ЛЯСНІ́ЦТВА,
вытворча-тэрытарыяльная адзінка ў лясной гаспадарцы. Можа ўваходзіць у склад лясгаса або леспрамгаса. На замацаванай за ім тэрыторыі дзярж. ляснога фонду ажыццяўляе мерапрыемствы па вырошчванні, выкарыстанні і ахове лясоў, кантралюе работу лесанарыхтоўшчыкаў, дапамагае калгасам і саўгасам у арганізацыі і вядзенні гаспадаркі ў іх лясах, адпускае лес на пні і лесаматэрыялы, арганізуе і кантралюе нарыхтоўку грыбоў, ягад, лек. раслін, сена і інш. Асн. тэр. адзінка Л. — лясны квартал. Л. падзяляюцца на тэхн. ўчасткі (аб’езды), апошнія — на абходы. Адказны за вядзенне гаспадаркі ў Л. — ляснічы, у тэхн. участку — участковы тэхнік-лесавод, у абходзе — ляснік. На Беларусі (1999) 720 Л. сярэдняй пл. 9,25 тыс. га, у складзе якіх 1941 тэхн. ўчастак і 10,6 тыс. абходаў. Сярэдняя пл. тэхн. ўчастка 3,4 тыс. га, абходу — 630 га. У Л. могуць арганізоўвацца лясныя гадавальнікі, пункты па нарыхтоўцы і перапрацоўцы грыбоў і ягад. Л. ёсць у лясной гаспадарцы Расіі, многіх інш. краін свету.
т. 9, с. 429
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)