дакла́д 1, ‑а, М ‑дзе, м.

1. Публічнае паведамленне на пэўную тэму. Справаздачны даклад. Даклад на міжнародную тэму. Чытаць лекцыі і даклады. □ Увечары ў клубе, пасля даклада, была мастацкая частка. Ермаловіч.

2. Вуснае ці пісьмовае афіцыйнае паведамленне кіраўніку, начальніку і пад. Маёр Раманенка хутка выскачыў яму насустрач з дакладам: — Таварыш палкоўнік!.. Палкоўнік махнуў рукою: «Не трэба». Шамякін.

3. Паведамленне аб прыходзе наведвальніка. — Прашу мяне не турбаваць і без даклада не ўваходзіць. Дубоўка.

дакла́д 2, ‑у, М ‑дзе, м.

Дадатковы матэрыял (падкладка, гузікі і пад.) для шыцця адзення, абутку.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)