Дабрадзе́й (у розных знач.). Укр. добро́дій, рус. дыял. доброде́й, чэш. dobroděj, славац. dobrodej, польск. dobrodziej, ст.-слав. добродѣи. Прасл. *dobrodějь складанае слова: *dobrъ і вытворнае ад дзеяслова *dějati. Гл. Трубачоў, Эт. сл., 5, 42 (дзіўна, што тут наогул не прыводзіцца бел. матэрыял, ня гледзячы на тое, што ён добра засведчаны ў слоўніках); Слаўскі, 1, 151. Усё ж такі ў некаторых значэннях гэтага слова, магчыма, выяўляецца польскі ўплыў на ўсх.-слав. мовы (дакладней, у пэўных выпадках трэба лічыцца з магчымымі прамымі запазычаннямі з польск. мовы). Так, у значэнні ’васпан’ укр. і бел. словы, бясспрэчна, запазычаны з польск. dobrodziej з такой жа семантыкай.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Дзе́рава ’дрэва’, таксама і ў форме дзе́раво (Сцяшк.). Апошняе, аднак, азначае ’матэрыял для будаўніцтва’. Форма дзе́рава зыходзіць, бясспрэчна, да прасл. лексемы *dervo, якое дало пачатак славянскім формам: рус. де́рево, укр. де́рево, польск. drzewo, чэш. dřevo, балг. дре́во, серб.-харв. дре̑во, ст.-слав. дрѣво і г. д. Роднаснымі формамі для прасл. *dervo ’дрэва’ лічацца літ. dervà ’смала; смалістае дрэва’, ст.-інд. dā́ru‑ ’дрэва’, кімр. derwen ’дуб’ і г. д. Тут вельмі разгалінаванае сямейства слоў з шматлікімі роднаснымі формамі, аблаўтнымі суадносінамі вакалізму і да т. п. З вялікай літаратуры параўн. Слаўскі, 1, 174; Фасмер, 1, 502; Трубачоў, Эт. сл., 4, 211–213.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мазі́ла1 ’хто няўмела піша, малюе’, ’хто часта робіць промахі ў стральбе, гульні’ (ТСБМ, капыл., Нар. словатв.). Да ма́заць (гл.). Аб суфіксе гл. Сцяцко (Афікс. наз., 42), Карскі (2–3, 24–25), Слаўскі (SP, 1, 104).

Мазі́ла2, мазі́ло, мазі́лка ’кавалачак сала або тлушчу для падмазвання патэльні’ (Вешт., Касп.), (пагард.) ’мазь, замазка’ (З нар. сл., ТС), укр. мазиломатэрыял, якім мажуць’, ’прыстасаванне, якім мажуць’, рус. наўг., цвяр. мазила ’румяна’, польск. mazidło ’мазь’, славен. mazílo ’мазь’, ’хабар’; макед., балг. мазило ’мазь’, ’змазка’. Прасл. mazidlo, якое ўтворана ад mazati > ма́заць (гл.). (Карскі 2–3, 24; Сцяцко, Афікс. наз., 42; Слаўскі, SP, 1, 113).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

матэ́рыя, ‑і, ж.

1. Аб’ектыўная рэальнасць, якая існуе паміма і незалежна ад свядомасці чалавека. Матэрыя ёсць філасофская катэгорыя для абазначэння аб’ектыўнай рэальнасці, якая дадзена чалавеку ў адчуваннях яго, якая капіруецца, фатаграфуецца, адлюстроўваецца нашымі адчуваннямі, існуючымі незалежна ад іх. Ленін.

2. Спец. Рэчыва, з якога складаюцца фізічныя целы прыроды. Будова матэрыі.

3. Разм. Тканіна; матэрыял. Чысценькае, хоць і з простай матэрыі, адзенне [дзяўчыны] гэтак прыемна кідалася ў вочы. Нікановіч.

4. перан. Разм. Прадмет размовы; тэма. [Валасны пісар:] — Ну што, гаспадзін настаўнік, аб высокай матэрыі з мужыкамі гутарыце?.. Чарот.

[Лац. materia.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пе́нка 1, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

1. Ласк. да пена (у 1 знач.); невялікая пена. Пахне поле пірагамі, Цёплым з пенкай малаком. Парахневіч.

2. Плеўка, якая ўтвараецца на некаторых вадкасцях пры іх астыванні. // Пеністы слой сіропу, які з’яўляецца ў час варкі варэння. Калі ўсе паснедалі, мама ўзялася варыць на кухні малінавае варэнне, а мы стаялі збоку і па чарзе з’ядалі са сподка пенку, якую мама здымала драўлянай лыжкай. Пальчэўскі.

пе́нка 2, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Лёгкі порысты вогнетрывалы матэрыял.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шкло, ‑а, н.

1. Цвёрды празрысты матэрыял, які атрымліваецца шляхам плаўлення і спецыяльнай хімічнап апрацоўкі кварцавага пяску з дабаўленнем некаторых іншых рэчываў. Бутэлечнае шкло. Каляровае шкло.

2. Тонкі ліст ці выраб, прадмет іншай формы з гэтага матэрыялу. Аконнае шкло. Лямпавае шкло. □ Адна фортка ў акне знята з крукоў і стаіць з пабітым шклом пры сцяне. Чорны. Віцінг сядзеў на заднім сядзенні, пазіраючы, як на ветравым шкле, перад тварам шафёра, гойдаецца, падскоквае на гумавай нітачцы Санта-Клаус — пацешны, чырванатвары гномік. Асіпенка. // зб. Посуд, мастацкія вырабы, упрыгожанні з гэтага матэрыялу. Гісторыю, Славу І сэрца народа Я ўбачыў і вызнаў На выстаўцы шкла! Гілевіч. // зб. Асобныя кавалкі такіх вырабаў; асколкі чаго‑н. Бітае шкло звонка храбусціць пад нагамі. Лынькоў.

3. перан.; чаго або якое. Пра тое, што сваёй празрыстасцю, лёгкасцю, крохкасцю і пад. нагадвае такі матэрыял. Глядзяцца — адбітыя ў завадзяў шкле — З нябёс у люстраную плошчу, Красу сваю бачаць, блакіт свой. Але Я воблакам тым не зайздрошчу. Куляшоў. Вятры і сонца струны павялі, На шкле азёр намецілі надрэзы, А заадно да горнаў кавалі Прыйшлі, каб іскры выкрасаць з жалеза. Калачынскі.

•••

Аптычнае шкло — выпуклае або ўвагнутае шкло ў аптычных прыладах; лінза.

Арганічнае шкло — сінтэтычны моцны празрысты матэрыял, падобны на звычайнае шкло; шырока выкарыстоўваецца ў тэхніцы і быце.

Бемскае (багемскае) шкло — аконнае шкло, якое адрозніваецца ад звычайнага вялікімі памерамі лістоў, чысцінёй і таўшчынёй.

Вадамернае шкло — шкляная трубка, злучаная з закрытай пасудзінай для непасрэднага назірання за ўзроўнем вады ў ім.

Венецыянскае шкло — мастацкая, галоўным чынам дутая пасуда, часта з налепленымі дэталямі, а таксама пацеркі, люстры і пад. вырабы, вытворчасць якіх пачалася з канца 13 ст. у Венецыі.

Люстранае шкло — тоўстае, паліраванае з двух бакоў шкло, якое скарыстоўваецца для вырабу люстраў, абсталявання вітрын і пад.

Павелічальнае шкло — лінза, якая дае павялічанае адлюстраванне прадмета.

Прадметнае шкло — шкляная пласцінка, на якой размяшчаюцца зрэзы тканак, мазкі крыві і пад. для вывучэння пад лупай або пад мікраскопам.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дакла́д 1, ‑а, М ‑дзе, м.

1. Публічнае паведамленне на пэўную тэму. Справаздачны даклад. Даклад на міжнародную тэму. Чытаць лекцыі і даклады. □ Увечары ў клубе, пасля даклада, была мастацкая частка. Ермаловіч.

2. Вуснае ці пісьмовае афіцыйнае паведамленне кіраўніку, начальніку і пад. Маёр Раманенка хутка выскачыў яму насустрач з дакладам: — Таварыш палкоўнік!.. Палкоўнік махнуў рукою: «Не трэба». Шамякін.

3. Паведамленне аб прыходзе наведвальніка. — Прашу мяне не турбаваць і без даклада не ўваходзіць. Дубоўка.

дакла́д 2, ‑у, М ‑дзе, м.

Дадатковы матэрыял (падкладка, гузікі і пад.) для шыцця адзення, абутку.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ілюстрава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак. і незак., што.

1. Даць (даваць) малюнкі, якія суправаджаюць, паясняюць змест твора. Ілюстраваць раман. □ — У дэталях я яшчэ не прадумаў плана, а ў асноўных рысах ён такі — абысці пехатою цэлы раён, апісаць яго, сабраць народныя песні, легенды і іншыя віды народнай творчасці, багата ілюстраваць сваё падарожжа фатаграфіямі... Колас.

2. перан. Дапоўніць (папаўняць), пацвердзіць (пацвярджаць) што‑н. наглядным прыкладам, словам, жэстам і пад. Ілюстраваць тэзісы прыкладамі. □ Матэрыял, які ілюстраваў і абгрунтоўваў вывады, быў падрыхтаваны. Карпаў. Пытанне сваё.. [Іліко] ілюстраваў так: паклаў галаву на далонь, нібы заснуў, потым паказаў дах над галавой. Самуйлёнак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

лаза́, ‑ы; мн. лозы, лоз і лозаў; ж.

1. Кусты некаторых парод вярбы, вінаграду. Вінаградная лаза. □ Астраўкі параслі кучаравай лазой і здалёк нагадвалі копы сена. Шашкоў.

2. Галлё вінаграду, вярбовых кустоў; матэрыял з лазовай драўніны ці кары. Вязаць лазою венікі. □ Дзеці, падлеткі неслі пучкі лазы, вербалозніку. Бялевіч. Сярод пастушкоў ваколіцы мае складаныя ножыкі карысталіся вялікай славай.. За гэтыя ножыкі пастухі вучылі мяне плесці кашы з лазы, лапці. Бядуля. // толькі адз. Дубец як прадмет пакарання; розга. А чарвячок грызе сумленне — Прадвеснік лазні і лазы. Колас.

•••

Даць лазы гл. даць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прасе́яць, ‑сею, ‑сееш, ‑сее; зак., што і чаго.

1. Прапусціць праз сіта, рэшата і пад. для ачысткі ад пабочных прымесей. Старая Лукашыха, Аўгеня, прыйшла да свае суседкі Югасі пазычыць падсітак прасеяць мукі. Колас. Нідзе, здаецца, няма столькі пяску, як на гэтай дарозе. Белы, чысты, сыпучы, як прысак. Яго нібы прасеялі праз сіта. Ракітны. / у перан. ужыв. Час потым прасеяў усё, паставіў усё на сваё месца. Мележ. Паэту не заўсёды ўдавалася так прасеяць моўны матэрыял, каб ачысціць яго ад слоў вузкаабласной лексікі, русізмаў, паланізмаў. Ярош.

2. і без дап. Сеяць некаторы час.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)