Пыж1 ’драўляная затычка для круглай адтуліны’ (Нас.), ’кавалачак дрэва, які закладваецца ў вугал зруба пры спалучэнні бярвенцаў’ (жабін., Нар. сл.), пыжч ’тс’ (кам., там жа), пыж ’калок, якім прымацоўваецца ярмо да дышля воза або саней’ (Бес.), ’невялікі драўляны шар або абрубак ад палкі (пры гульні “ў пыжа”)’ (Нас.; БНТ, Гульні), ’затычка з лямцу, шэрсці або картону ў патроне для паляўнічай стрэльбы’ (ТСБМ), ’малеча, карапуз’ (Бяльк.), мн. л. пыжэ́ ’стрыжні птушыных пер’яў’ (карэліц., Сл. ПЗБ), ’бутоны’ (навагр., Жыв. сл.), пы́жык ’кароценькая затычка; тоўсценькае дзіця’ (Нас.), ’тоўсты блін з кіслага цеста; булачка’ (рас., Шатал.; шальч., Сл. ПЗБ), ’хлопчык, які слаба расце, малы’ (Бяльк.), параўн. укр. пиж ’від дзіцячай гульні’, рус. пыж ’затычка ў патроне; пустое, няўсхожае насенне; шар або абрубак (у дзіцячай гульні); папярочны брусок у носе і карме лодкі; булачка’, пы́жык ’маларослы, надуты чалавек’; адносяць сюды і балг. пи́жо ’нехрышчонае дзіця’. Значэнне гэтай групы слоў канцэнтруецца вакол паняццяў ’затычка, шпунт, калодачка’, ’неразвіты плод’, ’пышка, булачка’, што дае магчымасць далучыць сюды бел. пужо́к ’схованка для рыбы ў канцы лодкі’ і пужы́на ’пустое зерне’ (гл. зыходныя формы, хутчэй за ўсё, *пыжок, *пыжына з тыповым для тураўскай гаворкі пераходам ы > у пасля губных). Роднаснае літ. paugžlỹs, pūgžlỹs ’апалонік’, pùžas ’брухаты’, pùžti ’аслабець’, узыходзіць да і.-е. *pōu̯‑, *pū‑ ’дуць, надувацца’, што дае падставы для рэканструкцыі асновы прасл. *pyž‑ (Куркіна, Этимология–1971, 71–72); Тапароў (Балтийские яз., 45) лічыць рус. маск. пыж ’бясплоднае, няўсхожае насенне’ балтызмам, што малаверагодна па лігвагеаграфічных прычынах; па семантычных і лінгвагеаграфічных прычынах сумнеўна вывядзенне рус. арх. пыж ’папярочны брусок, устаўлены ў нос лодкі’, параўн. пск. носовой пыж, кастр. ’нос судна’ з комі, удм. piž ’лодка’, мар. puš ’тс’ (Фасмер, 3, 417).

*Пыж2, пуж ’гарнастай’, памянш. пы́жык: раншы дорогі буў пыжык (ТС), пы́жык ’паўночны алень ва ўзросце да двух месяцаў, а таксама футра з яго’ (ТСБМ). Выводзяць з удм. pužej ’паўночны алень’, комі pež ’аляня, якое яшчэ не мае рагоў’ і пад. (Фасмер, 3, 417: лічыць гатую этымалогію “безукоризненной”); іншая версія — аднясенне пыж2 да пыж1 (Праабражэнскі, 2, 159 і інш.) па лінгвагеаграфічных і семантычных прычынах, параўн. рус. дыял. пы́жик ’шкура невялікага мядзведзя’, ’птушка Vanellus gregarius Pall.’, ’стэпавы кулік, Charadrius’ (адносна апошняй гл. Фасмер, 3, 418), здаецца больш прымальнай. Чарных (2, 87) мяркуе, што фіна-угорскія словы запазычаны з рускай мовы, аналагічна Анікін (416–417), які схіляецца да версіі паходжання ад рус. пыж ’камяк’, пы́жить ’настаўляць, растапырваць’, гл. пыж1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

разгарну́ць, ‑гарну, ‑горнеш, ‑горне; зак., што.

1. Расправіць, расцягнуць што‑н. згорнутае ў даўжыню або шырыню. І вось Алёнка, самая бойкая з пяцікласніц, паднялася на сцэну і разгарнула вышыты партрэт Леніна. Скрыпка. Столькі выткала маці кроснаў, Што калі разгарнуць іх на травах росных, То яны б увесь свет абнялі. А. Астапенка.

2. Вызваліць ад абгорткі; зняць тое, чым было што‑н. загорнута, закрыта. Дзяўчынка села на траву, разгарнула фартух, — там былі кветкі. Краўчанка. Ганна Лявонаўна дастала з партфеля пакунак у жоўтай упаковачнай паперы, разгарнула яго і ахнула. Корбан.

3. Раскрыць што‑н. складзенае. — А зараз пачнём урок, — Іван Сяргеевіч разгарнуў класны журнал. Курто. Галіна Фёдараўна зараз жа разгарнула раскладушку, кінула на яе падушку, прасціну, коўдру. Паслядовіч. // Расхінуць, рассунуць што‑н. у бакі; развесці. Хлопец разгарнуў рукамі чарот, выбег на палянку. Гамолка. Задаволены Кулік разгарнуў прысак і пачаў даставаць печаную бульбу, яна прыемна пахла. Гурскі. // Разабраць. За ім ішла сястра: яна паказала хвораму месца на ложку ў куце і хуценька разгарнула пасцель. Быкаў. // перан. Зрабіць даступным зроку, як бы разаслаць перад вачамі. А Дняпро з лясоў дрымучых Праз мой родны край плыве. Увабраўшы нашы рэкі, Разгарнуў блакітны плёс. Светлым поясам навекі Наш звязаў братэрскі лёс. Бялевіч.

4. Выпрастаць, расправіць, развёўшы ў процілеглыя бакі. [Стафанковіч:] — Я яшчэ .. магу разгарнуць свае плечы, я яшчэ моцна трымаю гэбаль у руках. Чорны. Рукі .. [Алены] навярэджаны, і яна адчувае сябе, як набітая, а назаўтра не можа рук разгарнуць. Колас. // Раскрыць, распусціць (кветкі, лісце). Разгарнула пялёсткі шыпшына — ужо пяць гадзін раніцы, падняў угору галоўку жоўты адуванчык — лічы шэсць гадзін. Хомчанка. // Спец. Начарціць на плоскасці паверхню геаметрычнага цела. Разгарнуць мнагаграннік.

5. перан. Падрабязна выказаць, выкласці, апісаць што‑н.; раскрыць сутнасць, змест чаго‑н. — Тады я мог бы разгарнуць і пачуцці, і паказаць душэўныя зрухі, словам, тут бы ў мяне ўсё разраслося вельмі шырока. Скрыган. Тут Сымонка сваю душу Мог прад дзедам разгарнуць. Колас.

6. перан. Даць чаму‑н. (сілам, здольнасцям) свабодна і поўна праявіцца, развіцца. Разгарнуць музыкальныя здольнасці. // Павялічыўшы аб’ём, паглыбіўшы змест, зрабіць буйнейшым па жанру (літаратурны, музычны твор). Вось гэтую невялікую байку Змітрок Бядуля паспрабаваў разгарнуць у вялікую аповесць. Кучар.

7. Зрабіць, арганізаваць што‑н. у шырокіх маштабах. Разгарнуць будаўніцтва. Разгарнуць спаборніцтва. □ — Камуністам трэба таксама, — гаварыў далей падпалкоўнік, — разгарнуць самадзейнасць. Мележ.

8. Падрыхтаваць да дзеяння, функцыяніравання. [Радыст] выбраў пад елкай высокую купіну, хутка разгарнуў рацыю, закінуў на елку антэну, нацягнуў супрацьвагу і пачаў працаваць. Ваданосаў. // Спец. Размясціць у шырыню па лініі фронту, прыняць баявы парадак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)