угавары́ць, ‑вару, ‑ворыш, ‑ворыць; зак., каго-што.

1. і з інф. або дадан. сказам. Пераканаць словамі, заставіць згадзіцца з кім‑, чым‑н. [Анісім:] Нічога не будзе, хлопчыкі, не ўгаворыце. Гурскі. Трэба было абавязкова ўбачыць Сцепаніду Андрэеўну, угаварыць яе не пакідаць школы. Шахавец. [Данута:] Я не магу ўявіць смерці, і мне лёгка сябе ўгаварыць, што нічога не зменіцца, хоць мяне і расстраляюць. Карпюк. // Падказаць каму‑н. якую‑н. думку, рашэнне. [Марыля:] Нічога яму [Сымону], дзедка, не ўгаворыш. Не такой падатлівай натуры ён у мяне ўдаўся. Купала.

2. Супакоіць, уцешыць. Старая жанчына .. усе гэтыя дні вельмі ўжо сумавала па сынах сваіх і па мужу. Марылька не магла яе ўгаварыць. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ата́ва ’маладая трава, якая вырасла на месцы скошанай у той жа год’. Рус., укр., балг. отава, серб.-харв. о̀тава, польск. otawa, чэш., славац., славен. otava, в.-луж. wotawa ’тс’. Праслав. *otava выводзяць звычайна ад дзеяслова *otyti ’растлусцець, вырасці’ (ад *tyti), адкуль (з аблаўтам) *otavitiзаставіць расці’ і далей — *otava (як слава пры слыць, забава пры забыць). Параўн. ст.-чэш. otaviti sě ’акрыяць’, сучаснае чэш. zotaviti ’асвяжыць, даць сілу’. Іначай Махэк, 345: *ot‑aviti sę ’зноў з’явіцца’, што семантычна лепш супастаўляецца з чэш. otavče ’асенняе куранё’ і ўказанымі значэннямі, аднак сустракаецца з пэўнымі фанетычнымі цяжкасцямі і патрабуе ўдакладненняў у рэканструкцыі семантыкі прэфікса *оt‑ (па балтыйскаму ўзору). Махэк₂ (422) прызнаў гэту этымалогію памылковай. Голуб-Копечны лічаць асноўным ot‑ ’зноў’, а ‑ava суфіксальным. Параўнанне з літ. atólas атава’ і іншымі балтыйскімі формамі, зробленае Міклашычам і падтрыманае Траўтманам, 16, выклікала пярэчанні Эндзеліна (Мюленбах-Эндзелін, 1, 149), які тлумачыў балтыйскае слова іначай (параўн. Фрэнкель, 22). Вывядзенне слова з цюрк. от ’трава’ (Міклашыч, 228; Дзмітрыеў, Строй, 541; Курс суч., 161) выклікае пярэчанні. Супрун, Зб. Крымскаму, 128–129.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

узварушы́ць, ‑рушу, ‑рушыш, ‑рушыць; зак., каго-што.

1. Злёгку паварушыць; разварушыць. Узварушыць зямлю вакол дрэва. Вецер узварушыў салому на страсе. □ Шыхта змерзлася, яе трэба моцна біць ломам — тады толькі ўзварушыш. Савіцкі. // Заставіць паварушыцца, ускалыхнуцца. З разгону [ветрык] узварушыў хмызняк. Смагаровіч.

2. перан. Разм. Вывесці са стану вяласці, пасіўнасці, расшавяліць; узняць. Узварушыць народ. □ Першы нумар «Ленінскага засеву», вывешаны на сцяне хаты-чытальні, узварушыў Затонне. Колас. [Алесь:] Памятаеш, як мы ўсё мястэчка ўзварушылі на перамер зямлі. Чорны. Зала нібы ажыла, жывыя чалавечыя пачуцці, думкі, страсці ўскалыхнулі, узварушылі сонную застоеную цішыню. Лынькоў. // Абудзіць, ажывіць. Узварушыць успаміны. Узварушыць у памяці старонкі мінулага.

3. перан. Разм. Выклікаць спачуванне, хваляванне; узрушыць. Манг здзівіўся і занепакоіўся. Такія слёзы, такі адчай ўзварушылі яго. Маўр. Галену навіна гэтая ўзварушыла вельмі. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ува́рваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да уварыць.

уварва́ць, ‑рву́, ‑рве́ш, ‑рве́; ‑рвём, ‑рвяце́; зак., што і чаго.

1. Вырваць хуткім рухам невялікую частку чаго‑н. Уварваць жменю сена. // перан. Здабыць, прысвоіць сабе нейкую колькасць чаго‑н. [Уладзік:] — Я грошы не збіраю і не кладу ў паклад. Што ўварву — прагуляю. Крапіва. [Стэфа:] — Усё выведаў [Юхім], усё выглядзеў і з’явіўся. Як груган, каб сабе што ўварваць. Савіцкі.

2. перан. З цяжкасцю вылучыць, выкраіць (пра час). Часамі можна і ўдзень часіну ўварваць. Чорны. У мяне зусім не стала вольнага часу, рэдка калі ўварвеш якую гадзіну, каб пайсці ў кіно ці парк. Ус.

3. Разм. Заставіць каго‑н. патраціць час, энергію, сілы і пад. Колькі ён мне здароўя ўварваў!

4. Укусіць. Сабака ўварваў за нагу.

•••

Уварваць кусок (кавалак) — захапіць сабе частку якога‑н. багацця, атрымаць прыбытак з чаго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

узбудзі́ць, ‑буджу, ‑будзіш, ‑будзіць; зак., каго-што.

1. Заставіць прачнуцца; разбудзіць. Ноч мінула. Надышла раніца. Холад узбудзіў амаль усіх. Чарот. [Сябар:] — Ну, што, Антоні, рыбу вудзіш? Заснеш, брат, потым і не ўзбудзіш. Колас. / у перан. ужыв. І вялікае жаданне ў людзей даць спаўна энергіі гораду, азарыць, узбудзіць тайгу. Мыслівец.

2. Паставіць, вынесці што‑н. на абмеркаванне, вырашэнне. Пецярбургская судовая палата ўзбудзіла супраць суполкі [«Загляне сонца і ў наша вакенца!»] судовую справу. Семашкевіч.

3. перан. Давесці да нервовага або прыўзнята-нервовага стану; усхваляваць. Аднак была ў ім [гэлефонным званку] і такая вестка, якая вельмі ўзбудзіла Дзяніса Рыгоравіча, прымусіла разгубіцца, пазбавіцца на імгненне дару мовы. Харкевіч.

4. перан. Выклікаць, абудзіць (пачуцці, думкі, стан і пад.). Узбудзіць рэўнасць. Узбудзіць апетыт. □ Адчуўшы, што ўзбудзіла ў маладым шафёру цікавасць, маладзіца .. выняла люстэрка і какетліва паправіла спадаўшыя на лоб завіткі. Хадановіч. Незвычайнае начное жніво ўзбудзіла ў Зінінай душы .. ўспаміны. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абста́віць, ‑стаўлю, ‑ставіш, ‑ставіць; зак., што.

1. Паставіўшы што‑н. кругом, абгарадзіць, абкружыць каго‑, што‑н. Абставіць што-небудзь дошкамі. □ Бацька абставіў сябе кадушкамі жыта і смяецца над усім светам. Чорны. // Разм. Уставіць, заставіць што‑н. чым‑н. па краях ці на ўсёй паверхні. Абставіць паліцы кнігамі.

2. Паставіць у пакоі, кабінеце, кватэры мэблю, набыць абстаноўку. [Ксяндзу] адвялі, адбудавалі і адпаведным парадкам абставілі цэлы дом, прасторны і раскошны. Колас. // Абсталяваць дэкаратыўную частку тэатральнай пастаноўкі. Багата абставіць спектакль.

3. перан. Стварыць умовы, абставіны для правядзення чаго‑н. Абставіць сустрэчу з дэпутатамі. □ Езуіты ўмелі абставіць справы так, што Кася ледзь не да сканчэння вучобы ў гімназіі шчыра верыла ў бога. Карпюк.

4. Разм. Дасягнуць большых поспехаў у параўнанні з кім‑н.; апярэдзіць каго‑н. у чым‑н. — Калі дзяўчынка не будзе разявай, — перабіў.. [Джорджа Лоўрэнса] дырэктар, — яна зможа хутка пайсці ўгору і абставіць некаторых нашых красунь. Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

суці́шыць, ‑шу, ‑шыш, ‑шыць; зак., каго-што.

1. Прывесці ў стан спакою, рассеяць хваляванне і пад.; супакоіць. Валя раз не сцярпела. Дала .. [Пецю] па твары і плакала ўвесь урок. Яе ніхто тады не мог суцішыць: у яе разбалелася галава. Пташнікаў. // Прымусіць або ўгаварыць каго‑н. перастаць крычаць, шумець і пад.; заставіць весці сябе ціха. Грамыка суцішыў моладзь і аб’явіў пачатак канцэрта. Дуброўскі. Настаўніца суцішыла дзяцей і .. пачала правяраць іх веды. Васілевіч. // Разм. Вымусіць спыніць якія‑н. дзеянні, учынкі; уціхамірыць каго‑н. Не хапіла ў паноў ні акоў, ні гранат, Каб суцішыць навек неўгамонны народ. Бажко. Нішто не магло суцішыць раз’юшанай лютасці лясных быкоў. В. Вольскі.

2. Паменшыць, змякчыць, зрабіць менш адчувальным. Суцішыць голад. □ Хочацца есці, піць і... спаць. Калі не спаць, дык прылегчы адпачыць, каб суцішыць боль у нагах, якія сталі пудовымі — не пацягнуць. С. Александровіч. // Аслабіць або прыглушыць якое‑н. пачуццё. І цяжка мне суцішыць і стрымаць Пачуцці, расчуленне, хваляванне! Дзяргай.

3. Затрымаць, прыцішыць (чый‑н. ход, рух і пад.). Каля дома Андрэя Сташэвіча .. [Халуста] суцішыў хаду. Чарнышэвіч. Лодка хоць і суцішыла ход, але плыла ў адным напрамку. Пестрак. Расшпіліў [Віця] паліто і зноў пабег. Вось і ўтаптаная сцежка, што вядзе да вакзала. На хвіліну суцішыў бег, каб супакоіцца. Нядзведскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

заложи́ть сов.

1. в разн. знач. залажы́ць, мног. пазаклада́ць, пазакла́дваць;

заложи́ть па́мятник залажы́ць по́мнік;

зало́жить осно́вы залажы́ць асно́вы;

у́ши заложи́ло ву́шы залажы́ла (пазаклада́ла);

заложи́ть ру́ки в карма́ны залажы́ць ру́кі ў кішэ́ні;

2. (заполнить пустое пространство) закла́сці, мног. пазаклада́ць, пазакла́дваць;

заложи́ть дымохо́д кирпичо́м закла́сці ко́мін цэ́глай;

3. (отдать в залог) залажы́ць, заста́віць;

4. (запрячь) запрэ́гчы, мног. пазапрага́ць, залажы́ць, мног. пазаклада́ць, пазакла́дваць;

заложи́ть тро́йку лошаде́й запрэ́гчы (залажы́ць) тро́йку ко́ней;

заложи́ть за га́лстук залажы́ць (залі́ць) за га́льштук.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

зане́сці, ‑нясу, ‑нясеш, ‑нясе; ‑нясём, ‑несяце; пр. занёс, ‑несла і ‑нясла, ‑несла і ‑нясло; зак., каго-што.

1. Несучы, даставіць куды‑н. ці каму‑н. Занесці кнігі ў бібліятэку. □ Мужчыны занеслі ў склад апошнія мяшкі і падышлі да капітана. Краўчанка. // Хутка, мігам даставіць куды‑н.; даімчаць. Добрыя коні духам вынеслі [Міцьку] з вёскі, адчайным галопам занеслі ў кусты. Брыль. // Закінуць, заставіць апынуцца дзе‑н. Тое, што называецца ў нас творчай камандзіроўкай, занесла мяне ў адзін палескі раён. Шамякін. Вось туды, у казахскія стэпы занёс Лёс таварыша нашага даўняга — Сашку. Бураўкін. / у безас. ужыв. Куды гэта вас занесла?

2. Упісаць, запісаць куды‑н. Занесці ў пратакол. Занесці на Дошку гонару. □ Я, праўда, у даўгу вялікім перад вамі, Таварышы мае, лугі, дубровы, нівы, Што я не ўсё пра вас У летапіс занёс. Танк.

3. Падняць ці адвесці ўбок (руку, зброю і пад.) з намерам зрабіць якое‑н. дзеянне. Іван занёс руку, каб пстрыкнуць прэч [жука].., як раптам учуў ззаду крокі. Быкаў. // Змясціць куды‑н. [Алесь] лёгка занёс нагу ў стрэмя. Караткевіч.

4. Перамясціць, адвесці ў які‑н. бок. Народу было многа... [Русіновіч і Галя] ледзь уціснуліся. Потым плынь занесла іх наперад. Дамашэвіч. / у безас. ужыв. На крутым павароце зад матацыкла занесла. Б. Стральцоў.

5. Унесці, прынесці з сабою. Занесці ў дом інфекцыю.

6. Засыпаць, замесці (снегам, пяском і пад.). Страляе ў сцены сцюдзёны мароз, І вецер шалёны вые ў полі, Ўсе гурбамі снегу ён хаткі занёс. Купала. / у безас. ужыв. Дарогу занесла снегам.

•••

Куды груган касцей не занясе гл. груган.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

страсяну́ць, ‑сяну, ‑сянеш, ‑сяне; ‑сянём, ‑сеняце; зак., каго-што.

1. Трымаючы ў руцэ або ўзяўшыся рукою, трасянуць, заставіць калыхнуцца. Іван падаў і яму руку: «Здарова, піянер!» — і так страсянуў, што ў самога медалі ды тыя два ордэны Славы зазвінелі на грудзях. Паўлаў. Я з усяе сілы страсянуў алешыну. Ляўданскі. // чым. Рэзкім, парывістым рухам трасянуць, скалануць (галавой, валасамі і пад.). Стары страсянуў галавой, нібы адагнаў сон-назолу, і не прапанаваў, а папрасіў Надзю: — Аставайся ты ў мяне... за ўнучку. Бураўкін. Паўлюк падышоў да трыбуны, усміхнуўся сваёй мілай усмешкай, страсянуў чупрынай і пачаў чытаць. Сабаленка. // Узяўшы, трасянуць, каб выпрастаць або ачысціць ад пылу, смецця і пад. [Сцяпанаў] страсянуў лямкі парашута і, закінуўшы іх на плечы, глянуў за аэрадром. Алешка. Іван Падзерын перавярнуў торбу дагары, страсянуў. Чыгрынаў. [Зарына] паправіла хустку, толькі цяпер страсянула з каўняра расінкі вады. Шамякін. // Здрыгануць, скалануць (моцным ударам, выбухам і пад.). Машыну моцна страсянуў адзін, другі, трэці выбухі. Мележ. Моцны выбух страсянуў зямлю і гулкім рэхам пакаціўся навокал. Пальчэўскі. / у безас. ужыв. Вагон страсянула. Жанчына заварочалася. Міша насцярожыўся, прыслухаўся. І выразна пачуў усхліп. Каршукоў.

2. Падкінуць, трасянуць (пры яздзе па няроўнай дарозе). Пабяжыць [конь] ціха, роўна, нібы марафонскаю хадою: сам нідзе не страсянецца і гаспадара не страсяне. Кулакоўскі. Аўтобус страсяне — абарвуцца думкі. Адамчык.

3. перан. Вывесці з анямення, стану вяласці; уразіць. Вэпя Шпулькевіч збялеў, яго страсянула думка: можа гэта вядуць якія-небудзь сляды ад спаленай вёскі? Чорны. Раптам крык, Немы крык, З лесу крык страсянуў цішыню. Куляшоў. / у безас. ужыв. — Што, прыгожая? — сказаў Толік, а мяне страсянула, як ад нечаканага ўколу. Мыслівец.

4. перан. Парушыць устойлівасць, трываласць; пахіснуць. Першая руская рэвалюцыя, якая страсянула самыя асновы царскага самадзяржаўя, адазвалася і ў такім мядзведжыя кутку, якім было дарэвалюцыйнае Палессе. Навуменка. Сам я не помню Тых залпаў «Аўроры», Што страсянулі абшары зямлі. Астрэйка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)