стро́гі, ‑ая, ‑ае.

1. Вельмі патрабавальны. Строгі настаўнік. □ А Парамон Пісанец разгублены стаяў і не ведаў, куды цяпер падацца. Ці ў рэдакцыю, дзе яго чакае строгі рэдактар і спаткае Хвёдка з пытаннем: «Ну што, прынёс нарасць?», ці дадому? Грамовіч. [Гарлахвацкі:] У вашай асобе спадзяюся бачыць суддзю строгага і справядлівага. Крапіва. // Які выражае патрабавальнасць; сур’ёзны да суровасці. — Партызаны?! — спалохана схапіўся .. [Жаўрыд] за сваю забруджаную сярмягу і тут жа, сустрэўшыся з .. строгім дапытлівым позіркам [Ліды], рвануў руку назад. Васілевіч. Часам успомніць Хіма гарадскую жанчыну са строгім сур’ёзным тварам. Каваль.

2. Вельмі сур’ёзны, суровы, які не дапускае паблажак. Строгі нагляд. Строгія звычаі. □ Забыліся .. [хлапчукі] і на абед і на строгі наказ — не адлучацца за межы лагера. Пальчэўскі. // Жорсткі (пра меры спагнання, уздзеяння). Строгая вымова. Прыняць строгія меры.

3. Які не дапускае ніякіх адхіленняў ад нормы, правіл. Строгая дыета. Строгая эканомія. Строгі ўлік. □ Адам вёў строгую канспірацыю і прывучыў да строгасці ў падпольных справах і Міколу. Якімовіч. Цяжка было салдатам захаваць строгую дысцыпліну ў такі ўрачысты момант. Лынькоў. // Дакладны, канкрэтны; прадуманы, устаноўлены. Строгая паслядоўнасць. □ Кожная хвіліна мела ў .. [Мінкіна] сваё строгае прызначэнне. Бядуля. Хлопчык прабіраўся следам, асцярожна, каб не зачапіць якую-небудзь кніжку, не парушыць строгі парадак на паліцах. Шыловіч.

4. Які не дапускае адхіленняў ад правіл паводзін, ад агульнапрынятых маральных норм. Ціхон Седрачук — вельмі строгіх правіл у жыцці чалавек. Ракітны. // Стрыманы ў абыходжанні з кім‑н., які ўмее сабою валодаць. Ніна была строгая з хлопцамі, не любіла знаёміцца так — абы-дзе, абы з кім. Арабей. Ты жанчына — і можаш ты многае. .. Будзь са мною і добрай, і строгаю, Ды ніколі халоднай, малю! Тармола. Ларыса стаяла строгая, з выразнай трывогай на твары. Асіпенка.

5. Правільны, які адпавядае патрабаванням пэўнай нормы, класічнага стылю. Збудаванні захоўвалі строгія лініі. □ Стыль [дэкарацый] быў ужо праз меру строгі — аддавала халадком класічнага бела-ружовага мармуру Атэны. Бядуля. Строгі будынак з вузкімі вокнамі стаяў у парку, прымыкаючы да пляцоўкі, абкружанай мурам. Караткевіч. // Без упрыгожанняў; з вытрыманасцю прамых ліній. Але тут да паравоза падыходзіць высокі чалавек у строгім чыгуначным гарнітуры. Васілёнак. І любіш ты, як ён, як я, Жанчыну ў строгім плацці. Яна — настаўніца твая. Твая другая маці. Агняцвет.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дзіця́ и дзіцё (род. дзіця́ці, тв. дзі́цем и дзіцём) ср., прям., перен. ребёнок м., дитя́; младе́нец м.;

грудно́е дз. — грудно́й ребёнок;

го́ркае дз. — ещё ребёнок;

у сямі́ ня́нек дз. без но́сапосл. у семи́ ня́нек дитя́ без гла́за;

чым бы дз. ні це́шылася, абы́ не пла́калапогов. чем бы дитя́ ни те́шилось, лишь бы не пла́кало;

дз. не пла́ча, ма́ці не дагада́еццапогов. дитя́ не пла́чет, мать не догада́ется

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

це́шыцца несов.

1. (кім, чым і без дап.) забавля́ться, развлека́ться; наслажда́ться, те́шиться;

ц. жыццём — наслажда́ться жи́знью;

2. (з каго, чаго) ра́доваться (глядя на кого, что);

ц. з дзяце́й — ра́доваться, гля́дя на дете́й;

3. (чым) утеша́ться, те́шиться, успока́ивать себя́;

ц. ду́мкай — утеша́ться (те́шиться, успока́ивать себя́) мы́слью;

4. (выражать чувство любви друг к другу) милова́ться;

чым бы дзіця́ ні це́шылася, абы́ не пла́калапогов. чем бы дитя́ ни те́шилось, лишь бы не пла́кало

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

аду́жаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; заг. аду́жай зак., каго-што.

1. Падужаць, перамагчы, адолець, узяць верх над кім‑, чым‑н.; справіцца з кім‑, чым‑н. Пачуў [Васіль], як брыдкая млоснасць кволіць рукі, ногі, усяго. Стараўся адужаць яе. Мележ. Што нам мяцеліца, Вецер і сцюжа? Што маладосць нашу Зможа адужаць? А. Александровіч. // Авалодаць якім‑н. рамяством, умельствам. [Дзед:] — Малады яшчэ ты дужа падымаць у кузні молат. Рамяство маё адужаць — гэта іншая размова. Дубоўка.

2. Змагчы, здолець. Конь такі, што гадай, ці адужае прывалачы столькі лесу. Мележ. [Гіляр:] — Я згодзен ісці пехатой да самых Бацяновіч і несці на сябе столькі арэхаў, колькі адужаю, абы ў нас сталася так, як тут. Дубоўка.

адужа́ць, а́ю, ‑а́еш, ‑а́е; заг. адужа́й; зак.

Набрацца сілы; ачуняць пасля хваробы. Мы адлятаць гатовы ў родны край, Туды, дзе адужалі нашы крылы. Барадулін. Каб адужалі дрэўцы, Каб цешыліся сэрцы, Калі там зашуміць здалёк Зялёны хвойнік ці гаёк. Лужанін. Некалькі месяцаў Марыля жыла ў эвакуацыі, пакуль трошкі адужаў сынок. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падсу́нуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак., каго-што.

1. Сунучы, наблізіць да каго‑, чаго‑н.; прысунуць. Ложак стаяў не там, дзе стаіць у хаце звычайна, — яго падсунулі да самага стала. Шамякін.

2. Засунуць пад што‑н. Маці выгнала з хаты парсюка, памыла рукі і падсунула нагою карыта пад лаўку. Галавач.

3. Непрыкметна падлажыць што‑н. Хмара выбраў некалькі паперак і працягнуў Крамнёву.. — Зможаш усё гэта ўмела падсунуць немцам? — спытаў Хмара, калі Крамнёў дачытаў усё да канца. — Пастараюся. Шашкоў. // Разм. Карыстаючыся чыёй‑н. няўважлівасцю, даць што‑н. фальшывае, непатрэбнае, непрыдатнае. — Вы падпісалі пратакол агляду месца здарэння. А там напісана, што пыл не патрывожаны. — Падсунулі, дык і падпісаў не чытаючы, — буркнуў Арэшка. Капусцін. [Упраўляючы:] — Адмаўляйся ад дошак. Там хітрыя ўсе: падсунуць абы-што, а тады скажуць — фонды вы свае выбралі. Беразняк.

4. Разм. Даць хабар. Сёй-той гаварыў, што не хвароба выратавала Драча ад акопаў, а грошы, якія той падсунуў пану доктару. П. Ткачоў.

•••

Камар носа не падсуне гл. камар.

Падсунуць свінню — тое, што і падлажыць свінню (гл. падлажыць).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ме́ціць 1, мечу, меціш, меціць; незак.

1. у каго-што і без дап. Старацца папасці ў каго‑, што‑н.; цэліць. Наспяваўшыся, хлопцы пачынаюць кідацца шышкамі. Мецяць у пабелены каменны слупок на насыпе, які служыць нейкім чыгуначным знакам. Навуменка.

2. з інф. Мець намер, намервацца ажыццявіць якое‑н. дзеянне. Тут закаваны ланцугом Фугасы рурскай маркі, Што мецілі мой мірны дом Разнесці на кавалкі. Калачынскі. Хвастом віляе, а ўкусіць меціць. Прыказка.

3. Разм. Імкнуцца стаць кім‑н., заняць якое‑н., часцей больш высокае становішча. Дзіка і сама меціла не абы-куды, а ніяк не ніжэй, як у кандыдат навук. Васілевіч. // каго. Намячаць каго‑н. на якую‑н. пасаду, становішча і пад. Не было сакрэтам, што мецілі на .. пасаду [сакратара парткома] галоўнага тэхнолага. Карпаў.

ме́ціць 2, мечу, меціш, меціць; незак., каго-што.

Ставіць на кім‑, чым‑н. адметны знак, метку. Увечары Ліда расказала брату, як яна меціла птушак. Пальчэўскі. [Ян Лайган і Нікіфаровіч] сыходзіліся разам, нешта прыкідвалі, мецілі дошкі алоўкам і зноў браліся за гэблі і долаты. Броўка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

лі́пнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. ліп, ‑ла; незак.

1. (1 і 2 ас. не ужыв.), да каго-чаго. Прыставаць, прыліпаць. Мяккія пушынкі снегу ападалі на зямлю, ліплі да вопраткі, да твару. Кавалёў. На лоб налазяць і ліпнуць мокрыя валасы. Скрыган.

2. Разм. Шчыльна прыціскацца да чаго‑н. Было.. [гразі на вуліцы] столькі, што часта даходзіла да галовак колаў; людзі звычайна ліплі бліжэй да платоў. Мележ. // перан. Гарнуцца да каго‑н. Дзеці ліплі да дзеда. □ Як і даўней, хлопцы цураліся.. [Ігнася] і не любілі. Ігнась таксама не надта ліп да іх, больш адзін быў. Мурашка. // перан. Аблепліваць, усыпаць. Усё больш і больш назойліва лезлі да людзей камары. Яны ліплі да твару, да рук, да ног, усмоктваліся ў чалавечае цела. Галавач.

3. перан. Разм. Назойліва прыставаць да каго‑н. Вяртацца з пустымі рукамі было няёмка. Хоць што-небудзь ды трэба ўзяць. Абы для апраўдання, для адводу вачэй было. Каб не ліплі людзі, не выдумлялі лішняга. Кандрусевіч.

•••

Ліпнуць смалой — настойліва, надакучліва прыставаць да каго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

панава́ць, ‑ную, ‑нуеш, ‑нуе; незак.

1. Мець уладу над кім‑, чым‑н., уладарыць. Дні тры ў мястэчку панавалі белапалякі. Лынькоў. З гісторыі .. [Сярожка] цьмяна ўспамінаў, што некалькі вякоў там [у Мексіцы] панавалі іспанцы. Скрыпка.

2. Мець пераважнае распаўсюджанне; пераважаць. Зялёны колер розных адцен[ня]ў пануе тут над усім. В. Вольскі. Баявы настрой, які панаваў у пачатку сходу, хутка апаў, загаварылі пра дробязі, і то без запалу, абы не маўчаць. Хадкевіч. // Ахопліваць, запаўняць, напаўняць сабой усё. У лясным гушчары пануе спрадвечны змрок і цішыня. М. Ткачоў. Хлопцы маўчаць. Стоеная цішыня пануе некалькі хвілін. Навуменка.

3. Узвышацца над чым‑н. (пра горы, будынкі і пад.). Мы падымаемся на ўзвышша Бірса, якое пануе над усім наваколлем. В. Вольскі. [Дуб] уладна панаваў над шырокім прасцягам прысадзістага алешніку. Аляхновіч.

4. Быць галоўным у чым‑н., дзе‑н.; першынстваваць. То браў верх тоўсты.. голас, то панаваў галасок тоненькі. Бядуля.

5. Разм. Жыць у раскошы. У харомах прыгожых панавала сястра: клеці поўныя збожжа, а каморы — дабра. Машара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

звані́ць, званю, звоніш, звоніць; незак.

1. Выклікаць, ствараць звон, удараючы ў што‑н., чым‑н. Дае дарэктару ён бляху. — Звані ў яе, бі, чым папала, Абы мацней яна гучала — На ўсю Свяржэнскую граду! Колас. Каля адной крамы стукаюць у патэльні, каля другой звоняць косамі, — пакупнікоў заклікаюць. Якімовіч. // Ствараць звон (пра які‑н. механізм, апарат). Будзільнік звоніць. Куранты звоняць. Тэлефон звоніць. // Падаваць сігнал званком. Званіць на ўрок. // Удараць у звон, апавяшчаючы пачатак службы ў царкве. Калі з ветрам, дык тут у хвойнічку нават чуваць, як вызвоньваюць гадзіны на замкавай вежы або як звоняць на імшу ў касцёле ці царкве. Чорны.

2. перан. Разносіць чуткі, плёткі; нагаворваць на каго‑н. — Уся вёска звоніць, што калгасам цяпер кіруеш не ты, а Кацубіха. Шамякін.

3. Выклікаць да тэлефона званком тэлефоннага апарата; гаварыць па тэлефоне. — Мне не званілі? — на хаду запытаўся сакратар. — Не, — адказала Зоя. Асіпенка. Дадому Алесь ехаў адзін: Кібрык пайшоў некаму званіць па тэлефоне. Шыцік.

•••

Званіць ва ўсе званы — расказваць усім пра што‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скрыпе́ць ‘утвараць скрыпучыя гукі; рыпець’, ‘жыць абы-як, з цяжкасцю падтрымліваючы свае сілы’ (ТСБМ), скры́паць ‘тс’ (Байк. і Некр.). Укр. скрипі́ти, рус. скрипе́ть, ст.-рус. скрипати, польск. skrzypać, в.-луж. křipać, н.-луж. kśipaś, чэш. skřípati, славац. škripať, škripieť, серб.-харв. шкри́пати, славен. škrípati, балг. скрѝпя ‘тс’. Прасл. *skripati, *skripěti ‘скрыпець’. Фасмер (3, 657 і наст.), Махэк₂ (550) лічаць гукапераймальным. Параўноўваюць з лат. skripstêt ‘хрусцець, скрыпець, грымець’, kripš(k)êt ‘тс’, літ. krípštereti ‘ціха шамацець’, ст.-в.-ням. scrîan, screiôn ‘крычаць’; гл. Мюленбах-Эндзелін, 2, 280; Вальдэ-Гофман, 1, 291–292. Сной₁ (637) удакладняе, што гэта да і.-е. базы *(s)krei‑p, *krei‑k (параўн. крычаць, што азначала хрыплыя натуральныя гукі). Варбат (Этимология–1981, 16 і наст.) падцвярджае гіпотэзу Цупіцы (Gutturale, 126) аб роднасці слав. *skripati з групай ст.-ісл. hrīfa ‘рэзаць’ і далей з гняздом і.-е. *(s)ker‑ ‘рэзаць’ на матэрыяле паўднёваславянскіх дзеясловаў і імён са значэннем ‘шчыліна, расшчэп’, а таксама назваў пазоў, блокаў і г. д. Гл. яшчэ БЕР, 6, 799; Шустар-Шэўц, 701; Борысь, 555.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)