Тузе́мец ‘карэнны жыхар якой-небудзь краіны, мясцовасці, абарыген’ (ТСБМ), ст.-бел. туземець: ꙗко…родивыисѧ оу васъ (Скарына, ГСБМ), сюды ж тузе́мскі ‘мясцовы паводле паходжання, прадукцыі’ (Нас.), тузе́мшчына ‘мясцовы выраб’ (там жа). Запазычана з ц.-слав. тъземьць ‘мясцовы жыхар’ (Арол, 4, 114), параўн. укр. тузе́мець, рус. тузе́мец, польск. tuziemiec, чэш. tuzemec ‘тс’. Паводле Праабражэнскага (Труды ИРЯ, 1, 14), Фасмера (4, 115), лексема ўтворана ад ту‑ ‘тут’ і земьць ‘прыродны жыхар’. Не выключана, аднак, утварэнне ад тъ ’гэты’ < прасл. *tъ ‘тс’ і земьць ‘жыхар’ (< *zem‑ьcь ад *zemь ‘зямля’) — ‘жыхар гэтай зямлі’, параўн. аналагічнае рус.-ц.-слав. сеземьць ‘туземец’ (Сразн., 3, 324), стараж.-рус. тоземьць ‘жыхар той зямлі’. Апошняе схіляе да думкі пра першасную форму з *tъ‑, а формы з *tu‑ — вынік народнай этымалогіі (ESJSt, 17, 1004).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Тэ́паць ‘ісці, тупаць’, ‘хадзіць няпэўна (пра дзіця і старых)’ (ТСБМ, Янк. 2, Яўс.). Параўн. польск. tępać ‘тупаць’ (Борысь, 654: з другасным насавым), н.-луж. tepaś ‘тс’, балг. дыял. те́пам ‘ісці марудна ад старасці ці па-дзіцячы’. Гл. тупаць; форма з экспрэсіўным або варыянтным вакалізмам, што можа ўзыходзіць да прасл. *tъpati, параўн. тыпаць, гл. Аднак большасць даследчыкаў звязваюць яе з прасл. *tepti, роднасным з літ. tèpti ‘мазаць’, лат. tept ‘тс’ з асноўным значэннем ‘біць, стукаць’, да якога праз чаргаванне ўзыходзяць і тупаць, тупат, гл. (Фасмер, 4, 45; Шустар-Шэўц, 1504; ЕСУМ, 5, 548; ВЕР, 7, 949). Гл. наступнае слова. Сюды ж тэ́пало ‘той, хто тэпае’ (Янк. 2), тэ́паць ‘лапаць, сандаля’ (Яўс.), тэ́пці ‘хатні абутак’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ), тэ́пкацца ‘дыбаць, ісці’ (Кал.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
уплы́ть сов.
1. паплы́сці, паплы́ць; (выплыть) вы́плысці, вы́плыць; (отплыть) адплы́сці, адплы́ць; (сплыть) сплы́сці, сплыць, мног. пасплыва́ць; (заплыть) заплы́сці, заплы́ць;
парохо́д уплы́л ра́но у́тром парахо́д адплы́ў ра́ніцай;
плове́ц уплы́л в мо́ре плыве́ц паплы́ў (заплы́ў) у мо́ра;
2. перен. (пройти, миновать), разг. прайсці́, міну́ць; сплы́сці, сплыць, мног. пасплыва́ць;
нема́ло вре́мени уплы́ло с тех пор няма́ла ча́су прайшло́ (міну́ла) з той пары́;
3. перен. (исчезнуть, израсходоваться), разг. сплы́сці, сплыць, зні́кнуць;
де́ньги уплы́ли в один день гро́шы сплылі́ за адзі́н дзень.
Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)
прасе́дзець, ‑седжу, ‑седзіш, ‑садзіць і прасядзе́ць, ‑сяджу, ‑сядзіш, ‑сядзіць; зак.
1. Правесці які‑н. час седзячы. Алесь і заснуў за гаворкаю з маці, а тая праседзела да самага відна, не спускаючы вачэй з сына. Броўка. Хлопец паслухмяна адышоўся ўбок і праседзеў з паўгадзіны на адкосе. Чорны. Так і праседзеў галодны чалавек на лаўцы, пакуль сям’я абедала. Чыгрынаў. Надзя амаль усю, ноч моўчкі прасядзела на саломе, прыхінуўшыся да сцяны. М. Ткачоў. // Правесці нейкі час, седзячы за якой‑н. работай, займаючыся чым‑н. Над той кніжкай Барашкін праседзеў да глыбокай ночы. Савіцкі. [Хвядос:] — А як жа! І дзед і бацька мой на рацэ праседзелі. А я ў гэту вайну ўвесь партызанскі атрад рыбай карміў. Парахневіч. Зубок прасядзела да позняга вечара і дапамагла Вераб’ёвай напісаць вялікі, з цікавымі фактамі артыкул. Кавалёў. // Прабыць дзе‑н., які‑н. час, адбываючы пакаранне. Другіх караюць, але не больш, як на той тэрмін, што абвінавачаныя праседзелі да суда. Машара. Косцю нехта гаварыў, што Бубновіч пры панскай Польшчы праседзела некалькі год у турме за падпольную работу. Карпюк. Паўлоўскі прасядзеў пад арыштам да глыбокай зімы. Чорны.
2. Разм. Правучыцца ў школе або іншай навучальнай установе больш устаноўленага тэрміну, застаючыся на другі год. У шостым класе Валя прасядзела два гады. Васілевіч.
3. Разм. Працерці ці праціснуць працяглым сядзеннем. Праседзець штаны. Праседзець канапу.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ківа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. што. Рухаць з боку ў бок або зверху ўніз; пахістваць. Тут ветрык, як хлопчык, Ківае, трасе Бярозку крывую У дробнай расе. Бядуля.
2. чым. Утвараць хістальныя рухі чым‑н. Ківаць нагой. □ Толькі дрэвы ківаюць верхавінамі, .. вядуць сумную, нікому незразумелую гутарку. Шынклер.
3. Рабіць лёгкія рухі галавой у знак прывітання, адабрэння, нязгоды і пад. Шнітава дырэктар чамусьці не перапыняў, а пры кожным яго слове ўхвальна ківаў галавою. Хадкевіч. Калі Сашу гаварылі, што з ім пойдзе Аляксей, той толькі моўчкі ківаў галавой у знак згоды. Новікаў.
4. Рухам галавы, пальца падзываць каго‑н. да сябе, падаваць якія‑н. знакі. Убачыць .. [Уладзіка] Трахім Сталяровых на прыгуменні, ківае каравым тоўстым пальцам і кліча. Крапіва.
5. Паказваць на каго‑, што‑н. рухам галавы. Шафёр круціць абаранак, думае аб здзіўляючай ўпартасці хлапца і, азірнуўшыся, ківае на яго забінтаваныя рукі. Ракітны. // перан. Разм. Намякаць на каго‑, што‑н. [Лабановіч] ведае, на што ківае пісар, але хоча парушыць упэўненасць, з якой гаворыць той аб «цёмнай» рабоце. Колас. // перан. Разм. Даводзіць, што вінаваты не сам, а хто‑н. іншы. — Мядзведзь і ёсць мядзведзь... І прозвішча ж яго такое! — На Мішку люд лясны ківае. Маеўскі.
•••
Нечага (няма чаго) на бога ківаць — не варта апраўдвацца, звальваць віну на другіх.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
раско́ша, ‑ы, ж.
1. Празмерны дастатак, багацце. Зайцаў ні разу не бачыў яго, але чуў ад іншых, што хлопец той не можа нават засмяяцца, бо гэтак атлусцелі і разбыліся ад раскошы яго шчокі. Кулакоўскі. [Вера:] — Не з раскошы я дала згоду ісці за .. [Адама] замуж. Дамашэвіч. // Празмернасць у выгодах; камфорт. І вось цяпер .. за ўсю гэту раскошу, якой цэлае лета цешацца «дачнікі» — дальняя і блізкая радня — за ўсё гэта Міхал Няронскі расплачваецца. Васілевіч. // Што‑н. лішняе, не першай неабходнасці (пра прадметы, учынкі і пад.). — Я купіла табе самае лепшае мыла, самога Гольдзіна прасіла прывезці, адэкалон, крэм... — Навошта гэта непатрэбная раскоша? Шамякін. — Зараз у нас рукі не цалуюць, не модна. Лічаць гэта панскай раскошай. Машара.
2. Пышнасць, велічнае хараство. — Такая раскоша, такое багацце! Не ведаеш, на што пазіраць і што выбіраць, — смяяўся .. [Турсевіч]. Колас.
3. Багацце, пышнасць (прыроды, расліннасці). За акном буяў у раннямайскай раскошы сад. Ліс. Агародчык напаўняўся той раскошай, якой не мог не заўважыць кожны. Вітка.
4. Прастора, свабода. Пасля зазерскага і скобраўскага малазямелля і цеснаты — тут сапраўды была раскоша. Пальчэўскі.
5. у знач. вык. Разм. Пра тое, што выклікае задавальненне, захапленне. Стол — раскоша. На ім віно, гарэлка, закуска. Навуменка. — Гэта ж цяпер раскоша, а не жыццё — і музыку слухаеш, і ўсе навіны, і розныя парады... Краўчанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
суправаджа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. каго-што. Ісці, ехаць разам з кім‑н. у якасці спадарожніка, правадніка. Не было ні адной лекцыі, або рэферата, каб .. [жонка] не суправаджала .. [Луцкевіча] туды. Машара. Макс і надумаўся скарыстаць .. [веласіпед] для Васілька, каб той мог суправаджаць яго і ў паездках. Маўр. Сцяпанаў быў здаволены, што астаўся адзін, што не трэба суправаджаць новага чалавека, паказвацца ў штабе. Алешка. // Ісці, ехаць разам з кім‑, чым‑н., канваіруючы або ахоўваючы каго‑, што‑н. — А гэтыя хлопцы, — паказаў .. [сувязны] на групу аўтаматчыкаў, — будуць вас суправаджаць да наступнага лесу... Няхай. Ззаду заліваліся брэхам нямецкія аўчаркі, якія суправаджалі канвой. Лынькоў. // перан. Быць разам у час чыйго‑н. шляху; спадарожнічаць каму‑, чаму‑н. Ад гэтай .. [пераклічкі], што заўсёды суправаджае пачатак жніва, было ў полі неяк прыемна, весела і ў гэты вячэрні час, калі праца скончылася. Хадкевіч. Шум, мітусня, галашэнне сірэн, няспынны рух людзей і машын цябе прыгнятаюць і суправаджаюць да той хвіліны, пакуль ты не ўвойдзеш у памяшканне. Кавалёў.
2. што. Адбывацца, быць у наяўнасці адначасова з чым‑н. Музыка суправаджае спевы. □ У большасці выпадкаў працэс сцяжэння суправаджаюць і іншыя фанетычныя працэсы: працэсы асіміляцыі, а часамі і выпадзення. Юргелевіч.
3. што чым. Прыкладаць да чаго‑н., дапаўняць чым‑н. Суправаджаць тэкст заўвагамі.
4. што. У музыцы — акампаніраваць каму‑, чаму‑н.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
наўме́ нареч.
1. на уме́, в уме́;
гэ́та не было́ ў яго́ н. — это́ не́ было у него́ на уме́;
2. (с отрицанием) не до (чего-л.);
цяпе́р гэ́та яму́ не н. — тепе́рь ему́ не до э́того;
◊ трыма́ць сваё н. — име́ть за́днюю мысль;
гало́днай куме́ хлеб н. — посл. голо́дной куме́ хлеб на уме́;
што ў каго́ н., той пра то́е і дзяўбе́ — посл. у кого́ что боли́т, тот о том и говори́т;
жыво́му жыво́е н. — посл. живо́й о живо́м и ду́мает
Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)
мо́мант, -ту м., в разн. знач. моме́нт; (очень короткий промежуток времени — ещё) мгнове́ние ср.; миг;
урачы́сты м. — торже́ственный моме́нт;
зру́чны м. — удо́бный моме́нт;
м. сі́лы (іне́рцыі) — моме́нт си́лы (ине́рции);
наста́ў м. заці́шша — наступи́л моме́нт зати́шья;
адзі́н м. — одно́ мгнове́ние;
○ бягу́чы м. — теку́щий моме́нт;
магні́тны м. — магни́тный моме́нт;
◊ у адзі́н м. — в мгнове́ние о́ка, в одно́ мгнове́ние, в оди́н миг;
на м. — на мгнове́ние, на миг; на мину́тку;
у той жа м. — в тот же миг;
ні на м. — ни на миг
Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)
калі́, прысл. і злуч.
1. прысл. пыт. У які час?
К. ж вы прыйдзеце? К. гэта будзе?
2. прысл. неазнач. Калі-небудзь.
Ці чуў ты к. такое? 3. прысл. неазнач. У няпэўны будучы час. Заходзь к. да нас.
4. прысл. азнач. Ужыв. як абстрактнае абазначэнне часу (звычайна ў спалучэнні з часц. «вось»).
Вось к. мне трэба было вярнуцца.
5. злуч. часавы. Ужыв. ў пачатку даданага сказа і выражае:
а) частковае або поўнае супадзенне ў часе дзеяння галоўнага і даданага сказаў; у той час як.
К. ўзышло сонца, мы ўжо былі дома;
б) паслядоўнасць дзеяння; пасля таго як.
Я надта перапужалася, к. пачула такое;
в) паўтаральнасць дзеяння (часта са словамі «заўсёды», «кожны раз» і інш.).
Мы заўсёды рады, к. вы прыязджаеце да нас.
6. злуч. умоўны. Выражае рэальную ўмову здзяйснення, існавання чаго-н.
К. працаваць, дык працаваць.
К. глянеш з пагорка, то ўсё ўбачыш як на далоні.
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)