Каро́бка ’невялікая скрынка’ (ТСБМ), ’пасудзіна вялікіх памераў для ссыпання збожжа’, ’шырокая пасудзіна сярэдніх памераў з лазы для захавання мукі, круп і іншых рэчываў’, ’шырокая пасудзіна для сяўбы ўручную’, ’кошык для збірання грыбоў, ягад’, ’спецыяльная, шчыльна сшытая з ліпавай кары пасудзіна для збору мёду’ (З нар. сл.), ’прылада для лоўлі ўюноў’ (З нар. сл., Шатал., Крыв., Рам.), ’скрыначка, пенал’ (Бяльк.). Найбольш ужывальнае вытворнае ад кораб (гл.) слова. Параўн. укр. коробка, рус. коробка, чэш. krabka, польск. krobka. Паўднёваславянскіх паралелей да вытворных з суфіксацыяй на ‑ъка няма, бо такая суфіксацыя не характэрна для іх. Вядома, што паўд.-слав. мовы аддаюць перавагу сінанімічнаму суфіксу таго ж паходжання ‑ica: серб.-харв. кра̏бица ’каробачка’, славен. krábica ’каробка’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Като́мка ’сумка, клунак’ (Сцяшк. МГ, Сл. паўн.-зах.). Параўн. рус. котома́, кото́мка; паводле Фасмера, 2, 353, сюды адносяцца (з тым жа значэннем) рус. ко́тма, хото́мка, коту́ль, коты́ль, хоту́ля, хату́ль. Трубачоў (Эт. сл., 11, 208) прыводзіць яшчэ ўкр. ко́тма ’тс’. Слова няяснага паходжання. Прапанаваліся розныя этымалогіі, напр., утварэнне ад дзеяслова ката́ть, далей, запазычанне з фін. kontti ’карзіна з бяросты, якую носяць на спіне’, або з чагат. kat ’футляр’ (гл. Фасмер, 2, 353). У апошні час Трубачоў, там жа (праўда, без бел. матэрыялу), мяркуе, што, магчыма, было прасл. *katoma, залежны дзеепрыметнік на ‑om ад дзеяслова *kotiti ’каціць, валяць і да т. п.’ Няпэўна. Параўн. яшчэ Шанскі, 2, К, 360.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Каха́ць ’мець вялікае сардэчнае пачуццё да асобы другога полу; любіць’. Ст.-бел. кохати (вядомае ў помніках ужо на пачатку XVI ст.) лічыцца запазычаннем з польск. kochać. Гл. Булыка, Запазыч., 173; Гіст. лекс., 94; Фасмер, 2, 356; Брукнер, 242; Бернекер, 1, 538; Кюнэ, Poln., 66; Слаўскі, 2, 311–313; Трубачоў, Эт. сл., 10, 110–111. Слова запазычана з польск. і ва ўкр. мове. Магчыма, прамым паланізмам трэба лічыць і каха́нне (< польск. kochanie). Здаецца, прасл. *koxati было ў прасл. часы дыялектным словам: яго не зналі бел. і ўкр. мовы. Адносна рус. коха́ть Трубачоў, там жа, мяркуе, што яно шырока прадстаўлена ў гаворках і, магчыма, з’яўляецца спаконвечнай лексемай.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Качарга́ ’жалезны прут, сагнуты на канцы, для перамешвання паліва ў печы, выграбання попелу і пад.’ (ТСБМ, БРС, Касп., Шат., Сцяшк. МГ, у Нас. ’драўляная крывуля’). Параўн. рус. кочерга́, укр. коче́рга, кучу́рга, польск. koczarga, дыял. koczerka. Марфалагічная будова слова вельмі спрэчная. Па адной версіі, утварэнне суфіксам *‑g‑ (як у рус. четверг) на базе такіх слоў, як рус. кочера́ ’сукаваты ствол’ (параўн. Фасмер, 2, 358; Фасмер, 4, 35, дзе абараняецца існаванне суф. *‑g; Слаўскі, 2, 322, дзе таксама дапускаецца магчымасць суфікса ‑ga). Некаторыя дапускаюць у якасці крыніцы гіпатэтычнае цюрк. *köčirga (Слаўскі, 2, там жа). Гл. яшчэ агляд у Трубачова, Эт. сл., 10. 105–106 (дзе падтрымліваецца існаванне суфікса ‑g‑).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Кашта́н дрэва сямейства букавых, якое дае плады ў выглядзе буйнога арэха; плод гэтага дрэва’ (ТСБМ, БРС, Касп.). Рус. кашта́н, укр. кашта́н ’тс’. Як сведчыць форма слова, непасрэдна кашта́н запазычана з польск. kasztan ’тс’ (параўн. Фасмер, 2, 215; Слаўскі, 2, 97–98; Шанскі, 2, К, 106). Для рус. мовы, як адзначае Фасмер, там жа, пасрэднікам запазычання, акрамя польск., магла быць і чэш. крыніца. Польск. і чэш. лексемы ўзяты з ням. kastāne, castane ’каштан’ (сёння Kastanie). У сваю чаргу ням. словы запазычаны з лац. castanea, якое паходзіць з грэч. κάστανον. Лічаць, што радзімай назвы каштана з’яўляецца Малая Азія (параўн. арм. kaskeni каштанавае дрэва’. Гл. яшчэ Брукнер. 222; Бернекер, 1, 492; Махэк₂, 245.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Аргама́к ’парода рослых скакавых коней’ (БРС). Рус., укр. аргамак ’тс’, ст.-бел. ограмак, громакъ (Гіст. мовы, 1, 139). Польск. rumak < hromak < ohromak (з XVI ст. — Брукнер, 468). Запазычанне з цюрк. аргамак, аргымак, арыгмак і да т. пад. (гл. Севарцян, 171). Конанаў (ИОРЯ, 1966, 229) указвае на персідскую крыніцу цюркскага. Рускае слова можа быць з кожнага з трох арэалаў: Каўказ, Крым, Усход (у Даля — трухменскія і кабардзінскія аргамакі). Беларускае хутчэй з крымска-татарскай, турэцкай, магчыма, праз украінскую ці паралельна. Польскае з украінскай ці беларускай. Калі ст.-бел. толькі ограмак, нельга выключыць паўторнае запазычанне праз рускую мову (Крукоўскі, Уплыў, 74). Супрун, Зб. Крымскаму, 125–126; Фасмер, 1, 84; Трубачоў, Происх., 57.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
*Асвяну́ць, освыну́ты ’сустрэць світанне’ (Клім.). Рус. освенуть, рассвенуть ’развіднецца’, укр. освінути ’развіднецца, сустрэць світанне, выздаравець’, свінути(ся) ’развіднецца’, славац. osvitnuť, серб.-харв. осва̀нути ’сустрэць світанне’, славац. svitnuť, серб.-харв. сва̀нути, славен. sveniti ’развіднецца’. Ст.-рус. (ц.-слав.) освьнути ’сустрэць світанне’, свьнути ’развіднецца’ ст.-слав. (о)свитати ’тс’. Параўн. літ. švìsti, švintù ’развіднецца’ і іншыя і.-е. адпаведнікі. У славянскіх мовах форма асвянуць роднасная свет (з чаргаваннем галоснага), у якой група ‑тн‑ упрасцілася ў н (гл. свет). Зважаючы на пашырэнне і даўнасць, можна лічыць гэта слова архаічным праславянскім утварэннем. Міклашыч, 332–333; Праабражэнскі, 2, 264; Брукнер, 538; Фрэнкель, 1046; Траўтман, 310–311; Покарны, 629; Супрун, Веснік БДУ, 1972, 3.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
*Асце́рбаць, остэ́рбаты ’выжыць, акрыяць’ (Клім.). Укр. остербати, остербнути ’тс’, рус. стербнуть (стар.) ’цвярдзець, чарсцвець, церпнуць’, устрабляти, устрабити (царк.) ’лячыць’, польск. postrobić ’узмацніць’, дыял. ostróbka ’ліхаманка’, чэш. ustrabiť se ’асвяжыцца’, ст.-чэш. ostrabiti ’ўзмацніць’, славац. strabiť sa ’лячыць’ і інш. Ст.-рус. усторобитися ’выздаравець’, устрабити(ся) ’вылечыцца’, устрабие, устраба ’вылячэнне’, устробитися ’выздаравець’; ст.-слав. устрабити ’вылечыць’. Ці не ў выніку кантамінацыі з гэтым словам в.-луж. strowy ’здаровы’? Слова лічаць праславянскім (*storb‑/*stьrъ‑), роднасным з і.-е. *ster‑; параўн. грэч. στέρφος ’цвёрдая скура’, літ. tar̃pti ’ўзмацняцца, выздараўліваць’ (думка Махэка, Recherches, 39, параўн. Фрэнкель, 1063), магчыма, ням. sterben (Траўтман, 284) і інш. Гл. Фасмер, 3, 756.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Бальза́м (параўн. ст.-бел. балсам; Булыка, Запазыч.). Рус. бальза́м, укр. бальза́м. Новае запазычанне з зах.-еўрап. моў: ням. Balsam (< лац. balsamum < грэч. βάλσαμον, а гэта з семіцкіх моў, гл. Клюге, 47). Гук ‑з‑ сведчыць толькі аб зах. мовах як непасрэднай крыніцы ўсх.-слав. слоў. Фасмер, 1, 119. Не пераконваюць меркаванні: Шанскі, 1, Б, 28 (супраць Фасмера; за грэч. крыніцу); Трубачоў, Дополн., 1, 119 (указвае на ст.-рус. валсамъ < грэч., але гэта не адносіцца непасрэдна да формы бальза́м). Гл. яшчэ MESz, 1, 234–235 (там і іншая літ-pa); Гютль–Ворт, For. Words, 61. Форма бальса́м (Нас.), мабыць, адлюстроўвае напісанне слова ў еўрапейскіх мовах (параўн. Брукнер, 12).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Бант 1 ’бант’. Рус., укр. бант. Лічыцца запазычаннем з польск. мовы (польск. bant, banta < ням. Band; да ням. слова гл. Клюге, 48). Фасмер, 1, 121; Шанскі, 1, Б, 35.
Бант 2 ’жэрдзе, якое прыбіваецца паміж кроквамі’ (Тарнацкі, Studia, Сцяшк. МГ). Паводле Тарнацкага, непасрэднае запазычанне з ням. Band. Параўн. яшчэ ст.-бел. бант ’бэлька’, бел. дыял. ’бэлька ў гумне’ (Чартко, Бел. лінгв. зб., 1966, 147). Параўн. бант 1, ба́нта. Гл. і Фасмер, ZfslPh, 28, 116.
Бант 3, дыял. ’абруч на бочцы’ (ст.-бел. бант ’абруч’, Чартко, Бел. лінгв. зб., 1966, 147). Паводле Чартка, там жа, з с.-в.-ням. bant ’тс’. Параўн. яшчэ Шалудзька, Нім., 21.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)