Ка́верць ’бяссэнсіца’ (круп., Жакава, Совещание по ОЛА, 198), ’скажэнне гучання слова, няяснае вымаўленне, хлусня’ (Жакава, там жа), параўн. «каверць у чалавека, што слухаць непрыемна». Структурны паралелізм са словам каверт ’яма з вадой і інш.’ відавочны, што датычыць семантычнага боку, параўн. рус. дыял. вертега ’хлуслівы чалавек, хлус і пад.’, вертеть ’падманваць’. Падобнымі ўтварэннямі да прыведзеных вышэй з’яўляюцца і кавярзня ’хлусня’, кавярзні ’лапці’, да кавярзаць < коверзати ’плясці’. Да апошняга параўн. яшчэ рус. дыял. вертни ’берасцяныя лапці’ і верть ’тоўстая баваўняная пража, баваўняныя вяровачкі, звітыя рукамі, з якіх плятуць лапці і ткуць папоны’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Калама́шка ’лаянка на няўклюднага, чараватага чалавека’ (Шат.). Фармальна суадносіцца з каламашка ’воз’, ’нязграбны воз’, ’воз для перавозу цяжкасцей’ і да т. п. — значэнні, якія тлумачаць, відаць, утварэнне каламашка ’лаянка’. З разглядаемым словам суадносіцца кылымашыцца ’таўчыся, збірацца ў адным месцы’ (Бяльк.) (паводле фанетычнага крытэрыю ўтворана ад асновы каламаш‑). Семантыка, відавочна, адрозніваецца, аднак яе можна зразумець як натуральнае развіццё ’капацца, вазіцца’ > ’таўчыся на адным месцы’, > ’збірацца ў адным месцы’. Такое развіццё значэння верагоднае, паколькі ажыццяўляецца ў яўна экспрэсіўных лексемах, дзе семантыка з’яўляецца дыфузорнай і лёгка можа субстывавацца. Параўн. яшчэ пск. колымажиться ’важнічаць, фанабэрыцца’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Катахі́ ’трыснёг, чарот’ (Сцяшк. і інш.), каташке́ ’тс’ (Сцяшк.: «Каташкʼе́ на бало̇цѝ растуць»). Параўн. катахі́, катахе́, катухі́ ’каташкі’, ’кіяхі, шышкі’ (Сл. паўн.-зах., 2). Слова па паходжанню не зусім яснае і фармальна зацямнёнае. Можна зыходзіць са слав. *katyšь (гл. у Трубачова, Эт. сл., 9, 165. і СРНГ, 13, 137). Звяртаем увагу на тое, што бясспрэчна роднасная са словам катахі́ ’трыснёг’ лексема катахі́ мае таксама значэнне ’шышкі’. Гэта аб’ядноўвае катахі́ і г. д. з прасл. *katyšь і можна меркаваць, што бел. катах‑ з’яўляецца фанетычным пераўтварэннем больш старажытнага *katyx‑ (> *katyšь): каташкі < *катышкі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Каці́ць, каціцца ’каціць, рухаць, перамяшчаць які-н. круглы прадмет, вымушаючы яго вярцецца’; ’перамяшчаць сілай цячэння, павеву ветру і пад.’; ’губіць, нішчыць’; ’каціцца’ (ТСБМ). Параўн. рус. кати́ть, укр. коти́ти, коти́тися, ст.-чэш. kotiti ’каціць’, польск. дыял. kocić ’каціць, валяць і г. д.’. Для гэтых лексем выстаўляецца праформа *koitii (), якая лічыцца этымалагічна цяжкім словам. Агляд версій у Трубачова, Эт. сл., 11, 205–207. Магчыма, што слав. *kotiti працягвае і.-е. дзеяслоўную аснову *kat‑ ’кідаць’, з блізкім значэннем, вельмі ёмкую і перспектыўную (параўн., напр., ням. werfen ’кідаць’, але Junge werfen ’раджаць дзіцянят’).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Качага́р ’рабочы, які абслугоўвае топкі паравых катлоў’ (ТСБМ, БРС). Параўн. рус. кочега́р, укр. кочега́р ’тс’. Паводле Шанскага, 2, К, 363, з’яўляецца ўласна рускім словам, якое ўпершыню адзначаецца ў слоўніку рус. мовы ў 1847 г. Мяркуюць, што ў рус. мове ўзнікла фармацыя ад слова кочерга пры дапамозе суфікса ‑ар*кочергар. Гэта ўтварэнне не захавалася і хутка (дысіміляцыяй) трансфармавалася ў кочегар. Гл. Фасмер, 2, 357; Гараеў, Доп. I, 21. Але дзіўна, што «стадыя» кочергар так хутка знікла, не пакінуўшы рэальных слядоў. Трэба дапусціць досыць доўгае існаванне слова ў вуснай форме.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кне́я ’лясны гушчар, нетры, пушча’ (Яшк.). Рус. кнея, польск. knieja ’тс’. Трэба адзначыць, што ў іншых славянскіх мовах захавалася толькі ў тапаніміцы (ст.-чэш. Kniejě, серб.-харв. Kneja, славен. Kneja). Традыцыйна лічыцца праславянскім словам: kъněja (Слаўскі, 2, 287) да kъnъ < *kъmn‑ ’пень’. Але, па-першае, словаўтварэнне kъněja (< kъn-ěja) вельмі ненадзейнае, па-другое, само слова kъnь трэба выводзіць з kъmn-; па-трэцяе, семантыка лексемы кнея далёкая ад той, якую бачаць у прасл. къnъ. Таму пытанне аб крыніцы рэальна існуючых беларускіх, рускіх і польскіх слоў патрабуе дадатковых фактаў і аргументаў.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пуга́р ’чарка, келішак’ (Шн. 2), пугарчык ’тс’ (Шн. 3, Цых.), ст.-бел. пугарь (1635), ст.-укр. погарь (XVI ст.), на думку Булыкі (Лекс. запазыч., 101), перанята са старапольскай, аднак не выключаны і іншыя шляхі запазычання, параўн. славац., венг. pohar ’келіх, чаша’ і сцвярджэнне Банькоўскага, што ў польскай мове“to regionalne lwowskie słowo rozpowszechnili poeci romantyczni” (Банькоўскі, 2, 963). Разам са славен. pehar ’кубак’, серб.-харв. nexäp, behar, рум. pähar лічыцца “балканскім словам нямецкага паходжання”: ст.-в.-ням. *pehhäri/ behhäri < с.-лац. biccańum (апошняе засведчана ў глосах і мае няясную матывацыю, гл. Скок, 1, 133).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Рэ́йдаць1 ’гаварыць лухту’ (З нар. сл., Жыв. сл.), рэ́йдзіць, рэ́ндаць ’гаварыць абы-што’ (Сцяшк. Сл.), рэ́йдзіць, рэ́йдаць ’тс’ (Сл. ПЗБ, ЛА, 3), рэ́йды ’плёткі’ (Сл. ПЗБ), рэ́йдало ’чалавек, які гаворыць лухту; рот’ (Нар. лекс.). Параўнанне з літ. raizgýti ’плесці’ (Весці АН БССР, 1969, 4, 131) сумніўна. Серб.-харв. рдати ’лаяцца’. Магчыма, з ідыш redn ’балбатаць’ < ням. réden ’размаўляць’. Гл. яшчэ райдоліць, райдун, райдак.

Рэ́йдаць2, рэ́йдзіць ’хадзіць без справы’ (воран., Сл. ПЗБ). Магчыма, звязана з папярэднім словам; развіццё семантыкі: ’гаварыць лухту’ > ’нічога не рабіць’ > ’хадзіць без справы’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тэ́нчыць ‘кленчыць, настойліва прасіць, дамагацца просьбамі’ (Скарбы). Няясна; параўн. фармальна і семантычна блізкае рус. наўг. те́нжить, те́ншить ‘надакучваць, кленчыць, настойліва прасіць’, якое Фасмер (4, 42) выводзіць з польск. tążyć, tężyć ‘тужыць, сумаваць па кім-небудзь’ (гл. тужыць), што з арэальнага пункту гледжання падаецца сумнеўным. Мажліва, дзеяслоў працяглага дзеяння ад гукапераймальнага тэнкаць (гл.) або роднасны польск. stękać ‘стагнаць, скардзіцца’ з рухомым s (гл. стэнкаць). Народнаэтымалагічнай сувяззю з апошнім Федароўскі (Федар. 1, 249) тлумачыў табуізаванне запазычанага тэнча і замену яго словам вясёлка для пазбягання праклёну kab ty cięły wiek stenkaŭ, гл. таксама Астроўскі, Зб. памяці Слаўскага, 522.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

асталява́цца, ‑лююся, ‑люешся, ‑люецца; зак.

Пасяліцца, асесці. Адным словам, жыхарства гэтай вёскі выяўляла сабою праўдзівых дзяцей лесу, якія як бы зусім яшчэ нядаўна асталяваліся тут і толькі што пераходзілі ад аднае формы жыцця да другой. Колас. // Уладкавацца на працу, кватэру і пад. Назаўтра к вечару ён [Сашка] ужо асталяваўся і на працы і на кватэры, так што к дванаццаці гадзінам ночы быў ужо вольны. Чорны. // Размясціцца, спыніцца. Незадаволеныя, мы пачалі аглядвацца і перамаўляцца, ці не лепш асталявацца ў якім-небудзь гумне. Марціновіч. // перан. З’явіўшыся, замацавацца. Ад нараджэння ў нутры маім вечным госцем асталявалася гультайства. Пальчэўскі. На хмурных дарогах надоўга асталявалася восень. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)