капту́р 1, ‑а, м.

1. Дзіцячы або жаночы галаўны ўбор, які завязваецца пад падбародкам і пакідае адкрытым толькі твар; капар ​2. Усе ў святочных світках. Бабы ў новых каптурах з белымі карункамі. Бядуля.

2. Невялікі дах, заслона, навес конусападобнай формы над чым‑н. Для адводу пары была зроблена выцяжная труба над шырокім, бляшаным каптуром. Колас.

3. Абл. Верх печы ў выглядзе дзвюх сценак, якія ўзвышаюцца над ляжанкай. Кастрыца ляжаў на цёплых цаглінах, смактаў цыгарку за цыгаркай і часам з-за каптура пазіраў у акно. Стаховіч.

капту́р 2,

гл. коптур.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

карча́га 1, ‑і, ДМ ‑чазе, ж.

Разм. Пень, вывернуты з карэннем; корч. Гануля дастала з-за коміна карчагі і стала чыркаць запалк[ай], якая адсырэла і не загаралася. Гурскі.

карча́га 2, ‑і, ДМ ‑чазе, ж.

1. Тое, што і амфара. Па такіх знаходках, як абломкі амфар, або карчаг, якія выкарыстоўваліся феадаламі для зберажэння він, відаць, што гэта пасяленне з самага пачатку не было сельскім. «Беларусь».

2. Разм. Гляк для мазі. Паны налева важна садзяць, Дзе іх сярмяжнікі не здрадзяць Ні пахам дзёгцю, ні карчагі, Ні відам латанай сярмягі. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

каўту́н, ‑а, м.

1. толькі адз. Хвароба скуры на галаве, пры якой валасы зблытваюцца і зліпаюцца. Галава .. [пані Даміцэлі] з прычыны каўтуна абкручана палатнянай наміткаю. Колас. // Хвароба скуры ў коней (звычайна пад грывай).

2. Зблытаны, збіты пук валасоў, поўсці і пад. [Міхаська] успомніў, як калісьці дзед расказваў пра ласак, маленькіх вёрткіх звяркоў, якія вельмі любяць бегаць па конях, заплятаючы ў каўтуны ім грывы. Рылько.

3. толькі мн. (каўтуны́, ‑оў). Разм. пагард. Валасы. — Давялося пайсці на грэх: тузануў я .. [гаспадыню] за кудлы, ды так з тымі каўтунамі, што асталіся ў руцэ, і падаўся ў вішняк. Кулакоўскі.

[Ад казах. калтук — пучок валасоў.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

журбо́тны, ‑ая, ‑ае.

1. Ахоплены журбою; сумны, маркотны. Стасік сядзеў на ганку засмучоны, журботны. Няхай. // Які выражае журбу, уласцівы таму, каго апанавала журба. Журботны погляд. □ Адна толькі Ева.. стаяла ў баку з журботнаю ўсмешкаю на прыгожа вырысаваных губах. Колас. // Поўны журбы, суму; невясёлы. Галава балела ад гарачыні, поту і слёз, а думкі былі вельмі журботныя. Лупсякоў. Моўчкі слухаў Ігнась журботную аповесць сына невядомых бацькоў. Мурашка.

2. Які выклікае журбу, сум (пра час, выгляд чаго‑н. і пад.). Журботны дзень, журботны пейзаж. □ Вясёлая сустрэча з хлапцом развеяла думкі, якія падказала.. [Тапурыю] журботная цішыня балот. Самуйлёнак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

заблудзі́ць, ‑блуджу, ‑блудзіш, ‑блудзіць; зак.

Збіцца з дарогі, перастаць арыентавацца на мясцовасці. Незнаёмаму з тутэйшымі балотамі чалавеку небяспечна забірацца ў гэтыя нетры: заедзеш, ашаломішся, заблудзіш і не патрапіш выбрацца, бо, апроч густых чаротаў ды неба над галавою, нічога не ўбачыш. Колас. Пайшоў [Сёмка], адбіўся ад мяшчан, заблудзіў у лесе і да цёмнага швэндаўся па глыбокім сн[езе], пакуль выйшаў на дарогу. Гартны. // Пра нечаканае, выпадковае паяўленне каго‑н. дзе‑н. А я тут чаго заблудзіў на могільнік? Блізкіх ці знаёмых шукаю? Каго? Танк.

•••

Заблудзіць у трох соснах — не змагчы разабрацца ў чым‑н. простым.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зава́ла, ‑ы, ж.

1. Прыстасаванне ў форме металічнага стрыжня або палкі для запірання дзвярэй. Жудро і Макарэнка зачыніліся на замок і завалу. Новікаў. Баніфацый імгненна зачыніў дзверы і наклаў завалу. Чарнышэвіч. У сенцах зноў заскрыпелі дзверы, грукнула адкінутая завала знадворных дзвярэй. Краўчанка.

2. Тое, што і завал (у 1 знач.). У гэту ноч яму [Грысю] з Модарам загадана зрабіць завалу на адной важнай дарозе. Кулакоўскі.

3. перан. Лянівы чалавек; лежабок. — Ну і народ, каб ён апрогся! Так запусціць зямлю нядбала? Не гаспадар быў, а завала! — Антось стаіць, штось разважае. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

заве́са, ‑ы, ж.

1. Адна з дзвюх металічных пласцін, створкавых ці суцэльных, якімі прымацоўваюць да вушака дзверы, аконныя рамы і пад., даючы ім магчымасць адчыняцца і зачыняцца. Перакручаныя дзверы віселі ўпоперак на адной завесе. Пальчэўскі. У адным канцы гаўкнуў Патапчыкаў сабака, і нібы ў адказ яму ў другім канцы загаласілі дзікім голасам вароты на іржавых завесах у гумне Мікалая Леўчыка. Чарнышэвіч.

2. Тое, што засцілае, закрывае сабой што‑н. Завеса туману. □ Уставала сонейка з-за лесу, Скрозь тонкіх хмарачак завесу Усюды косы раскідала. Колас. Граната разарвалася побач, ахутала нерухомае цела завесай дыму. Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мёд, мёду, М мёдзе, м.

1. Салодкае сіропападобнае рэчыва, якое выпрацоўваюць пчолы з нектару кветак. Ліпавы мёд. □ Але як весела і міла Тут пчолка ў вуллях гаманіла! І як прыемна пахла мёдам! Колас. Ануфрэіха прыносіць мне вялікую міску з мёдам. Бядуля. // Пра саладкаватую духмянасць кветак, травы і г. д. Па пояс тут вырасце грэчка І мёдам запахнуць палі. Панчанка.

2. Напітак, прыгатаваны з гэтага рэчыва. Мёд, віно ў жбанах б’е пенай, Як бы мора тое. Купала. І я на тым вяселлі быў, мёд, віно піў. Якімовіч.

•••

Падзевы мёд — мёд, які вырабляецца пчоламі з падзі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

міры́цца, міруся, мірышся, мірыцца; незак.

1. з кім і без дап. Спыняць сварку, пачынаць жыць у згодзе. [Сімон:] — Вось і добра, што прыйшлі мірыцца. Пасварыліся і памірыліся. Самуйлёнак.

2. з чым. Цярпіма адносіцца да чаго‑н.; прымірацца з чым‑н. Колас, як і Купала, стварае ў паэзіі вобраз селяніна, які не хоча, не можа далей мірыцца са сваім рабскім становішчам. Навуменка. Дасталося пазней і Алесю за тое, што не быў настойлівым, мірыўся з недахопамі, не абапіраўся на калектыў. Шыцік. Ціхон Ціхонавіч не ўмеў крыўдзіцца і мірыўся з усім, што тварылася дома. Грамовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нажы́ць, ‑жыву, ‑жывеш, ‑жыве; ‑жывём, ‑жывяце; зак.

1. што і чаго. Набыць паступова, назапасіць. — Якая там гаспадарка, — махнуў рукою Тарэнта. — Мусіць, ніколі ўжо яе не нажыву. Галавач. — Мілы браце! У чужой хаце Не нажыць табе багацця. Колас. // Набыць, купіць што‑н. Надзейны я нажыў карэц, Заўсёды п’ю ім квас. Непачаловіч.

2. каго-што і каго-чаго. Атрымаць, набыць (звычайна што‑н. непрыемнае, непажаданае). Нажыць гора. Нажыць сораму. Нажыць ворага. □ Мы ў зямлянках Чэрствы хлеб жавалі, Рэўматызмы Дружна нажывалі. Панчанка.

3. Разм. Пражыць нейкі час (звычайна нядоўгі). У гасцях доўга не нажывеш.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)