Пустадо́мак ’бестурботны чалавек, які не дбае пра дом, сям’ю, гаспадарку’ (ТСБМ, Янк. 1, Шат., Жд. 2; ушац., Пан. дыс.), ’член сям’і, які не спрыяе дому, а цягне з яго’ (Варл.), пустадо́мец ’тс’ (Юрч.), пустадо́мка ’нядбайная гаспадыня’ (рагач., Нар. Гом.). Утворана ад пустадо́м ’бестурботны, не дбаючы пра гаспадарку’ (Нас., Бяльк., Касп., Гарэц.), першапачаткова, відаць, кароткі прыметнік на базе спалучэння пусты дом (гл. пусты́), параўн. сучаснае пустадо́мынядбайны, ветраны’: зараз багато маладых пустадомых (ветк., Мат. Гом.), параўн. рус. дыял. пустодо́м, пустодо́мок, пустодо́мник ’тс’, укр. пустодо́мок ’тс’, паралельнае макед. пустокуќникъ (пустокукьникъ) < пуст + куќа ’дом, хата’ (охрыдск., Макед. сб., 15, 59); у такім выпадку прыметнік пустадо́мны (Нас.) — другасны.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Паску́да, паску́дніца, паску́днік, по́скудзь, по́шкудзь ’брыдкі, агідны, несумленны чалавек’, ’неахайны, нядбайны, некультурны; брыдота’ (ТСБМ, Нас., Шат., Шпіл., Др.-Падб.; жытк., Мат. Гом.; КЭС, лаг.), ’бруд’ (Нас.; мазыр., Кар. Мат.), паску́ддзе ’дрэнь, брудныя лахманы’ (Нас.), чэрв. ’насякомыя і гады’ (Сл. ПЗБ), паску́ства, пашку́ства, пашку́цтва ’брыдота’, ’насякомыя і гады’, шчуч. ’хто сябе дрэнна паводзіць’, ігн. ’няяснае насенне’ (Сл. ПЗБ), паску́дны ’агідны, прыкры, благі’, ’непрыгожы, дрэнны’ (ТСБМ, Мал.; КЭС, лаг.; Сл. ПЗБ), паску́дзіць ’пакідаць бруд, псаваць, шкодзіць’ (ТСБМ, Нас., Шпіл., Шат., Касп.), пашкудзіць ’тс’ (гродз., шальч., Сл. ПЗБ). Укр. паску́д(а), паскудник, паскудний, рус. паскуда, паскудный, паскудница ’тс’, арл. паскудый ’бедны, мізэрны’; польск. paskuda, paskudnik, paskudny, paskudztwo, paskudziarz, славац. paskuda, paskudník, paskudný. Утвораны ад па‑ і скудн‑ый ’бедны, мізэрны’ (Праабражэнскі, 2, 20); апошняе ўзыходзіць да прасл. skód‑/skęd‑ (параўн. ашча́дны) (Брукнер, 398; Фасмер, 3, 212 і 661; Ліптак, SlReč, 38 (2), 1973, 127–128).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пустальга́1 ’легкадумны, пустагаловы чалавек’ (Нас., ТСБМ, Др.-Падб., Гарэц., Ян.), ’балбатун’ (Жд. 3), ’асоба з недарэчнай пустой гутаркай’ (Варл.), ’пустадомак’ (клец., Нар. лекс.), ’пустыя размовы’: пустальгу несець (Нас.), ’пустая справа’: ён толькі пустальгой займаецца (ветк., Мат. Гом.), пусто́льганядбайны чалавек, гультай’ (ПСл), ’свавольнае дзіця’ (лун., Шатал.), пустальга́ ’пустагаловы, несур’ёзны чалавек’, параўн. рус. дыял. пустольга́ ’легкадумны чалавек; нешта несур’ёзнае’. Усё да пусты́ (гл.), параўн. Фасмер, 3, 410; незвычайнае заканчэнне слова можна патлумачыць “пеяратыўным ‑l‑ суфіксам” (Бязлай, 3, 138), што выступае ў славен. pustẹ̑la ’пусты чалавек’ і экспрэсіўнай фіналлю ‑га́ (параўн. і рус. дыял. пустольга́, пустерга́, пустерьга́ ’тс’). Зрэшты, знешняе падабенства да харв. pustolegija, pustelegija ’нязносны сельскі хлапчук; авантурыст, разбэшчаны чалавек’, а таксама pustelekati ’сноўдацца’ дапускае і іншыя тлумачэнні.

Пустальга́2 ’пусташ’ (гродз., навагр., бабр., ЛА, 2), пустэ́льга ’пустэча; запушчаны, занядбаны кут’ (Др.-Падб.), рус. дыял. пустельга́ ’неапрацаваная, незасеяная зямля’. Да пусты́ ’неапрацаваны, незагаспадараваны’ (гл.), параўн. серб. пу̀столина ’дзікае месца, пустэча’, якое Сной (516) узводзіць да рэканструяванага *pustol ’тс’; суфіксацыя як у папярэднім слове; для пустэ́льга можна дапусціць азванчэнне суфіксальнага зычнага (пустэ́ля > *пустэлька > пустэ́льга).

Пустальга́3 ’драпежная птушка’ (ТСБМ), ’птушка Falco tinnunculus’: пустальга́ як той каршун (петрык., калінк., рэч., Мат. Гом.), параўн. укр. постильга́, постільга́ ’тс’, рус. пустельга́, пустерга, смал. пу́стольга́ ’тс’, польск. pustułka, pustółka, postołka ’тс’, славац. postolka, pustovka ’тс’, чэш. poštolka ’тс’, славен. postólka, pustólka, pustolȏvka ’тс’, серб.-харв. по̀столка ’тс’. Слова няяснага паходжання. Меркаванні пра славянскае паходжанне звязваюць яго з *pustъ ’пустынны’ (ад месца распаўсюджання) або фармальна атаясамліваюць з пустальга1 і пустальга2 (Фасмер, 3, 410), адсюль і абагуленая форма pustelьga (Копечны, Zákl. zásoba, 349). Банькоўскі (2, 966) для польскай і чэшскай назвы прапануе зыходнае *postola, *postolъka (ад *po‑stl‑a‑ti ’паслаць’) з другаснай адідэацыяй да *pusty ’пусты’, што семантычна цяжка давесці. Прапанаваная Ніканавым (ЭИРЯ, 2, 90–92) версія запазычання з цюркскіх моў (параўн. хакас. постаргай ’жаўранак’, алт. босторкой, нагайск. бозторгъай ’тс’) не тлумачыць заходнеславянскія і паўднёваславянскія формы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ля́лька1, лялечка ’дзіцячая цацка ў выглядзе чалавека’ (Нас., Мядзв., Грыг., Гарэц., Яруш., Др.-Падб., Бяльк., Шат., Касп., Сцяшк., ТСБМ, Сл. ПЗБ, ТС), ’прыгожая, знешне прывабная істота або рэч’ (ТС), ’вельмі выпеставаная, крыкліва апранутая, расфуфыраная жанчына’ (міёр., З нар. сл.), ’бутэлька, у якую насыпаюць жыта і даюць хлопцу (і свату), калі дзяўчына згодна ісці за яго замуж’ (смарг., Сл. ПЗБ); ’зрэнка ў воку’ (лепел., КЭС; саліг., Нар. словатв.; ТС); ля́ля ’дзіця (з дзіцячай мовы), немаўля’ (Нас., Бес.; драг., КЭС), ’купідон, прыгожанькае дзіцятка’ (Шпіл., Растарг., Нар. Гом.), ’малое дзіця’ (драг., шальч., Сл. ПЗБ), ’спешчанае дзіця’ (іўеў., Сл. ПЗБ), ’лялька’ (слуц. КЭС). Укр. ля́лька, ля́ля, ля́лечка ’лялька’, ’маленькае дзіцё’, ’імя галоўнай дзяўчыны ў карагодзе, які праводзіцца напярэдадні вясенняга Юр’я’, ля́лько ’зрэнка’; рус. ля́лька, ля́ля ’хросная маці’, ’лялька’ (зах.), ’маленькае дзіцё’, перм. ля́лько ’хросны бацька’; ля́ля ’бамбіза, дылда’, ’цюхця, дурань’, ’вялы, някемлівы, нерашучы чалавек’; польск. laika, lala, låla ’лялька’, ’прыгожы, але абмежаваны чалавек’, ’дурань’, ’зрэнка ў воку’, lalki ’мэндлікі ў полі’, палаб. lʼolʼǝ ’бацька’; дзіцячае lala ’бог’, pójść do lali ’памерці, адправіцца ў нябыт’; чэш. валаш., ляш. lʼalʼa, lʼalʼka ’лялька’, ’чужы чалавек (дзіцячае)’, усх.-мар. lʼalička ’немаўля’, ход. lálaнядбайны’, славац. ľaľo ’дурань, балван’; серб.-харв. ла́ло, ла́лко ’пяшчотная назва брата або старэйшага мужчыны ў доме’, ла̑ла, ла́ло ’бацька’, ’імя, якім старыя называюць маладых’, ’любы чалавек’, якія Скок (2, 264) не зусім абгрунтавана адносіць да цюркізмаў; балг. лало, лалко ’старшы брат (для малодшага)’, ’дурны, блазан’, лала ’цётка’, ’швагер’, славен. lila ’лялька’. Прасл. lʼalʼa — слова з дзіцячай мовы (як baba, mama, tata) для наймення дзіцяці, маленькага чалавека; пазней стала азначаць ’зрэнка’ з прычыны адбітку ў воку маленькага вобраза чалавека (Слаўскі, 4, 33–34). Значэнне ’лялька’ новае, яно ўзнікла ў гарадах у апошнія стагоддзі. Паводле Панятоўскага (Wiedza o Polsce, 3. Warszawa, 1932, 269), чалавечыя фігуркі ў славян першапачаткова былі сімвалам памерлых продкаў, дзядоў; звычай трымаць лялькі (сімвалы) у хаце быў пашыраны яшчэ ў XIX ст. у Польшчы і зах. Скандынавіі. Дзецям забаранялася з імі гуляць (гл. таксама Махэк₂, 319). І.‑е. адпаведнікі: алб. lelëo ’бацька’, ’дзядзька’, ’дзед’, ’старэйшы брат’, арум. lală ’дзядзька’, н.-грэч. λαλά ’баба’, λαλάς ’дзядзька’, курд. lalu ’тс’. Бернекер (1, 700), а за ім Фасмер (2, 551) і Кюнэ (42) бел. і ўкр. лексемы разглядаюць як запазычанне з польск. мовы, што справядліва аспрэчваецца Праабражэнскім (1, 498).

Ля́лька2 ’матыль’ (бяроз., Выг.). Як і ўкр. жытом. ля́лька і валынск. ля́лючка ’лічынка матылька’ (ЛАПП) — рэліктавая лексема, якая ўзыходзіць да старажытных часоў, калі lʼalʼa азначала ’памерлыя продкі, дзяды’ (гл. ля́лька1). Табу — у слав. гаворках існуе павер’е, быццам душы памерлых, злыя духі хаваюцца ў матыльках (Важны, O jménech, 86). Параўн. бел. ба́бачка (гл.).

Ля́лька3 ’аер, Acorus L.’ (бых., Мат. Янк.). Паводле падабенства катаха аеру да прымітыўнай фігуркі лялькі. Да ля́лька1 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)