бягу́н, бегуна, м.

1. Той, хто хутка бегае. Першы ў атрадзе бягун. // Спартсмен, які займаецца бегам (у 2 знач.). Бягун на сярэднюю дыстанцыю.

2. Уст. Скоры на хаду конь. Фурман фарсіста ляснуў пугай, Вязе ў парадны ход папоў І, нацягнуўшы лейцы туга, Спыняе пару бегуноў. Колас.

3. толькі мн. (бегуны́, ‑оў). Прыстасаванне для размолвання і змешвання розных матэрыялаў.

4. Уст. Уцякач. Ляснік маўчаў, Ён сам ведаў, што лес напоўнен незнаёмымі людзьмі — бегунамі, якія хаваліся ад польскай улады. Чарот.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паніжэ́ць, ‑эю, ‑эеш, ‑эе; зак.

1. Зрабіцца, стаць ніжэйшым або размясціцца ніжэй. Матчын дом, здаецца, яшчэ глыбей уехаў у зямлю, паніжэў, паблажэў. Навуменка. Ляснік падышоў да браканьера, і той адразу панік, паніжэў. Кірэенка. Сонца паніжэла і зрабілася нейкім асабліва літасцівым і добразычлівым да зямлі: не пячэ, не сушыць, а толькі песціць — нібыта купае яе, стомленую і знямоглую за лета, у ласкавых промнях. Васілевіч.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Паменшыцца (аб узроўні, інтэнсіўнасці і пад.). Напружанне току паніжэла.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыпло́д, ‑у, М ‑дзе, м.

Нованароджанае патомства (пераважна свойскіх жывёл або жывёл, якія маюць гаспадарчае значэнне). Гумно паўнела з кожным годам, І багацеў хлявец прыплодам. Колас. Праз некаторы час прывезлі яшчэ некалькі зуброў, якія хутка далі прыплод. В. Вольскі. // Прырост у свойскіх жывёл. Штогодні прыплод у жывёлагадоўлі. □ [Нікадзім:] — Не, сынку. Буду рабіць па-свойму. Мне яна [карова] яшчэ і прыплод дасць, вось пабачыш. Лупсякоў. Калісь ляснік калоду Да хвоі прывязаў, Ад пчол лясных прыплоду І ўзятку іх чакаў. Калачынскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абла́ва, ‑ы, ж.

Паляванне, пры якім месца, дзе знаходзіцца зверына, акружаецца, ачэпліваецца паляўнічымі і загоншчыкамі. Аблава на ваўкоў. □ Ляснік хутка выйшаў з пакояў, а пан стаў меркаваць, як бы акружыць лес і зрабіць аблаву. Чарот. // Акружэнне якога‑н. месца з мэтай злавіць каго‑н. Акружылі мы прымежны гай, Пачалі на ворагаў аблаву. Панчанка. У часе блакады ў горадзе таксама былі праведзены масавыя аблавы і арышты. Няхай. // Пра асоб, якія робяць аблаву. Даўно аблавай прачасаць пара Аколіцы бароў, глухую гаць. Танк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

агле́дзіны, ‑дзін; адз. няма.

1. Агляд каго‑, чаго‑н. з мэтай знаёмства. Агледзіны пінкавіцкіх мясцін мы, вядома, пачалі з будынка былой школы, у якой больш чым паўвека таму назад працаваў вялікі паэт. С. Александровіч. — А цяпер хадзем на агледзіны да той затокі. Можа там і арэхаў зусім няма, — пажартаваў ляснік. Дубоўка.

2. Бытавы абрад знаёмства жаніха і яго сваякоў з нявестай. Была турбота [у Ганны] пра тое, каб не спатыкнуцца ў чым-небудзь на агледзінах, усё зрабіць так, як трэба, не паказаць сябе недарэкаю.. Назаўтра, у нядзелю, былі змовіны. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хрып, ‑у, м.

1. Сіплы гук, які чуецца пры цяжкім дыханні, здаўленай гаворцы. Ляснік закрычаў з усяе сілы тым грозным басам, які ўрэшце пераходзіў у піск і хрып. Бядуля. [Шурка] ўвесь час просіць піць, але голас таксама нібы высыхае і вырываецца з гарачага горла слабым хрыпам. Мехаў. // Хрыплае гучанне чаго‑н. Толькі старыя ходзікі на сцяне, абыякавыя да ўсяго на свеце, з якімсьці прыкрым хрыпам адлічвалі секунду за секундай. Шашкоў.

2. звычайна мн. (хры́пы, ‑аў). Шумы ў лёгкіх пры некаторых захворваннях. Абвостраным слыхам.. [доктар] улоўлівае прастудныя хрыпы ў грудзях. Гарбук.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прычыні́ць 1, ‑чыню, ‑чыніш, ‑чыніць; зак., што.

Паслужыць прычынай чаго‑н.; нанесці, выклікаць (што‑н. непрыемнае). Прычыніць шкоду. Прычыніць зло. □ У адным месцы ў час пад’ёму лодка адарвалася, паехала па схілу, і паранены Волкаў вываліўся з яе. Гэта прычыніла яму вялікі боль. Шамякін. [Лабановіч] яшчэ не забыў тую крыўду, якую прычыніла яму панна Ядвіся, калі выказвала свой жаль з прычыны разлукі з Негрусем. Колас.

прычыні́ць 2, ‑чыню, ‑чыніш, ‑чыніць; зак., што.

Зачыніць, звычайна няпоўнасцю або няшчыльна. Прычыніць акно. □ Маці прычыніла дзверы і нават у шчыліну не сочыць. Гарбук. Падпечча ляснік прычыніў засланкай, каб не выпаўз [вуж] Антоша. Паўлаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ра́іць, ра́ю, ра́іш, ра́іць; незак.

1. каго-што і з інф. Даваць якую‑н. параду, рэкамендаваць, як зрабіць што‑н., як паступіць. Бабка ведала ўсіх будачнікаў па адзін і па другі бок раз’езду і вельмі раіла пагасцяваць у Бабініча. Колас. «Трапляй за мной, а то нос разаб’еш», — раіў ляснік, ідучы спераду. Якімовіч. Сцяпан прымаў толькі тых, хто прыходзіў са зброяй і каго раілі разведчыкі. Пестрак.

2. з інф. (з адмоўем). Разм. Перасцерагаць ад чаго‑н., не рэкамендаваць рабіць што‑н. — Дзённік? — .. [Сеня] здзівіўся. — Ведаеш, на вайне не раяць пісаць дзённік. Шамякін.

раі́ць, раю́, раі́ш, раі́ць; незак., каго-што.

Збіраць у рой. Раіць пчол.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мля́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Пазбаўлены бадзёрасці, энергіі, жывасці; вялы. Паліна Фёдараўна разгарнула раскладушку, кінула на яе падушку, прасціну, коўдру, распранула млявую Веру і паклала спаць. Паслядовіч. Графскі ляснік ляжаў млявы, як на полцы ў лазні пад венікам. Бядуля. // перан. Слабы, невыразным імглісты (пра гукі, святло і пад.). [Максім Рыгоравіч Мароз] неяк абмяк, голас з цвёрдага, густога баска ў млявы тэнар перарабіўся. Лобан. Агледзець асобныя дэталі дапамагала млявае святло ліхтароў. Шынклер.

2. Які выклікае млявасць. Сонца над галавой, у сасонніку млявая парнасць. Навуменка. З агародчыка тугімі, густымі хвалямі ўліваўся млявы пах бэзу. Скрыган.

3. Павольны; стомлена-пяшчотны. Дзяўчына — што гэты летні дзень у лесе, млявая і чароўная. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нэ́ндза, ‑ы.

Разм.

1. ж. Незабяспечанасць сродкамі існавання; галеча, беднасць. [Крочак:] — Ці плакаў я? Скажу адкрыта — Не надта борзды я да слёз. Я сіратою ў нэндзе рос. Колас. Ляснік жыве ў нэндзы і раптам выкладае сыну цэлы рубель. Лужанін.

2. м. і ж. Той (тая), хто ўвесь час ные, скардзіцца; нуда (у 2 знач.). Вочы ў Віці павільгатнелі, ён гатоў быў заплакаць.. — Ой і нэндза, — папракнуў Юрка сябра тым словам, якім папракала часам маці яго самога, калі ён крыўдзіўся за што-небудзь і плакаў. Хадкевіч.

3. ж. Тое, што і нуда (у 1 знач.). — Яшчэ два дні і з нэндзы памёр бы, — кажа Позняк на вуліцы. Мурашка.

[Польск. nędza.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)