Расава́ць ’цвісці, красаваць (пра злакавыя)’ (Скарбы, Сцяшк., Сл. ПЗБ), rasaváč ’тс’ (Арх. Федар., Смул.), росова́ты (зах.-палес., Выг.), расава́цца ’тс’ (Сцяшк. Сл.), ’выпускаць вусікі, коцікі (пра вярбу)’ (шчуч., Сл. ПЗБ). Станкевіч (Зб. тв. 1, 442–443) падкрэслівае, што побач з літаратурнай формай красу́е існуе дыялектная форма расу́е. Арэальнае ўтварэнне, што памылкова выводзіцца з красаваць (гл.), параўн. польск. дыял. rosowac ’цвісці, красаваць (пра збожжа)’. Першаснае значэнне магло быць не толькі ’цвісці’, але і ’натапырвацца, шчацініцца’, што вынікала з рознай семантыкі раса́ 2 (гл.) — ’вусік калосся’ і ’шорсткая поўсць’, параўн. славен. pšenica se resi ’пшаніца выпускае вусікі’, resíniti se ’мець натапыраную поўсць’, гл. расіцца. Смулкова (Białoruś, 165) мяркуе, што расаваць узнікла шляхам народнаэтымалагічнага спрашчэння з красаваць праз збліжэнне з раса́ 1, гл. (“żyto pokrywa się pyłkowatym kwiatem jak rosą”) і з’яўляецца інавацыяй, што малаверагодна. Па гістарычных і лінгвагеаграфічных прычынах хутчэй архаізм, захаваны ў міфалагічных уяўленнях, параўн. раса́ 4, расава́тначка (rasawátnaczka) ’патронка, апякунка квітнеючага збожжа’ (Тур.), магчыма і роса́ўка ’русалка’ (ТС), гл. расаўка.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Све́дка ‘той, хто непасрэдна прысутнічаў пры якім-небудзь здарэнні, падзеі’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Мал., Мядзв., Бяльк., Сл. ПЗБ, Сцяшк.; Нік. Очерки), сьве́дка (świedka) ‘тс’ (Касп., Пятк. 2), ст.-бел. съвѣдъка побач з свѣдокъ ‘тс’. Укр. сві́дка, сві́док, польск. świadek, в.-луж. swědk, чэш. svědek, славац. svedok, серб.-харв. свјѐдок, славен. svedok, балг. дыял. све́док, макед. сведок ‘тс’. Прасл. *sъvědokъ, *sъvědъkъ ‘сведка’ вытворнае ад прасл. *sъ‑věděti ‘даведацца, ведаць, ведаць добра’ < прасл. *věděti ‘ведаць’ (Карскі, 1, 388; Шустар-Шэўц, 1385–1386; Глухак, 600; ЕСУМ, 5, 194; Борысь, 620). Параўн. таксама рус. свиде́тель, балг. свиде́тел, ст.-сл. съвѣдѣтедь, гэтую форму Махэк₂ (594) лічыць праславянскай, а формы з ‑к‑суфіксацыяй узніклымі пазней, шляхам механічнага скарачэння і замены суф. ‑teľ. Пераход слова да асноў на ‑а можна тлумачыць вынікам аналогіі з назвамі асоб тыпу суддзя, старшыня і інш.; параўн. Карскі 2-3, 15. Гл. яшчэ Фасмер, 3, 577; Брукнер, 535 і БЕР, 6, 537–538. Гл. таксама светка, свідзецель.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Свесь (сьвесь) ‘сястра жонкі’ (Ласт., Касп., Янк. 1, Сл. рэг. лекс.; мазыр., Шатал.; ТС), свесць (сьвесць) ‘тс’ (ТС, Шат., Маш., Ян., Кольб.), свісць (сьвісьць) ‘тс’ (Клім., Сл. Брэс.), сьве́сьця ‘тс’ (Касп.), сьве́стка ‘тс’ (Ласт.); укр. свість, рус. дыял. свесть, све́стка ‘швагерка’, стараж.-рус. свесть, свьсть, свѣсть, польск. świesć ‘сястра мужа або жонкі’, серб. сва̑ст, сва̏сти ‘швагерка’, славен. svȃst, svẹ̑st, балг. све́стка, макед. дыял. свеска ‘тс’. Прасл. *svьstь, svěstь мае адпаведнікі ў літ. sváinis ‘сваяк’ (паводле Атрэмбскага (Gramatyka, 171), літоўскай мове характэрна сінанімія суф. ‑nis‑/‑sis‑), лат. svaĩnis ‘брат жонкі’ побач з sìvystàs ‘цесць’, ст.-ісл. sveinn ‘хлопчык, хлопец, слуга’, ст.-в.-ням. geswîo ‘сваяк’ і інш. Гл. Фасмер, 3, 575; Міклашыч, 322; Младэнаў, 571, 573; Скок, 3, 226. Далей да свой (гл.). Трубачоў (История терм., 140) словаўтварэнне тлумачыць як далучэнне суф. ‑st‑ да асновы *svь‑, якая ўтварылася ў выніку рэдукцыі кораня: *svь‑ < sve‑, svo‑; першапачаткова гэта быў nomen abstractum са значэннем ‘прыналежнасць да сваіх, сваяцтва’. Аднаўленне сувязі ў рус. свояченица ‘швагерка’, параўн. Шаўр, Etymologie, 45.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Слаката́ць ‘казытаць’ (Сержп.; браг., Нар. словатв.), слокота́ць ‘тс’ (ТС), слаката́ць, слеката́ць, слокота́ць, шлаката́ць ‘тс’ (ЛА, 3), сюды ж сло́кат ‘ласкатанне’, сло́катка ‘шлокат, козыт’, сло́катна ‘шлокатна’ (Ян.). Укр. дыял. слокота́ти, рус. зах. шлокота́ть, алан. шелокта́ть ‘тс’, чэш. дыял. loktať, lochtati, ст.-чэш. loktati побач з lektati, lechtati. Махэк₂ (325) мяркуе аб варыянтах прасл. *lokъtati, *lekъtati, *lъktati (для польск. łektati), якія ён лічыць роднаснымі літ. kuteloti і kãtulti ‘тс’, kutulỹs ‘козыт’, прычым для славянскіх слоў дапускае рад метатэз: k–t–l → l–k–t; ъ–е > е–ъ, ъ–о > о–ъ. Застаецца пытанне аб анлауце ўсходнеславянскіх слоў. Фасмер (4, 424) рус. шелоктать утварае ад экспрэсіўнай прыстаўкі ше‑ і слова, блізкага да лоскотать (гл. ласкатаць). Відаць, таго ж прыставачнага характару с‑ і ш‑. Гл. яшчэ ляхотна. Усе прыведзеныя формы сведчаць, што і корань гэтых слоў, насуперак Махэку, вызначыць цяжка, паколькі яны зазналі розныя экспрэсіўныя змены (к–х–ск) і ўплыў іншых слоў, параўн. макед. скокотка ‘ласкатаць’. Для беларускага слова не выключана метатэза з ласкатаць (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Тро́йнік 1 ‘рыбацкая прылада крыга’ (капыл., Янк. 1). Да трайні́к (гл.).
Тро́йні́к 2 ‘чальчак вербалісты, Lythrum salicaria L.’ (Кіс.), ‘бабок трохлісты, Menyanthes trifoliate L.’ (Бейл.), трыйні́к ‘лекавая балотная расліна з трыма лістамі’ (Клундук), укр. тройча́к ‘тс’. Да тры (гл.), аднак матывацыя першай назвы застаецца няяснай. Паводле ЕСУМ (5, 647), з-за таго, што кветкі гэтай расліны бываюць трох відаў; хутчэй перанос на расліну іншых назваў з-за размяшчэння лісткоў на сцябле (Волкава, БЛ, 65, 113; Пастусяк, Pograniczne, 138, 205). Сюды ж, відаць, і тро́йнік ‘капытнік, Caltha palustris L.’ (івац., ЛА, 1).
Тро́йнік 3 ‘бёрда на 13 пасмаў’ (ТС); у тры́йнык, у тры́нʼнік — ‘у трынаццаць пасмаў’ (пін., Уладз.). Параўн. рус. тройни́к ‘самае тонкае сялянскае палатно, у аснове якога 13 пасмаў’, тройнико́вый холст ‘тс’, польск. дыял. trojanotka, побач з trzynastka, trzynastnica ‘бёрда на 13 пасмаў’. Фактычна тройнік — гэта ніт, які складаецца з трох частак, слова ўтворана на базе тро́йны ‘патройны’ (Байк. і Некр.), гл. трайнік.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
бо́йка 1, ‑і, ДМ ‑йцы; Р мн. боек; ж.
Прылада для збівання масла з вяршкоў малака, са смятаны. Накрыўка ў бойцы выскачыла, і ўся смятана вылілася. Якімовіч.
бо́йка 2, ‑і, ДМ ‑йцы; Р мн. боек; ж.
Сварка, сутычка з узаемнымі пабоямі; бой. Хацелася сваімі вачамі пабачыць тыя месцы, дзе не так даўно ішла такая бойка, якой яшчэ не ведаў свет. Кулакоўскі. // перан. Змаганне, барацьба з чым‑н., за што‑н. Трактары — гэта коні сталёвай хады — выйшлі ў бойку змагацца з нягодай. Хведаровіч.
бо́йка 3, прысл.
Жвава, энергічна. Гандаль ідзе бойка. □ Недзе побач бойка ціўкала сініца. Лынькоў. А з дзядзькам пойдзеш — так цікава! Яны [хлопцы] йдуць бойка і рухава, Бо зімні холад падганяе. Колас. — Добры дзень, — павіталіся мы з дзяўчынкай. — Добры дзень, калі не жартуеце, — бойка адказала [Аніся]. Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пабо́чны, ‑ая, ‑ае.
1. Які існуе побач з галоўным, асноўным; менш істотны; другарадны. Першае месца сярод пабочнага тыпажу [у паэзіі М. Танка] па праву належыць вобразам бацькоў. У. Калеснік.
2. Чужы, не свой, старонні. З пабочных людзей толькі .. [Пруцікаў] адзін ведаў сцежку на наш новы астравок і мог хадзіць да нас самастойна. Казлоў. [Таццяна] апранацца стала .. па-сялянску, каб не кідацца ў вочы пабочным людзям. Шамякін.
3. Які не мае непасрэдных адносін да чаго‑н. [Дзяўчаткі] заўсёды прыходзяць сюды рыхтаваць урокі і амаль увесь час трацяць на пабочныя гутаркі. Гарбук.
4. Чый‑н., не свой, не ўласны. Пабочны ўплыў. □ [Таня:] Вера мае добрую прафесію. Гэта робіць яе незалежнай ад пабочнай ласкі. Машара.
5. Народжаны без шлюбу. Пабочны сын.
6. У граматыцы — які не звязаны фармальна-граматычнымі сродкамі са сказам і выражае адносіны да выказанай думкі. Пабочнае слова. Пабочнае словазлучэнне. Пабочны сказ.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пабыва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
1. Схадзіць, з’ездзіць у многія мясціны, неаднаразова пабыць дзе‑н., у каго‑н. Пабываць у замежных краінах. □ За гады партыйнай работы.. [Тураўцу] давялося пабываць у многіх кутках Беларусі. Мележ. Карніцкі спяшаўся за дзень пабываць усюды, каб паглядзець, як ідзе работа. Паслядовіч. // Наведаць каго‑, што‑н., прабыўшы там нейкі час. Пабываць у бацькоў. Пабываць па радзіме. □ Я ўспомніў, што мне яшчэ трэба пабываць у рэдакцыі раённай газеты, і паехаў у горад. Кулакоўскі.
2. Прабыць нейкі час у якім‑н. стане, якасці, становішчы. — А побач ёсць другая канава. Па ёй цячэ назад у возера вада, якая пабывала ў рабоце. Галавач.
3. Прыняць удзел у чым‑н. Пабываць на вайне. □ — Уга, ці не ў калатні ты набываў? — звярнуў увагу Слава на сіняк пад вокам у Ракіцкага. Хадкевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
рабы́, ‑ая, ‑ое.
1. Не адной масці, пярэсты. Рабая свіння. □ Рабы .. [сабака] Пірат ляжыць побач са мною, выцягнуўшы да вогнішча дзве чыстыя лапы. Карамазаў. // Не аднаго колеру, пярэсты, з плямамі іншага колеру. Рабая посцілка. □ У зялёным гушчары, Дзе мох сцелецца рабы, Паспрачаліся грыбы. Танк. Справа на ўзгорку стаяў рабы ад ваеннай маскіроўкі будынак, глухі і пануры. Асіпенка.
2. З рабаціннем. Нос востры і ўвесь твар — адно рабацінне. Нават на руках рабацінне, — от да чаго [Лявон] быў рабы! Чарнышэвіч. Выглядаў .. [Верас] непрывабна: высокі, крыху сутулы, крыху рабы з воспы. Дамашэвіч. / у знач. наз. рабы́, ‑ога, м.; раба́я, ‑ой, ж. Назаўтра на рэчку я не пайшоў. Не хацелася болей сустракацца з рабым. Якімовіч.
3. З рабаціннем, дробным хваляваннем (пра паверхню вады). Дрэвы сыпалі на бліскучы асфальт, на рабыя лужыны вялае парыжэлае лісце. Адамчык.
•••
Абое рабое гл. абое.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сусе́д, ‑а, М ‑дзе; мн. суседзі, ‑яў; м.
1. Чалавек, які жыве паблізу каго‑н. або побач з кім‑н. Потым Алік бліжэй «пазнаёміўся» з Леўкіным — яны сталі суседзямі, атрымаўшы сумежныя пакоі ў адной кватэры. Дадзіёмаў. Дзяцей з двара нікуды не выпускалі — каб яшчэ не надумаліся па суседзях хваліцца: «А наш татка дадому вярнуўся!» Васілевіч.
2. Той, хто займае месца, бліжэйшае да каго‑н. Фёдар Каваль сядзеў і ўсё паглядаў у акно, аж пакуль не прачнуліся суседзі па купэ. Хомчанка. Міхасёвым суседам справа, каля машыны № 7, стаіць Толя Касёнак. Брыль. Разам з .. [Толем] ішоў Міхась Прахарэвіч — яго лагерны дружбак і сусед па палаце. Якімовіч.
3. Дзяржава, мясцовасць, якія мяжуюцца з іншай дзяржавай, мясцовасцю, а таксама насельніцтва іх. Мае браты, мае суседзі, свабодны, новы польскі люд! Няхай жа песняй звонкай медзі красуе наша дружба тут! Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)