наве́сці, -вяду́, -вядзе́ш, -вядзе́; -вядзём, -ведзяце́, -вяду́ць; навёў, -вяла́, -ло́; навядзі; -ве́дзены; зак.

1. каго. Прывесці ў вялікай колькасці.

Н. людзей у клуб.

2. каго (што) на каго (што). Ведучы, прывесці, вывесці куды-н.

Н. на след.

3. што. Накіраваць, нацэліць што-н. у бок каго-, чаго-н.

Н. бінокль.

Н. гармату.

4. перан., каго на што. Накіраваць (на думку, размову, сумненне і пад.); садзейнічаць з’яўленню (думкі, сумнення і пад.).

Н. на шчырую размову.

5. перан., што. Прывесці што-н. да пэўнага стану, надаць адпаведны выгляд.

Н. бляск.

Н. парадак.

6. што. Пабудаваць (пра мост, пераправу).

Н. мост.

7. што. Зрабіць інструмент прыгодным для карыстання.

Н. брытву.

Н. музычны інструмент.

8. каго. Нарадзіць, напладзіць у нейкай колькасці (разм.).

Н. дзяцей поўную хату.

9. каго. Быць наводчыкам, садзейнічаць крадзяжу чаго-н.

Н. злодзея.

Навесці на розум — даць разумную параду, навучыць чаму-н. добраму.

|| незак. наво́дзіць, -джу, -дзіш, -дзіць.

|| наз. навядзе́нне, -я, н. (да 3, 5 і 6 знач.) і наво́дка, -і, ДМ -дцы, ж. (да 3, 6 і 7 знач.).

Навядзенне бляску.

Навядзенне мастоў (таксама перан.: устанаўленне сувязей, кантактаў; кніжн.).

|| прым. навадны́, -а́я, -о́е (да 6 знач. у некаторых спалучэннях).

Н. мост.

Навадная пераправа.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Апо́на ’завеса, пакрыццё’ (Гарэц., Др.-Падб.). Рус. устар., укр. опона ’тс’. Польск. устар., чэш., славац., славен. opona ’тс’, серб.-харв. опо̀на ’перапонка’; опона ’завеса’ вядома ўжо ў ст.-слав., а таксама ў старарускіх помніках з XII ст. і помніках старабеларускай мовы (Гіст. мовы, 1, 156) у блізкім значэнні. Праславянскае ўтварэнне ад кораня, прадстаўленага ў словах пяць2 (гл.), апінаць. Нельга прыняць тэзіс аб запазычанні з гоц. fana ’сцяг’, што прапанаваў Гірт, РВВ, 23, 336, супраць чаго Фасмер, 3, 146; наўрад ці апраўдана думка Мейе (Études, 255) аб калькіраваным характары славянскага ўтварэння: прэфікс о‑ не адпавядае тым элементам, з якіх быццам адбывалася калькіраванне (грэч. καταπέσμα ці гоц. faurhah), а ўтварэнні з іншымі прэфіксамі і тым жа коранем (попона, запон(ък)а, перепон(ък)а і пад.) паказваюць, што гэта мадэль была прадуктыўнай у славянскіх мовах. Іншую літаратуру прыводзіць Праабражэнскі. Недакладна Голуб-Копечны аб выключна чэшскім характары слова. Як праславянскае разглядае Брукнер. Зэльв. апона ’пакрышка’ (веласіпедная і г. д.) (Сцяц.) з польскай. Глуск. апоня ’шырокае, не дастасаванае да стану адзенне’ (Янк. III) — адгалінаванне разглядаемага слова; магчыма, тут адбылася катамінацыя з апанча (гл.), таксама як у значэнні апоня ’чалавек, які носіць шырокае адзенне’ (там жа), трэба ўлічваць магчымасць кантамінацыі з народным апонец < японец (КТС). Апон ’кашара’ (ДАБМ, 784), магчыма, трэба разумець як ’месца, якое апінаецца’ (г. зн. абмяжоўваецца); ст.-рус., ст.-бел. прѣпона, бел. перапона таксама абазначаюць месца. Параўн. Супрун, БЛ, 1, 69.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сядзе́ць ’займаць сядзячае становішча’, ’знаходзіцца, праводзіць час’, ’быць у зняволенні’, ’размяшчацца дзе-небудзь’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Касп., Сцяшк., Ласт., Стан., Бяльк., Сл. ПЗБ), ’кватараваць’ (узд., Жд. 1), седе́ті ’сяліцца, жыць’ (пін., З нар. сл.), ст.-бел. сѣдѣти, седѣти, седети ’тс’ (Альтбаўэр), сѣдѣти, седети ’пасяляцца, жыць, пражываць’, ’валодаць выдзеленым надзелам зямлі’ (Статут 1529 г., гл. Мацкевіч, Грынавецкене, ЖНС, 206 і наст.). Укр. сиді́ти, рус. сиде́ть, польск. siedzieć, в.-луж. sedźeć, н.-луж. sejźeś, чэш. sedět, славац. sedieť, серб.-харв. дыял. сјѐдити, славен. sẹdéti, балг. седя́, макед. седи. Прасл. *sěděti, *sědi̯ǫ адпавядае літ. sėdė́t, лат. sêdêr, гоц. sitan, ст.-ісл. sitja ’сядзець; жыць’; балта-славянскія формы з доўгім галосным у корані адпавядаюць гоц. прош. часу sētun < і.-е. *sēd‑, параўн. яшчэ ст.-інд. sídati ’ён сядзіць’, лац. sīdō ’саджуся’, якія ўзыходзяць да рэдуплікаванага *sizd‑ (Вальдэ-Гофман, 2, 509). Чэшскія і лужыцкія формы (без даўгаты) адпавядаюць лац. sedēre ’сядзець’ (Шустар-Шэўц, 1280). Фартунатаў (KZ, 36, 50) рускае і ўкраінскае *сидѣти < *sěděti тлумачыць як вынік асіміляцыі ў 2‑й і 3‑й ас. адз. л.: *sědiši, *sěditъ; у беларускіх формах Карскі (1, 226) бачыць захаванне старога стану. Гл. яшчэ Фасмер, 3, 618; Бязлай, 3, 222; Махэк₂, 539; Борысь, 545–546; ЕСУМ, 5, 226–227; Шаўр, Studia Etym. Brun., 3, 367 (скарачэнне праславянскай даўгаты лічыць другаснай з’явай з мэтай пазбыцца аманіміі з адпрыметнікавым дзеясловам ад *sěd‑ ’сівы’). Гл. сесці.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ператрэ́сці, ‑трасу, ‑трасеш, ‑трасе; ‑трасём, ‑трасяце; пр. ператрос, ‑трэсла і ‑трасла, ‑трэсла і ‑трасло; зак.

1. што. Трасучы, ачысціць (ад пылу, гразі і пад.) усё, многае. Ператрэсці палавікі.

2. што. Змяшаць, трасучы. Ператрэсці сена з саломай.

3. што. Трасучы, перабраць, перагледзець што‑н. (звычайна шукаючы што‑н.). [Пятрусь] некалькі раз ператрос усе свае кішэні, — ключык як у ваду кануў. Арабей. // перан. Разм. Перабраць у памяці, успомніць што‑н. Любіць стары пагаварыць, ператрэсці ў памяці мінулае. Лынькоў.

4. Разм. Зрабіць перагляд з мэтай замены, перабудовы чаго‑н.; перасыпаць. Будаўнічая брыгада калгаса ператрэсла Сцяпанаву хату, перасыпала. Пянкрат. А сам [Андрэй] пайшоў на апошнюю вайну і ўжо ніколі не вернецца, каб, скажам, абсадзіць хату ці ператрэсці хлеў. Сіпакоў.

5. каго. Разм. Усхваляваць, устрывожыць да ўзбуджана-нервовага, хваравітага стану.

6. каго-што. Зрабіць вобыск. На вакзале сышчыкі затрымалі.. гімназістаў і ператрэслі іх чамаданы... С. Александровіч. Жаўнеры ператрэслі кожную хату, аблазілі ўсе вышкі і хлявы. Шахавец.

7. безас. Скончыць, перастаць трэсці. Хворага ператрэсла.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

а... 1, (а таксама аб..., аб’..., аба...), прыстаўка.

Абазначае: 1) пашырэнне дзеяння на ўсю паверхню прадмета, накіраванасць яго вакол або па краях прадмета: агарадзіць, агледзець, абяліць, акарыць, атынкаваць, ахапіць, акаваць, ахінуць, абпаліць, аб’ехаць, абабіць; 2) накіраванасць руху міма прадмета, абмінанне яго: абысці (лужыну), абагнуць (балота); 3) ахоп дзеяннем многіх асоб, прадметаў, пашырэнне дзеяння на ўсе прадметы, на ўсіх асоб: абабегаць (усе хаты), адарыць, абдзяліць (падарункамі); 4) празмернасць якога‑н. дзеяння: аб’есціся, абпаіць, абкарміць; 5) перавагу над кім‑, чым‑н. пры выкананні дзеяння: абагнаць, апярэдзіць; 6) (з часціцай ‑ся) наяўнасць недахопу, памылкі ў дзеянні: агаварыцца, абмовіцца; 7) забеспячэнне чым‑н. у працэсе дзеяння: абвадніць, аблясіць (сухія стэпы), аснасціць, абдзернаваць; 8) ператварэнне ў каго‑, што‑н., станаўленне кім‑н., наданне якіх‑н. уласцівасцей, якасцей (у выніку дзеяння): аграмадзіць, ашчаслівіць, ажаніць, ажывіць, абрадаваць; 9) дасягненне выніку дзеяння, стану: адзічэць, адубець, аўдавець, абрыдзець, апасці, асесці, ажывіцца, аблезці.

а... 2, (а таксама ан...), прыстаўка.

Абазначае адсутнасць прыметы, уласцівасці, паказанай у асноўная частцы слова (без прыстаўкі): амаральны, апалітычнасць, алагічны, анаэробы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абудзі́ць, абуджу, абудзіш, абудзіць; зак., каго-што.

1. Перарваць, перапыніць чый‑н. сон; прымусіць ачнуцца; разбудзіць. Зосю абудзіў рык прыгнаных на ранкі кароў і прарэзлівыя гукі пастуховай трубы. Гартны. Вось і агністае убранне Скідае лес сярод балот. Пара! І крыкам на світанні Ён [жораў] абудзіў увесь свой род. Кірэенка.

2. перан. Парушыць спакой, напоўніць гукамі, галасамі і пад. Людзі, высыпаўшы з душнага памяшкання, ажывіліся, абудзілі вуліцу смехам і гоманам. Дуброўскі. // Вывесці са стану спакою, вярнуць да жыцця, дзейнасці. Любіць песняю дзяўчына З нашым садам прывітацца, Абудзіць спакой птушыны, З салаўямі паспрачацца. А. Астапенка.

3. перан. Выклікаць, выявіць якія‑н. пачуцці, уласцівасці, якасці. Абудзіць дзіцячую фантазію. Абудзіць творчую думку народа. □ Сваё галоўнае назначэнне, як настаўніка, Лабановіч вызначаў так: абудзіць у вучнях і выклікаць да дзеяння крытычны розум, каб да кожнай з’явы і факта яны падыходзілі з пытаннямі — як выніклі? у чым іх прычыны? Колас. Слова здольна суцешыць гора, выклікаць весялосць, натхніць на подзвіг, спыніць злы намер, абудзіць да дзеяння цэлыя народы. Юрэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дапусці́ць, ‑пушчу, ‑пусціш, ‑пусціць; зак., каго-што і з дадан. дап.

1. Дазволіць прыйсці, увайсці, падысці куды‑н., да каго‑, чаго‑н.; падпусціць. Дапусціць у пакой. □ [Антоненка] думаў толькі аб тым, каб затрымаць бандытаў, не дапусціць іх да Літвінавіч. Шыловіч. // Даць дазвол займацца чым‑н., удзельнічаць у чым‑н. Дапусціць да экзаменаў.

2. Дазволіць што‑н. зрабіць, чаму‑н. адбыцца. — Як вам не брыдка, мужчыны, — звярнуўся Лабановіч да грамады. — Дапусціць, каб людзі крывавілі адзін другога! Колас. // Дазволіць сабе. Дапусціць грубасць. Не дапусціць браку ў сваёй рабоце. Дапусціць памылку. // Дазволіць дайсці да якога‑н. стану. Марыя падалася бліжэй да Веры, каб уцешыць яе, не дапусціць да слёз. Кулакоўскі.

3. Палічыць за магчымае, верагоднае. — Гэта сын ад першай жонкі, — адказаў Шумейка. Спачатку я не паверыў сваім вушам. Не мог дапусціць нават думкі, каб гэты чалавек мог мяняць жонак. Дамашэвіч. // у знач. пабочн. Будзем лічыць магчымым. Дапусцім, усё пойдзе, як трэба.

4. Прыладзіць, падагнаць што‑н. да чаго‑н. так, каб дайшло, шчыльна прыстала. Дапусціць аконную раму.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

студзі́ць, студжу, студзіш, студзіць; незак., што.

1. Рабіць халодным, дзьмучы на гарачую страву. Усе пафукваюць ды студзяць І верашчаку тую вудзяць І толькі чаўкаюць губамі Ды зрэдку скрыгаюць зубамі. Колас. Драбок снедае. Есць ён па-старамоднаму: кусае хлеба, жуе, чэрпае лыжкай поліўку, але да рота лыжку адразу не падносіць, а кладзе на лусту хлеба і зацята студзіць. Навуменка. // Дзьмуць, фукаць на больку. [Дзядзька Мікалай] нізка нагнуўся і пачаў студзіць рану. Ставер.

2. Халадзіць, марозіць. Холад студзіць ногі, падбіраецца да спіны. Асіпенка. Раса апала. Ядраная, празрыстая, яна толькі дзе-нідзе холадна паблісквала ў лапушыстых лісцях малачаю ды студзіла, мачыла ногі ў густых зарасніках алешніку і крушыны. Сачанка. // Астуджваць, выпускаючы цяпло. [Вулька:] — Дзе гэта відана, каб так часта попел выносіць, толькі хату студзіць. Лынькоў. // перан. Прыводзіць да стану здранцвення. А непадалёку ад школы .. [Шпак] убачыў на тоўстых суках ліпы двух павешаных дзядоў, якіх фашысты палічылі партызанамі і цяпер цешыліся сваёй перамогай. Усё гэта адразу зразумеў Шпак, і ўсё гэта цяпер студзіла ў яго жылах кроў. Ваданосаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

супраціўля́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; незак.

1. Супрацьдзейнічаць насіллю, насільным дзеянням; адбіваць напад. Пан быў такі спалоханы, што нават не супраціўляўся, калі «Салавей» прывязваў яго да дрэва. Бядуля. [Салагуб:] — Я пачаў супраціўляцца, штурхаць .. [паліцыянтаў] рукамі ад сябе і крычаць. Машара. Немцаў выбілі яшчэ толькі з першай лініі, а на другой яны ўпарта супраціўляліся і вялі агонь амаль бесперапынна. Кулакоўскі. // Супрацьдзейнічаць уплыву, уздзеянню каго‑, чаго‑н.; не падпарадкоўвацца каму‑, чаму‑н., не згаджацца на што‑н. Толя, які даўно прывык да бацькоўскіх загадаў старога, больш не супраціўляўся. Брыль. Васіль Дзяцел імкнецца адасобіцца ад эпохі, супраціўляецца жыццю ўпарта, рашуча, да знямогі, але ўсё дарэмна. «Полымя». // Не паддавацца якому‑н. стану, пачуццю, змагацца з якім‑н. станам, пачуццём. Супраціўляцца хваробе. □ Бацькавы вочы пры цьмяным святле лямпы здаліся мне вузенькімі-вузенькімі. Іх мружыў сон, але яны супраціўляліся яму. Сабаленка. Радаваўся [Андрыян Цітавіч], як юнак, свайму пачуццю, але, скрыгочучы зубамі, хаваючы ўсё ў сабе, супраціўляўся яму... Марціновіч.

2. Не паддавацца знешняму фізічнаму ўздзеянню.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

увагна́ць, уганю, угоніш, угоніць; пр. увагнаў, ‑гнала; заг. увагні; зак., каго-што (пераважна ў пр. часе).

1. Прымусіць увайсці, убегчы куды‑н.; загнаць. Увагнаць жывёлу ў хлеў.

2. З сілай убіць, уткнуць у што‑н. Увагнаць рыдлёўку ў зямлю. □ Шавец з маху ўвагнаў цвік у абцас. Васілёнак. [Яўген] павольна ўзяў сякеру, што стаяла ля маіх ног, узмахнуў і з разгону глыбока ўвагнаў яе ў пянчук. Савіцкі.

3. перан. Давесці каго‑н. да якога‑н. стану (звычайна непрыемнага). Увагнаць у расходы. □ Маці крыху ўпіралася, даводзіла, што навука ў сухоты мяне ўгоніць, але хутка здалася. Мядзёлка. Добра .. [дзяўчаты] спявалі, прыемна было слухаць, але як завялі адну песню старую, дык аж у слёзы ўвагналі Ганну. Дубоўка.

•••

Увагнаць у магілу (у труну, у дамавіну, у зямлю) — тое, што і загнаць у магілу (у труну, у дамавіну, на той свет, у зямлю) (гл. загнаць).

Увагнаць у пот — прымусіць многа і напружана працаваць (да поту).

Увагнаць у чырвань — засароміць, прымусіць пачырванець.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)