ківаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. што. Рухаць з боку ў бок або зверху ўніз; пахістваць. Тут ветрык, як хлопчык, Ківае, трасе Бярозку крывую У дробнай расе. Бядуля.

2. чым. Утвараць хістальныя рухі чым‑н. Ківаць нагой. ▪ Толькі дрэвы ківаюць верхавінамі, .. вядуць сумную, нікому незразумелую гутарку. Шынклер.

3. Рабіць лёгкія рухі галавой у знак прывітання, адабрэння, нязгоды і пад. Шнітава дырэктар чамусьці не перапыняў, а пры кожным яго слове ўхвальна ківаў галавою. Хадкевіч. Калі Сашу гаварылі, што з ім пойдзе Аляксей, той толькі моўчкі ківаў галавой у знак згоды. Новікаў.

4. Рухам галавы, пальца падзываць каго‑н. да сябе, падаваць якія‑н. знакі. Убачыць .. [Уладзіка] Трахім Сталяровых на прыгуменні, ківае каравым тоўстым пальцам і кліча. Крапіва.

5. Паказваць на каго‑, што‑н. рухам галавы. Шафёр круціць абаранак, думае аб здзіўляючай ўпартасці хлапца і, азірнуўшыся, ківае на яго забінтаваныя рукі. Ракітны. // перан. Разм. Намякаць на каго‑, што‑н. [Лабановіч] ведае, на што ківае пісар, але хоча парушыць упэўненасць, з якой гаворыць той аб «цёмнай» рабоце. Колас. // перан. Разм. Даводзіць, што вінаваты не сам, а хто‑н. іншы. — Мядзведзь і ёсць мядзведзь... І прозвішча ж яго такое! — На Мішку люд лясны ківае. Маеўскі.

•••

Нечага (няма чаго) на бога ківаць — не варта апраўдвацца, звальваць віну на другіх.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)