Каламя́нка ’густая моцная льняная тканіна’ (БРС, ТСБМ, Гарэц.), ’палатняная блуза’ (Др.-Падб.). Наяўнасць слова толькі ў літаратурнай мове не дазваляе вызначыць крыніцу запазычання. Укр. каламайка (у Грынчэнкі), рус. коломенка і коломёнка, коломийка (Фасмер, 2, 294), аднак статус няясны. У рус. мове лічыцца запазычаннем праз ням. Kalamank, kalmank або гал. kal(a)mink ’гладкая льняная або пяньковая тканіна’, з с.-лац. camelāncium (Фасмер, 2, 294–259), дзе ням. словы з с.-лац. calamancum, якое шэрагам аўтараў тлумачыцца як утворанае на базе с.-грэч. καμηλάνκιον ’вопратка з вярблюджай воўны’, гл. Бернекер, 1, 471; Фасмер, 2, 164.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Махлява́ць, махлева́ць ’ашукваць, жульнічаць’ (Нас., Шат., Касп., Бір. Дзярж., Сцяшк., Сцяц., Федар. 2, Сл. ПЗБ), ’круціць, маніць, хітрыць’ (КЭС, лаг.), рагач. мухлева́ць, тураў. мухлёва́ць ’тс’ (КЭС, ТС), мыхлюва́цца ’карыстацца воляй і добрымі ўмовамі’ (Бяльк.). Ст.-бел. (вы)махлевати (XVII ст.) ’змахляваць’ запазычана са ст.-польск. machlować ’махляваць, падманваць’, якое з н.-ням. makeln, mäkeln, гал. makelen < maken = machen ’рабіць’ (Брукнер, 317). Фасмер (3, 19) рус. махлевать, мухлевать, мухловать, мухлять ’падманваць’ выводзіць, аднак, з ням. (арго) moheln ’пазначаць карты’ (адкуль новав.-ням. mogeln ’хітрыць, надуваць’), якое са ст.-яўр. mâhal ’разбаўляць віно’. Сюды ж махлёўка ’ашуканка’ (Нас.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Струме́нь ‘вузкі паток, цурок’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Сцяшк.), ‘рукаў ракі’ (ТС) ‘пахучая залоза (у бабра)’ (Полымя, 1970, 2, 156). Укр. стру́мінь, струмо́к ‘паток, ручай’, рус. стру́мень ‘ручай’, польск. strumień ‘ручай, паток’, чэш. strumen ‘крыніца, ставок’, н.-луж. tšumjeň ‘рэчка, ручай’, strumjeń ‘крыніца, канава’, славен. strúmen ‘паток; рукаў ракі’. Прасл. *strumy, Р. скл. *strumene дэрыват ад і.-е. кораня *sreu‑ ‘цячы’ з суф. ‑ту (Слаўскі, SP, 1, 125). Роднаснае літ. дыял. straumuõ ‘паток, ручай’, sriaumè ‘тс’, лат. stràume ‘цячэнне’, грэч. ῤεν̃μα ‘паток, струмень, цячэнне’, ст.-ісл. straumr ‘паток, рэчка’, ст.-ірл. srúaim ‘рака’, гал. stroom,, ст.-в.-ням. stroum, ням. Strom ‘паток’ і, далей, ст.-інд. srávati ‘цячэ’. Гл. Фасмер, 3, 783–784 з літ-рай; Махэк₂, 583; Борысь, 582; Бязлай, 3, 335; Шустар-Шэўц, 1549–1550; Глухак, 590. Параўн. струя (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Пра́нцы мн. л. ’заразная венерычная хвароба; сіфіліс’ (ТСБМ, Шат., Касп., Др.-Падб., Гарэц., Мядзв.; лельч., Арх. ГУ; ТС), ’скулы’ (Бір. Дзярж.), пранцэ́і ’блазнота, дурасліўцы’ (ТС), пранц, пра́нэць, пра́ныц, пра́нцы ’брыдота’ (Сл. ПЗБ), пранцава́ты ’пракажоны’ (Зап.). Укр. мн. л. пранці ’сіфіліс’, рус. паўдн., зах. пра́нец ’залатушная высыпка’. Бел. і ўкр., відаць, з польск. pranca ’сіфіліс; заразная венерычная хвароба’, калісьці называлася “chorobą dworską” (Віл. сл.), з натуральнай заменай ф на п, параўн. народнае пасоля < фасоля і пад. (хвароба распаўсюдзілася ў пачатку XVI ст.), з даўняга ням. franze, franzose ’французка, французская хвароба’, першапачаткова französische Krankheit, таму што першая эпідэмія сіфілісу ўспыхнула ў Францыі каля 1496 г. (Банькоўскі, 1, 385). Паводле Фасмера (3, 353), слова узыходзіць да гал. frans ’французскі’, ням. Franz — у складаных словах тыпу Franzbrot ’французскі хлеб’ і да т. п. Брукнер (127) і Махэк₂ (146) адзінай крыніцай лічаць нямецкую назву французаў. Параўн. яшчэ рус. французская болезнь ’сіфіліс’ і чэш. franská nemoc ’тс’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Па́па 1 ’вярхоўны галава рымска-каталіцкай царквы і дзяржавы Ватыкан’ (ТСБМ). Рус., укр. па́па, ст.-рус. папа. З лац. pāpa ’тс’ < pāpa ’бацька’ (Міклашыч, 231; Праабражэнскі, 2, 13; Фасмер, 3, 200). Ст.-бел. папа з XV ст. (Булыка, Даўн. запазыч., 235).
Па́па 2 дзіцяч. ’хлеб’ (Нас., Касп., Шат., Гарэц., Янк., Янк. 2, Янк. БП, Сцяшк. МГ, Бяс., Клім.), па́пка. Рус., укр. па́па, чэш. pápa, papa, славац. papa ’дзіцячая ежа’. Паводле Махэка₂ (432), з падвоенага дзіцячага па‑па. Слова шырока распаўсюджана ў іншых мовах: параўн. лац. pappa ’каша’, нов.-в.-ням. Pappe ’дзіцячая каша’, сяр.-в.-ням., гал., англ. pap ’каша’ (гл. Фасмер, 3, 200; там жа і інш. літ-ра).
Па́па 3 ’бацька’ (Сл. ПЗБ, Мат. Гом.; Яшкін, Назвы). З рус. па́па ’тс’, якое, верагодна, з франц. papa. Слова дзіцячай мовы, якое набліжаюць да папа 2 (гл. Фасмер, 3, 200).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Лы́жы ’плоскія драўляныя палазы для перасоўвання па снезе, загнутыя спераду’ (ТСБМ, Маш., Бяльк.; зэльв., Сцяц. Словаўтв.; Сцяшк.), рус. лы́жи, ст.-рус. лыжи (XII ст.); параўн. бел. лы́жвы (гл.). Прасл. паўн. lyži, lyžьve ’прыстасаванне для хуткага перасоўвання па снезе або лёдзе’, ’палазы’, ’прадаўгаватыя прадметы: судна, баржа і інш.’ Паводле Фасмера (2, 540), звязана з рус. лызга́ть ’слізгаць па лёдзе’, лызну́ть, лызгону́ть ’вышмыгнуць’, балг. лъзгам се ’катаюся на каньках’, а Слаўскі (5, 448) дадае і каш. łužgi, łużgawki, для якіх першаснымі лічыць łyzga, łyzgawka або łuzga, łuzgawka. Звычайна да іх прыводзяць і.-е. адпаведнікі: лат. lužas, ludes, lug̓es̓ доўгія паляўнічыя лыжы’, літ. šliū̃žes ’палазы’, šliaũžti ’паўзці’, лат. šlūžât ’слізгаць’, гал. sluiken ’красціся’. Куркіна (Этимология–72, 72), прызнаючы роднасць лексемы lyži з lyzgati, выключае супастаўленне яе з балтыйскімі лексемамі. Гл. таксама ZfSl, 8, 877. Сюды ж лы́жнік, лы́жніца, лыжня́ (ТСБМ), якія з рус. мовы (хаця параўн. яшчэ ст.-рус. лыжникъ ’воін на лыжах’; лыжница, лыжня ’след ад палазоў, лыжня’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Плаз ’плоскасць якой-небудзь доўгай рэчы’, ’паласа ад удару чым-небудзь доўгім’ (Нас., Яруш.), плаз ’плоскі бок якога-небудзь прадмета’ (беласт., Сл. ПЗБ). Ст.-бел. плазъ ’плоскі бок шаблі’ (1539 г.) са ст.-польск. płaz ’тс’ (Булыка, Лекс. запазыч., 70), якое Банькоўскі (622) узводзіць да plaza ’плоскі камень, каменная пліта’, а апошняе — да і.-е. *plōgʼā, прыметнік *plōgʼ‑o‑s (швед. flack, гал. vlak, ням. flack ’плоскі’, англ. flagstone ’каменная пліта для брукавання’). Брукнер (420) мяркуе, што польск. płaza — выключна польск. лексема, аднак параўн. стараж.-рус. плазивый ’гладкі’ (XII–XIII стст.). Бязлай (3, 51) славен. plȃz, pláza ’паласа, лінія, рыска, стужка’ параўноўвае з літ. plúoš(t)as ’лыка’, ’паласа’ і адносіць іх да і.-е. (s)p(h)el‑gʼ‑. Аднак, відаць, гэтыя славенскія лексемы генетычна не тоесныя з беларускімі. Сюды ж: плазава́ць ’біць, лупцаваць, сячы’ (Растарг.) < польск. plazować ’біць тупым канцом шаблі’ (з 1621 г.), а таксама плазава́ты ’які мае гладкую паверхню, гладкі, роўны’ (ТСБМ, Яруш.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Гак 1 ’гак, кручок’ (БРС, Шат., Нас.), ’шып у падкове, загнутыя канцы подковы’ (Шат., Касп., Нас.), ’збытак, адлегласць’ (Шат., Касп., Бяльк.), ’каса’ (Касп.). Таксама ўжываецца як геаграфічны тэрмін (’намыты вадой паўвостраў’, ’неглыбокае месца ў рацэ, дзе намыта пясчаная каса’, ’прырэчны роўны заліўны луг’, гл. Яшкін). Ст.-бел. гакъ (з XVI ст., Булыка, Запазыч.). Слова гэта вядома ў многіх слав. мовах і лічыцца запазычаннем з ням. мовы (с.-в.-ням. hāke(n)). Гл. Махэк₂, 156; Брукнер, 167. Рус. гак ’жалезны крук, гак’. Фасмер (1, 384) выводзіць прама з гал. haak (Слаўскі, 1, 393) і лічыць бясспрэчным, што бел. і ўкр. гак запазычан праз пасрэдніцтва польск. мовы (так і Булыка, там жа, 77).
Гак 2 ’гака, капачка для копкі бульбы’. Гл. га́ка.
Гак 3 ’калісьці мера або ўчастак зямлі ў Заходняй Беларусі і Ліфляндыі’ (Яшкін, Нас.). Параўн. рус. (з Пятроўскай эпохі) гак ’мера зямлі ў Остзейскіх правінцыях’, якое Фасмер, 1, 384 (услед за Міклашычам), выводзіць з ням. Haken, с.-в.-ням. hake. Параўн. таксама Слаўскі (1, 393), які, здаецца, дапускае магчымасць польскага пасрэдніцтва.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Га́ліцца ’галіцца’ (Касп., Нас., Бяльк., Сцяшк. МГ), га́ліць ’выклікаць у каго-н. жаданне да чаго-н.’ (Нас.). Вельмі разгалінаванае семантычна сямейства слоў са шматлікай семантыкай. Не заўсёды нават вядома, ці ўсе словы з элементам гал‑ роднасныя этымалагічна. З рус. мовы, што датычыцца складанасці ўсёй семантычнай праблематыкі, гл. СРНГ, 6, 111–113. Ва ўсякім выпадку Слаўскі (1, 251–252) адносіць бел. лексемы да вялікай групы слоў, сярод якіх, напр., серб. дыял. gáliti сваёй семантыкай (’жадаць, прагнуць’) стаіць вельмі блізка да бел. фармацый. Фармальна карэктнай і семантычна абгрунтаванай была этымалогія Мейе (MSL, XIV, 373) аб сувязі з прасл. *želati, *želěti ’жадаць’. Агляд іншых, часам вельмі заблытаных этымалагічных канструкцый гл. у Слаўскага, 1, 251–252. Гл. яшчэ Фасмер, 1, 387. Здаецца ўсё ж, што ў корані *gal‑ адбылося супадзенне розных па паходжанню лексем.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Лі́вер 1, лівар ’прыбор для набірання вадкасці ў выглядзе трубкі, пашыранай пасярэдзіне’ (Нас., ТСБМ), лі́вар ’лейка’ (Жд. 1), прыстасаванне, пры дапамозе якога паднімаюць цяжкія прадметы’ (глус., КЭС) і, магчыма, ліварэ́ ’вялікія трэскі, якія сколваюцца з бервяна’ (Шат.). Укр. лі́вар, ліва́рок, лі́вер ’лейка, дамкрат’, ’сіфон, рычаг’, рус. ле́вер, ливер ’лейка для палівання гародніны’, польск. lewor, liwor, lewarek ’прыбор для паднімання цяжкіх прадметаў’, таўкач’, ’журавель у калодзежы’, ’лейка’. З с.-лац. levarius, leverius ’рычаг-пад’ёмнік’ < лац. levāre ’паднімаць’ (Слаўскі, 4, 187) праз польскую мову. У рус. мове, аднак, са ст.-франц. levëour (< лац. levātōrem) праз англ. lever ’рычаг’ (Фасмер, 2, 493).
Лі́вер 2 ’вантробы забойнай жывёлы, з якіх вырабляюцца прадукты харчавання’ (ТСБМ). Новае запазычанне з рус. мовы (Крукоўскі, Уплыў, 80), куды прыйшло з англ. liver ’печань’, або з с.-н.-ням., гал. lever ’тс’ (Фасмер, 2, 493).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)