сонечны ўсход. А. Вольскі. // Які грунтуецца на скарыстанні энергіі Сонца. Сонечны рухавік. Сонечная ванна.

2. Такі, калі свеціць сонца, з сонцам. І калі запахне кропам, тады, здаецца, устае ўваччу сонечная-сонечная раніца, калі трапечуцца кропелькі расы на кветках. Лынькоў. У небе не было ні хмаркі, стаяў ясны сонечны дзень. Гурскі. Надвор’е было сонечнае. Кавалёў.

3. Які асвятляецца сонцам; асветлены сонцам. Сонечная паляна. Сонечны пакой. □ Раніцаю мокры вецер біўся з лесу ў сонечнае акно. Чорны. Над Свіслаччу, Дзе малады барок Вяршалін пікамі блакіт папоркаў, Цвіце нясмелым цветам чабарок, Паслаўшыся на сонечным пагорку. Калачынскі. Пасля цемры і вільгаці, што панавалі ў пячоры, на сонечным беразе было асабліва хораша. Бяганская.

4. перан. Радасны, светлы, шчаслівы. Жывём у сонечнай краіне І будзем жыць у добры час, Дзе праўда ясная не гіне, Дзе праўдзе служыць кожны з нас. Купала. // Які выяўляе радасны настрой. Добрай раніцы, чароўная чарцёжніца з сонечнай усмешкай! Васілёнак.

5. Падобны колерам на сонца; ярка-жоўты. Сонечны колер — след таго, што будынкі яшчэ свежыя, новыя. Скрыган.

•••

Сонечнае спляценне гл. спляценне.

Сонечная сістэма гл. сістэма.

Сонечны гадзіннік гл. гадзіннік.

Сонечны ўдар гл. удар.

Сонечныя плямы гл. пляма.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

блі́снуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак. і аднакр., чым і без дап.

1. Ярка заблішчаць, заззяць (пра сонца, зоркі, агонь і пад.). Бліснула маланка. □ Раптам.. [краўцу] здалося, што каля пільні бліснуў на момант агонь. Чорны. Яшчэ падалі буйныя кроплі, а ў разрыве хмары ўжо бліснула сонца. Карпаў. У далечыні бліснуў прамень пражэктара. Васілёнак. // Заблішчаць, засвяціцца (аб прадметах, у якіх адлюстроўваецца святло). Калі-нікалі блісне серп на сонцы. Бядуля. Час ад часу, гуляючы, выскачыць рыба пад паверхняй вады, блісне серабрыстай луской на сонцы і цяжка плёхнецца назад у ваду. Галавач. Бліснула на тэлеграфных правадах раса. Хомчанка.

2. Паказацца (пра яркія прадметы). Ельнік неўзабаве разбегся і, уся залітая сонцам, бліснула аўсяная паляна. Чорны. Наперадзе бліснула чорнае вока лясною азярка. Навуменка.

3. Зіркнуць (пра імгненны позірк). Твар у Веры змяніўся, вочы бліснулі пакрыўджана і непрыязна. Кулакоўскі. // Прамільгнуць (аб праяўленні якіх‑н. пачуццяў праз характэрны бляск вачэй, выраз твару). Нядобрыя іскаркі бліснулі ў вачах старой. Кірэйчык. У вачах хлопчыка бліснула нянавісць. Гамолка. На твары.. [паненкі] ў першы момант выразна бліснуў спалох, але зараз жа змяніўся на злосць. Зарэцкі. Потым твар.. [Драпезы] паволі пачаў святлець, пакуль на ім не бліснула шчырая ўсмешка захаплення. Паслядовіч.

4. перан. Ярка праявіцца. Калі сапраўдны талент блісне, Яго ніхто ніколі не зацісне. Корбан. // Вызначыцца, вылучыцца чым‑н. Самалюбівы, аматар усякіх маланебяспечных, але гучных спраў,.. [Шуст] заўсёды кідаўся туды, дзе можна было раптам бліснуць перад камандаваннем. Шчарбатаў.

5. перан. Раптам з’явіцца; прамільгнуць. Бліснула думка. □ Надзя слухала мяцеліцу, слухала думы свае, чакала, глядзела, а мо блісне прамень надзеі. Галавач.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)