Ту́каць ‘крычаць на каго-небудзь, тупаючы нагамі’, ‘нападаць пастаянна на каго-небудзь’ (Нас., Некр. і Байк., Шат., Мат. Гом.), ‘гаварыць, заклікаць’ (Ян.), ‘заганяць (жывёлу), крычаць’, ‘падаўляць, прыніжаць’ (Вушац. сл.), ту́каць‑гу́каць ‘лаяць, пакрыкваць, нападаць’ (паст., Сл. ПЗБ), ту́каць‑лю́каць ‘тс’ (лаг., Гіл.), ту́кыць ‘крычаць, пагражаць’ (Яўс.; мёрск., Нар. сл.), ‘грозна пакрыкваць’ (Юрч. СНЛ), ‘крычаць, палохаць крыкам’ (Мядзв.), тукава́ць ‘напамінаць’ (Сцяшк. Сл.). Параўн. рус. бранск., смал. ту́кать ‘крычаць, лаяцца’: все на ее тукают; хозяин тукал на собаку (СРНГ), серб. цімак. ту́кати ‘цкаваць, нацкоўваць’: немој да тукаш куче (СДЗб, 57, 941). Гукапераймальнае ўтварэнне на аснове выклічніка ту! (гл. ту1) для адпалохвання, запалохвання: усе дзеці як дзеці, а на цябе тукай, як на ваўка (Рэг. сл. Віц.), параўн. фразеалагізмы: на пень брахаць, на калоду тукаць ‘гаварыць недарэчнае, неразумнае, непрыстойнае’ (Даніл. Сл.), зверьху сукны, а пад нізом — хоць тукні (ветк. “на від красівы і харошы, а будзя звер-звярюга”; Palaeoslavica, 31, 168), а таксама фалькл. ту́каўшчына ‘даніна мёдам царкве за дазвол тукнуць (крыкнуць ту!) у божым храме’ (т. зв. смехаўё, запісанае Раманавым у пач. XX ст., гл. Фядосік, Рэгіян. асабл., 1973, 113). Сюды ж ту́кыньня ‘грознае пакрыкванне’ (Яўс., Юрч. СНЛ), ту́канне ‘пастаянныя нападкі’ (Нас.), ту́кнуць ‘крыкнуць, каб напалохаць’ (Яўс.), ту́кала ‘які назаляе частай лаянкай’ (Нас.), ту́кынніктой, хто пакрыквае’ (Юрч. СНЛ). Гл. таксама гукапераймальныя гукаць, люкаць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ёлуп, ёлоп ’дурань, асталоп, бесталковы тупы чалавек’ (БРС, ТСБМ, Нас., Шат., Касп., Бяльк., Мядзв., Яруш., Гарэц., Бір. Дзярж.). Укр. йолуп, йолоп ’тс’, рус. смал. ёлуп, польск. jołop. У рускіх і польскіх дыялектах запазычана з беларуска-ўкраінскага арэала, дзе гэта слова можна лічыць інавацыяй. Надзейна вызначыць этымалогію лексемы цяжка. Для яе існуюць некалькі этымалагічных версій. Бернекер (308) выводзіў укр. йолуп з укр. оглуп (апошняе да глупы). Існуе магчымасць выпадзення фрыкатыўнага г у форме оглуп. Параўн. бел. арэх (гл.) < агрэх. Можна таксама выводзіць рус. олух з *оглух (укр. оглухтой, хто дрэнна чуе’). Брукнер (KZ, 45) звязваў ёлуп з яловы, што яшчэ менш верагодна. Слаўскі (1, 584) гаворыць пра магчымасць усходняга паходжання, але не прыводзіць крыніцы. Апрача гэтых версій, якія зарэгістраваны ў літаратуры, можна разгледзець магчымасць новай этымалогіі, якая грунтуецца на беларускіх дзеяслоўных і прыметнікавых формах ёлупіць ’вытрэшчваць вочы’ (Нас.), ёлуплівы ’вытрашачаны (аб вачах)’, ’дурнаваты’. Калі гэта так, дык ёлуп узыходзіць да *о‑луп. Параўн. лупіць (вочы). Змена пачатку слова (ёлуп < *олуп) таксама мае аналагічныя прыклады (ёлкі < *олъкъ, ён < он і г. д.). Пацвярджае гэту этымалагічную версію бел. валапокі, рус. смал. волопокий ’зіркасты’ (< *волопо‑окий). У волопокий мы выдзяляем волоп‑ (< *олуп). Такім чынам, волопокий: лупаты (ёлуплівы) = вірлавокі: вірлаты (усе лексемы маюць агульнае значэнне ’вірлавокі, лупаты’).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

здаць, здам, здасі, здасць; здадзім, здасце, здадуць; пр. здаў, ‑ла, ‑ло; зак., каго-што.

1. Перадаць каму‑н. даручаную справу, абавязкі, рэч і пад. пры вызваленні ад выканання чаго‑н. Здаць станок. Здаць дзяжурства. □ — Пакуль мы стаім, вы якраз управіцеся здаць камандаванне. Мележ. Свае старшынскія абавязкі Люба здала Міхалу. Васілевіч. // Перадаць пэўнай асобе або ў пэўнае месца вынікі, прадукты сваёй працы для далейшага іх выкарыстання. Здаць хлеб дзяржаве. Здаць твор у друк. □ На нарыхтоўчыя пункты калгас здаў ужо больш 300 свіней. «Звязда».

2. Аддаць куды‑н. з якой‑н. мэтай. Здаць рэчы ў багаж. // Накіраваць на вучобу, службу і пад. Валодзя пісаў аб .. жыцці ў дзіцячым доме, куды яго здалі партызаны. Шамякін. // Вярнуць тое, што знаходзілася ў часовым карыстанні. Здаць кнігі ў бібліятэку. // Аддаць тое, чым не дазволена карыстацца. Здаць зброю.

3. Перадаць, аддаць каму‑н. у часовае карыстанне, у наём, у арэнду. Здаць пакой кватарантам. □ Дык у той самы вечар адбылася ў мястэчку вось якая справа: поп здаў у арэнду ўсю сваю зямлю. Чорны.

4. Раздаць карты ў гульні. — Звонкі козыры, — здаў Паўлюк карты і абцёр пот са лба. Гарэцкі.

5. Паспяхова прайсці праверку якіх‑н. ведаў, умення што‑н. рабіць. Здаць залік. Здаць нормы па бегу.

6. Спыніўшы супраціўленне, аддаць, пакінуць ворагу. Здаць горад. Здаць крэпасць. // Пацярпеўшы няўдачу, адмовіцца ад далейшай гульні, барацьбы і пад. Здаць шахматную партыю.

7. а таксама без дап. Аслабіць сілу, інтэнсіўнасць, тэмп і пад. чаго‑н. Падабаўся Пазняку гарачунаўскі тэмп у рабоце, таму і забірала трывога, каб дружбак не здаў яго. Шахавец. / Пра мароз, зіму і пад. Над вясну мароз здаў.

8. без дап. Разм. Фізічна аслабець; заняпасці. Здаў за той год Сцяпан, азыз .., ссівеў. «Беларусь». Неўзабаве занядужала маці і памерла, а пасля бацька здаў. Гурскі. // Страціць вытрымку, самавалоданне і пад. Грышка струсіў, здаў, заплакаў. Хоць напаў зусім не воўк, А абучаны сабака Пагранічнікаў-байцоў. А. Александровіч. // Перастаць дзейнічаць у выніку хваробы, псавання і пад. Сэрца здало. Матор здаў. Машына здала.

•••

Здаць у архіў — прызнаць застарэлым, малапатрэбным, забыць; перастаць лічыцца з кім‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

старана́, ы́; мн. сто́раны (з ліч. 2, 3, 4 стараны́), старо́н; ж.

1. Тое, што і бок (у 1–3 і 7 знач.). У свеце чатыры Усяго стараны. Хто добры і шчыры — Не цесны яны. Гаўрусёў. Той, хто сынам можа звацца Беларускай стараны, Будзе да канца змагацца На крутых франтах вайны. Астрэйка. Убачыўшы чалавека са сваёй стараны,.. [Кандрат] заварушыўся, рвануўся да яго і адразу сыпануў словамі. Чорны. О, колькі ў нашай ціхай старане Магіл салдат, яшчэ ўсё невядомых!.. Мая зямля ім стала родным домам, Ім, смерцю храбрых паўшым на вайне. Рудкоўскі. Абедзве стараны згадзіліся памірыцца. Скрыган.

2. Абл. Палавіна гумна ад току да сцяны; бок гумна. [Зоська:] — Мне трэба было да паўдня жаць, а тады ісці ў гумно пад авёс старану вычысціць, а я не пайшла. Чорны. Другую старану [у гумне] цесна, ледзь не да самага вільчыка, поўнілі роўныя рады снапоў. Мележ.

3. Прамая лінія, якая абмяжоўвае геаметрычную фігуру. Старана квадрата. Стараны вугла.

4. у знач. прысл. стараной (‑ою). У абход, ідучы на пэўнай адлегласці ад чаго‑н. Гаспадары не любілі чужых вачэй. Людзі ведалі гэта і аб’язджалі хутар стараною. Пальчэўскі. Сонца сумысля знізіцца, пройдзе недзе стараной, каб быць незаўважаным, на крайку небасхілу. Ермаловіч. // Між іншым. Ды тут замецім стараною: Ці не з’яўляецца маною — Прашу прабачыць мне за слова — Уся гэта райская размова? Колас. // перан. Не непасрэдна, з іншых крыніц. [Валі] не падабаецца, што .. [Сашка] зусім забыўся на свайго бацьку, раз у гады два даведаецца стараной, што той працуе і жыве добра. Чорны.

•••

Мая (твая, яго, яе, наша, ваша, іх) справа старана гл. справа.

На старане — не ў сябе, не дома, у чужым месцы (працаваць, служыць і пад.). Беднасць і малазямелле змушалі клінкоўцаў шукаць заработку на старане. Колас. Думаў [Юзік] спачатку на старане дзе-небудзь шукаць [грошы] у чужых людзей, у суседзей, ды не было ў каго вельмі прасіць. Крапіва.

На старану — куды-небудзь у іншае месца, не па прызначэнню (збываць, прадаваць і пад.).

У старане — а) на некаторай адлегласці, воддаль. Лёгкі вецер шолахам Траў не калыхне, Недзе цені-сполахі Спяць у старане. Бачыла; б) не разам з усімі, асобна.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чалаве́к, ‑а; мн. людзі, ‑ей і ў спалучэнні з колькаснымі словамі чалавекі, чалавек, чалавекам, чалавекамі, аб чалавеках; м.

1. Грамадская істота, якая мае высокаарганізаваны мозг, валодае мысленнем, маўленнем, здольнасцю вырабляць прылады працы і мэтанакіравана выкарыстоўваць іх для ўздзеяння на навакольны свет. За апошнія гады багаты палескі край асабліва шпарка ўдасканальваўся савецкім чалавекам. Чорны. — Кожнаму чалавеку даецца права абрабляць зямлю сваімі рукамі, — заўважыў Іваніцкі. Мурашка. Чалавек на зямлі будзе жыць без замкоў, Бо замкі — сваякі збітых рабскіх акоў! Гілевіч. // чаго або які. Асоба як увасабленне пэўных духоўных або фізічных якасцей, уласцівасцей, службовых характарыстык і пад. Добры чалавек. Хворы чалавек. Стары чалавек. Чалавек справы. □ [Конан:] — Замыкаю [лодку] ад ліхога чалавека. Лобан. // Ужываецца ў значэнні займенніка: «ён», «нехта», «той». — Ціха, ціха! — замахаў Аніс шапкай. — Дайце чалавеку сказаць. Дуброўскі. [Карнейчык:] Тут чалавек жаніцца нарыхтаваўся, а вы перад ім сямейныя сцэны разыгрываеце. Крапіва. // Ужываецца ў спалучэнні з лічэбнікам або прыслоўем для ўказання на колькасць асоб. Паднялі дзесяць чалавек, і Арсень не прамінуў забраць большасць іх у свой узвод, паколькі меў права выбару. Хадкевіч.

2. Разм. Муж; мужчына. Жанчына ведала нораў свайго чалавека: калі яму што ўбілася.. ў галаву, дык лепш не чапай, бо бяды не абярэшся. Сабаленка.

3. Асоба як выражэнне высокіх маральных і інтэлектуальных рыс, духоўных якасцей. — Будзь старанным, сынку, — Станеш чалавекам, Будзеш ты чытаць нам, Цёмнікам, няўмекам. Колас. [Дзядзька Пракоп:] — Ну, як тут мой студэнт? — Нішто сабе, — адказвала настаўніца. — З яго будзе чалавек. Сабаленка.

4. Разм. Слуга ў тракціры, рэстаране. Успамінаецца Ваську не жыццё, а нейкае непаразуменне, быў падкухарам, быў і чалавекам у тракціры, потым неяк здарылася — захляснула Ваську жыццё цёмнай хваляй. Лынькоў.

•••

Неандэртальскі чалавек — тое, што і неандэрталец.

Боскі (божы) чалавек (уст.) — старац.

Добры чалавек — ласкавы зварот да незнаёмага. — Братцы! Адкуль вы? — З-пад Бягомля, добры чалавек! — адказаў дзядзька Мікалай. Ставер.

Малады чалавек — зварот да маладога мужчыны або мужчыны маладзейшага ўзросту. — Вам, малады чалавек, варта было адпачыць, — павярнуўся .. [Няслаўскі] да Ігнася. Мурашка.

Наш чалавек — хто‑н. блізкі, свой.

Свой чалавек — роўны каму‑н. па становішчу, аднаго светапогляду; аднадумец, той, якому можна даверыцца.

У рост чалавека гл. рост.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

го́ркі, ‑ая, ‑ае.

1. З непрыемным едкім смакам (смакам палыну, гарчыцы); проціл. салодкі. Горкі перац. □ Горкая рэдзька, ды ядуць, кепска замужам, ды ідуць. З нар.

2. Поўны гора; цяжкі, гаротны. Горкая доля. Горкае жыццё. □ [Волька] пачала паціху галасіць над сваёй горкай жаночай доляй. Б. Стральцоў. // Выкліканы цяжкім горам. Горкія слёзы. □ Марыну бабка суцяшае, Каб горкі сум развеяць ёй. Колас. Усё часцей і часцей бацька садзіўся ля стала, паклаўшы пад бараду рукі, думаў горкую думу, цяжка ўздыхаў. С. Александровіч. // Які выклікае гора, непрыемнасці. Пачуць горкую вестку. Выслухаць горкую праўду.

3. Набыты ў выніку цяжкай працы, доўгіх выпрабаванняў. Горкі хлеб. □ [Усіх людзей] затрымаць не ўдалося, сёй-той, навучаны горкім вопытам, паспеў схавацца. Лынькоў.

4. Які жыве ў цяжкім горы; бяздольны. Горкая сірата. Горкі бядняк.

5. у знач. наз. го́ркая, ‑ай, ж. Гарэлка. На пачатак справы — чарка горкай, На прыправу — добрая гаворка. Панчанка.

•••

Горкая соль гл. соль.

Гора горкае гл. гора.

Горкае дзіця гл. дзіця.

Горкі п’яніца гл. п’яніца.

Збіць (зрэзаць) на горкі яблык гл. збіць.

Як горкая рэдзька гл. рэдзька.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ба́цька, ‑і; мн. бацькі, ‑аў; м.

1. Мужчына ў адносінах да сваіх дзяцей; тата. Зачуўшы татаў ход знаёмы, Малыя з хаты высыпалі, За брамай бацьку сустракалі. Колас. // Вядомая і паважаная ў пэўных колах асоба. [Гарун:] — Павел Сцяпанавіч! Добрай раніцы, добрага здароўечка. Бацька ты наш родны! Шамякін. // Разм. Зварот да старога чалавека. Пераехаўшы [цераз рэчку], знаёмы партызан падзякаваў Грысю і зноў назваў яго бацькам. Кулакоўскі.

2. Самец у адносінах да свайго патомства.

3. чаго. Кніжн. Заснавальнік, пачынальнік якой‑н. навукі, вучэння. Акадэмік Карскі — бацька беларускай філалогіі.

•••

Выліты бацька, копія бацька — пра дзіця, з твару вельмі падобнае на бацьку.

Гадзіцца ў бацькі каму гл. гадзіцца.

Імя па бацьку гл. імя.

Пайсці па бацьку гл. пайсці.

Пасаджоны бацька — пры адсутнасці бацькі той з родзічаў, што выконвае на вяселлі ролю бацькі жаніха або нявесты.

Прыёмны бацька — чалавек, які прыняў дзіця ў сваю сям’ю на правах сына (дачкі).

Родны бацька, кроўны бацька — аднаго роду, адной крыві па бацькоўская лініі.

Увесь у бацьку — пра дзіця, якое з твару і характарам падобнае на бацьку.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гаспада́р, ‑а, м.

1. Уласнік, уладальнік каго‑, чаго‑н. Гаспадар кнігі. Гаспадар кватэры. Гаспадар фабрыкі. // Прыватны наймальнік. Гаспадар не хацеў задавольваць патрабаванні рабочых, пагражаў абвясціць лакаут. Лынькоў. // Селянін, уладальнік сялянскага двара, надзелу. Ніхто.. [Лаўрэна] не лічыў за гаспадара, а яго хату — за гаспадарку. Якімовіч. Пад самы лес бягуць шнуры, І брыюць спрытна, без заганы, Зялёны дол гаспадары. Колас.

2. (звычайна з азначэннем). Чалавек, які вядзе гаспадарку, займаецца гаспадарчымі справамі. Дбайны гаспадар. □ Навучыліся тут людзі працаваць.., адчуваць сябе добрымі, руплівымі гаспадарамі. Кулакоўскі.

3. Галава сям’і, дома. Мужчыны падалі адзін аднаму рукі, гаспадар — цвёрда і самаўпэўнена, госць — .. нясмела. Чорны.

4. Той, хто мае ўладу над кім‑, чым‑н.; паўнаўладны распарадчык. Гаспадар становішча. □ Кандрат Гуга быў больш-менш незалежным гаспадаром у сваім доме. Колас.

5. Разм. Муж. Вестка пра падзенне самаўладства ўсімі ўспрымалася як вестка пра канец вайны, пра тое, што да дзяцей вернуцца бацькі, да маці — сыны, да жонак — гаспадары. Лобан.

•••

Гаспадар свайго слова — пра чалавека, у якога слова не разыходзіцца са справай.

Сам сабе гаспадар гл. сам.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адрачы́ся, ‑ракуся, ‑рачэшся, ‑рачэцца; ‑рачомся, ‑рачацеся, ‑ракуцца; зак., каго-чаго і ад каго-чаго.

1. Адмовіцца ад сваіх правоў на што‑н. Адрачыся ад спадчыны. Адрачыся ад трона. □ [Грамабой:] — У людзей языкі доўгія: скажуць — Яначка зямлі адрокся. Крапіва. // Кінуць, не ўзяць. Пусціў Тодар ведзьмара. Усхапіўся той ды наўцекача — і сарочкі адрокся. Якімовіч.

2. Не прызнаць за сваё. [Купала:] Я даў абяцанне дзядзьку Раману, думаю, што і ён ад свайго слова не адрачэцца. Вітка. [Бэсман:] Як вам не сорам: Сказаць і адрачыся ўласных слоў! Глебка. // Адмовіцца ад былых поглядаў, перакананняў, веры. Адрачыся ад царквы. // Адмовіцца ад каго‑н. блізкага (сваякоў, сяброў, аднадумцаў і пад.). Што тут думаць! Усё перадумана. Не разумее старая, што.. [Іллюк] ніколі не адрачэцца ад Васіліны. Хадкевіч. // Парваць сувязь, аддаліцца ад чаго‑н. Ён ад свету сябе адлучыў, Ён адрокся ад скарбаў культуры. Глебка. // Адмовіцца ад якіх‑н. звычак, занятку і пад. Удавец-удалец Ад маны не ўбярогся; Ад світанак-гулянак, Ад дарог не адрокся. Бічэль-Загнетава.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вінава́ты, ‑ая, ‑ае; ‑ват, ‑а.

1. Які правініўся ў чым‑н., зрабіў злачынства. Прызнаць вінаватым. □ [Толя:] — Тут не адзін дырэктар вінаваты. Не ўсе навучыліся дабро сваё, сваю працу як след шанаваць. Брыль. Віктар стаяў, апусціўшы галаву, і сапраўды адчуваў сябе вінаватым. Маўр. // у знач. наз. вінава́ты, ‑ага, м. Віноўнік. І правы і вінаваты.

2. Які з’яўляецца прычынай чаго‑н. Алеська.. скрыва пазірала і на Любу, быццам тая вінавата была ў яе гневе. Мурашка. Шышак — безліч, а спадчыны сасна не пакінула. Мабыць, вінавата проста месца. Навуменка.

3. толькі поўн. ф. Які выяўляе ўсведамленне сваёй віны. Вінаваты голас. Вінаватая ўсмешка. □ Ліда спадылба вінаватым позіркам глядзіць на брата. Пальчэўскі.

4. Які вінен каму‑н., мае доўг. [Паўлік:] — Бацька мой.. не мог ніяк з даўгоў выбрацца — Сегенецкаму вінаваты быў гэтулькі, што маці.. па паўлета дарэмна яму жала. Чорны. // у знач. наз. вінава́ты, ‑ага, м. Той, хто вінен каму‑н., мае доўг. [Ціток:] — Хай мне паадрабляюць усе вінаватыя. Лобан. Не плаціць багаты, а вінаваты. Прыказка.

•••

Богу душою не вінаваты (вінны) — зусім не вінаваты.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)