удо́сталь, прысл.

1. Дастаткова, у дастатковай ступені. Магутная цеплаэлектрацэнтраль дае ўдосталь святла гораду і яго ваколіцам і энергіі прамысловым прадпрыемствам. Хадкевіч. За паўтара года вайны пакут хапіла ўдосталь. Навуменка. // у знач. вык. Многа, даволі. [Дармідон] яшчэ зранку пайшоў у сталярню — там рабілі парніковыя рамы, і работы яму цяпер было ўдосталь. Сабаленка.

2. Разм. Уволю, колькі хочацца. Дзед прыняў іх [узброеных людзей] за партызан, накарміў удосталь і нават чарку паставіў. Шчарбатаў. «Хай сабе ўдосталь паспіць», — разважала сама сабе Марта. Гартны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

майстэ́рня, ‑і, ж.

1. Прадпрыемства па рамонту або вырабу чаго‑н., а таксама памяшканне такога прадпрыемства. Зранку пасля праверкі Лазар ішоў пад канвоем у турэмную шавецкую майстэрню шыць і рамантаваць абутак. Колас. Нездарма пані Пшысецкая прапанавала .. [Насі] пайсці швачкай у яе майстэрню. Васілевіч.

2. звычайна мн. (майстэ́рні, ‑яў). Прамысловае прадпрыемства, якое займаецца галоўным чынам рамонтнымі работамі. Рамонтныя чыгуначныя майстэрні. □ Выступаць перад людзьмі .. [Сяргей] навучыўся ў арміі, робячы палітінфармацыю ў артылерыйскіх майстэрнях, дзе ён быў між майстроў маладзейшы за ўсіх. Грамовіч.

3. Аддзел цэха ці завода. Інструментальная майстэрня.

4. Памяшканне для работы мастака, скульптара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шнурава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак.

1. што. Сцягваць, злучаючы, змацоўваючы што‑н. шнурам, шнурком. У мяне быў спецыяльны бандаж, які цяпер, ідучы на работу, я шнуравала моцна, да змогі. Савіцкі.

2. што. Працягваючы шнур, счэпліваць, злучаць што‑н.; нанізваць на шнур. Шнураваць кнігу.

3. Разм. Часта хадзіць, ездзіць і пад. узад і ўперад. Зранку да самага вечара шнураваў Ёсель па мястэчку, непрыкметна заходзіў то да аднаго, то да другога, так што і заўважыць яго было трудна. Колас. Кандрат Сенька, які ў час гутаркі паволі шнураваў ад парога да шафы, раптам крута спыніўся каля стала. Паслядовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

стро́кат, ‑у, М ‑каце, м.

Рэзкія кароткія і частыя, падобныя на трэск гукі, якія ўтвараюць насякомыя і некаторыя птушкі. [Восы] ціха звінелі, і іх звон зліваўся з сухім строкатам конікаў. Лынькоў. Вось з яго, гэтага строкату конікаў, пчалінага звону і шапацення траў складалася песня лета. Грамовіч. / Пра гукі, якія ўтвараюцца маторам, кулямётам і пад. Зранку строкатам касілак Абудзіў лугі народ. Бялевіч. Цішыню ўскалыхнуў дружны строкат кулямётаў. Сіняўскі. // перан. Хуткая несціханая гутарка, балбатня. Быў спалоханы строкат — і охі, і ахі, калі вярнулася з бульбай кухарка; было вялікае здзіўленне на аднолькава поўных і разгубленых тварах стандартных братоў, — нага палоннага распухла яшчэ больш. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ра́птам, прысл.

1. Знянацку, нечакана, неспадзявана. І такая раптам спакуса з’явілася ў Міхася націснуць на курок, што аж галава закружылася. Якімовіч. Насцярожанае маўчанне ночы парушылася раптам нечаканым раскатам грому. Васілевіч. [Толяк] раптам заўважыў, што .. [Зося] зграбная і прыгожая. Чорны. // Ураз, адразу. Страляніна пачалася раптам. Тармола. Пачалася мітусня, страляніна. Маўклівы цёмны лес раптам ажыў, напоўніўся шумам, трэскам сухога галля і зламаных дрэў. В. Вольскі.

2. у знач. узмацняльнай часціцы. Адпавядае па значэнню словам: «калі», «а калі», «а што, калі» і пад. [Васіль:] — Быў міг, калі я падумаў: а раптам не прыйдзеш? Шамякін. — Хутчэй збірайся! — Я зранку яшчэ сабралася, — адказала Марына, — але трывожылася, раптам ты білетаў не дастанеш. Корбан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тава́р, ‑у, м.

1. Прадукт працы, выраблены на продаж.

2. Усё, што з’яўляецца прадметам гандлю. Тавары масавага ўжытку. □ Развозяць і разносяць з .. пякарні тавар: булкі, абаранкі, хлеб. Бядуля. Калі пакупнікоў ля ларка станавілася меней, старая італьянка пачынала на ўсю вуліцу расхвальваць свой тавар. Лынькоў.

3. Абл. Свойская рагатая жывёла. На захадзе сонца, калі будуць з пашы гнаць тавар, я паеду дадому, каб заўтра зранку зноў быць тут, на гэтай ціхай лясной паляне. Сачанка. Вучыся гаспадарыць яшчэ тавар пасучы. Прымаўка.

4. У шавецкай справе — вырабленая скура. Накупіў юнак гавару і пашыў сам чаравікі. Дубоўка.

•••

Жывы тавар — людзі, якімі гандлююць у эксплуататарскім грамадстве (рабы, прыгонныя, прастытуткі).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

звіне́ць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; незак.

Утвараць тонкі металічны гук. Гулі паравозы, ляскаталі пад’ёмнікі на прыстані, звінелі трамваі. Асіпенка. У кузні грукаталі молаты. Звінела жалеза. Чарнышэвіч. Шуміць піла, звініць тапор, Разносіць рэха гул далёка. Астрэйка. // чым. Утвараць пры дапамозе чаго‑н. такі гук. Вярнуўся [Патапчыкаў] не тым Іванам, што звінеў медалямі адразу пасля дэмабілізацыі з арміі, а зусім не падобным да сябе: прыціхлым, бязмоўным. Васілевіч. А Зося.., пачала расказваць далей, не зважаючы на тое, што Маша хадзіла, звінела шклянкамі. Шамякін. // Звонка гучаць. У школах савецкіх растуць нашы дзеці, роднаю мовай звіняць галасы. Машара. / Пра насякомых, птушак. Над зялёнымі жытнімі каласамі таўкуць мак і звіняць камары. Пташнікаў. У небе бесперастанку звінеў жаваранак. Гурскі. // перан. Поўніцца чым‑н. звінючым. Наваколле зранку звінела дзіцячымі галасамі. Даніленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прайсці́ся, прайдуся, пройдзешся, пройдзецца; пр. прайшоўся, ‑шлася, ‑шлося; заг. прайдзіся; зак.

1. Зрабіць некалькі крокаў; прагуляцца. [Рэдактар] устаў з-за стала, прайшоўся па кабінеце, потым сеў на крэсла насупроць Зараніка. Хадкевіч. // Пратанцаваць. Надышла чарга і да Ганкі: яе прымусілі танцаваць «Лявоніху», і, саромеючыся, яна прайшлася ў танцы па хаце. М. Стральцоў. / у вобразным ужыв. Вецер прайшоўся па соснах — Па клавішах залатых. Іверс.

2. Падвергнуць якой‑н. апрацоўцы, якому‑н. уздзеянню паверхню чаго‑н. Учора зранку нават так было: задумаўся [Антон] і не заўважыў, як фуганкам залішне прайшоўся. Пальчэўскі.

3. Разм. Хутка правесці рукой па чым‑н. Каля клуба, відаць, на ганку, нехта прайшоўся па нізкіх ладах баяна. Ракітны. Падаючы .. [паштальёну] хлеб, яна адарыла яго такой усмешкай, што ён палічыў патрэбным яшчэ раз прайсціся па сваіх вусах. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

са́ліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; незак., каго-што.

1. Намазваць або насычаць салам ці іншым тлустым рэчывам.

2. Разм. Пэцкаць чым‑н. тлустым.

салі́ць, салю́, со́ліш, со́ліць; незак.

1. што. Сыпаць соль у страву для смаку, прыпраўляць соллю па густу. Саліць крупнік. □ Няважна, што.. [хлопцы] будуць саліць — дзікую качку ці хатнюю бульбу, — важней за ўсё тое, што пасаліць будзе што. Брыль. // Пасылаць што‑н. соллю для прасольвання. Саліць сала. Саліць рыбу.

2. што. Нарыхтоўваць у запас у салёным растворы. Саліць грыбы. □ Маці яшчэ зранку выпарыла старую бочку і збіралася саліць агуркі. Гамолка.

3. перан. Разм. Рабіць непрыемнасці, дапякаць каму‑н. [Якім:] Эх, Паўлінка! Ты ўсё сваё; мне і так горка на душы, як бы хто там палын засеяў, а ты яшчэ прытычкамі сваімі соліш. Купала.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пасе́яць, ‑сею, ‑сееш, ‑сее; зак., што.

1. Рассыпаючы, укінуць зерне, насенне ў зямлю для вырошчвання. У суботу зранку выехала [Зося] з бацькам пасеяць грэчку. Гартны. Тут мяркуецца пасеяць травы і стварыць культурную пашу. Дуброўскі. // Засеяць зернем, насеннем. — Мы раім людзям прыязджаць лепш увесну, насупраць цяпла. Адразу можна пасеяць лапік які пшаніцы і мець свой хлеб. Пальчэўскі. // Спец. Змясціць мікраарганізмы ў пажыўнае асяроддзе для размнажэння.

2. перан. Выклікаць, узбудзіць у кім‑н. якое‑н. пачуццё, перажыванне. Язэпу трэба было ісці. Але неяк цяжка было зрабіць першы крок, асабліва цяпер, калі гэты доўгі, цыбаты чалавек пасеяў у душы трывогу... Асіпенка. Алесь разгубіўся. Макар Сяргеевіч не тое, што пераканаў яго, а пасеяў сумненні. Шыцік.

3. перан. Разм. Згубіць. Хаця б.. Валынец шапку дзе па дарозе не пасеяў? Лобан.

4. Разм. Пачаць ісці, сеяць (пра дробны дождж, снег).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)