раскі́нуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак., што.

1. Шырока развесці ў бакі. Раскінуць крылле. □ А Нінка яшчэ спіць. Як міла раскінула яна свае тонкія ручкі, як хораша ёй са смуглаватым румянцам першага вясновага загару!.. Брыль. Хлопчык, як угледзеў Галю, раскінуў рукі і пабег да яе. Сабаленка. // Шырока распасцерці ў розныя бакі. Прайшло шмат часу, а .. [дубы] стаяць усё такія ж, як і раней, у вечнай задуме, раскінуўшы ў паднябессі шырокае магутнай голле. Дуброўскі. // Адкінуць у бакі, разгарнуць, раскрыць. Тады Хвядзько злез [з воза], сам раскінуў вароты і ўвёў фурманку. Лобан. Вось раскінулі хлопцы варты, І на новай зялёнай трохтонцы, Як на сцэне, з раёна артыст Заспяваў аб радзімай старонцы. Нядзведскі.

2. Разаслаць, разгарнуць на паверхні што‑н. Люба раскінула на падлозе брызент — паслала сабе і Васілю. Даніленка. Прося здагадалася: сцягнула посцілку, раскінула на падлозе і натаптала клунак. Паўлаў. // Раскласці што‑н. складзенае. Раскінуць стол. Раскінуць антэну. // Знайшоўшы месца, паставіць, размясціць што‑н. Раскінуць палаткі. □ Падобна было на першы погляд, што тут [на ўзлеску] проста раскінулі свой часовы лагер маладыя турысты. Хадкевіч.

3. Распасцерці, працягнуць на вялікай прасторы. Вецер мяккі, Цёплы і сіні прыходзіць на помач, Гоніць крылатыя лодкі, Быццам іх хоча ўдаль заманіць, Туды, дзе сінія хвалі Раскінула Нарач на поўнач, На поўдзень, на захад, на ўсход. Танк.

4. Раскідаць, рассыпаць па чым‑н. што‑н. Сцяпан выскубнуў колькі ахапкаў сена, раскінуў іх па доле. Скрыган. Ганна раскінула падушкі на ложку, паслала белыя, як снег, просціны — словам, пасцель падрыхтавала так, як мае быць. Гроднеў. // перан. Разм. Размеркаваць, раздзяліць што‑н. паміж кім‑, чым‑н. Раскінуць абавязкі.

•••

Раскінуць розумам — падумаць, памысліць.

Раскінуць рукамі — тое, што і развесці рукамі (гл. развесці).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рог 1, ‑а, М розе, м.

1. Цвёрды выраст з касцявога рэчыва на галаве ў некаторых жывёл. У войта і Бруя было па пары жадных валоў, адкормленых і з вялікімі рагамі. Колас. Гордая галава [аленя], упрыгожаная раскідзістымі рагамі, была крыху прыўзнята, вушы насцярожаны. В. Вольскі. // Пасудзіна для піцця (спіртных напіткаў) на ўрачыстасцях, зробленая з такога касцявога выраста. Я піў рачную плынь кіпучую, Шум хваляў дальніх берагоў, Піў на сустрэчах, на заручынах Віно з біклагаў і разоў. Танк. Рог па кругу пойдзе з хмелем, Бо, як водзіцца ў кра[і], — На радзіны і вяселле Тую бочку дастаюць. Прыходзька.

2. Музычны або сігнальны інструмент у выглядзе сагнутай трубы з расшыраным канцом. Паляўнічы рог. □ На вуліцы працяжна і зычна зайграў у свой берасцяны рог пастух Даніла. Якімовіч.

3. Востры загнуты канец чаго‑н. Рог пячных вілак.

•••

Абламаць (пазбіваць) рогі гл. абламаць.

Браць (узяць) быка за рогі гл. браць.

Загнаць у казіны рог гл. загнаць.

Наставіць рогі каму гл. наставіць.

Сагнуць (скруціць) у бараноў рог гл. сагнуць.

Скруціць чорту рогі гл. скруціць.

рог 2, ‑а; мн. рагі, ‑оў; м.

1. Месца, дзе сыходзяцца, сутыкаюцца два знешнія бакі аднаго прадмета; вугал. Клятчастая хустка толькі адным рогам ляжала на шыі. Кулакоўскі. На рагу стала ляжаў нейчы капшук, ружовы, з нейкімі вышытымі кветкамі. Лынькоў. За бляшанымі пірамідамі дахаў удалечы быў відаць рог будынка вакзала. Мележ.

2. Месца, дзе збягаюцца дзве перпендыкулярныя вуліцы. Прыпыніўшыся на рагу вуліцы, Наталля Максімаўна пачакала, пакуль пройдзе калона аўтамашын з вайскоўцамі. Дудо. На рагу акурат і стаяла змайстраваная з шалёўкі пабеленая знадворку будыніна з шыльдай: «Цырульня». Сабаленка. З-за рога выязджала ўжо, буксуючы ў снезе, машына. Арабей.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

склада́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Які складаецца з некалькіх частак, элементаў; састаўны. Складаны сказ. Складанае рэчыва. Складаныя лікі. □ Пэўная колькасць складаных слоў была запазычана старабеларускай мовай з іншых моў. Гіст. лекс. бел. мовы.

2. Які з’яўляецца сістэмай многіх узаемазвязаных частак. Сельская гаспадарка — жывы і вельмі складаны арганізм. Дуброўскі. / Пра машыны, механізмы. На вачах Ігната пашыраўся завод, на якім вырабляліся цяпер самыя складаныя станкі. Лынькоў. Мантажныя работы — наогул нялёгкая аперацыя. Тым больш цяжка зманціраваць такую складаную машыну, як земснарад. Дадзіёмаў. // Мудрагелісты па сваёй будове, форме. Складаны ўзор. Складаны арнамент. □ Трактарысту .. пяць год таму назад.. [граніца] ўяўлялася ледзь не кітайскай сцяной, або, па меншай меры, нейкай складанай камбінацыяй з калючага дроту. Брыль.

3. Які характарызуецца сукупнасцю звязаных паміж сабой з’яў, адносін, прыкмет і пад. Пісьменнік стварае складаную сітуацыю, калі два ўласнікі змагаюцца паміж сабою. Адамовіч. Васіль Паўлавіч трошкі з сумам, але і з гонарам успамінае тыя цяжкія, складаныя дні. Кулакоўскі.

4. Які спалучае ў сабе разнастайныя, часта супярэчлівыя бакі, рысы (пра чалавека, яго характар і пад.). Лемяшэвіч выйшаў з абкома са складанымі і супярэчлівымі пачуццямі. Шамякін.

5. Цяжкі для разумення, рашэння, ажыццяўлення і пад. На перапынку Люба разбіралася ў складаным алгебраічным прыкладзе. Васілевіч. Гадоў трыццаць таму назад мнагабор’е лічылася надзвычай складаным відам спаборніцтваў і было пад сілу толькі дарослым. Шыцік. Ніколі раней Якаву Пятровічу не даводзілася рабіць складаных аперацый у такіх дзікіх умовах. Паслядовіч. Задачы перад працаўнікамі гаспадаркі стаяць складаныя. «Звязда».

6. Такі, які можна складваць дзякуючы рухомаму злучэнню частак. Складанае вудзільна. □ Доўга корпаўся [салдат] у кішэні, дастаючы складаны ножык. Лынькоў. Перад .. [прыставам] стаяў маленькі складаны столік. Чорны.

•••

Складанае трайное правіла гл. правіла.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сла́басць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць і стан слабага. Слабасць зроку. Слабасць здароўя. □ Такім чынам, неабходнасць шукаць знешняга рынку зусім не даказвае слабасці капіталізму, як любяць паказваць справу народнікі-эканамісты. Ленін.

2. Недахоп або ўпадак фізічных сіл; недамаганне. Валодзю рабілася ўсё горш і горш. Кружылася ад слабасці галава, і ён баяўся, што ўпадзе з каня. Хомчанка. Уклаў [Сташэвіч] у сцірту апошні сноп, і калі разагнуўся — пацямнела ўваччу, млявасць і слабасць прайшлі па ўсім целе і спыніліся ў грудзях каля сэрца. Чарнышэвіч.

3. Адсутнасць цвёрдай волі; маладушнасць. [Таццяна:] — Даруй, Тарас Іванавіч, за слабасць: Я ратаваць хацела нашу справу і выдала цябе. Глебка. [Надзя] раптам заплакала і, прыкрыўшы твар рукамі, хуценька выбегла ў сенцы, нібы саромеючыся людзей за гэтую нечаканую сваю слабасць. Лынькоў.

4. Недасканаласць, недахоп, слабае, месца. [Каліноўскі:] — Тое, што.. [маніфест] абвяшчае волю і роўнасць і перадае былым прыгонным сялянам зямлю зараз жа, а не праз доўгія гады, як гэта робіць цар, і без выкупу, чаго цар не робіць, у гэтым яго сіла.. Але маніфест мае і свае слабасці. Якімовіч.

5. Разм. Схільнасць, цяга да каго‑, чаго‑н. Шахматы — мая слабасць. □ Хоць патуранне было і шкодна з педагагічнага боку, і Лабановіч гэта ведаў, але падолець гэту сваю слабасць не мог ніякім чынам. Колас. Саша больш за ўсіх ведаў пра слабасць сябра, які дужа любіў паспаць. Васілёнак. Трэба сказаць, у Зоі была слабасць.. да людзей незвычайных. Арабей. // Пра таго (тое), хто (што) выклікае да сябе чыю‑н. сімпатыю, з’яўляецца прыхільнасцю каго‑н. Аднойчы я чуў, як [сусед] прызнаваўся бацьку: «Коні, — кажа, — гэта мая слабасць, мая хвароба. Калі ўбачу статнага, добрага каня, я губляю спакой...». Сяргейчык.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спадаро́жнік, ‑а, м.

1. Чалавек, які ідзе або едзе разам з кім‑н., знаходзіцца разам у дарозе. За кінатэатрам Ніна Міхайлаўна сустрэла суседа. — Ну, цяпер у мяне ўжо ёсць спадарожнік да самага дома. Капусцін. У будзень .. спадарожнікаў не было і, вяртаючыся, Лёня стаяў у кузаве трохтонкі адзін. Брыль. Прахожыя азіраюцца на майго вельмі гаваркога спадарожніка і ўсміхаюцца. Каршукоў. // Той, хто разам з кім‑н. ідзе жыццёвай дарогай. А тыдзень назад .. [будаўнікі] не ведалі, што недзе жывуць такія цудоўныя іх равеснікі, што яны стануць неразлучнымі сябрамі, а можа і спадарожнікамі на ўсё жыццё. Грахоўскі. Прызнацца гэтаму чалавеку, які добра ведаў Юзіка, што яна [Люба] ўжо знайшла сабе новага спадарожніка, у яе не хапіла мужнасці. Васілевіч. // Тое, што пастаянна неабходна каму‑н. Кніга! Яна ўваходзіць у жыццё чалавека яшчэ ў маленстве і назаўсёды становіцца яго верным сябрам і надзейным спадарожнікам. Рунец.

2. Тое, што неразрыўна звязана з чым‑н., спадарожнічае чаму‑н. Баявая, бунтарская песня стала пастаянным спадарожнікам Ільіча. «ЛіМ». Рашучасць і валявая вытрымка заўсёды былі спадарожнікамі гераізму. Кулакоўскі. Імя, імя па бацьку, прозвішча — гэта сталыя спадарожнікі чалавека на працягу ўсяго жыцця. Бірыла. // Тое, што расце разам з чым‑н., знаходзіцца каля чаго‑н., сустракаецца разам з нечым. Кукуруза — спадарожнік іншых збожжавых у севазвароце. Спадарожнік нафты — прыродны газ.

3. перан. Той, хто часова і толькі знешне далучаецца да якога‑н. грамадска-палітычнага руху.

4. Нябеснае цела, якое рухаецца вакол планеты, зоркі. Спадарожнік Зямлі — Месяц.

•••

Карабель-спадарожнік гл. карабель.

Штучны спадарожнік — аўтаматычная касмічная станцыя або касмічны карабель, ці якое‑н. іншае штучнае касмічнае цела, якое круціцца вакол нябесных цел Сонечнай сістэмы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спра́віць, спраўлю, справіш, справіць; зак., што.

1. Адсвяткаваць, адзначыць паводле ўстаноўленага звычаю (якую‑н. падзею). Справіць наваселле. Справіць хрэсьбіны. □ Ужо згулялі не адно вяселле ў новых хатах, справілі не адны радзіны. Паслядовіч. У канцы жніва Міхал сказаў жонцы: — Як ты думаеш, маці, можа варта сёлета дажынкі справіць? С. Александровіч. // Зрабіць, арганізаваць што‑н. Вечарам у Лонве шафёры і грузчыкі з аўтакалоны справілі вечарынку. Пташнікаў.

2. Зрабіць, выканаць (якую‑н. работу, абавязкі і пад.). Справіўшы .. работу, усе трое вячэралі ў садзе. Самуйлёнак. У міліцыі Івана Дамінікавіча ведалі і адразу ж справілі ўсе фармальнасці, звязаныя з яго далейшым бытаваннем у сталіцы. Лужанін. // Адправіць (набажэнства). Справіць малебен.

3. Набыць, купіць што‑н. Можна было паліто справіць, плацце і што-небудзь на ногі. Грамовіч. Меўся Банькоўчык справіць сабе на зіму новыя боты. Калюга. // Нажыць. [Гушка:] — З майго мазаля.. [Сурвіла] сабе фальварак справіў. Чорны.

4. Нарабіць крыку, шуму і пад., учыніць вэрхал. Дзяўчаты справілі піск, абкружылі Параску. Лобан. Валодзя пачырванеў, а хлопцы справілі дружны рогат. Якімовіч.

5. Атрымаць дакументы. Тут .. [спадарожнікам] стала вядома, што ім трэба вярнуцца назад, бо так яны не маюць права ісці ў прымежную вёску — трэба ў гарадку справіць паперы па гэта. Чорны.

6. Разм. Выправіць памылкі, недахопы. Цяпер пані справіла памылку — і замяніла сабак на катоў. Бядуля. // Ліквідаваць пашкоджанні, паправіць (што‑н. сапсаванае, зламанае і пад.). [Дзмітрый:] — Пакіньце мяне з машынай. Я спраўлю непаладкі і даганю вас. Беразняк.

7. і каго. Разм. Перавыхаваць, пазбавіць ад недахопаў. Ніхто такога чалавека не справіць. Баранавых.

•••

Справіць рогат — гучна, дружна засмяяцца, зарагатаць. Каля стала справілі рогат. Мусіць, нешта смешнае сказаў Антось Драніцкі. Калюга.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

су́мны, ‑ая, ‑ае.

1. Які адчувае сум, смутак; смутны, маркотны. Надзя .. была сумная і сядзела моўчкі, у яе сёння была непрыемная размова з бацькам. Шахавец. // Які мае схільнасць смуткаваць. [Веры Антонаўне] ўспамінаўся першы муж — сумны дома і апатычны на рабоце. Карпаў.

2. Які выражае сум, смутак. [Вера] выходзіць з машыны. Бледная, з вялікімі сумнымі вачыма. Мікуліч. Джыавані хацеў сказаць, што ён павінен быў сустракаць чалавека, але, зірнуўшы на сумныя твары сваіх блізкіх, прамаўчаў. Лынькоў. — Мо недзе прыпыніліся яны [сыны], Салодка спяць, а сумны матчын голас Хіба ўстрывожыць светлыя іх сны? Кірэенка. // Жалобны, смутны. Вось сумнае наша застолле — Старыя, малыя сышліся, І пара да самае столі Стаіць над жалобнаю місай. Вітка.

3. Які мае ў сабе што‑н. сумнае; поўны суму. Паплылі думкі, сумныя, адчайныя, нейкія недарэчныя. Гамолка. / у знач. наз. су́мнае, ‑ага, н. Разам з усім станоўчым, радасным, што сустракалі [дэлегаты] ў сваім падарожжы, было нямала і сумнага. Брыль. // Які праходзіць у смутку, суме; бязрадасны, цяжкі. Сумнае дзяцінства. □ Два лёсы — новы і стары; сённяшняе жыццё як процілегласць сумнаму мінуламу. Перкін. // Непрыемны, прыкры. Сумныя весткі. □ Я стаў перад сумным фактам: многае з таго, што раней пісалася, прыйшлося абмінуць, у кніжку не ўключыць. Скрыган. [Рыма:] — Я з сумнаю навіною да вас... Гартны.

4. Які выклікае, навявае сум, смутак. Тракт сумны загушкаў Паэта ў дарозе. Прыпынак. І — Пушкін Ужо на Лучосе. Калачынскі. Узышоў месяц і ліў над зямлёй сваё сумнае серабрыстае святло. В. Вольскі.

5. Які выклікае нуду; нецікавы. Ніколі раней .. [Маша] не чула ад .. [Васіля] гэткіх слоў і лічыла чалавекам сухаватым, .. сумным у жыцці. Шамякін. На момант работа здалася Ларысе сумнай і непатрэбнай. Даніленка.

6. Заганны, нядобры; ганебны. Сумная слава.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сын, ‑а; мн. сыны, ‑оў; м.

1. Асоба мужчынскага полу ў адносінах да сваіх бацькоў. Было ў .. [Прыборнага] шэсць дачок і ніводнага сына. Шамякін. Тады сыноў рыбак паклікаў: — Дзеці, шукайце лёсу лепшага на свеце. А. Вольскі.

2. звычайна мн. (сыны́, ‑оў). Бліжэйшыя патомкі, маладое пакаленне. І сэрцы не запэцкаюцца ў брудзе — Нам сорамна не будзе за сыноў. Панчанка. І мастакі і скульптары шукаюць Сакрэты рысаў, фарбаў, Каб як найлепш увекавечыць Для будучых сыноў зямлі Магутны воблік Леніна, — Усім цяпер вядомы. Бядуля.

3. (звычайна ў зваротку). Уст. Асоба мужчынскага полу ў адносінах да свайго духоўніка або асобы духоўнага звання. — Ідзі, мой сын, і болей не грашы! — Сказаў архірэй на развітанне і блаславіў музыку ад душы, Не палажыўшы жаднага спагнання. З. Астапенка.

4. (з азначэннем). Уст. Асоба мужчынскага полу, якая належыць да пэўнага грамадскага саслоўя. Купецкі сын.

5. каго-чаго. Кніжн. Чалавек як ураджэнец, жыхар якой‑н. мясцовасці або прадстаўнік якой‑н. нацыянальнасці. Сын стэпаў. □ Партызаны, партызаны, Беларускія сыны! Купала. // Чалавек, кроўна, цесна звязаны з кім‑, чым‑н. Сыны рэвалюцыі. □ Разам з народам волю кавалі Партыі слаўнай сыны. Колас. // Чалавек, на якім адбіліся характэрныя рысы якой‑н. эпохі. Сын свайго часу. □ Сыны вякоў. Эпох і пакаленняў З лучынай смольнай, З дымным ліхтаром Спускаліся ў зямныя сутарэнні Крышыць руду жалезную Кайлом. Верамейчык.

•••

Блудны сын (жарт.) — пра члена сям’і або якога‑н. калектыву, што не падпарадкоўваецца яго волі, парушае яго парадкі (з евангельскай прытчы пра непакорнага сына, які пайшоў з бацькоўскага дому, а пасля бадзяння з раскаяннем вярнуўся да бацькі).

Гадзіцца ў сыны каму гл. гадзіцца ​1.

Сукін (чортаў) сын — ужываецца як лаянкавы выраз.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

турбо́та, ‑ы, ДМ ‑боце, ж.

1. Заклапочанасць чым‑н., неадольнае жаданне ажыццявіць што‑н. Больш за дзесяць гадоў назад пачала мне карцець адна турбота: напісаць аб .. [Коласе] аповесць. Лужанін. Турбота аб механізацыі — гэта ў першую чаргу турбота аб цукровых бураках. На буракі хціва нападае рознае зелле. Пестрак. // Пастаянная руплівасць. А дома з дзецьмі была маці. Яе жаночая работа І гэта вечная турбота То каля печы, то на полі, Сказаць, не зводзіцца ніколі. Колас. Калі над мужам навісала якая-небудзь бяда, — [Вера Антонаўка] рабілася адданай, поўнай турбот і клопатаў аб ім. Карпаў. // Неспакой. Гену ўсё больш брала турбота, што ў матчынай сяброўкі свой клопат, а яна ходзіць з ім, нечаканым госцем. Арабей.

2. звычайна мн. (турбо́ты, ‑бот). Клопаты, розныя справы. Ці мала ў .. [Паходні] турбот: паездка ў адстаючы сельсавет па заданню райкома, чарговая лекцыя ў палітшколе або даклад перад калгаснікамі. Хадкевіч. / у перан. ужыв. Ходзіць вецер вясёлы па санных шляхах, Мусіць, пільныя мае турботы — Снег атрэсці з дрымучых лясоў, на палях Разбурыць снегавыя сумёты. Ляпёшкін. // Прычыненне каму‑н. клопату сваім наведваннем, просьбай. [Жэня:] — Дзякую, гаспадыня, прашу прабачыць за турботы. Новікаў. Не разумеў я, чаму лычка кілбасы бацька аддае гаспадыні .. — За турботы, панечка, — тлумачыў бацька. І калі забірала гаспадыня тую кілбасу, бацька ўздыхаў, і я зноў не разумеў: ад радасці гэта ці ад смутку. Скрыган. // Работа, занятак. Мазалі і таўшчыня былі яркім наказам таму, ці пальцы мелі многа турботы ў нялюбай падзённай працы. Бядуля. Турботы было не толькі нагам, але і рукам: вакол хмарамі звінелі, апаноўвалі асатанелыя камары, амаль безупынна даводзілася адмахвацца ад іх, біць. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

улаві́ць, улаўлю, уловіш, уловіць; зак.

1. каго-што. Разм. Схапіць, злавіць каго‑, што‑н. [Хлапчук] выйшаў, улавіў за лейцы каня і накіраваў зноў на палоску. Мурашка. Улавілі [казакі] і Максіма Цёмнай ночкай у бары. І павіслі на асіне Нашы хлопцы-бунтары. Машара.

2. перан.; што. Успрыняць органамі пачуццяў тое, што слаба праяўляецца, хутка знікае. Улавіць шолах лесу. Улавіць пах кветак. □ — Ручаюся! — прамовіў я, саромеючыся, і ўлавіў дакорлівы позірк Вольгі, якая, стоячы збоку, прыслухоўвалася да размовы. Карпюк. Боганчык пачуў, як пахне жыта; пасля ўлавіў, пацягнуўшы носам, смурод, як дзе гарэла сухая салома. Пташнікаў. Вавулін прыгледзеўся і ледзь улавіў цёмны цень фурманкі, што марудна рухалася насустрач. Лупсякоў. // Заўважыць, прыкмеціць, адчуць што‑н. У .. позірку [дзяўчыны] .. [Іван] улавіў супакоенасць і ціхую ўдзячнасць за тое, што без яе не пайшоў. Быкаў. Хутка Ніна прыйшла сапраўды, і яе паяўленне Юрка ўлавіў не вачыма, а адразу ўсёй істотай. Навуменка. // Зразумець, выявіць сутнасць, характэрныя рысы чаго‑н. Насця гаварыла, не павышаючы голасу, і Заранік напружваў слых, каб улавіць сэнс яе слоў. Хадкевіч. Пахомаў ліхаманкава рабіў накіды фігуры. Галоўнае — улавіць тое светлае, што так і лілося з вялікіх шэрых вачэй дзяўчыны. Даніленка. // Запомніць, пераняць мелодыю, матыў і пад. Песня была новая, слоў .. [Жыгалка] не ведаў, але хутка ўлавіў матыў і цягнуў яе з натхненнем. Дуброўскі.

3. што. Сумець своечасова скарыстаць, выкарыстаць зручны час. Улавіўшы момант, калі сход можна было пачынаць, Карэцкі ўстаў з-за стала. Шахавец.

4. што. Выявіць і прыняць, зарэгістраваць якімі‑н. прыборамі. Улавіць радыёхвалю. Улавіць слабыя токі. □ Аўтаматы сейсмастанцыі ўлавілі ваганні планеты і ўключылі прыборы і асвятленне. Шыцік.

•••

Улавіць вухам — пачуць што‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)