асу́нуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.

1. Паступова апусціцца ўніз, асесці; спаўзці. І застагнала вёска, затрашчалі трухлявыя перакладзіны зрубаў, асунуліся на зямлю саламяныя стрэхі. Бажко. Глянуў угару Тараска, на сосны. А на галінах — поўна снегу. Вісіць глыбамі. Вось-вось асунецца ўніз. Юрэвіч.

2. Паволі апусціцца (пра чалавека або пра жывёлу); зваліцца, асесці. І толькі за поўнач.. [Геня] млява асунуўся на зямлю і заснуў моцным сном спрацаванага чалавека. Якімовіч.

3. перан. Моцна схуднець (пра твар або пра чалавека са схуднелым тварам); змарнець. [Ян Стафанковіч] з выгляду вельмі намнога пастарэў, асунуўся, стаў сухі і здаецца, яшчэ даўжэйшы, як быў. Чорны. Твар яе [Калістрыхі] пацямнеў, асунуўся. Пташнікаў. Ад цяжкіх думак і гора за цэлы дзень бедалага асунуўся, пахуднеў і на захадзе сонца ледзьве давалокся да вёскі следам за каровамі. Хадановіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абле́гчы, ‑лягу, ‑ляжаш, ‑ляжа; ляжам, ‑ляжаце, ‑лягуць; пр. ‑лёг, ‑легла і ‑лягла, ‑лягло; зак.

1. што. Шчыльна прылегчы да чаго‑н. з усіх бакоў. Валасы пасмамі абляглі шыю. // Пакрыць, ахінуць, абвалачы. Хмары абляглі неба. □ А дождж аблёг надоўга. Брыль.

2. без дап. Апусціцца, панікнуць, абвянуць. Трава аблягла. □ Як скрануў правую нагу [Сідар], яна страшна забалела, і тады ўскрыкнуў нечакана для сябе, зноў аблёг. Галавач. // Апасці, аціхнуць (пра шум, гукі і пад.). А прыйдзе ноч — абляжа віск асок і пад рукой вільготнаю — пясок. Хадыка.

3. без дап. Злегчы, захварэць. Ногі пераступаюць, а я драмлю. Не, не драмлю, гэта стаіць тлум у галаве, проста мне нядобрыцца. Калі б яшчэ трохі прайшлі, я зусім бы аблёг. С. Александровіч.

4. што. Акружыць, асадзіць. Абышла арда і Тураў, аблягла яго навокал. Дубоўка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

імкне́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле дзеясл. імкнуцца (у 1 знач.). Не ўстоіць на месцы Пятрок, Яму трэба рух і імкненне. Колас. Зноў вясна адрадзіла імкненні Да бурлівых і радасных сноў. Багун.

2. Настойлівая цяга, парыў, рашучая мэтанакіраванасць да чаго‑н. Імкненне к подзвігу жыло ў душы Савы, і таму ён так высока ацаніў Андрэя за яго ўчынак з дзедам. Пестрак. А сэнс жыцця якраз і заключаецца ў яго няспыннасці, у поступу да лепшага, найдасканалейшага, у яго нястомным імкненні да хараства. Карпаў. // звычайна мн. (імкне́нні, ‑яў). Намеры, жаданні. [Аленка] уся была поўна няясных імкненняў, яшчэ невядомага ёй адчування і радасці за парогам яе роднай ваколіцы. Колас. [Бондар] усё роўна не патрапіў бы выказаць словамі сваіх пачуццяў і сам толькі туманна разумеў прычыны сваіх імкненняў. Бядуля.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зажы́ць 1, ‑жыве; пр. зажыў, ‑жыла, ‑ло; зак.

Зарубцавацца, загаіцца (пра рану, пашкоджанае месца). Андрэя завезлі ў шпіталь, дзе ён пралежаў тры тыдні, пакуль не важыла рана. Скрыпка. Назаўтра ўсе драпіны амаль зажылі, хоць рукі і ногі яшчэ шчымелі. Якімовіч.

зажы́ць 2, ‑жыву, ‑жывеш, ‑жыве; ‑жывём, ‑жывяце; пр. зажыў, ‑жыла, ‑ло; зак., што.

Разм. Набыць што‑н., разжыцца на што‑н. — Хто нічога не робіць, яму і скідкі, і льготы розныя, а калі другі мазалём сваім зажыў нешта, .. на яго ўся бяда. Галавач.

зажы́ць 3, ‑жыву, ‑жывеш, ‑жыве; ‑жывём, ‑жывяце; пр. зажыў, ‑жыла, ‑ло; зак.

Пачаць жыць (пэўным чынам). І зажылі Язэп з Настуляю на дзіва ўсяму свету. Чарот. Да вясны жораў паправіўся і зажыў у хаце царом над курамі. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

закусі́ць 1, ‑кушу, ‑кусіш, ‑кусіць; зак., што.

1. Заціснуць зубамі. Хлапчук закусіў ніжнюю губу і зірнуў спадылба на бацьку. Пальчэўскі. Зося зрабіла крок наперад, потым закусіла рог хусткі і пачала яшчэ пільней углядацца. Лупсякоў.

2. Разм. Адкусіўшы частку чаго‑н., пакінуць рэшту недаедзенай; надкусіць. Закусіць яблык.

•••

Закусіць цуглі — а) перастаць падпарадкоўвацца (пра каня). Калі пачалі рвацца першыя снарады, Міхасёў конь, спалоханы выбухамі, закусіў цуглі і панёсся, як шалёны, у лес. Машара; б) перан. Ісці напралом, дзейнічаць без аглядкі, ні з чым не лічачыся.

закусі́ць 2, ‑кушу, ‑кусіш, ‑кусіць; зак.

1. што, чым і без дап. Заесці што‑н. выпітае або з’едзенае. Закусіць горкае салодкім. □ [Кірыла і Тарас] выпілі па чарцы і закусілі цыбуляй. Гурскі.

2. Разм. Крыху паесці, перакусіць (у 2 знач.).

•••

Рукавом закусіць — выпіўшы, нічога не з’есці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

замацава́ць, ‑цую, ‑цуеш, ‑цуе; зак.

1. што. Прыбіўшы, прывязаўшы, заціснуўшы і пад., зрабіць нерухомым, устойлівым; прымацаваць. Замацаваць канат. □ Іван замацаваў чарговую дэталь у патрон і ўключыў матор. Ваданосаў. Барыс не толькі ўставіў спіцы, але і падцягнуў ланцуг, замацаваў руль. Жычка.

2. што. Зрабіць пастаянным, трывалым, устойлівым. Замацаваць веды. Замацаваць перамогу. □ Пераход Зеленюка на кватэру да Малаха яшчэ больш замацаваў іхняе сяброўства з Віктарам. Зарэцкі. // Зафіксаваць. Хараство — мімалётнае, не замацуй яго на палатне ці ў радках — знікне без следу. Лужанін.

3. што. Утрымаць за сабой, арганізаваўшы абарону. Замацаваць занятую пазіцыю.

4. каго-што. Зацвердзіць за кім‑, чым‑н.; забяспечыць права на каго‑, што‑н. за кім‑, чым‑н. Замацаваць зямлю за сялянамі. Замацаваць кансультанта. □ Мінеральныя глебы замацаваліся за другой брыгадай. Дуброўскі.

5. што. Апрацаваць замацавальнікам. Замацаваць фотаздымак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бушава́ць, ‑шую, ‑шуеш, ‑шуе; незак.

1. Бурна, імкліва выяўляць сваю сілу (пераважна разбуральную). А калі ўздымаецца бура, асабліва ўвосень, страшным робіцца наша возера. Яно бурліць і бушуе, як кіпень. Чарнышэвіч. Вецер, здавалася, цішэў, але грымоты яшчэ бушавалі над лесам. Якімовіч. Бушуе агонь, кідае цэлыя патокі полымя высока ў паветра. Колас. // Інтэнсіўна развівацца, расці. І адразу [Вольцы] прыснілася: бушавала цяжкім буйным коласам жыта... Васілевіч. // перан. Выяўляцца, развівацца з незвычайнай сілай (пра пачуцці). У ім [Адаме], відаць, бушаваў шалёны гнеў, і ён выбіраў, куды яго скіраваць. Дамашэвіч. [Аміля] крычала доўга, ужо не бачачы перад сабою Хурса. Само сабою пайшло бушаваць і рваць яе абурэнне, агіда і роспач. Чорны.

2. Разм. Бурна выказваць сваё незадавальненне, гнеў і пад.; буяніць. [Хлапчук] бушаваў добрых хвілін дзесяць. Потым, відаць, замарыўся — сціх. Ракітны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

звано́к, ‑нка, м.

1. Невялікі звон (у 1 знач.). [Старшыня] узяў .. званок і яшчэ раз пазваніў. Бядуля. Ляціць тройка па дарозе, толькі пыл курыць ды званок пад дугою звініць. Якімовіч. // Усякае прыстасаванне для падачы гукавых сігналаў, падобных на гукі гэтага прадмета. Электрычны званок. □ За ракою бразгае спутаны конь бляшаным званком. Нікановіч.

2. Гукавы сігнал, створаны такім звонам, прыстасаваннем. Першы школьны званок. Тэлефонны званок. □ Недзе далёка чулася дыханне вялікага горада: шум машын, званні трамваяў. Шыцік.

3. Разм. Тэлефонная размова (звычайна кароткая і дзелавая). Званок з міністэрства. □ — Пературбацыя гэта — знаеш? Сядзіш толькі на званках і на паперах. Тое давай, тое не давай. Пташнікаў.

4. Разм. толькі мн. (званкі́, ‑оў). Тое, што і званочак (у 2 знач.). У мурагу ірдзеюць рамонкі і званні. Лось.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

менш, прысл.

1. Выш. ст. да прысл. мала. Дзядуля ляжаў на канапе, накрыўшыся старым кажушком: апошнія дні яму нездаровілася, і ён стараўся менш хадзіць. Якімовіч. Пра сябе самога [Нічыпар] гаварыў мала і яшчэ менш пра сваю жонку. Кулакоўскі.

2. У спалучэнні з прыметнікамі, дзеепрыметнікамі і прыслоўямі ўтварае апісальную форму ступені параўнання. Над цёмнымі руінамі і рэдкімі агнямі горада ізноў пераклікаюцца гудкі заводаў. У адказ ім, з вакзала або з далёкай ускраіны даносіцца не менш задорны свіст паравоза. Брыль. Дзед быў узрушаны не менш, чым Міколка. Лынькоў.

•••

Больш-менш гл. больш.

Менш за ўсё — ужываецца пры ўзмоцненым адмоўі; тое, што і зусім не...

Ні больш ні менш (як) гл. больш.

Сама менш — а) менш за ўсіх; б) не менш чым.

Тым не менш — нягледзячы на гэта, аднак, усё ж.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ме́ншы, ‑ая, ‑ае.

1. Выш. ст. да прым. малы (у 1–3 і 5 знач.). Пасля таго як у Руднічах арганізаваўся калгас, сяляне пастанавілі меншую палавіну дома аддаць пад праўленне, а большую — абсталяваць пад клуб. Курто. Маленькі, шчуплы стараста раптам зрабіўся яшчэ меншым, сціснуўся, утуліў галаву ў плечы. Шамякін.

2. Са словам «самы» азначае найвышэйшую ступень да прым. малы. Далёкае, няведамае, сіняе неба! Тысячы, мільёны гадоў пазіраеш ты, без болю, без трывогі, пазіраеш на ўсіх роўна: на чалавека, на звера, на птушку, на самую меншую мушку. Колас.

3. Якому менш гадоў у параўнанні з кім‑н.; самы малады сярод іншых. Вярнуўся Сцёпка з паходу на досвітку, ціхенька адчыніў адрынку, дзе спалі двое меншых яго братоў. Колас.

•••

Па меншай меры гл. мера.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)