Сфе́ра ’шар ці яго паверхня знутры’, ’прастора дзеяння; межы распаўсюджвання’ (ТСБМ), сфэ́ра ’абшар, на які сягаюць сілы, уплывы нябеснага цела; круг уплыву’ (Ласт.), ’абсяг’ (Некр. і Байк.). Ст.-бел. спе́ра (сфе́ра) ’сфера, арбіта планет’, XV ст. < ст.-польск. sfera, spera < лац. sphaera ад грэч. σφατρα ’шар, мяч, ядро’ (Булыка, Лекс. запазыч., 139). Сучаснае слова можа быць паўторным запазычаннем з рус. сфе́ра, дзе з XVII ст. праз польск. sfera або ням. Sphaere, якія, далей, да той жа крыніцы; гл. Фасмер, 3, 815.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

мядо́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да мёду. [Людвік] выбраў чыстую мясцінку на прызбе, паставіў на ёй мядовую рамку і выйшаў на вуліцу. Кулакоўскі. // Прыгатаваны з мёду, на мёдзе. Мядовы пернік. Мядовы квас.

2. Які пахне мёдам. Верасы напаўняюць паветра мядовым пахам. В. Вольскі. // Падобны колерам на мёд, жоўта-залацісты. [Сонца] кідаецца на абшар, аблівае яго мядовым колерам. Бядуля.

3. перан. Саладжавы, прытарна-пяшчотны, ліслівы (пра голас). — Сястрычка, ідзі пагуляй, любая. Мне трэба нешта сказаць урачу, — мядовым голасам праспявала Тамара Аляксандраўна. Шамякін.

•••

Мядовы месяц гл. месяц.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шырыня́, ‑і, ж.

1. Працягласць чаго‑н. у папярочніку. Без канца вялікі двор — Не акінуць яго вокам, Шырыня, разгон, прастор! Колас. Цяпер пад трактар плуг бы столямешны, Каб гнаць барозны шырынёю ў гоні. Аўрамчык. // Разм. Вялікі абшар, шыр. Завяду кола-круг, — Шырыня ды прастор, Ды паклічу падруг, Прыгажуняў сясцёр. Астрэйка.

2. Разм. Тое, што і шырата. Нью-Йорк, як вядома, знаходзіцца на шырыні Тбілісі. Новікаў.

3. перан. Уласцівасць шырокага (у 5, 6 знач.); рознабаковая дасведчанасць. План аперацыі захапіў камісара сваёй шырынёй і смеласцю. Мележ. Прыродная шырыня душы падказала Міхалу: адбылося незвычайнае. Лужанін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пасла́цца, ‑сцялюся, ‑сцелешся, ‑сцелецца; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Пралегчы, размясціцца на вялікай прасторы. Дарогі вы шасейныя, Шчаслівыя дарогі, Істужкамі паслаліся На нашыя разлогі. Купала. Сядзіць Аўдуля за стырном, Пад сонцам вочы жмурыць. Абшар паслаўся перад ёй, Дзе ўсё з маленства люба: Лагчынкі, Камень пад гарой. Калачынскі.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Заняць месца ў прасторы; распаўсюдзіцца па паверхні чаго‑н. Туман паслаўся над лугам. □ Калі ж на вербах невысокі! Паслаўся лёгкі жоўты пух, — Дала яму [Сымонку] бяроза соку, Пасля даў шчаўя цёплы луг. Бялевіч.

3. Разм. Падрыхтаваць, паслаць сабе пасцель. Надзі яшчэ не было дома, Якаў паслаўся на сваёй канапцы і лёг. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Сцяг 1 ’палотнішча на дрэўку як дзяржаўная або вайсковая эмблема’ (ТСБМ, Гарэц., Байк. і Некр., Ласт.). Укр. стяг ’тс’, рус. стяг ’тс’, дыял. паўн. ’жардзіна’, стараж.-рус. (XI ст.) стѧгъ ’баявы сцяг’. Усх.-слав. ⁺стѧгъ лічыцца запазычаннем са ст.-сканд. stǫng ’дрэўка, шост’, ст.-швед. stang ’тс’ (гл. Фасмер, 3, 790 з аглядам літ-ры). Паводле іншай версіі, слова спрадвечнаславянскае і звязана з серб.-харв. сти̏јег ’сцяг’, ст.-серб. стегь ’тс’, балг. дыял. стяг ’вясельны сцяг’, што да прасл. *stěgъ, якія параўноўваюцца са сцежар, стажар (гл.) і роднаснымі. Меркаванні пра ўзвядзенне да прасл. *stęgъ (Ягич, AfslPh, 5, 665; Младэнаў, 616) непрымальныя па фанетычных прычынах. Гл. Фасмер, там жа; Кіпарскі, Gemeinslav., 160; Скок, 3, 334; ЕСУМ, 5, 460.

Сцяг 2 ’азярод, прыстасаванне для прасушкі збожжа ў снапах’ (барыс., Жд. 2; барыс., Шатал.): ширѣй, вышей сцяги ў поли (барыс., Шн.), sciehi, sciahi ’тс’ (барыс., Маш.). Вузкалакальны тэрмін, паводле знешняга падабенства (робіцца з жэрдак і слупоў), відаць, да папярэдняга, гл.

Сцяг 3 ’туша забітай жывёліны’ (Нас., Байк. і Некр.), ст.-бел. стяг ’мера колькасці мяса’ (Ст.-бел. лексікон). Рус. паўн. стяг ’туша каровы або вала’, стяг свежины ’туша без скуры і без галавы’, стараж.-рус. стѧгъ ’тс’. Выводзіцца з съ‑ і *tęgnǫti ’цягнуць’; гл. Сабалеўскі, ИОРЯС, 30, 442; Фасмер, 3, 790–791; параўн. яшчэ версію Борыся аб польск. ścięgno (гл. сцягно).

Сцяг 4, ’рад будынкаў, што прымыкаюць адзін да аднаго’ (Варл.), ’рад, чарада, паласа, шарэнга’ (полац., Нар. лекс.; Сл. ПЗБ), ’шмат, цуг’ (Барад.), ’абшар, плошча, пляц’ (віл., Сл. ПЗБ; полац., Нар. лекс.), адны́м сця́гам ’адзін за адным’ (клец., Бел. дыял.), сцяж ’абшар’ (Бяльк.), ’рад’ (Сл. ПЗБ), у сцяж ’у адзін рад’ (драг., Нар. сл.), сцяг гаравы ’горны хрыбет’ (Стан.), сюды ж стаг ’рад будынкаў, якія знаходзяцца пад адной страхой’ (беласт., Сл. ПЗБ) са стратай мяккасці ‑т‑. Да цягнуцца, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

По́ле абшар зямлі, прызначаны для ворыва’, ’вялікая роўная прастора’ (ТСБМ). Укр. по́ле, рус. по́ле, н.-луж. pólo, в.-луж. polo, польск., чэш., славац. pole, славен. polje, серб.-харв. по̏ље, балг. поле́ ’тс’. Прасл. *polje суадносіцца з по́лы (гл.) ’пусты, адкрыты, незапоўнены’, роднаснае ст.-швед. fala ’раўніна’, лац. palam прысл. ’адкрыта’, хец. palhi ’шырокі і плоскі’ (Фасмер, 3, 307; Сной, 467; Чарных, 2, 51). Можа суадносіцца са значэннем ’выпаленая (у лесе) дзеля пасеву прастора’ ад і.-е. *pel‑ ’паліць’, г. зн. ’лес, выпалены для сяўбы’, аналагічна лац. area ’адкрытая прастора’ і arēre ’паліць’ (Макоўскі, Мир сл. и знач., 151), магчыма, другаснае збліжэнне пры першасным і.-е. *pel‑ ’светлы, шэры’, параўн. пялясы ’з белымі палосамі’, літ. laũkas ’поле’, літаральна — ’белае’, г. зн. ’палоска засеянай зямлі сярод лесу’ (Трубачоў-Фасмер, 3, 307; Куркіна, Зб. Слаўскаму, 155). Гл. таксама пу́львына ’бязлесная раўніна’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ром 1, ро̂м ’месца, куды звозяць бярвенне для сплаву, ці з якога сплаўлялі лес, вязалі плыты’ (Бір.; чырв., З нар. сл.; капыл., Сл. ПЗБ), ’прастор, свабоднае месца’, ’абшар’ (Др.-Падб.); ст.-бел. румъ ’тс’, ’месца пагрузкі’, ’будматэрыялы ’руіны’ (XVI ст.) запазычана са ст.-польск. rum, якое з с.-в.-ням. rūm (Булыка, Лекс. запазыч., 189; SEK, 4, 216), < і.-е. *reu̯os: авест. ravah‑ ’даль, прастора, даўжыня’, лац. rūs ’зямля па-за горадам’, ст.-ірл. rōi ’раўніна’, тахар. rū‑ ’адкрываць’. Гл. рум.

Ром 2 ’моцны спіртны напой з пераброджанага соку або з патакі цукровага трыснягу’ (ТСБМ) — з рус. ром ’тс’ (упершыню ўжыта ў перакладзе «Рабінзон Круза» 1762 г. у форме рум), якое з англ. rum — вымаўляецца як [rʌm], таму [у] > [о] — а гэтае з’яўляецца скарочаным rumbullion ’шум, вэрхал, галас (пры распіцці гарэлкі)’ (Рэйзак, 550; Сной₂, 633); яго запазычылі англійскія пасяленцы на в. Барбадас (у XVII ст.). Пальмер (Neuweltwörter im Deutschen. Heidelberg, 1933, 117) выводзіць лексему з малайскага brum ’цукровая гарэлка’ (Фасмер, 3, 499). Гл. таксама рум 5.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

по́ле, ‑я, н.

1. Абшар зямлі, прызначаны, прыгодны для ворыва. Балеслаў стаяў у самым лесе, на мяжы з полем. Чорны. Па той бок Нёмана лугі ідуць, а за лугамі — лес і поле. Колас. // Засеяны або падрыхтаваны да пасеву ўчастак зямлі. За садам разгортвалася вялікае поле канюшыны. Бядуля. Малашонак доўга не здаваўся, але ўсё ж штучнае ўгнаенне зааралі ў глебу разам з гноем, рыхтуючы поле пад кукурузу. Ермаловіч. // чаго або якое. Вялікі абшар, прастора, накрытая чым‑н. [Маечка] потым доўга расказвала бацьку, як яны хутка імчаліся па дарозе, як з-пад капытоў каня ляцеў іскрысты снег, як прыгожа блішчыць за вёскай снежнае поле. Краўчанка. // чаго або якое. Прастора, прызначаная для чаго‑н.; пляцоўка. Лётнае поле. Футбольнае поле.

2. Спец. Прастора дзеяння якіх‑н. сіл. Электрычнае поле. Магнітнае поле.

3. перан.; чаго або якое. Галіна, сфера (якой‑н. дзейнасці, заняткаў і пад.). З гадамі ж увогуле поле дзейнасці для будаўніка ў вёсцы стане неабмежаваным. Хадкевіч. «Вось дзе багатае поле для гераічных учынкаў», — думаў ён. Шамякін.

4. Фон, на якім нанесены ўзоры. Тканіна з узорам на атласным полі. Паркаль у белыя гарохі на чырвоным полі.

5. звычайна мн. (палі́, ‑ёў). Вузкія чыстыя палоскі па краях аркуша, кнігі, сшытка, рукапісу і пад. Потым сеў і стаў чытаць кнігу.., робячы на палях нейкія паметкі. Гурскі. На вялікіх палях з нядбайна абарванымі краямі.. [Валя] піша папраўкі мікраскапічнымі літарамі. Асіпенка.

6. толькі мн. (палі́, ‑ёў). Шырокі бераг капелюша. [Мінгрэл] быў невялікага росту, і першае, што кідалася ў вочы, — гэта яго шырокі чорны капялюш з абвіслымі палямі. Самуйлёнак.

•••

Аперацыйнае поле — участак цела, на якім робіцца аперацыя. Коўбец прыняў з рук другой памочніцы вузкі нож і, нахіліўшыся над аперацыйным полем, спакойным рухам зрабіў разрэз. М. Ткачоў.

Аднаго поля ягады гл. ягада.

Поле зроку — а) прастора, якую бачыць вока; б) перан. круг інтарэсаў, кругагляд.

Шукаць ветру (лавіць вецер) у полі гл. шукаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

трыво́жыць, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; незак., каго-што.

1. Выклікаць трывогу; прыводзяць у стан неспакою. [Надзі] было шкада бацькі, яе трывожыла яго слабае здароўе, што пагаршалася з кожным днём. Шахавец. Сесія не палохала мяне [Стэфу] і не трывожыла: я была ўпэўнена, што добра здам экзамены. Савіцкі. [Сцяпан:] — Мяне асабіста ў першую чаргу трывожыла жніво. Пянкрат. // Парушаць душэўную раўнавагу, хваляваць. Толькі чый гэта, чый гэта погляд Так трывожыць зараз мяне? Азірнуўся — і рыфмы загл[у]хлі: Пекнай пані партрэт на сцяне. Панчанка.

2. Парушаць спакой каго‑, чаго‑н., турбаваць. Цэлы дзень загадчыка трывожылі наведвальнікі. □ Не будзіце, матулі, дачок закаханых, Не трывожце іх светлыя сны. Сняцца ім у рамонкавым звоне паляны, Сняцца зоры на вейках вясны. Жычка. [Тарас:] — Жонку трывожыць не хочацца, яна там працуе, робіць сваю справу. Мікуліч. / Пра вецер, сонца і пад. Звінеў ад жаўранкаў абшар І вецер поля не трывожыў. Астрэйка. // перан. Бударажыць мінулае, перажытае. Толькі навошта трывожыць нядобрыя ўспаміны. Шахавец. А навошта трывожыць ім боль, — Родны іх пахаваны, — Сыпаць горкую соль Успамінаў на свежыя раны? Куляшоў.

3. Раздражняць, раз’ятрываць. Трывожыць рану.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ла́ва ​1, ‑ы, ж.

Прадмет сялянскай мэблі — шырокая дошка на ножках для сядзення, звычайна прыстаўленая да сцяны. Ад мыцельніка да стала працягнулася шырокая жаўтлявая лава. Алешка. Госць лавы не праседзіць. Прыказка. // Тое, што і лаўка ​1 (у 1 знач.). У цяньку прысеў на лаву, Паліць люльку дзед. Зарыцкі.

•••

Сесці (папасці, трапіць) на лаву падсудных гл. сесці.

ла́ва ​2, ‑ы, ж.

1. Расплаўленая мінеральная маса, якая вывяргаецца вулканам на паверхню зямлі. Патокі лавы.

2. перан. Імклівая, нястрымная маса каго‑, чаго‑н.; лавіна. Можа, і не дагнаў бы авечак [Алёша], каб не дзядзька Сымон.. Проста на яго неслася авечая лава. Гамолка.

3. у знач. прысл. ла́вай. Суцэльным патокам. Радасць льецца лавай.

ла́ва ​3, ‑ы, ж.

Баявы парадак конніцы для адначасовай атакі з флангаў і з тылу, а таксама атрад, пастроены для такой атакі. Лава казакоў. □ Лава памчала галопам, пакідаючы на полі бою коннікаў. Гурскі.

[Польск. ława — рад, шарэнга.]

ла́ва ​4, ‑ы, ж.

Падземная горная вырабатка з доўгімі забоямі, у якой здабываюцца карысныя выкапні. Між ствалоў сасновых Ноч і дзень Тут, па ўсіх забоях кожнай лавы, Рэха навальнічнае гудзе. Аўрамчык.

ла́ва ​5, ‑ы, ж.

Разм. Вялікі абшар, аднастайны масіў чаго‑н. Направа і налева і далёка ўглыб пачынаюцца бясконцыя абшары лясоў, велічэзныя лавы так званай скарбовай зямлі. Колас. Уборка і малацьба збожжа былі скончаны, на палях зелянела шырокая лава руні. Паслядовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)