убаку́, прысл.

1. У некаторым аддаленні ад каго‑, чаго‑н. Пакрыўджаны Якім стаяў убаку, пакуль не прайшлі ўсе касцы паўз яго. Дуброўскі. / З прыназ. «ад» утварае спалучэнне з Р. Там, крыху ўбаку ад вуліцы, расла высачэзная таполя. Чарнышэвіч. [Уладзя] мінуў родную мясціну, прайшоў ад яе ўбаку за пяць кіламетраў. Чорны.

2. перан. Па-за асноўным напрамкам дзейнасці, па-за агульным шляхам развіцця. [Дзмітрый Аляксандравіч:] А дакуль лабараторыя будзе стаяць убаку? Не, не! Няхай і яна падключаецца. І — неадкладна. Нам патрэбны аналізы без затрымкі. Савіцкі. / З прыназ. «ад» утварае спалучэнне з Р. [Паэма «Сымон-музыка»], як і «Новая зямля», не засталася ўбаку ад магістральных тэм нашай эпохі. Лойка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

фарсі́раваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак. і незак., што.

1. Прымусіць (прымушаць) развівацца хутчэй, паскораным тэмпам; паскорыць (паскараць). [Максім:] — І няхай фарсіруе распілоўку. Не хапае дошак для насцілу вадабоя. Шамякін. // Паскорыць (паскараць) час наступлення, ажыццяўлення чаго‑н. Фарсіруюць пуск яны [мантажнікі] электрастанцыі — Электрыка ў першы чарод. Зарыцкі.

2. Павысіць (павышаць) сілу гучання (голасу).

3. У тэхніцы — павялічыць (павялічваць) які‑н. паказчык устаноўкі (рухавіка, катла і пад.).

4. Спец. Пераадолець (пераадольваць) якую‑н. перашкоду або рубеж праціўніка. За ноч [партызаны] фарсіравалі шашу і прайшлі кіламетраў пяць у бок вёскі Сёмкава. Новікаў. Камандзір корпуса Краўчанка вырашыў фарсіраваць Дзясну па дну ракі. Мележ.

[Ад фр. forcer.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шарэ́нга, ‑і, ДМ ‑нзе, ж.

1. Рад людзей, якія стаяць па прамой лініі і тварам у адзін бок (першапачаткова толькі ваенных і звычайна па росту). Усхваляваныя, радасныя людзі сталі ў шарэнгу метраў на пяць адзін ад аднаго і пайшлі. Новікаў. // Аб прадметах, размешчаных у лінію, доўгі рад. Людзі ўважліва агледзелі доўгую шарэнгу цыстэрн. Лынькоў. Наперадзе цэлай шарэнгай свецяцца агні. Галавач.

2. перан.; каго або якая. Група людзей, аб’яднаных сумеснай дзейнасцю, агульнымі мэтамі, інтарэсамі і пад. Станавіся ў шарэнгі свабодных Будаваць свой разбураны край! Глебка.

•••

У адной шарэнзе з кім — у адным, роўным становішчы з кім‑н. (быць, знаходзіцца і пад.).

[Ад польск. szereg.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Навой ’дэталь у кроснах’ (Бяльк., Гарэц., Тарн., Сцяшк. МГ, Сл. ПЗБ, ТС), навоі ’частка кроснаў’ (Воўк-Лев., Татарк.), навойка ’тс’ (полац., Нар. сл.; Янк. 1, Мат. Гом., ТС). Укр. навій, рус. наво́й, польск. nawój, чэш. návoj, славац. návoj, н.-луж. nawój ’тс’, серб.-харв. дыял. на́вој ’дзве расошкі, на якія кладзецца задняе вараціла пры навіванні асновы’. Да навіваць, віць, параўн. навіць ’наматаць’ (Бяльк.), першапачаткова адносілася, відаць, да задняга вала ў кроснах, пра што сведчыць значэнне серб.-харв. дыялектнай назвы (Машынскі, Kultura, 1, 349), і звязвалася з навіваннем нітак асновы на яго; не выключана, што гэтым словам называлася само навітае прадзіва, пра што можа сведчыць балг. дыял. навой ’тонкая звітая вяроўка, якой абвязваюць абмоткі на нагах’, перанос назвы на вараціла і іншыя дэталі, якія звычайна маюць праславянскія назвы, праз стадыю ’вал з навітым на яго прадзівам’, параўн. докш. Навой — пяць губак і болей (Сл. ПЗБ). Адносна чаргавання гл. Шустар-Шэўц, 994.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

П’я́ўка1 ’прэснаводны чарвяк, Hirudo medicinalis; sanguisuga’ (ТСБМ, Бяльк., Ласт., Сцяшк., Сл. ПЗБ, ЛА, 1), пья́ўка ’тс’ (Дразд., Бес.), пля́ўка ’тс’ (ЛА, 1); укр. пʼя́вка, пля́вка ’тс’, рус. пья́вка, пия́вка ’тс’; параўн. польск. pijawka ’тс’, чэш. pijavka ’тс’, славен. pijávka. Прасл. *pьjavka звязана з *pьjati, ітэратыў ад *piti ’піць’ (гл. піць), паралельнае ўтварэнне да *pьjavica: пʼя́віца, пʼя́выца (ЛА, 1; Дразд.), сюды ж пʼя́вычнык ’рачныя ракавіны, чаропкі’ (Дразд.), укр. пʼя́віца, рус. пия́вица, польск. pijawica, палаб. pagaweicia, в.-луж. pijelca, чэш. pijavice, славац. pijavica, серб.-харв. пѝјавица, славен. pijávica, балг. пия́вица, макед. пијавица (Фасмер, 3, 271; ЕСУМ, 4, 649; Шустар-Шэўц, 2, 1062; БЕР, 5, 284; Бязлай, 3, 34). Паводле Німчука (Давньорус., 229), формы з суфіксам ‑к‑a з’яўляюцца пазнейшай інавацыяй на ўсходнеславянскай глебе, што цяжка давесці. Гл. таксама пʼеўга́, п’е́ўка.

П’я́ўка2 ’скаба’: пʼяўкамі прысцегваюць сцены (ТС). Няясна; магчыма, да пʼяць ’напінаць, сцягваць’ (ТС), гл. пяць2.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

дзялі́цца, дзялюся, дзелішся, дзеліцца; незак.

1. Распадацца на часткі, на групы; раздзяляцца. Горад дзеліцца на пяць раёнаў. □ Усе хлапчукі пароўну дзяліліся і, разышоўшыся ў розныя бакі, пачыналі збіраць на полі каменне і шпурляць .. у свайго «праціўніка». Лобан. Пры выбарах у сельсавет сяляне дзяліліся на два лагеры. Бядуля. // Рабіць падзел гаспадаркі, маёмасці з кім‑н. — Мы як дзяліліся, дык хоць каб хто слова з нас адзін на аднаго дрэннае сказаў. Мы па-брацку разышліся. Чорны. Дзяліліся сыны з бацькамі, браты з братамі; так стала больш за дзве сотні двароў. Каваль.

2. чым з кім. Аддаваць каму‑н. частку чаго‑н. свайго; узаемна аддаваць адзін другому частку чаго‑н. свайго. Многія з гэтых людзей садзіліся побач і дзяліліся з .. [Норам і маці] апошнім кавалкам хлеба. Шамякін. Я не мог не наведаць і верных сяброў, Хто дзяліўся са мной І абоймай патронаў у часе баёў, І апошняй скарынкай, а ў часе піроў Звонкай песняй сваёй. Танк. // перан. Перадаваць, паведамляць каму‑н. што‑н.; узаемна абменьвацца чым‑н. Дзяліцца вопытам. Дзяліцца ведамі. □ Аб усім мог расказаць муж, але ён, як скупы ці няўважлівы чалавек, не хацеў дзяліцца з жонкай заводскімі навінамі. Шахавец. // Давяраць, раскрываць (думкі, пачуцці). Прыяцелі шапталіся, дзяліліся нейкімі сваімі сакрэтамі. Лынькоў.

3. Мець здольнасць да дзялення на які‑н. лік без астачы. Дзесяць дзеліцца на пяць.

4. Зал. да дзяліць (у 1 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бізу́н, ‑а м.

1. Плецены з раменных палосак арапнік або вітая з ільну, канапель пуга. Сяргейка забег наперад статку, ляснуў бізуном і працягла, як гэта рабіў дзед Патап, закрычаў: — Куды-ы! Хомчанка, — і што? — Міхась насцеражыўся, і рука яго з бізуном, якім збіраўся сцебануць каня, застыла ў паветры. Сіўцоў. // Уст. Сродак экзекуцыі. Пакараць бізунамі. □ Дзе бізуны свісталі, там песні звіняць. З нар.

2. Удар бізуном. Даць дваццаць пяць бізуноў.

3. Сімвал грубай сілы, прымусу. Узнімаюць плугі дзірваны. Ні пана няма, ні слугі, Не гоняць народ бізуны. Купала.

•••

Голы як бізун гл. голы.

Зарабіць бізуна гл. зарабіць.

Прасіць бізуна гл. прасіць.

Схапіць бізуна гл. схапіць.

Усыпаць бізуноў гл. усыпаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

га́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; незак.

Разм.

1. што і без дап. Забруджваць спаражненнямі. Галубы гадзяць падаконнік.

2. што. Псаваць, брудзіць. Нельга гадзіць мэблю.

3. Шкодзіць, рабіць подласці.

4. Нудзіць, выклікаць пачуццё агіды. Усё нячыстае мяне гадзіць. / у безас. ужыв. Яго гадзіла.

гадзі́ць, гаджу́, го́дзіш, го́дзіць; заг. гадзі́; незак.

1. Старацца задаволіць каго‑н., робячы прыемнае, патрэбнае; дагаджаць. Госцю гадзі, ды і сябе глядзі. Прыказка.

2. Садзейнічаць, спрыяць каму‑, чаму‑н. Ішлі дажджы. І гэта вельмі гадзіла на поле. Чорны.

3. каго. Абл. Наймаць на працу на пэўны час. Стэпа засаб пяць год гадзіла яго пастухом у сваім мястэчку. Гартны.

•••

Гадзіць як благой (ліхой) скуле — вельмі дагаджаць каму‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

папярэ́дні, ‑яя, ‑яе.

1. Які быў раней чаго‑н., знаходзіўся непасрэдна перад чым‑н. Гэтыя дні самастойнага жыцця надалі.. [людзям] вопыту больш за ўсе папярэднія гады. Маўр. У паветры яшчэ стаяла рэха папярэдняга ўдару, а ўжо раздаваўся новы. Васілёнак. // у знач. наз. папярэ́дняе, ‑яга, н. [Дзімін:] — З Кашыным пагутарым на бюро, дарэчы, і пра папярэдняе напомнім. Карпаў.

2. Які папярэднічае чаму‑н. асноўнаму, галоўнаму, які бывае перад чым‑н. Першыя пяць дзён былі прысвечаны папярэднім гульням у дзвюх падгрупах. «Звязда». // Такі, які можа быць зменены, перагледжаны; неканчатковы. Папярэднія падлікі. □ Паходня падзяліўся з Янукевічам сваімі папярэднімі планамі. Хадкевіч.

3. Такі, які робіцца, праводзіцца загадзя. Папярэдні продаж білетаў. Стол папярэдніх заказаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

папярэ́днік, ‑а, м.

1. Той, хто займаў якую‑н. пасаду, выконваў якія‑н. абавязкі раней каго‑н., перад кім‑н. Кожны новы старшыня сходу стараўся абмеркаваць тое ці іншае пытанне .. лепш, чым яго папярэднік. Паслядовіч. Прыехаўшы ў Любчу пяць год таму назад, Павел Арсеньевіч пасяліўся ў значна большым доме, дзе жыў яго папярэднік. Брыль. // Той, хто сваёй дзейнасцю падрыхтаваў дзейнасць каго‑н. іншага. У нясвіжскім «Катэхізісе» .. [Будны] прыводзіць цэлыя вытрымкі са скарынінскіх выданняў, не называючы, праўда, імя свайго вялікага папярэдніка. Алексютовіч. Працу ў жанры байкі Я. Купала, як і яго папярэднікі, пачаў з перакладаў. Казека.

2. Сельскагаспадарчая культура, якая займала поле перад пасевам якой‑н. культуры. Шматгадовыя травы — найлепшы папярэднік ільну-даўгунцу.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)