адлучы́ць, ‑лучу, ‑лучыш, ‑лучыць; зак., каго-што.

1. Пазбавіць сувязі з кім‑, чым‑н.; аддзяліць, адасобіць ад каго‑, чаго‑н., ізаляваць. Трэба не мець сэрца, каб адлучыць дзяўчынку ад сям’і ў такі час. Пальчэўскі. [Агата:] — Ён [бык] раззлавана матаў галавой, не разумеючы, чаму яго адлучылі ад усяго статка. Броўка. // Адняць дзіця ад грудзей; адняць, адсадзіць цяля ад каровы. // Раздзяліць, стаць мяжой, граніцай паміж чым‑н. Пясчаны перашыек адлучыў ліманы ад возера.

•••

Адлучыць ад царквы — прызнаць чужым царкве, якому‑н. веравызнанню; выключыць з рэлігійнай абшчыны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

камуні́зм, ‑а, м.

1. Найвышэйшая грамадска-эканамічная фармацыя, якая гістарычна прыходзіць на змену капіталізму, грунтуецца на грамадскай уласнасці на сродкі і прадукты вытворчасці і мае дзве фазы развіцця: сацыялізм і камунізм. // Другая фаза гэтай фармацыі. Сацыялізм паступова пераходзіць у камунізм..

2. Вучэнне марксізма-ленінізма аб пралетарскай рэвалюцыі і пабудове камуністычнага грамадства.

•••

Ваенны камунізм — часовая эканамічная палітыка Савецкай улады ў перыяд Грамадзянскай вайны 1918–1920 гг., выкліканая цяжкасцямі ваеннага часу.

Навуковы камунізм — тое, што і камунізм (у 2 знач.).

Першабытны камунізм — грамадскі дакласавы лад першабытнай родавай абшчыны з агульнай уласнасцю на сродкі і прадукты вытворчасці.

[Ад лац. communis — агульны, усеагульны.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Пу́стка ’пусташ, няўдобіца; зямля, якая не апрацоўваецца’ (ТСБМ; палес., ЛА, 2; ТС, Сл. ПЗБ, Шат., Бяльк.), ’нежылое, пакінутае памяшканне’ (Жд. 1, ПСл), ’арэндны ўчастак зямлі, на якім няма ніякіх “дваровых выгод” (дома, хлявоў, агароджы і г. д.)’ (Яшк. Мясц.), pústka ’апусцелая сяліба’ (Варл.), пу́сткі ’адсутнасць жывой істоты; уражанне нежылога памяшкання’ (Мядзв.), пустке́ ’пустая зямля’ (Сцяц.), пу́стка ’беспарадак’ (Нік. Очерки), ’пусты арэх’ (Нас.), пу́сткі ’глупствы; пустата, адсутнасць грошай’: пу́стки в кише́ни (Нас.), укр. пу́стка ’нежылы, пакінуты дом; участак зямлі, які належыць асобе, што выбыла з сельскай абшчыны’, рус. дыял. пу́стка ’пусташ; пустое, закінутае жыллё’, польск. pustka ’бязлюднае месца; нежылы дом; разваліна’, чэш. poustka ’пустое месца, адлог’, ст.-чэш. pústka ’пусташ’. Утворана ад пусты́ ’парожні, бязлюдны, непатрэбны’ (*pustъ); параўн. пу́ста ’нежылое памяшканне; пусташ; пустата’ (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

брат, -а, М бра́це, мн. -ы́, -о́ў, м.

1. Сын у адносінах да іншых дзяцей гэтых жа бацькоў.

Родны б.

2. Усякі чалавек, якога яднае з тым, хто гаворыць, агульнасць радзімы, інтарэсаў, становішча, умоў і пад.

Браты па зброі.

3. Форма сяброўскага звароту да мужчыны (разм.).

4. К бра́це. Ласкавы зварот да мужчыны, дарослага хлопца (разм.).

У шпіталь ездзіў, б.?

5. Член рэлігійнай абшчыны, брацтва (у 2 знач.); манах.

Ваш брат (разм.) — вы і на вас падобныя.

На брата (разм.) — на кожнага.

Свой брат (разм.) — пра чалавека аднолькавага стану, становішча.

|| памянш.-ласк. бра́цік, -а, мн. -і, -аў, м. (да 1 знач.) і брато́к, -тка́, мн. -ткі́, -тко́ў, м. (да 3 знач.).

|| прым. бра́тні, -яя, -яе (да 1 знач.) і бра́цкі, -ая, -ае (да 2 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Ку́рва ’распусная жанчына’ (Нас., Шат., Сержп. Ск., Мядзв., Шпіл., Грыг.). Укр. курва, рус. курва ’тс’, балг. і макед. курва, серб.-харв. ку̑рва, славен. kȗrva ’тс’, польск. kurwa, чэш. kurva, славац. kurva, в.-луж. kurwa ’тс’. Прасл. kury, kurъve ’meretrix’. Рад даследчыкаў разглядаюць славянскія формы як такія, што праніклі з германскай (ст.-ісл. hóra, ст.-в.-ням. huora). Да германскіх форм прыводзяць вельмі ненадзейную паралель: лац. cārus ’дарагі, мілы’, ст.-інд. kārunya ’спачуванне, ласка’ (Бернекер, 651). Іншыя ўзводзяць прасл. kury да kurъ ’певень’. У якасці семантычнай паралелі разглядаецца франц. cocotte ’курачка і какотка’. Незразумелым застаецца паходжанне гоц. hōrs ’пралюбадзей’ (Кіпарскі, Gemeinslav., 42). Мы разглядаем прасл. kury як генетычна звязанае са ст.-грэч. χύριος ’пан, гаспадар’ і прасл. praščurъ ’роданачальнік’, літ. prakuréjus ’прарадзіцель’. У такім разе прасл. kury мела значэнне ’жанчына рода, абшчыны’ > ’жанчына ва ўмовах паліандрыі’. Германскія формы паходзяць ад славянскіх (Мартынаў, Лекс. взаим., 208–209). Параўн. Махэк, Slavia, 21, 260.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

грама́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

Што‑н. вельмі вялікае, масіўнае. Над прытоеным змрокам, над цёмнай грамадай лесу ўзнялася песня. Лынькоў. А паміж воблакаў-грамад І белай ад снягоў зямлёю — Закуты сцюжай вадаспад Застыў струною ледзяною. Танк. // Мноства чаго‑н., сабранага ў адным месцы. Грамада камяніц, раскінутых на вялікіх прасторах, вельмі прыгожа спускалася да даліны Свіслачы. Колас.

грамада́, ы́, ДМ ‑дзе́, ж.

1. Група людзей, натоўп. [Настаўніца] гуляе ў лесе з вясёлай грамадой школьнікаў. Бядуля. Усёй сваёй невялічкай грамадой хлопцы пайшлі па вуліцы. Кулакоўскі. / Пра дрэвы, прадметы і пад. Я моўчкі вітаю дзень многагалосы, Дубоў грамаду, красу лугавую. Колас. // у знач. прысл. грамадо́й. Усе разам, гуртам. Падводамі прывозілі з горада тавар; грамадою хадзілі дзівіцца, аглядаць. Каваль.

2. Пазямельная абшчына ў Беларусі і на Украіне да Кастрычніцкай рэвалюцыі, а таксама сход членаў гэтай абшчыны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ста́раста, ‑ы, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.

1. У дарэвалюцыйнай Расіі — адміністрацыйна-службовая асоба, якая прызначалася або выбіралася для вядзення спраў якой‑н. абшчыны, арцелі і пад. Царкоўны стараста. □ Заўтра трэба будзе заказаць старасту фурманку і паехаць да воласці забраць школьныя прыналежнасці. Колас. Люба — адна дачка і адно дзіця ў свайго бацькі; і бацька яе не абы-хто, а сельскі стараста. Мурашка. // У час Вялікай Айчыннай вайны — службовая асоба, якая назначалася акупантамі ў сельскай мясцовасці. Гітлераўцы прапанавалі яму [Шаройку] стаць старастам. Шамякін. Потым паказаўся стараста з двума нямецкімі салдатамі. Пальчэўскі.

2. Асоба, якая выбіраецца або прызначаецца з асяроддзя вучняў, студэнтаў для нагляду за выкананнем дысцыпліны, правіл унутранага распарадку ў класе, гуртку і пад. Стараста гуртка. Стараста класа. □ Стараста прыродазнаўчага гуртка Яша ажно прысягаў перад сябрамі, што Чмыхун — не звычайны вожык. Даніленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

патро́н 1, ‑а, м.

1. Гільза з капсулем, зарадам і куляй або шротам. Шура адцягнуў затвор, загнаў патрон у канал ствала. Навуменка.

2. Частка электрычнага прыстасавання, куды ўкручваецца лямпачка. [Рабочы] прынёс і павесіў на цвік, убіты ў сцяну, шнур з электрычным патронам. Арабей.

3. У такарным і свідравальным станку — прыстасаванне для замацавання дэталі, якая апрацоўваецца. Іван замацаваў чарговую дэталь у патрон і ўключыў матор. Ваданосаў.

[Фр. patron.]

патро́н 2, ‑а, м.

1. У Старажытным Рыме — асоба, якая брала пад сваю апеку і залежнасць свабодных, але бедных або непаўнапраўных грамадзян. // перан. Заступнік, абаронца. // У католікаў — святы, якога лічаць заступнікам і апекуном таго, хто носіць яго імя, або апекуном, абаронцам якога‑н. горада, абшчыны.

2. У капіталістычных краінах — гаспадар якой‑н. фірмы, прадпрыемства. // Разм. Непасрэдны начальнік у адносінах да сваіх падначаленых. [Мая] выпісвала і перакладала па тэме свайго патрона розныя весткі з замежных крыніц. Сабаленка.

[Ад лац. patronus — апякун.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)